На нашай вуліцы — свята
Даўно на душы не было светла і радасна, як цяпер. У аўтарытарнай Беларусі многія святы, у якіх фальшывая аснова, для мяне не маюць значэння. Веру, што праўда некалі пераможа і расставіць усё па сваіх месцах, а пакуль што ўзрушанасць прыносяць выдатныя падзеі. Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч — гэта сапраўднае свята душы.
Да прысуджэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры ставяцца па-рознаму, часта кажуць, што яно запалітызаванае, улічвае кан’юнктуру дня, можа ўзносіць на п’едэстал не самыя высокія творчыя дасягненні. Перакананы, што С. Алексіевіч як увасабленнем унікальнага мастацкага таленту, так і вялікай чарнавой працай інтэрв’юера заслужыла прэстыжную ўзнагароду на 100%! Права на такую выснову дае тое, што творчае развіццё пісьменніцы — вучаніцы геніяльных майстроў В. Быкава і А. Адамовіча — адбывалася на маіх вачах, што ёсць магчымасць параўнаць зробленае ёю з набыткамі папярэдніх лаўрэатаў.
У Святланы няма прахадных, «звычайных» кніг, яна доўга рыхтуецца і няспешна піша. Рэчаіснасць канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў мае складаны характар, а таму пісьменніца не карыстаецца спрошчанымі схемамі, адназначнымі формуламі, не аглядаецца на палітыкаў, а ўважліва вывучае жыццё чалавека. Сінтэз уражваючых дакументаў з аўтарскім роздумам, з асабістымі душэўнымі перажываннямі дае значны і рэзанансны плён. Камітэт па Нобелеўскіх прэміях дакладна сфармуляваў заслугі пісьменніцы: «За яе шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Я з асцярогаю стаўлюся да гучных азначэнняў, ды здаецца, што кнігі Алексіевіч «У войны — не женское лицо…», «Цинковые мальчики», «Чернобыльская молитва», «Последние свидетели», «Время секонд-хенд» максімальна наблізіліся да «звышлітаратуры», пра якую разважаў А. Адамовіч.
Не часта, але даводзілася гутарыць са Святланай на розныя тэмы. Аднойчы ў рэдакцыі часопіса «Полымя», дзе я працаваў галоўным рэдактарам, мы настолькі заглыбіліся ў чарнобыльскія праблемы, у жахлівую з’яву, якая выйшла за межы чалавечага ўяўлення пра бяду, што забыліся пра таксі. Яно чакала пасажырку амаль гадзіну. Дарэчы, пра гэта ўспомніла не яна, а я.
Святлана разважае захоплена, горача, шырока, мне імпануюць яе глыбокае ўнікненне ў матэрыял, дакапванне да сутнасці, смеласць і неардынарнасць думак, часта парадаксальнасць мыслення.
Цесныя стасункі ў нас былі ў час выпуску «Чарнобыльскай малітвы» на беларускай мове ў створаным мною незалежным літаратурна-мастацкім фондзе «Гронка». Калі пачыналі працу, яна напісала на кнізе, надрукаванай у 1997 годзе ў выдавецтве «Остожье» ў Маскве: «Серёже Законникову — с самыми дружескими чувствами — эту, теперь уже нашу книгу. Светлана Алексиевич. 11. ХІ. 97 г.» Гэтае выданне 1999 года, годнае мастацкае афармленне якога зрабіла мая дачка Алёна, да апошняга часу было адзіным у постсавецкай Беларусі.
А. Лукашэнка на сустрэчах з праўладнымі пісьменнікамі, якіх узначальвае міліцэйскі генерал, паставіў задачу — напісаць… новы раман «Война и мир». Святлана на «саўгасных» разнарадках не была, камандамі не натхнялася, а проста пісала, як падказваюць сэрца і душа. Сёння яе дасягненні бачны ўсяму свету! Чаму ж улада і афіцыйныя СМІ не радуюцца, а наадварот, абкладаюць выдатную навіну накруткамі накшталт «70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», пералікам нобелеўскіх прэміяльных намінацый? МЗС канстатавала падзею, але не павіншавала пісьменніцу. Адкуль ідзе зацягнутае маўчанне прэзідэнта, скупасць і сухасць у параўнанні з ацэнкай вынікаў спартсменаў, якім аддадзены прыярытэт? Дзе імгненны ўказ аб наданні звання Героя Беларусі? А справа ў тым, што аўтарытарызму не падабаецца глыбокае даследаванне Святланай сучаснага грамадства, ён не прымае ніякай крытыкі і вельмі помслівы.
