TOP

Разбалансаванасць

Чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія сталі адміністратыўнай імітацыяй, бо ў тутэйшых умовах правесці сапраўднае народнае волевыяўленне немагчыма, паказваюць, што наша грамадства хранічна хварэе. Тое, што адбываецца ў Беларусі на працягу апошніх дваццаці гадоў, патрабуе глыбокага аналізу і сур’ёзнага абмеркавання. 

Асабіста мне надакучылі «глыбакадумныя» опусы не толькі праўладных, але і незалежных мясцовых і замежных палітолагаў, журналістаў, якія ў цэнтр даследавання ставяць узурпатара ўлады, ягоныя загадзя спланаваныя або канвульсіўныя дзеянні па захаванні трона. Працэс зацятай барацьбы за бестэрміновую ўладу знаходзіцца на паверхні, і ён сваёй заканадаўчай, адміністратыўнай, сілавой і дыпламатычнай мітуснёй намнога менш цікавы і важны, чым хваляванне, якое выказвае людское мора. Расійскі літаратурны крытык і публіцыст Н. Елісееў піша: «Вот котел народной жизни, вечно бурлящий, вскипающий, успокаивающийся. Какие законы ответственны за это бурление-вскипание-успокоение, мы толком не знаем, можем только догадываться и замечать, что в какой-то жуткий момент социопатии бурление в котле доходит до такой парадоксальной точки, когда все хорошее, плодотворное, нравственное в нации или уходит на дно, или аннигилируется (ад лац. annihilatio — знішчаецца), а наверх всплывает все самое скверное, вредоносное, аморальное». Жыхары Беларусі прайшлі тую кропку, за якой пачалася разбалансаванасць грамадства.

У ХХ стагоддзі беларусы зрабілі катастрафічную памылку, калі дазволілі ўвесці пасаду прэзідэнта, што прывяло да ўзнікнення аўтарытарнай улады, якая ніколі не сыходзіць цывілізавана, абараняе сябе да канца, аж да прымянення зброі. Адказнасць за цяперашні палітычны тупік кладзецца не толькі на першых добраахвотных памочнікаў агрэсіўнага прэтэндэнта на высокі пост, якія пасля бясследна зніклі або перабеглі ў апазіцыю (іх у інтэрнэцкіх дыскусіях людзі пастаянна чыхвосцяць у хвост і ў грыву!), але і на большасць насельніцтва, бо яна была няўважлівай на ўроках гісторыі ў сярэдняй школе.

Як бы зацята ні спрачаліся апалагеты «моцнай рукі», але якраз гісторыя сведчыць, што аўтакратыя або дыктатура — заганныя формы дзяржаўнасці, што рана або позна такія рэгрэсіўныя рэжымы абрынаюцца з драматычнымі наступствамі, а іх аўтары заканчваюць жыццё не самым лепшым чынам. Успомнім старажытны Рым або бліжэйшыя па часе прыклады Н. Чаушэску (24 гады кіравання), С. Хусейна (24), С. Мілошавіча (20), М. Кадафі (42).

Доўгае знаходжанне аднаго чалавека на верхняй прыступцы ўлады вядзе да выпрацоўкі ў свядомасці палітычна неадукаванага насельніцтва думкі пра яго незаменнасць, да стварэння частковага або закончанага культу асобы. Але не толькі час працуе на ўзурпатара. Напрыклад, беларускі кіраўнік сам актыўна мацуе ўласную «забранзавеласць», пераймаючы даўні паўночнакарэйскі вопыт, часта наведваючы прадпрыемствы, арганізацыі, установы, пастаянна аддаючы розныя парады і каманды, каб падкрэсліць, што без яго ўдзелу не выпускаюцца трактары і нават… не нараджаюцца дзеці. Сацыяльную палітыку дзяржавы ён звёў да «дзялёжкі ў разбойніцкай ватазе»: бліжэйшым памочнікам — сытны пансіён, а астатнім — нешта даў, потым забраў, а паслязноў кінуў «костку». У выніку, нягледзячы на несправядлівасць маніпуляцый, насельніцтва сядзіць нерухома і бязмоўна ў сціснутым «валасатым кулаку» ўлады, не змагаецца за свае правы.

Хлусня і фальш, якія гучаць у кожнай трыбуннай заяве і ў прапагандысцкай дзейнасці афіцыйных СМІ, правакуюць такія ж паводзіны людзей унізе — цяпер стала не сорамна маніць і падтасоўваць. Гэта тычыцца не толькі злачынных фальсіфікацый старшынь і членаў камісій усіх узроўняў пры падліку галасоў на выбарах, укідвання бюлетэняў, выкарыстання «каруселяў». Маральная дэградацыя закранула ўсе сферы народнага жыцця.

