Розны падыход
Наша грамадства перажывае траўматычны гістарычны перыяд. Старыя і новыя сталіністы лічаць, што ім нанесена абраза раскрыццём злачынстваў іхняга куміра, публікацыяй дакументаў, сведчанняў пра галадаморы, масавыя рэпрэсіі і расстрэлы ў СССР. А людзі дэмакратычнай скіраванасці абураны тым, што ў суверэннай Беларусі рэстаўрыруюцца элементы таталітарызму.
Мне, на жаль, часта даводзіцца пісаць пра непрыемныя з’явы, якія ў сілу розных прычын не закранаюць іншыя аўтары. Пакуль тутэйшы электарат, замбіраваны савецкай і новай хлуслівай прапагандай, упарта ваюе з праўдай гісторыі, не верачы вядомым і неабвержным фактам, у рэальнае жыццё даўно вярнуліся атрыбуты мінулага, злавеснага часу.
Спачатку напомню пра падабенства былых і сучасных дыктатарскіх або аўтарытарных рэжымаў. Іх сутнасць палягае ў тым, што ад характару, здольнасцяў, поглядаў і дзеянняў аднаго чалавека залежыць лёс цэлага народа, што з’яўляецца абсалютна ненармальным.
Яшчэ задоўга да Вялікай Айчыннай вайны недаверлівы і помслівы І. Сталін агучыў формулу: «Нет больше своих!». У ворагі народа ім была залічана нават жонка, якая не вытрымала існавання побач з крывавым тыранам і, згодна афіцыйнай версіі, скончыла жыццё самагубствам. Па краіне загуляла фраза: «Аллилуеву похоронили, белый хлеб отменили». Сапраўды стала так, што ў СССР многім людзям уволю наесціся хлеба было амаль немагчыма, а булкі перайшлі ў сферу фантастыкі. Пазней М. Хрушчоў, маючы на ўвазе артыкул Сталіна «Головокружение от успехов», прысвечаны калектывізацыі, прызнаўся з крамлёўскай трыбуны: «От голода у нас было головокружение, а вовсе не от успехов».
У барацьбе за ўладу Сталін свядома пераступіў мяжу паміж элементарнай чалавечнасцю і злачыннымі дзеяннямі. Ён жыў у пастаянным страху, бо для яго страта пасады азначала канец жыцця. Дыктатар баяўся арміі, яна была ўкамплектавана пераважна выхадцамі з сялянства, якое ён люта ненавідзеў і мардаваў. Сталін дапускаў, што лётчыкі могуць разбамбіць яго лецішча або рэзідэнцыю, не разлічваў на лаяльнасць да сябе, не давяраў нікому.
Пра другога дыктатара адзін з галоўных нямецкіх ваенных каментатараў генерал К. Дзітмар сказаў наступнае: «Гітлер ніколі б не дапусціў у кіраванне вермахтам моцнага чалавека. Як толькі начальнік штаба пачынаў думаць самастойна або выяўляць якую-небудзь ініцыятыву, ён тут жа ўмешваўся і сціраў яго ў парашок!»
Сучасныя ўзурпатары ўлады таксама без кроплі сумнення лічаць сябе незаменнымі, унікальнымі, не прыслухоўваюцца да чужых меркаванняў. Іншая справа, што і іхнія памочнікі не вызначаюцца інтэлектам і смеласцю.
Як раней, для аўтакратаў сыход з вышэйшай пасады — гэта жахлівая асабістая катастрофа, канец усяму. Страх не пакідае іх ні на секунду, што бачна па тым, як яны пастаянна ходзяць у бронежылетах, колькі маюць аховы.
А чым адрозніваецца новы падыход да вырашэння задачы ўтрымання ўлады ад таго, які быў у мінулым часе? Перш за ўсё — выкарыстаннем новых гіганцкіх магчымасцяў, лёгкасцю дасягнення мэты!
Сталін і Гітлер мелі неабмежаваную ўладу, але ў іх не было такіх магутных ідэалагічных і матэрыяльных рычагоў уздзеяння на насельніцтва, як цяпер. У СССР і ў фашысцкай Германіі больш націскалі на лабавую прапаганду, бо якасных тавараў і прадуктаў усім не хапала.
