TOP

Штампоўка робатаў

Мой роздум прысвечаны не апаратам і сістэмам, якія дапамагаюць людзям пашыраць і ўдасканальваць звышдакладную і звычайную вытворчасць, забяспечваць высокую якасць прадукцыі. Гаворка пойдзе пра самога чалавека, даведзенага адміністратыўнай і прапагандысцкай апрацоўкай да стану робата.

Працэс штампоўкі «новага савецкага чалавека» пачаўся адразу пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года і набыў размах пры дыктатуры Сталіна, які не любіў смелых, ініцыятыўных, самастойных людзей, аддаючы перавагу паслужлівым і бязмоўным. А гераічныя пачыны нараджаліся ў чыноўніцкіх кабінетах і спускаліся ўніз, каб «выклікаць энтузіязм працоўных масаў». Тых, хто асмельваўся хоць адным словам пакрытыкаваць савецкую ўладу, чакаў расстрэл або жорсткія рэпрэсіі. Пачуцці мільёнаў без віны зняволеных перадае песня «Ванинский порт» (мяркуемы аўтар першапачатковага тэксту М. Сераброўскі), якая існуе ў безлічы варыянтаў і вядомая кожнаму, хто нарадзіўся ў СССР:

Я помню тот Ванинский порт
И рев пароходов угрюмый,
Как шли мы на вздыбленный борт,
ныряя в кромешные трюмы.

В ответе за нас Колыма —
рабов всесоюзных планета.
Умрешь ли, сойдешь ли с ума —
возврата оттуда уж нету.

Я заспеў сталінскі час пасля вайны, але і ў малым узросце многія яго дэталі запомніў. Па радыё цэлы дзень перадавалі рапарты пра перамогі калгаснікаў, рабочых, патрыятычныя песні, бравурную музыку, спектаклі. У гандлі быў суцэльны дэфіцыт, сутнасць якога дакладна перадае выраз: «У адны рукі — не болей штукі!»

Але былі асобы, якія не мірыліся з дыктатарскім цемрашальствам, з доляю бязмоўных рабоў або робатаў. Народны камісар Ваенна-марскога флоту М. Кузняцоў (1904 — 1974) у ноч на 22 чэрвеня 1941 года, не баючыся гневу І. Сталіна, самастойна аддаў загад сваім падначаленым пра поўную баявую гатоўнасць. Якраз з гэтай прычыны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны марская авіяцыя і караблі далі адпор ворагу і панеслі мінімальныя страты ў параўнанні з сухапутнымі войскамі, бо тыя знаходзіліся пад прэсам строгай сталінскай інструкцыі «не паддавацца на правакацыі». Лёс Мікалая Герасімавіча склаўся затым няпроста. Яго ролю ў вайне часта замоўчвалі, па надуманай падставе знялі з высокай пасады і панізілі. Толькі ў 1988 годзе Кузняцоў быў пасмяротна адноўлены ў званні Адмірала Флоту Савецкага Саюза. Але гэты смелы чалавек з годнасцю прайшоў праз усе нягоды і можа служыць прыкладам.

Дзеля чаго я гартаю старонкі мінулага? Каб напомніць усім нам: калі б савецкая ўлада не займалася ідэалагічнымі эксперыментамі, не стаяла з наганам і плёткай над эканомікай і людзьмі, пастаянна не загадвала ім, што трэба рабіць, то такога робатападобнага грамадства, якое маем, не было б.

Прапаганда пастаянна падкрэслівае, што сённяшняя Беларусь па многіх параметрах адрозніваецца ад сваёй савецкай папярэдніцы. Але ў чым? Што змянілася пасля таго, як у суверэннай краіне перайменавалі «галоўную пасаду», перапісалі на новы капыл «табель пра рангі»? Ды амаль нічога! Гром бясконцых «перамог», што грукатаў, стаў яшчэ больш гучным. Прыпіскі, якія пачалі пладзіцца пры Сталіне, выдатна адчуваюць сябе і цяпер.

Бюджэт кожны год «валіцца ад знямогі». Чаму? Ды таму, што намнога вырасла армія «слуг народа», а іхні «апетыт» можна параўнаць з воўчым. Прадстаўнікі старэйшых пакаленняў з гневам канстатуюць: крадзяжоў значна паболела, іх памеры ўзраслі ў геаметрычнай прагрэсіі.

