TOP

Шлях яднання

Насуперак распаўсюджанаму выразу: «Жыццё праляцела так хутка, што яго і не заўважыў!» я помню сваю прысутнасць у белым свеце ва ўсіх яе важных момантах. Як можна забыць чароўныя ўражанні маленства, юнацтва, вучобу ва ўніверсітэце, першыя гады працы, каханне, нараджэнне дзяцей, унукаў або тое, што адбывалася ў гэты час з Беларуссю?

Мне асабіста не ўяўляецца магчымым асэнсаванне ўласнага лёсу, у якім арганічна знітаваны радасныя, шчаслівыя хвіліны купання дачок-немаўлятак, іхні першы школьны званок і выпускны баль з клопатамі журналіста, са спрыяннем на чыноўніцкай пасадзе развіццю культуры, з абаронай ад цэнзуры твораў В. Быкава, У. Караткевіча, П. Панчанкі, А. Адамовіча, з выпускам літаратурнага часопіса, з хаджэннем дзеля ўратавання роднай мовы па «высокіх» кабінетах, па бацькоўскіх сходах, з супрацьстаяннем паэзіяй, публіцыстыкай і вусным словам нігілізму, абыякавасці да будучыні Айчыны, без глыбіннага пачуцця еднасці з маім народам, без адчування сваіх каранёў, беларускай гісторыі.

Даўно заўважыў, што хранічная «кароткая памяць» беларусаў, калі яны не валодаюць элементарным нацыянальным гістарычным матэрыялам, могуць забыць нават падзеі мінулага года і лёгка купляюцца на «пераможныя» фантазіі начальства, на чарговыя папулісцкія абяцанкі, перашкаджае логіцы народнага мыслення, пошуку здаровага сэнсу ў жыцці, важнаму працэсу выбару. Я ж захоўваю не толькі ў галаве, але і ў сэрцы станоўчае і адмоўнае, што было раней і адбываецца цяпер на роднай зямлі.

Маштабныя і дробныя праявы дабра або зла маюць канкрэтных аўтараў. А таму адным з іх трэба дзякаваць, пайменна заносіць у пантэон беларускай славы, а другіх, пад якой бы скурай яны ні хаваліся, выкрываць і асуджаць.

Памятаць — значыць плённа выкарыстоўваць спадчыну і вопыт продкаў, асэнсавана, разумна дзейнічаць як у любых побытавых варунках, так і ў падзеях дзяржаўнага маштабу — на выбарах і рэферэндумах.

Менавіта памяць не дазваляе зноў падмануцца, наступіць на старыя граблі, дапамагае бачыць перспектывы і тупікі. Яна выразна падказвае: асабістай адказнасці за Айчыну, якая адным сваім імем павінна яднаць народ, ніколі не навучышся, пастаянна шукаючы сабе нейкага ратавальнага «бацьку», гучна выкрыкваючы, як папугай, услед за прапагандыстамі лозунг «Я люблю Беларусь!», хлебчучы па святах у натоўпе разявак звыклае піва пад расійскую або мясцовую музычную «патрыятычную» папсу і банальныя салюты.

Урачыстасці праводзяцца розныя — казённыя і народжаныя жыццём… Мы павінны мець добрую памяць, нам трэба яднацца, быць разам і цярпліва будаваць Беларускі Дом — гэтыя простыя ісціны яшчэ раз напомніла свята незалежнай газеты «Народная Воля», якая адзначыла дваццацігоддзе і годна ўвайшла ў нацыянальную гісторыю. Яно было ўрачыстым, шырокім па колькасці ўдзельнікаў, па свабодзе выказаных думак, багатым на вынаходлівыя, дасціпныя віншаванні, і разам з тым па-хатняму ўтульным, душэўным. Такое ўдаецца зрабіць толькі шчырым, гасцінным людзям. Гаспадары стварылі атмасферу сапраўднага сардэчнага яднання.

