TOP

Ворагі знойдзены

Апошнім часам тутэйшая прапаганда шукае вінаватых у рэвалюцыйных узрушэннях і войнах, якія адбываюцца на планеце. На яе думку, ворагамі міру і спакою сталі ЗША і іх саюзнікі, якія пад выглядам змагання за свабоды і правы чалавека ўмешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных краін.

Падлічыць дакладна колькасць прыхільнікаў такой тэорыі ў Беларусі немагчыма, але асмелюся сказаць, што іх нямала. Чаму я так мяркую? Таму, што ў нас злосныя нападкі на Захад не спыняюцца з часоў «халоднай вайны». Перапынак быў толькі ў драматычны час развалу СССР, калі яго найбольш актыўныя грамадзяне выступілі супраць сапраўдных віноўнікаў кепскага жыцця — нашчадкаў бальшавікоў, якія акапаліся ў Палітбюро ЦК КПСС, ваенна-прамысловым комплексе, армейскім генералітэце і КДБ.

Працяглая ідэалагічная апрацоўка бясследна не праходзіць. Варта было ўжо ў незалежнай Беларусі аўтарытарнай уладзе выступіць з абвінавачваннямі на адрас ЗША, а СМІ падхапіць пошук ворагаў, як насельніцтва адгукнулася. Яно зноў знаходзіцца пад прэсам агрэсіўных эмоцый, якія нагнятаюцца прапагандай, падобнай на савецкую. Расійская журналістка Л. Петраноўская заўважае: «Зрители за эти месяцы подверглись массовому эмоциональному изнасилованию, ковровой бомбардировке пропагандой». У выніку любыя беды, нават асабістыя, замбіраваны люд Беларусі і Расіі бяздумна спісвае на «праклятых амерыкосаў». А яшчэ гуляе фраза: «Нас поссорил Запад, а мы повелись». У «ворагі народа» залічваюцца таксама грамадзяне, якія маюць уласную думку, што не супадае з афіцыйнымі ідэалагічнымі канонамі.

Мне ж прычына народных узрушэнняў бачыцца не ў знешніх фактарах і не ў наяўнасці кволай апазіцыі. Само кіраўніцтва краін сваім паталагічным уладалюбствам, няздольнасцю спыніць чыноўніцкія крадзяжы, злоўжыванне службовым становішчам, наладзіць развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы штурхае насельніцтва да пратэсту. Нездарма на шматтысячных мітынгах у Арменіі і Малдове людзі заявілі, што іхнія дзяржавы раз’ядае татальная карупцыя, якая «існуе пры падтрымцы ўлады і праваахоўных органаў». На такім жа палітычным грунце ўзнік украінскі Майдан. Яшчэ раней грамадзяне Беларусі і Расіі выходзілі на плошчы, выступаючы супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, пакуль не былі канчаткова застрашаны дубінкамі і зброяй.

На жаль, палітычная свядомасць насельніцтва постсавецкай тэрыторыі развіта недастаткова. Людзей традыцыйна больш клапоцяць эканамічныя праблемы, якія застаюцца вострымі. Доўгае праўленне ўзурпатараў улады поспехаў не прынесла. Дабрабыт коціцца ўніз. Напрыклад, у Беларусі памер сярэдняй зарплаты вярнуўся на ўзровень 2009 года. Кожны сёмы расіянін знаходзіцца за рысай беднасці.

У краінах, якія на працягу ХХ стагоддзя выйшлі ў эканамічны і палітычны авангард свету, усе сферы дзейнасці развіваліся гарманічна, дапамагаючы адна другой. Тут не было перакосаў, рыўка нейкай галіны за кошт астатніх. А СССР пераадольваў адставанне ад Захаду фарсіраванымі метадамі, якія не прыносяць стабільнага развіцця. Сталінская «даганяючая мадэрнізацыя» ў першую чаргу тычылася арміі і цяжкай прамысловасці, праводзілася за кошт высмоктвання ўсіх сіл з вёскі, а таксама рабскай працы мільёнаў палітычных зняволеных. Лепшыя навуковыя і тэхнічныя кадры былі кінуты на вынаходніцтва і выраб атамнай зброі, затым на касмічныя праграмы, а для людзей ніяк не маглі зрабіць прыстойныя аўтамабілі, бытавую тэхніку, вопратку, абутак, пастаянна не хапала харчавання.

Дыктатар, акрамя таго што спаліў у класавай барацьбе, у войнах дзесяткі мільёнаў чалавек, яшчэ пакінуў шмат праблем эканамічнага і маральнага кшталту, якія мы расхлёбваем да гэтага часу. Рысы былога сталінскага прыгону захоўваюцца ў беларускай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Насельніцтва, як і раней, збіваецца патрыятычнымі лозунгамі, пампезнымі парадамі, ваенізаванымі гульнямі, нянавісцю да прыдуманых «ворагаў» у безаблічны, шэры натоўп, якім лёгка маніпуляваць.

Расійскі біёлаг А. Маркаў сцвярджае: «Ничто так не сплачивает коллектив, как совместное противостояние другим коллективам; множество внешних врагов — обязательное условие существования тоталитарных империй и надежное средство «сплочения» населения в альтруистический муравейник…» Пад такое азначэнне трапляе і Беларусь. Хоць гэта сярэдняя па тэрыторыі і колькасці насельніцтва, монанацыянальная і — галоўнае — незалежная краіна, але для Расіі яна застаецца аскалёпкам царскай і савецкай імперыі, які хочацца асіміляваць, далучыць да свайго абсягу.

Кругавая парука аўтакратаў, якія б спрэчкі паміж імі ні разгараліся, мацнее. Яны трымаюцца адзін за аднаго і абнахабелі да такой ступені, што могуць беспакарана выліваць слоўны бруд на Захад, на галовы тых, хто ратуе іхнюю правальную эканоміку.

Гэта новы аспект міжнароднага жыцця. У той час як аўтарытарызм у свеце пашыраецца, адкрыта вядзе знешнія «халодныя» і ўнутраныя «гарачыя» войны, ламаючы лёсы людзей, над ім вырас «ахоўны парасон» дыпламатычнай валтузні: кіраўнікі дэмакратычных краін, вядомыя грамадскія дзеячы, у тым ліку і папа рымскі, сустракаюцца з дыктатарамі, паціскаюць рукі, надаюць ім незаслужанага аўтарытэту; легiтымныя парламентарыі на роўных засядаюць з нелiгітымнымі; за спіной прыгнечаных народаў вядуцца пастаянныя таемныя перамовы. Усё гэта абурае сумленных людзей, якія цвёрда стаяць за праўду і справядлівасць.

Узурпатары ўлады асуджаюць рэвалюцыйны народны рух, са здзекам заяўляюць пра бяссілле дэмакратычнай супольнасці спыніць ваенныя дзеянні ў «гарачых кропках». У мяне на гэта ёсць адказ: калі на тэрыторыі былога СССР і ў іншых месцах планеты дыктатараў развялося, як у пару гніення садавіны мух-дразафіл, то паспрабуй справіцца з вынікамі іхняга кіравання!

Безумоўна, да рэвалюцыйна настроеных мас, да сапраўдных змагароў за свабоду і правы чалавека абавязкова прымазваюцца крымінальныя элементы, рэлігійныя фанаты, звычайныя хуліганы, у іх шэрагі актыўна засылаюцца правакатары са спецслужбаў. А затым усе злачынныя дзеянні прыпісваюцца дэмакратам. Якраз гэта стала выразнай прыкметай сучасных пратэстных падзей. Дык што, не варта змагацца? Трэба! Хоць у «ворагі народа» можна лёгка залічыць крытычна настроеных грамадзян, але ўсяму насельніцтву, якое паўстала, такі ярлык прыклеіць немагчыма.

Кіраўнікі Расіі, якая вядзе неаб’яўленую вайну супраць Украіны, і Беларусі палохаюць абывацеляў пралітай крывёю. Але яна з’яўляецца на вуліцах і плошчах якраз там, дзе сярэдні чалавек, прарваўшыся на самы верх улады, забываецца пра сваю звычайнасць і заяўляе: «Дзяржава — гэта я!» Калі ты шукаеш ворагаў, лепш глянь у люстэрка! Вядомы кампазітар і спявак А. Макарэвіч разумна кажа: «А уж если решили подражать Америке — может, сначала научиться у них, как сделать выборы честными, суды независимыми, а ВВП — высоким? А там, глядишь, и секретные спецоперации не понадобятся?»

Нельга бяздумна ісці за прапагандай, якая нараджае скажоную свядомасць. Канкрэтныя задачы ў жыцці рашаюцца не ідэалогіяй, а на грунце непахісных этычных правілаў, напрацаваных чалавецтвам, і здаровага сэнсу.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Самаліквідацыя

Штампоўка робатаў

Час для подзвігу

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.