На сучаснага аўтакрата працуе высокатэхналагічная прапагандысцкая машына, велізарны міліцэйскі (паліцэйскі) кантынгент, розныя спецслужбы, аснашчаныя суперапаратурай, да зубоў узброеная армія. Змяніліся фінансавыя магчымасці, бо эканоміку ратуюць замежныя пазыкі. Трымаць у паслушэнстве народ падачкамі (павышэнне ў патрэбны момант на некалькі працэнтаў зарплат і пенсій) непараўнана больш вынікова, чым запалохваннем або маральнымі стымуламі тыпу ганаровых грамат.
Усталяванню аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, які спыніў прагрэсіўнае развіццё, дапамагло сваёй любоўю да казарменнага парадку і абсалютнай абыякавасцю да ўласнага лёсу само насельніцтва.
Трэба сумленна прызнаць, што наша грамадства складаецца пераважна з людзей, звыклых да рабства, з «прыгонных» і «нашчадкаў прыгонных». У савецкім горадзе быў пад’ём па гудку і праца згодна каманды. У вёсцы людзі адбывалі прыгон на калгасна-саўгасных палях, а карміліся з прысядзібных участкаў. Толькі ў 1977 годзе вяскоўцы пачалі атрымліваць пашпарты.
Постсавецкае насельніцтва не разумела пераваг свабоды, дэмакратыі і не імкнулася да іх. Людзям хацелася мець магазіны з прылаўкамі, запоўненымі якаснымі таварамі і добрым харчам, якія яны бачылі ў замежных фільмах. Але пераходзіць да рынкавай эканомікі, да канкурэнтнай працы ім не надта імпанавала. З падачы кіраўніка-папуліста беларусы пайшлі «сваёй дарогай», хоць чэшскі рэфарматар В. Клаус папярэджваў, што трэці шлях — гэта шлях у трэці свет. Як зламаны флюгер, мы матляемся цяпер між адміністратыўным сацыялізмам і рынкавым капіталізмам, губляючы каштоўны гістарычны час. А розны падыход аўтакратаў да праблемы захавання ўлады заканчваецца аднолькава — ігнараваннем палітычных і эканамічных рэформ, уціскам грамадства.
Нядаўна ля латка з сувенірамі пачуў выказванне пакупніка, якога прадавец агітаваў купіць хоць што-небудзь: «Не уговаривайте, лично мне не нужен ни фарфоровый Путин, ни магнитный Лукашенко. На фоне выдающихся политиков прошлого они смотрятся слишком мелко. За долгие годы правления их административное мельтешение уже изрядно надоело!»
Тым не менш, дэкрэты, указы, дырэктывы пякуцца, за рашэннямі, якія прымаюць занадта ўладалюбныя, самаўпэўненыя кіраўнікі, стаяць лёсы мільёнаў людзей. Жыццё не стаіць на месцы, ды ці туды, куды трэба, яно кіруецца?
Нічога талковага на беларускай зямлі не будзе, пакуль тут не вырастуць новыя, свабодныя людзі. Але ці з’явяцца яны ва ўмовах аўтарытарызму і дзікага капіталізму? Ні ў якім разе!
Маладая «эліта», якая паднялася за апошніх дваццаць гадоў, не думае пра грамадзянскія свабоды і ўсталяванне дэмакратычнай, прававой дзяржавы. Яе мала цікавіць дасягненне высокага прафесіяналізму і нават кар’ерны рост. Галоўнае — гэта як мага хутчэй, любымі спосабамі дамагчыся значнага матэрыяльнага дабрабыту. Гіпертрафіраванае імкненне да багацця стала спрыяльнай глебай для невынішчальнай карупцыі, захопу народнай уласнасці, раскрадання бюджэту.
Паглядзіце, як «шчасліўчыкі», маючы ўплывовых сямейнікаў або сяброў ва ўладзе, пасля студэнцкай лаўкі і некалькіх гадоў абкаткі ў чыноўніцкіх крэслах хутка перабягаюць у багатыя дзяржаўныя карпарацыі, дзе маюцца вялікія, жывыя грошы. Сёння «залаты цялец» не толькі кіруе ў грамадстве, але і разбэшчвае яго, выцірае ногі аб мараль.
Незадоўга да смерці расійскі паэт-франтавік Ю. Левітанскі, які ў свой час выступаў супраць вайны ў Чачні, сказаў: «Что можно изменить в обществе, если оно пропитано ложью, пьянством, юродством? Я не верю, что народ наш так генетически задуман на веки вечные… Давно уже пора решить кардинальный вопрос: а кто мы? Кто мы? Не Сталин, а мы… Наши власти такие, какие мы…»
Думаю, што самакрытычныя, трывожныя словы тычацца не толькі расіян, але і кожнага жыхара Беларусі.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: