TOP

Мандраж

На працягу гісторыі чалавецтва ні ў адной краіне планеты, мабыць, не было такога ажыятажу на прэзідэнцкіх выбарах, як цяпер у Беларусі. Улада то пагражае народу вайной і галечай, «если вы не придете и не проголосуете», то абяцае, што «каждый голос будет услышан, каждое мнение учтено».

Сапраўды, з такой масіраванай, метадычнай і агрэсіўнай апрацоўкай наша насельніцтва яшчэ ніколі не сутыкалася. Гэтым разам перад выбарамі замест невялічкага павышэння зарплат і пенсій, якое заўжды працавала «ў патрэбным кірунку», людзям з прычыны крызісу і няхваткі сродкаў прапанаваны набор прапагандысцкіх мерапрыемстваў з непасрэдным або віртуальным удзелам дзеючага прэзідэнта. Нават выбарчую кампанію прымеркавалі пад выезд і выступленні кіраўніка на пасяджэнні асамблеі ААН, каб яму лацвей было піярыцца «на ўсю катушку».

Аб’явы пра выбары вісяць паўсюль на вуліцах, унутры будынкаў, яны без перапынку гучаць у грамадскім транспарце. У татальную агітацыю на радыё і тэлебачанні ўцягнуты не толькі каментатары, журналісты, спісаныя ў нябыт замежныя «палітычныя зоркі», але і прадстаўнікі розных сацыяльных груп і прафесій. Грымяць канцэрты пад пазычаным у ненавісных «нацыяналістаў» заклікам «Мы вместе!». Улічваючы, што зараз прынята ўзнагароджваць не за заслугі, а за паслугі, у слухачоў і гледачоў склалася думка — кіраўнік тэлерадыёкампаніі ўзяў курс на ганаровае званне «Герой Беларусі».

Беларускім «ноў-хаў», якое зводзіць канстытуцыйнае права грамадзян да спектакля і нагадвае звыклую перадпарадную муштру, стала «рэпетыцыя выбараў», перавод міліцыі, МНС і іншых службаў на ўзмоцнены рэжым. Для чаго і для каго робіцца гэты «тэатр»? Чаму нельга проста належна выконваць службовыя абавязкі?

Як бы там ні было, а рэаліі паказваюць на тое, што ўлада знаходзіцца ў стане высокага нервовага напружання, у глыбокім мандражы. У чым жа яна не мае ўпэўненасці? Найперш у тым, што будзе неабходная яўка, бо многім абрыдла быць дурнямі, якіх пастаянна падманваюць. Гэта галоўны галаўны боль. У меншай ступені ўзурпатара хвалюе славутая «птушачка ў квадраціку» — калі людзі прыйдуць, то «куды яны дзенуцца, паставяць яе там, дзе неабходна». Але і ў сувязі з галасаваннем паджылкі трасуцца. А раптам?

Але кіраўнік і ягоныя прыкормленыя памочнікі дарма мандражыруюць. На іх карысць працуе шмат фактараў: запалоханасць старэйшых грамадзян на ўзроўні генаў, беларусы, якія выраслі пры ўзурпатары, прывыклі да яго і не хочуць змен, драматычныя ўкраінскія падзеі. На жаль, гэта праўда.

Палітыкі дэмакратычных краін кажуць: «Запад хочет посмотреть, что произойдет, будут ли репрессии снова, будут ли протесты и демонстрации против выборов».

Пратэсты супраць падману не выключаны, могуць быць і рэпрэсіўныя дзеянні. Як жа без іх у паліцэйскай краіне! Але нечага незвычайнага, панове, не чакайце.

Беларусы памятаюць, што рабілася ў 2010 годзе. Ці папрасіла тэлебачанне прабачэння за інфармацыйныя правакацыі, за паказ паклёпніцкіх перадач і фільмаў, накшталт «Железом по стеклу», за абразу дзесяткаў тысяч смелых грамадзян, якія выступілі супраць хлусні? Не! Ці панеслі пакаранне тыя, хто па-садысцку збіваў людзей, якія выйшлі на мірную дэманстрацыю? Не! Ці прыняў Захад дзейсныя меры супраць уладарных гвалтаўнікоў? Не! Чаго ў такім выпадку вы хочаце дачакацца ад беларусаў?

Горкі вопыт вучыць. Колькі было зроблена спроб мірнымі маніфестацыямі прымусіць уладу пайсці на размову з апанентамі? Безліч! Усе яны канчаліся не гаворкай, а разгонам. Дык як павінны паводзіць сябе людзі? Ісці напралом на сілавікоў, якія будуць зноў перабіваць хрыбетнікі, праламваць чарапы? Нават самыя смелыя і мужныя яшчэ падумаюць: ці варта біцца лбом у сцяну, калі ўсё прадвызначана і нават працэнты галасоў раскіданы на прэтэндэнтаў, калі заходнія палітыкі ўсміхаюцца аўтакрату, рукаюцца з ім, фатаграфуюцца. Для нейкага палітычнага дзеяча здымак — гэта экзотыка, прыкол, а беларускі абывацель расцэньвае такі ўчынак як рэабілітацыю неўязднога аўтарытарнага правіцеля, як яго легітымізацыю. Жаданне Захаду мець на планеце стабільнасць — зразумелае. Але дасягаць яе трэба не за кошт пакутаў людзей пад абцасам тыранаў.

Якраз доўгая валтузня з узурпатарам Расіі і Захаду і прывяла да тупіковай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Кожныя чарговыя выбары нараджаюць ілюзію перамогі дзеючага прэзідэнта. З гэтым згаджаюцца замбіраваныя, запалоханыя і падкупленыя мізэрнымі падачкамі людзі. Але значная частка насельніцтва не толькі не прымае выбары аўтакрата, але і яго самога. За што? Асноўная прычына — укручванне разумных грамадзян у подлую і здзеклівую гульню. У час выбарчых кампаній ніколі няма яснасці з яўкай: колькі людзей папраўдзе ўдзельнічала ў галасаванні? Невядома, хто з іх сапраўды аддаў голас за кіраўніка, бо наўмысна не абнародуюцца пратаколы з выбарчых участкаў? Лічбы, якія прапануюцца афіцыйна, нараджаюцца не ўнізе, а «малююцца» наверсе. Як можна спакойна трываць такое нахабства?

Усе вынаходніцтвы дыктатараў, як крымская амфара, якую падняў са дна Чорнага мора У. Пуцін. Яны ператварылі выбары ў суцэльную фальсіфікацыю, уцягваючы ў яе і апазіцыю. Спачатку кандыдаты не збіраюць патрэбную колькасць подпісаў, але ўдзельнічаюць у выбарчай гонцы. Затым адбываюцца фальшывыя падлік і дзялёжка галасоў. Не бачыць гэта могуць толькі сляпыя. Людзям, якія ідуць на такія выбары, трэба звяртацца да ўрача-афтальмолага.

Хачу сказаць, што, нягледзячы на жорсткі ўціск аўтарытарных рэжымаў, рэсурсы справядлівасці, імкнення да станоўчых змен усё ж жывуць у кожным народзе. У 2013 годзе Крэмль дазволіў А. Навальнаму балатавацца на пасаду мэра Масквы. Нягледзячы на байкот у СМІ і дзякуючы толькі прадвыбарчай агітацыі на вуліцах, яму ўдалося сабраць ажно 27% галасоў выбаршчыкаў.

Нават у Буркіна Фасо (былая Верхняя Вольта), калі дыктатару, які правіў 27 гадоў, прыйшла ў галаву зманлівая ідэя ўнесці змены ў Канстытуцыю краіны, каб прадоўжыць сваё панаванне яшчэ на 5 гадоў, народ узняўся і прымусіў яго сысці з трона.

Разумею, што патрабаваць ад усіх людзей гераізму нельга. Чалавек можа быць палахліўцам, не ўсе здольныя ахвяраваць сабою ў імя іншых, у імя праўды і справядлівасці. Звычайна спрацоўвае інстынкт самазахавання.

Але мне здаецца, што момант ісціны для беларусаў настаў сёння разам з рашэннем Расіі размясціць сваю ваенную базу на нашай зямлі. Вось калі трэба ўключыць інстынкт самазахавання! Калі і цяпер не будзе масавага пратэсту, то на нацыі можна ставіць крыж!

Пакуль што мандраж атакуе аўтарытарную ўладу, якая баіцца выпусціць стырно, а потым ён дабярэцца да насельніцтва. Вібрацыя паджылак, дрыжанне каленак прыйдзе да беларусаў тады, калі яны раптам убачаць, што разам з кумірам-банкрутам сядзяць каля разбітага карыта.

У незалежнай краіне яднанне людзей павінна адбывацца не каля дыктатара, а згодна парыву душы, маральным імпульсам, якія грунтуюцца на любові не толькі да сям’і, блізкіх, але і да свайго народа, роднай зямлі, мовы, гісторыі. Такі калектывізм будзе ўстойлівым, не разваліцца, як савецкі. На тым і трэба стаяць!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Выконваючы даручэнні

Ворагі знойдзены

Самаліквідацыя

Штампоўка робатаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.