• Погода
  • +10
  • EUR3,0596
  • USD2,5256
  • RUB (100)3,4142
TOP

Кошт маўчання

Вядомая актрыса Т. Акунеўская, якой належыць мудры выраз: «Тоньше, умнее своего государства должен быть художник», выйшла са сталінскага ГУЛАГу ў 1954 годзе. Адной з першых да яе прыехала знакамітая паэтэса, ленінградская блакадніца В. Берггольц. Яна стала на калені, абняла хворыя ногі пакутніцы і сказала: «Только простите нас всех, что мы молчали».

Маўчанне, якое было згадана на сустрэчы дзвюх таленавітых і мужных жанчын, зацягнулася ў СССР надоўга. Сталінскі час растаптаў свабоду слова, закрыў рот мільёнам людзей, скаваў іх душы страхам. Па радыё, якое было асноўнай крыніцай інфармацыі, гучалі толькі доўгія рэпартажы з судовых працэсаў над «ворагамі народа», прапагандысцкія лекцыі і гутаркі, звесткі пра высокія дасягненні ў працы вяскоўцаў і гараджан, музычныя канцэрты, літаратурныя чытанні. Прыкметнага пашырэння галоснасці не адбылося і ў пару «хрушчоўскай адлігі», а пры Л. Брэжневе наадварот пачаў ціснуць ідэалагічны «мароз».

Толькі ў час перабудовы ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя на поўны голас загаварылі жывыя сведкі і архіўныя дакументы, адкрываючы нарэшце грамадству праўду пра жахлівае і маўклівае мінулае. Але, на жаль, зноў ненадоўга, бо ў новых незалежных краінах хутка запанаваў былы савецкі «автоматизм подчинения низа верху» (А. Твардоўскі), які знішчыў цікавасць да сваёй няпростай гісторыі.

Расійская пісьменніца і перакладчыца Н. Сакалоўская змагла дакладна выявіць сутнасць таго, што адбылося: «Понятно, что сведения об устройстве окружающего нас человеческого мира, об отношениях между людьми мы черпали в большей степени из литературы, нежели из разговоров со старшими, будь то родители или учителя. Учителям разговаривать с нами было некогда: они нас учили. С родителями у большинства из нас особой задушевности тоже не получалось. Может быть, потому что и они со своими родителями не были приучены разговаривать. Это объяснимо: слишком многое поколениям советских людей приходилось друг от друга скрывать. В массе своей это были молчащие поколения. /…/ Этот последовательный «заговор молчания» стал причиной провалов в памяти и следующих поколений. Результаты его оказались катастрофическими: потомки не столько не хотели, сколько уже не умели понять и принять в сердце прошлое своих предков».

Многія жыхары Беларусі знаходзяцца ў палоне старых савецкіх і новых аўтарытарных ідэалагічных міфаў. Яны не засвоілі «прыклады з жыцця», якія важныя для выхавання чалавека, ягонай самасвядомасці. Напрыклад, немцы пасля вайны пастаянна расказвалі сваім дзецям, унукам пра жахлівы гітлераўскі час, які прынёс народу столькі бяды і крыві. У СССР асуджаць сталіншчыну было немагчыма, бо кожнае слова супраць тырана каштавала жыцця. Ганебная традыцыя палахлівага маўчання захоўваецца і ў нашыя дні.

Мы маўчым, хоць ведаем, што ў краіне няма рэальных выбараў, а ёсць іх імітацыя.

Мы маўчым, хоць бачым, як раскрадаецца дзяржаўны бюджэт шматлікімі карупцыянерамі, з якіх толькі адзінкі трапляюць за краты.

Мы маўчым, хоць чуем з афіцыйных СМІ прапагандысцкую істэрычную пахвальбу і цынічную хлусню.

Мы маўчым у той час, калі «нажніцы» паміж зарплатамі і пенсіямі асноўнай масы насельніцтва і цэнамі на харч, прамысловыя тавары, лекі, камунальныя паслугі катастрафічна растуць, даводзячы наша жыццё да абражаючага чалавечую годнасць жабрачага існавання.

Смелая і разумная меншасць, якая яшчэ засталася ў грамадстве, апошнім часам таксама прыкметна сцішылася, прабачае палахлівай большасці яе зацятую абыякавасць, дрыжанне і страх, актыўна не будзіць соннае сумленне маўчуноў.