Як толькі аўтарытарызм усталёўваецца ў краіне, ён нараджае адчужанасць бюракратыі ад народа, немагчымасць простым грамадзянам уплываць на палітычнае і эканамічнае жыццё. Гэтыя хібы занатаваў яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя наш зямляк, публіцыст І. Саланевіч: «Нет, государство — это не я, и не мужик, и не рабочий. Государство для нас — это совершенно внешняя сила, насильственно поставившая нас на службу совершенно чуждым нам целям. … Служба же эта заключается в том, чтобы мы возможно меньше ели и возможно больше работали во имя тех же бездонных универсально революционных аппетитов». Сітуацыя цяпер паўтарылася з абсалютнай дакладнасцю.

Арганізацыйны механізм аўтарытарнай (г. зн. паліцэйскай) дзяржавы заняты тым, каб любымі спосабамі і метадамі ператварыць насельніцтва ў «задаволеных, шчаслівых робатаў».

У разуменні тутэйшага электарату вялікай заслугай рэжыму і меркай людскога шчасця стала адсутнасць вайны. Безумоўна, ніхто не хоча, каб на роднай зямлі ішлі баі, гінулі людзі. Але многія беларусы настолькі запалоханы падзеямі на ўсходзе Украіны (трагічнымі і знясільваючымі для братняга народа), якія справакавала расійская ваеншчына, што ў іх галовах адбылася абсурдная блытаніна. На справядлівую крытыку некампетэнтных дзеянняў улады, на прыведзеныя факты безгаспадарчасці, злоўжывання чыноўнікамі службовым становішчам, карупцыі, крадзяжоў замбіраваны абывацель адказвае, як папугай: «А затое ў нас няма вайны!» «Палітычныя інваліды» забываюцца на тое, што баі не вядуцца не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, ва ўсёй Еўропе. Так што заслугі ў гэтым мясцовых аматараў ваенных парадаў, манеўраў і вучэнняў абсалютна ніякай няма.

Чаму дзяды і бабулі не кажуць моладзі: «Не паўтарайце нашых памылак!», чаму згаджаюцца на тое, каб іхніх унукаў рабілі робатамі? Адстрэл, які быў раней, змяніўся пастаяннай прапагандысцкай дрэсіроўкай. Мы жывем у атмасферы псіхозу, прытым з ваенным прысмакам. Маючы абразлівы жыццёвы мінімум, але задаволеныя і гэтым, людзі стараюцца не заўважаць начальніцкай дэмагогіі, гвалту, несправядлівасці. У стукачы зараз не трэба вербаваць, жадаючыя самі прапаноўваюць паслугі. Пры аўтарытарызме з асаблівай выразнасцю выяўляецца характэрная беларуская рыса: ніякавата- ліслівы смяшок угодніцтва перад тым, хто стаіць вышэй па службовай лесвіцы ці ў сацыяльным статусе:

Век крывавы люд зняверыў,
Век хлусні над ім завіс,
І паўзе ўладарна шэрасць
Знізу ўверх і зверху ўніз.

«Новы свет» ва ўсім (тэлевізійная рэклама, забаўляльная індустрыя, нават адукацыя) напоўніўся гламурам, дурнотай, прымітывам. Расійскі публіцыст Б. Мінаеў заўважае: «Побеждает усредненная пошлость. /…/ Побеждает «дом престарелых» в масштабах всего государства, в котором живут даже молодые, не ведая о том, что стали его обитателями — задолго до выхода на пенсию».

Робаты не думаюць, а толькі расчытваюць каманды і выконваюць іх. З гэтай прычыны ў Беларусі ўсё, што ні прапануе ўлада (павышэнне тарыфаў або нават замена дзяржаўнага сцяга, адсоўванне на задні план роднай мовы, змены ў Канстытуцыі для ўзмацнення аўтарытарызму), праходзіць на ўра.

Комплекс няпоўнавартасці, якім хварэла грамадства, стаў масавым жаданнем «не огорчать руководителя» ў час яго «рэвізій» у рэгіёнах, моцнай «патрыятычнай істэрыяй». Праўда разумных адзінак прайграе ў палеміцы з плоймай робатаў, якія агучваюць казённыя клішэ і штампы. 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.