Кіраўнік у блытаным каментары заявіў, што «в Беларуси можно работать», «Ваша награда послужит нашему государству и белорусскому народу». Яму падтаквае міністр інфармацыі: «Думаю, что мы можем гордиться очередным успехом нашей страны». Тут ставім кропку над «і». Ганарыцца-то можна, але няхай чыноўнікі скажуць, як яны «спрыялі» поспеху. Можа тым, што дзяржаўныя выдавецтвы з 1994 года поўнасцю ігнаруюць творчасць пісьменніцы, якую перакладаюць на дзесяткі моў свету? Або тым, што ўключылі ў «чорныя спісы» ізаляцыі і замоўчвання, аб чым я ведаю, бо нашы прозвішчы стаяць там побач?
Безумоўна, кнігі Святланы і яе ўзнагарода паслужаць Айчыне. Як служыць выдатная творчасць В. Быкава, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, на якіх пры жыцці ўлада ліла паклёпы, а пасля смерці пачала рабіць «сваімі». Але праўду забіць не ўдасца, гісторыя ўсё помніць…
Мяне заўжды пацяшае, калі пасля ўганаравання творцы ўсе пачынаюць «цягнуць коўдру на сябе». Многіх славутых людзей, якія звязаны з Беларуссю родавай пупавінаю, прысабечваюць «гаспадарлівыя» суседзі.
С. Алексіевіч нарадзілася ў Івана-Франкоўску, бацька ў яе беларус, маці — украінка, вырасла і жыве ў Беларусі, піша на рускай мове. Тром народам можна ганарыцца поспехам пісьменніцы. Рэакцыя Украіны была сардэчнай і шчырай. Яе прадэманстраваў віншаваннем Святлане прэзідэнт Украіны П. Парашэнка. Мне адразу патэлефанаваў з Кіева добры сябра, вядомы ўкраінскі гісторык, прафесар В. Ткачэнка, які быў у захапленні ад навіны.
Інакш успрыняла ўзнагароду частка расіян, найперш чыноўнікі і літаратары (?!), якім не падабаецца грамадзянская пазіцыя пісьменніцы, бо яна рашуча асуджае агрэсіўныя дзеянні Расіі ва Украіне. Некаторыя інтэрнэтныя сайты сцякаюць атрутнымі, злоснымі нападкамі на Святлану. Вось вам і «дружба», і «единый народ»! А іншыя аўтары ціснуць на тое, што «впервые за 28 лет премия присуждена русскоязычному писателю».
Гаворачы пра моўную праблему, адпіхнуся ад простага факта. Калі пасылаў віншавальную тэлеграму Святлане, то доўга чакаў на пошце, пакуль набралі тэкст. «Што, дзяўчаты, цяжка даецца родная мова?» — спытаў у маладой паштаркі і яе начальніцы. Яны сарамліва заўсміхаліся: «Адвучаныя мы!» Тым не менш, жанчыны шчыра радаваліся за Святлану, іхні роспыт пра яе тычыўся не толькі года нараджэння і памераў Нобелеўскай прэміі…
Я заўсёды стаю за родную мову, за тое, што яна — найлепшы і надзейны грунт для развіцця народа. Мая пазіцыя непахісная. Але за плячыма ў нас —татальная русіфікацыя. Святлана піша на той мове, якая выпала ёй воляй лёсу ў савецкі час у сям’і вайскоўца. Яна магла б з такім жа поспехам авалодаць беларускім або ўкраінскім словам і пісаць не менш таленавіта.
А. Адамовічу, Ч. Айтматаву ўдалося на рускай мове данесці да чытачоў этнічную, псіхалагічную сутнасць сваіх народаў. Гэта робіць і Святлана, якая сцвярджае: «Я сябе адчуваю чалавекам беларускага свету».
С. Алексіевіч, застаючыся беларускай пісьменніцай, сваёй таленавітай творчасцю ўзбагачае як айчынную, так і ўкраінскую, рускую і ўвогуле сусветную літаратуру. Яе кнігі блізкія зямлянам, яны вучаць чалавечнасці, мужнасці, духоўнай трываласці.
Шаноўныя беларусы, украінцы і рускія, на нашай вуліцы — свята, давайце разам парадуемся за Святлану і пажадаем ёй здароўя, новых творчых удач!
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: