TOP

Час для подзвігу

Час паказаў, што аўтарытарны рэжым не ўмацоўвае незалежнасць краіны, не яднае беларусаў. Ён проста хоча пратрымацца, а там — «хоць трава не расці». Ствараць грамадзянскую супольнасць, без якой немагчыма выканаць задачы, што стаяць прад Айчынай, зноў даводзіцца гераічным адзінкам. 

У меру сваіх здольнасцяў мы — грамадзяне Беларусі — рашаем асабістыя праблемы, стараемся неяк выйсці са складаных жыццёвых сітуацый, у якія трапляем, але да гэтай пары не навучыліся дзейнічаць разам, усёй народнай сям’ёй. Змрочнае мінулае, дзе панаваў страх, асцярога да ўдзелу ў грамадскіх справах, яшчэ кіруе сучаснасцю.

Некалі былы кіраўнік КДБ СССР, затым Генеральны сакратар ЦК КПСС Ю. Андропаў безапеляцыйна заявіў: «Против Советской власти могут выступать только сумасшедшие». Але людзі, якія бачылі знішчальную антычалавечную сутнасць таталітарнай сістэмы, знаходзіліся і ўступалі з ёю ў змаганне.

Супрацьстаяць рэакцыйнай бальшавіцкай уладзе, якая ганарыста лічыла сябе «вечнай», сталі многія смельчакі. Асаблівай актыўнасцю вызначаліся юнакі і дзяўчаты, амаль дзеці. Яны не былі ніякімі тэрарыстамі, а проста хацелі надаць чалавечае аблічча як савецкай уладзе, так і камуністычнай ідэалогіі. Але такі спакойны, узважаны падыход моладзі да сваёй дзейнасці ў пратаколах следчых выглядаў зусім інакш: «Ставят перед собой задачу совершить массовый террористический акт над тт Сталиным, Кагановичем, Молотовым, Ворошиловым и председателем ОГПУ и нанести решительный удар большевистской диктатуре» («Дело братьев Покровских», «раскрытае» ў 1932 годзе); «захват политической власти в СССР путем двурушнического проникновения ее участников (арганізацыі пад назвай КПМ (Коммунистическая партия молодежи) у г. Варонежы — С. З.) на руководящие должности в комсомол и ВКП (б) и вытеснения оттуда старых руководящих, по их мнению, обюрократившихся кадров».

У маёй бібліятэцы маецца томік успамінаў «Гарт» (Саюз беларускіх патрыётаў), на якім у дарчым надпісе адзінаццаці аўтараў ёсць радок: «Са шчырай падзякай за падтрымку і спрыянне ад задумы да першай публікацыі гэтай кнігі». Даю слова стваральніку выдання Г. Кірылаву: «Успаміны былі надрукаваныя ў 1997 годзе ў часопісе «Полымя», які тады рэдагаваў Сяргей Законьнікаў, а літаральна празь месяц выйшлі асобнай кнігай пад назвай «Гарт» у кніжнай сэрыі «Архіў найноўшай гісторыі». Дазволю коратка нагадаць пра гэтую публікацыю, рэдактарам якой давялося быць мне асабіста.

Група навучэнцаў пэдвучэльняў у Глыбокім і Паставах (яны адчыніліся тут у верасьні 1944 году) аб’ядналіся ў нелегальную суполку, каб, насуперак гвалтоўнай русіфікацыі навучаньня, замоўчваньню і наўмыснаму скажэньню нашай гісторыі, трымацца сваёй беларускасьці. Ніякай іншай мэты, тым больш тэрарыстычнай, як пасьля ім прыпішуць сьледчыя МДБ, суполка ня ставіла. Яна, па сутнасьці, і не праводзіла нейкай актыўнай дзейнасьці. Не пасьпела. Зімой 1947 году СБП быў выкрыты, усе ўдзельнікі арыштаваныя і асуджаныя. Чатыром пагражала сьмяротная кара, якая, дзякуючы таму, што падчас суду ўжо дзейнічаў указ аб яе адмене, была замененая на 25 гадоў няволі. Астатнія атрымалі ад 10 да 15 гадоў лягераў, толькі некалькім быў тэрмін 5—6 гадоў. Пасьля сьмерці Сталіна тэрміны ўсім былі перагледжаны. А зь цягам часу ўсім, хто дамагаўся, была дадзена поўная рэабілітацыя «за отсутствием состава преступления».

Вялікія спадзяванні многіх беларусаў на «чалавечае жыццё» ў суверэннай, моцнай нацыянальным духам краіне, якія нарадзіліся ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, не спраўдзіліся. Новая аўтарытарная бюракратыя стварыла свой лад, дзе зноў няма месца свабодзе, правам чалавека, ініцыятыўнасці.

У ХХ стагоддзі беларусы ніколі не жылі спакойна. А хто можа сказаць, што цяпер мы існуем стабільна і годна? Калі грамадскае жыццё зведзена да нуля, то і прыватнае быццё чалавека абавязкова мізарнее.

Практычна аўтарытарная дзяржава стаіць сёння на падмурку з пяску, які можа рассыпацца ў любы момант, пра што выдатна ведае само кіраўніцтва. Галоўнымі балючымі кропкамі застаюцца цесна ўзаемазвязаныя архаічная палітычная сістэма і эканоміка з састарэлай структурай. Усё гэта стварае неспрыяльныя ўмовы для развіцця краіны. Але гэтая праўда не даходзіць да свядомасці вялікай часткі насельніцтва, якая задавальняецца сціплым існаваннем за кошт розных пазык і расійскай халявы, не думаючы пра будучыню.

Расійскі палітолаг Д. Арэшкін папярэджвае сваіх суайчыннікаў і беларусаў: «…Не так страшна сама тоталитарная вертикаль, аккуратно выжигающая вокруг себя все законы и институты, ограничивающие её властный произвол, как то, что происходит после её крушения».

Якраз доўгае панаванне аўтарытарызму, якое можа скончыцца глабальнай катастрофай для краіны і яе насельнікаў, і турбуе лепшыя розумы Беларусі. Настойлівы пошук шляху да «чалавечага жыцця» пастаянна выяўляецца ў чым заўгодна: у палітыцы, эканоміцы, навуцы, паэзіі, прозе.

Нядаўна дэмакратычная грамадскасць з радасцю сустрэла паведамленне пра выхад на волю мужнага палітыка, патрыёта Беларусі Міколы Статкевіча. Безумоўна, што нікому не хочацца сядзець нават адзін лішні дзень у турме, што ў любога беспадстаўна асуджанага чалавека могуць быць свае прычыны, у сілу якіх ён піша прашэнне аб памілаванні. Але Статкевіч гэтага не зрабіў, бо ён — сапраўдны афіцэр, які «гонар мае». Як бы там ні было, а Мікола назаўжды застанецца ў нацыянальнай гісторыі сімвалам няскоранасці прад дыктатарскім цемрашальствам. Пакуль сярод беларусаў ёсць такія людзі, якія хочуць дабра Айчыне і ўсім «тутэйшым», гэта азначае, што не ўсё згублена, што ў нас яшчэ маецца шанц стаць паўнацэнным народам.

Услед за вызваленнем М. Статкевіча і іншых палітвязняў адбылася яшчэ адна падзея. Яна не такая прыкметная і рэзанансная, але тычыцца знакавага чалавека. 28 жніўня гг., у дзень нараджэння выдатнага паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна, адкрыты помнік (аўтар А. Шатэрнік) на яго магіле. Генадзь не лічыў сябе героем, але за жыццё зрабіў шмат карыснага: напісаў таленавітыя кнігі вершаў і тэксты песень, у тым ліку цудоўную, неўміручую «Калыханку» для дзетак, стварыў сапраўднае нацыянальнае тэлебачанне, быў аўтарытэтным прадстаўніком Беларусі ў ААН. Без усялякіх афіцыйных указаў ён займеў званне «народнага паэта», бо карыстаўся вялікай любоўю людзей.

Такіх асобаў, якія без ніякага піяру робяць сваё жыццё подзвігам у імя Беларусі, не злічыць. Школьнікам, якія сёння селі за сталы, ёсць з каго браць прыклад.

Між тым, хачу заўважыць, што апошнім часам з’явілася шмат тэлевізійных перадач, дзе звычайныя чалавечныя ўчынкі сталі расцэньвацца як нешта выключнае. Не трэба займацца дэвальвацыяй. Думаецца, што прыстойнасць у грамадстве павінна называцца не подзвігам, а нармальнымі паводзінамі.

Але ўсё ж хочацца, каб кожны беларус адкінуў спрадвечную ляноту-матухну, невыводную абыякавасць і нарэшце здзейсніў «маленечкі подзвіг» — задумаўся ўсур’ёз над уласным лёсам і будучыняй Айчыны.

Упэўнены, што ў гэтым белым свеце можна існаваць па-чалавечы, а іначай навошта наогул жыць?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сумніўныя знаходкі

Розны падыход

Кошт маўчання

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.