Затое на фоне маўклівага збяднелага насельніцтва пайшлі проста ў разнос са сваёй дыярэйнай, дэмагагічнай балбатнёй і з учэпістай прагматычнай сквапнасцю чатыры кланы — чыноўніцкі, дэпутацкі, сілавы і прыўладніцкі алігархічны. Рэчаіснасць паказвае, што для іх нацыянальныя і дзяржаўныя задачы — на апошнім месцы. Яны, занятыя назапашваннем вялікага багацця, раскошным бытавым камфортам, пошлым гламурам, рухаюцца напралом, вынішчаючы маральныя нормы, хочучы пераканаць нас, што жыць згодна праўды і сумлення немагчыма, што ўсё сёння грунтуецца на махлярстве і крадзяжах.Такі малюнак мне давялося не раз бачыць у чарнобыльскай зоне, ён перададзены ў вершы «Дзікі»:

…І скаланешся, нібы ад удару,
Праясніцца ў вачах імжы слюда:
З туману выплывае змрочнай хмарай
Лычасты гурт, як некалі арда.
Адным імкненнем статак паяднаны —
Нажэрціся, спажыву адшукаць.
Яго да мэты гушчаром нязнаным
Вядзе без сцежак,
Напралом
Сякач.

У Беларусі склалася ненармальная сітуацыя: з аднаго боку, ўлада нахабна ігнаруе правы, свабоды і інтарэсы грамадзян, а з другога — хоча, каб яны цярпліва маўчалі. Пакуль што грубы гвалт, прыкрыты мізэрнымі зарплатамі і пенсіямі, спрацоўвае.

Але бясспрэчна тое, што кожны аўтарытарны рэжым сам сябе заганяе ў дамавіну. Калі няма змены ў кіраўніцтве, абнаўлення ў палітычнай сістэме, рэформаў і мадэрнізацыі ў эканоміцы, то тады адбываецца элементарнае загніванне. Дырэктар вядомага ў Расіі саўгаса імя Леніна П. Грудзінін зазначыў нядаўна ў інтэрв’ю на тэлеканале РБК: «Трактор «Беларусь» — это уже устаревшая техника. Мы закупаем немецкие машины».

Беларусы часта кажуць: «Нам добра, як ёсць», не разумеючы, што «як ёсць» у любы момант можа скончыцца. Няма сумнення, што мы, звыклыя да расійскай газанафтавай халявы і фінансавых падпорак, паўторым лёс грэкаў. Тыя таксама доўга спажывалі непараўнана больш шчодрыя дары Еўразвязу, а цяпер абураюцца: «Яны прывучылі нас жыць дастаткова заможна, а пасля адабралі ўсё і кінулі на волю лёсу».

Калі гаварыць па вялікім рахунку, то мы ведаем, як гісторыя разабралася з СССР, гэткім жа чынам яна абавязкова паставіць на месца агрэсіўную Расію і яе паслухмяную сатэлітку Беларусь. Так будзе, ды смутак апаноўвае душу. Шкада змарнаванага на пустое часу і безлічы зламаных чалавечых лёсаў. Кошт маўчання народа — гэта заўжды яго пакалечаная, цяжкая будучыня.

Кепска, што не толькі многія тутэйшыя замкнулі свае вусны. Маўчаць, закрываюць вочы на падаўленне грамадзянскіх свабод у Беларусі, а часам становяцца і адвакатамі аўтарытарнага рэжыму некаторыя еўрапейскія і амерыканскія палітыкі або сумніўныя асобы, якія прысмакталіся да гэтай сферы. Яны ведаюць, што ў нас немагчыма правесці адкрытыя, сумленныя выбары. Тым не менш, візіты ў Мінск пачасціліся, рыхтуецца прыехаць велізарная армія назіральнікаў. Ну і што новага вы тут убачыце, панове?

Відаць, той свабоды, пра якую марыць разумная частка беларускага грамадства, ніколі не будзе, але ж ёсць магчымасць выказацца, калі не публічна, то хоць перад сваімі дзецьмі, унукамі, адзін перад адным, і кожны з нас павінен ёю пакарыстацца.

Мае даўнія паэтычныя радкі гучаць так: «Гледзячы праўдзе ў вочы, не шкадуйце сябе!» А таму выкажыцеся — на душы стане лягчэй. Нам трэба не хавацца ад горкай праўды, а прыняць яе і пачаць мяняцца, бо без змен у сабе ніколі не будзе абнаўлення ў цэлым грамадстве.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Зацяжныя манеўры

Эпідэмія страху

Шлях яднання