Свята сабрала розных людзей — журналістаў і аўтараў, якія праўдзіва выяўляюць рэчаіснасць, прадстаўнікоў тэхнічных службаў, якія даводзяць газету да патрэбнай паліграфічнай кандыцыі, распаўсюджвальнікаў, якія ў прамым сэнсе слова нясуць на плячах тыраж да насельніцтва ў любое надвор’е, пад снегам і дажджом. Удзельнікам урачыстасці было што ўспомніць, бо ў беларускіх спецыфічных умовах «Народнай Волі» неаднойчы давялося друкавацца за межамі краіны, затым з неймавернымі цяжкасцямі прарывацца праз мытныя і міліцэйскія кардоны, быць падсуднай і абкладацца драконаўскімі штрафамі, здаралася, што галоўны рэдактар сам разносіў яе чытачам па паштовых скрынках. Найвышэйшым дасягненнем калектыву рэдакцыі лічу тое, што многія былыя апаненты газеты сталі цяпер яе вернымі, адданымі сябрамі, аб чым яны гаварылі.

«Народавольцы» заслужылі цудоўнае свята і нарадзілі яго. Яны сапраўды любяць Беларусь і працуюць на яе лепшую будучыню, пра што я сказаў у віншаванні і экспромце:

 
У душах сваіх мы гадуем свабоду
Ад дня нараджэння і аж да скону,
Ды вырваць сябе з цемрашальства народу
Ніяк не лягчэй, чым забіць дракона.
 
Ідзем праз завалы памылак і болю,
І слова праўды — пілюляю горкай…
У небе Айчыны «Народная Воля»
Гарыць нікім не заступленай зоркай.
 

Многія беларусы пры распадзе СССР і нараджэнні незалежнай краіны ўпусцілі шанц стаць відушчымі, бачыць далёка і глыбока, засталіся абыякавымі статыстамі. Гэта выкарыстоўвае аўтарытарная ўлада, якая баіцца салідарнасці дасведчанага і актыўнага насельніцтва, стараецца разагнаць яго па сацыяльных закутках і абцяжарыць задачай элементарнага выжывання. Расійскі пісьменнік Я. Папоў так ацэньвае сітуацыю: «Начальники остались прежние. Но раньше они хотя бы обещали коммунизм, а сейчас прямо говорят — хрен вам всем, еще кому, подходи по одному».

Такія праекты, як «Народная Воля», «Свободные новости плюс» і іншыя дэмакратычныя выданні, надзвычай важныя для Беларусі, бо адначасова яднаюць, вучаць і лечаць праўдай знясілены, задураны народ. Нават годна праведзены юбілей мае дадатны выхаваўчы плён, нараджае імкненне да салідарнасці.

У будзённай сумятні мы забываемся на тое, што гісторыя пішацца кожны дзень канкрэтнымі справамі. Нам не часта прыходзіць у галаву думка: а што я сам зрабіў для таго, каб ядналася грамадства?

Значная частка насельніцтва лічыць, што гэтак званы просты чалавек, які не выходзіць на вышэйшыя арбіты, нічога не можа змяніць. Гэта не так. Зрабіць можна многае. Прытым пачынаючы з элементарнага — нашых паводзін у грамадскіх месцах. Я заўважаю, як удзячна адгукаюцца жанчыны, дзяўчаты, калі іх прапускаюць пры пасадцы ў транспарт, у дзвярах магазінаў, устаноў, як у адказ на ўвагу святлеюць твары ў інвалідаў, старых людзей.

З большай добразычлівасцю сталі рэагаваць суайчыннікі на роднае слова, на іншыя нацыянальныя праявы і адзнакі, і гэтую тэндэнцыю абавязкова трэба замацоўваць і пашыраць нам самім, не спадзеючыся на ўладу.

Неабходна давесці тутэйшым палахліўцам і еўрапейцам, якія, нібы чорт ладану, баяцца нацыяналізму, што яго ў нас якраз і няма, а ёсць гераічныя намаганні свядомых людзей па ратаванні ад смерці роднай мовы, культуры, увогуле беларускага этнасу.

Дзяржава — гэта мы і створаныя для лепшай арганізацыі нашага жыцця розныя інстытуты, а не тая бюракратыя, якая сударгава чапляецца за «свой хлеб з маслам і свой партфель». Намі ўжо столькі перажыта, дык чаму ж дружна не пазмагацца за эканамічна-палітычныя рэформы, якія выведуць краіну на новы ўзровень развіцця?

Шлях яднання людзей паміж сабой або нараджэння блізкасці грамадзяніна да лёсу Айчыны — складаны, але яго трэба прайсці. Без гэтага беларусам немагчыма займець павагу ад іншых народаў і выжыць у сучасным непрадказальным свеце. 

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Гіпноз махляроў

Прывіды з мінулага

Ці загоіцца рана?

Быць наверсе

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.