Ідэолагі аўтарытарызму, іхнія мясцовыя і замежныя падпявалы хочуць апраўдаць пяты тэрмін праўлення аўтакрата. Яны сцвярджаюць, што пры ім за гады незалежнасці грамадства рухалася да прагрэсу, змянялася ў лепшы бок, а таму ён «элегантна» перамагае. Але ці сапраўды гэта так і якія факты могуць абвергнуць заказную выдумку?

Канстатуючы фальсіфікацыі з яўкай і галасаваннем, завышэнне лічбаў, усё ж трэба прызнаць, што ў дзеючага кіраўніка маецца пастаянная падтрымка. Адкуль жа галасы? Па-першае, за прывілеяванае становішча трымаюцца наменклатура, сілавікі, дэпутаты, прыўладныя банкіры і бізнесоўцы, паднявольныя бюджэтнікі. А гэта вялікая армія! Па-другое, за таго, хто «сядзіць наверсе і размяркоўвае бюджэт», па інерцыі галасуе большасць пенсіянераў, прытым як «новых», так і «савецкіх». Па-трэцяе, ёсць гіганцкі пласт людзей, якія ведаюць пра свой нізкі ўзровень прафесіяналізму, пра абмежаваныя магчымасці, а таму баяцца згубіць набытае месца працы. Яны беспярэчна выконваюць усе загады начальнікаў, у тым ліку і наконт «правільнага галасавання». Грамадства практычна стала камандай прыслужнікаў, лакеяў, рабоў, хоць і не хоча ў гэтым прызнавацца.

Самадастатковыя людзі ўбачылі яўную бесперспектыўнасць аўтарытарнай палітычнай і эканамічнай сістэмы і з’ехалі з Беларусі. Сотні тысяч простых рабочых, прадпрымальнікаў, менеджараў, кампутаршчыкаў, вучоных, урачоў працуюць у Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, Германіі, ЗША, дасягаючы добрых вынікаў, прыносячы карысць сабе і краінам, якія іх прынялі.

А што адбываецца з тымі, хто застаўся і галасуе за дзеючага прэзідэнта? Яны едуць на закупы харчавання і прамысловых тавараў у Літву, Польшчу, Украіну. Яны пасылаюць дзяцей вучыцца на Захад і моляцца за тое, каб нашчадкі там уладкаваліся і засталіся. Яны выдаюць дачок за іншаземцаў, а пасля любяць ездзіць у Еўропу і ЗША, каб падлячыцца, атаварыцца якаснымі рэчамі. Самыя багатыя, хто круціцца блізка каля ўлады, маюць рахункі і набываюць нерухомасць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Бачна, што думка пра «запасны аэрадром» іх ніколі не пакідае.

Наш сярэднестатыстычны чалавек не толькі жыве ў абсурдзе, які прыйшоў разам з аўтарытарызмам. Ён яшчэ дапамагае яму мацнець, бо ў ім самім спакойна ўжываюцца супрацьлеглыя погляды. Раніцай на кухні ён «палівае» непрыгожымі словамі начальства, а на працы паслухмяна шчоўкае абцасамі. Удзень — гэта ахоўнік палітыкі ўзурпатара, а ўвечары ў сям’і — дэмакрат. Доктар юрыдычных навук Л. Сімкін піша: «И, что удивительно, никакого раздвоения личности такие люди не испытывают — живут в мире с самими собой. А что еще более удивительно — таких людей я вижу вокруг все чаще и чаще».

Агіднае тое, што нават адэкватныя суайчыннікі робяць выгляд, нібыта нічога кепскага ў нас не адбываецца. Яны паслухмяна ідуць на выбарчыя ўчасткі і галасуюць… за абсурд!

Выдатны рускі вучоны і таленавіты літаратар М. Паноў неяк сумна заўважыў, што трыццаць працэнтаў людзей — дэбілы, пяцьдзесят — ва ўсім падпарадкоўваюцца агульнапрынятым меркаванням і толькі дваццаць працэнтаў мысляць самастойна. Думаю, што з Міхаілам Віктаравічам можна пагадзіцца, хоць, згадваючы рэаліі беларускага жыцця, міжволі закрадваецца сумненне: ці не занадта ён быў аптымістычным наконт 20%?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

На нашай вуліцы — свята

Мандраж

Выконваючы даручэнні

Ворагі знойдзены