TOP

Выконваючы даручэнні

Дыскусія пра тое, што дае лепшы вынік: праца рабоў або ініцыятыўная дзейнасць свабодных людзей, даўно скончылася на карысць апошняй, але прыгон у розных формах яшчэ часта ўваскрасае. 

У аўтарытарнай Беларусі прыжылася практыка ручнога кіравання пры дапамозе даручэнняў, якая працінае дзяржаўную канструкцыю з самага верху і да нізу.

Афіцыйная прапаганда сцвярджае, што наша краіна застаецца «аазісам стабільнасці» ў пустыні эканамічнага крызісу, які ахапіў свет. Але людзі, дапытліва даследуючы рэчаіснасць, бачаць: Беларусь спынілася ў сваім няўстойлівым, фрагментарным развіцці і пачала адпаўзаць назад. Прычына — тое, што краінай камандуюць асобы, якія не хочуць заўважаць яўных супярэчнасцяў паміж прапагандысцкім падманам, папулісцкай рыторыкай, уласным архаічным кіраваннем і сапраўдным матэрыяльным і культурным жыццём ХХІ стагоддзя.

Калі глядзець з вышыні метадаў сучаснага палітычнага і гаспадарчага кіравання, то афіцыйны Мінск знаходзіцца ў «каменным веку». Загнаць грамадзян строем на выбарчыя ўчасткі, вытрасці з іх або «намаляваць» галасы за дзеючага прэзідэнта — такое ў аўтарытарнай краіне зрабіць з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу вельмі проста.

Значна складаней наладзіць цывілізаваную сістэму ўлады, якая працуе з дапамогай незалежных інстытутаў (палітычныя партыі, сумленныя выбары, легітымны парламент, непадкантрольны суд, праваахоўныя органы, якія служаць закону) у рэжыме самарэгулявання, калі не патрэбны адміністратыўныя метады. Якраз толькі ў такім выпадку жыццё грамадства ідзе прадказальна, стабільна, людзям можна нешта планаваць і не баяцца, што заўтра здарыцца палітычны або эканамічны абвал.

Аўтарытарны лідар вызначаецца тым, што не мае стратэгічнага прыцэлу, а дзеля ўтрымання ўлады хапаецца за набалелыя, але не агульнанародныя праблемы, каб «падкруціць гайкі» або «залапіць дзірку». Такое кіраванне дапамагае піярыцца (асабліва падчас выездаў, калі мясцовае насельніцтва ў захапленні: «Во ўрэзаў нашым начальнікам!»). Але там, дзе не працуюць самастойна і адказна, а толькі выконваюць даручэнні, прападае зладжанасць, рытмічнасць, дынаміка, усё скача рыўкамі, тузаецца: людзі і вытворчасць.

Метады, якімі карыстаецца аўтакрат, пераймаюць падначаленыя. Тыповую сітуацыю апісаў казахскі літаратар А. Сахарыеў: «Шеф был в ярости. Блатной сынок пожаловался своему отцу, тот пригрозил моему боссу, а он в свою очередь срывался теперь на мне. /…/ Но я не обижался. Ведь шеф был, как и я, всего лишь исполнителем чьих-то поручений, у него тоже, как и у меня, были свои начальники, которые вечно что-нибудь от него требовали. А он, соответственно, требовал с нас, подчиненных. Такова система».

Што робіць чыноўнік, якому даецца заведама невырашальная задача? Дае абяцанне, што выканае яе, і хутчэй уцякае з-пад грознага назірку змрочных вачэй боса. А што будзе далей? Той, хто жыве адным днём, пра гэта ніколі не думае. У такой сітуацыі найлепш таму, хто сядзіць на самым версе: яго ніхто на прачуханку не выкліча, справаздач і тлумачальных запісак не запатрабуе.

Калі праз кожныя пяць хвілін у тэлеэфіры я чую фразы журналістаў і дыктараў: «Выполняются все поручения и указы президента», «Акцент сделан на выполнение поручений президента», то згадваю былое: «Выполняя решения ХХV съезда КПСС». Выклікае смех і яшчэ адна заява: «Взято под личный контроль». Але як можна пракантраляваць кожнае даручэнне, калі яны сыплюцца, як гарох з дзіравага меху?

Сустрэчы прэзідэнта з міністрамі, губернатарамі, іншымі чыноўнікамі, якія рэгулярна транслююцца па тэлебачанні, перадаюць атмасферу стасункаў у працэсе кіравання. Ва ўсіх каменныя абліччы, адзін з’ядае вачыма астатніх. «Строгі цар» і «паслухмяныя баяры» паказваюць народу, як клапоцяцца пра яго дабрабыт. Раз’язджаецца службовы люд з наказамі: «Чтобы там был наведен революционный порядок!», «И не дай вам Бог!» Чыноўнікі з імпэтам кідаюцца наводзіць парадак, але чамусьці іхні запал жаданых вынікаў не прыносіць. Колькі разоў за 21 год кіраўнік пераконваўся ў гэтым, паўторна наведваючы прадпрыемствы, якія крытыкаваў! Глядзіш на мітусню, і ў памяці ўсплывае жарт савецкага часу: «Не подведу! — сказал прораб народу. И не подвел ни газ, ни свет, ни воду»…

У архіўных дакументах знайшоў цікавы факт: у БССР 3 верасня 1933 года высокапастаўлены чыноўнік у сферы гандлю І. Вярба атрымаў строгую вымову за «беспринципность, склочничество и подхалимство». Гледзячы на чыноўнікаў, якія, спалохана сагнуўшыся над блакнотамі, занатоўваюць на нарадах у Мінску «каштоўныя ўказіўкі», або ў раёнах лісліва прамаўляюць: «Будет исполнено!», ці можна ўявіць такое сёння? Лізанне начальства стала асноўным заняткам. Стан беларускіх службоўцаў перадаюць радкі М. Салтыкова-Шчадрына з казкі «Премудрый пескарь»: «Он жил и дрожал — только и всего». Але тут трэба зрабіць важнае адступленне. Дрыжаць-то яны моцна, ды стараюцца момант не ўпусціць — пакуль пры пасадзе, любым спосабам залезці ў дзяржаўную (народную!) кішэню.

Даўно назіраю за тым, як дэградуюць дзяржаўныя апараты аўтарытарных краін. Мала таго, што на адказныя пасады прызначаюцца прафесійна непадрыхтаваныя асобы за свой халуйскі характар і відавочную асабістую адданасць галоўнаму босу, дык яны яшчэ выяўляюць недысцыплінаванасць. Не выконваюцца нават адрасныя даручэнні, бо няма асабістай зацікаўленасці. Цяпер у службовай «эліты», намёртва зацыкленай на багацці, калі дзесьці чуецца шоргат купюр, імгненна адключаюцца не толькі сумленне, сорам, але і мазгі.

Думаю, што беларусаў, нягледзячы на палярнасць у ацэнцы палітычнага жыцця, хвалюе сітуацыя, якая склалася ў суседняй Украіне. Трывога не пакідае і мяне, бо сэрца яшчэ з маладосці прыкіпела да слаўнага народа і яго цудоўнай зямлі.

Нядаўна была размова з дасведчанай кіяўлянкай, якую ведаю даўно і чыім меркаванням, выспеленым светлым розумам і шчырай душою, без сумнення давяраю. Яна з болем апавядала, што, нягледзячы на складаную сітуацыю, якая патрабуе ўзважаных, але надзвычай рашучых дзеянняў, кадравыя змены, палітычныя і эканамічныя рэформы праводзяцца марудна. У гэтым палягае драматызм украінскай сітуацыі. Улада баіцца зачапіць інтарэсы алігархата, мацёрых чыноўнікаў-карупцыянераў, на месцах застаецца яшчэ шмат прадстаўнікоў старой наменклатуры, якія нахабна сабатуюць патрэбныя як паветра перамены. Разумныя ініцыятывы тонуць у балоце балбатні. Ад старой аўтарытарнай улады ў новыя рэаліі перайшлі стыль кіравання і бюракратычныя традыцыі. Разарваць злавеснае, замкнутае кола цяжка.

Слухаў кіяўлянку, душа шчымела і курчылася. Чыноўнікам напляваць на лёс Украіны, іх не хвалюе тое, што гісторыя падвяла ўкраінскі народ да вызначальнага рубяжа, за якім бачацца два вынікі: слаўная будучыня або развал заваёў гераічных продкаў. Сітуацыя з захаваннем незалежнасці Беларусі не менш трывожная. У нас пакуль пануе мір, хоць цывільнае жыццё даведзена амаль што да статусу ваеннага. Але нават у арміі, дзе ўсё робіцца па камандзе, трэба мець галаву на плячах.

Гляджу навокал і ўсё часцей успамінаю народны выраз: «Не, недарма Бог нам думаўку даў!»

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ворагі знойдзены

Самаліквідацыя

Штампоўка робатаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.