TOP

Канкрэтны чалавек

Шматгадовая звычка не гаварыць пра самае істотнае для жыццядзейнасці краіны, абыходзіць актуальныя, суперважныя, але непрыемныя праблемы нарадзілася на досвітку савецкай улады і захоўваецца ў суверэннай Беларусі. Яна выступае адной з галоўных перашкод на шляху да самаўдасканалення грамадства. 

Рэаліі паказваюць, што асноўная ўвага мясцовых і замежных палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў скіравана на дачасніка, які ўзурпіраваў (хай сабе і надоўга) уладу, а грамадзяне, ад каго сапраўды залежыць будучыня краіны, застаюцца ў ценю. Між тым асноўнай беларускай праблемай з’яўляецца няўдзел канкрэтнага чалавека ў пераадоленні аўтарытарызму і ў будаўніцтве дэмакратычнага, цывілізаванага жыцця. Ёсць толькі просьба не блытаць гэтага канкрэтнага чалавека з «конкретными пацанами», бо пры аўтакратах, якія таксама жывуць «по понятиям», яны нямерана вылазяць з усіх шчылін.

Многія эксперты сцвярджаюць, што прад’яўляць прэтэнзіі насельніцтву, якое савецкія і пазнейшыя прапагандысты апрацоўвалі дзесяцігоддзямі і давялі да татальнага палітычнага і культурнага невуцтва, нельга. А я лічу, што можна і трэба. Пасля развалу СССР доступ да праўды стаў намнога больш шырокім, чым раней, адкрыліся павучальныя гістарычныя дакументы, якія тычацца ленінскага і сталінскага кіравання, жыцця народа па два бакі ад калючага дроту. Жахлівы крывавы ўрок, атрыманы пры таталітарызме, трэба было добра засвоіць і ніколі не паўтараць памылак. Але выявілася, што тутэйшы люд у вучобе — закончаны лайдак.

Аўтарытарная дзяржава не столькі навязана беларусам зверху, як яны самі добраахвотна прынялі яе і пачалі ўмацоўваць, бо глыбокія карані сталінізму, фанатычнага шанавання вусатага тырана засталіся і прарастаюць пастаянным страхам перад начальствам, яўным халуйствам, паказным выслужваннем.

Трэба сумленна прызнаць, што насельніцтва з сярэдзіны 90-х гадоў ХХ стагоддзя нядоўга прымяралася да таго, што яму прапаноўвалі, шмат людзей адразу згадзілася з жорсткай апекаю ўлады, з мадэрнізаваным рабствам і звязала свой заўтрашні дзень з доўгажыхарствам на троне адной і той жа асобы. Мінула больш дваццаці гадоў. Што атрымана ў выніку?

Маем краіну, дзе адсутнічаюць дэмакратычныя інстытуты, падзел трох улад, незалежныя СМІ і суды, змена ўлады шляхам выбараў, забеспячэнне гарантый права ўласнасці, захаванне свабод і правоў чалавека. Маем хісткую эканоміку, якая ледзьве трымаецца на расійскай нафтагазавай і грашовай дапамозе, на замежных пазыках. Маем знешнюю палітыку боўтання туды-сюды паміж Еўропай і Расіяй, пастаяннага выпрошвання грошай. Маем не народ, які кіруе сваёй краінай, а звязанае па руках і нагах адміністратыўным рэсурсам, запалоханае ўладай і прапагандай насельніцтва, якое існуе пад лозунгам: «Хачу кавалак хлеба і мірнае неба!»

Многія беларусы змірыліся з роляй бяспраўных статыстаў, не пярэчаць нават самым бязглуздым рашэнням аўтарытарнай улады, а крытыкаваць іншыя народы маюць вялікую ахвоту. Следам за прапагандай яны часта паўтараюць розныя дэбільныя выдумкі пра развітыя еўрапейскія краіны і ЗША.

Расійская даследчыца Л. Алавердава, якая жыве ў ЗША, абвяргае нападкі: «Не счесть американских фильмов и книг, где главный герой берется за заведомо безнадежное дело и побеждает, вопреки обстоятельствам, «всем смертям назло». Наверное, это самый популярный сюжет Голливуда, основанный на несокрушимом американском оптимизме и вере в торжество добра, убежденности, что один в поле — всё-таки воин». Яна робіць выснову: «Богатство Америки исчисляется не в долларах или территориях, но в ее духовном капитале — в людях. На том и стоит». Хачу дадаць — стаіць моцна, цвёрда.

А ў Беларусі за час аўтарытарызму людзей з унутраным стрыжнем, якія не гнуцца, якія маюць нешта святое, непрадажнае за душой, якія смела і мужна абараняюць сваю годнасць, значна паменела. Сцішыліся жывыя, радасныя, няўрымслівыя чалавечыя сэрцы, якімі выразна вызначаліся першыя гады нашай незалежнасці. Краіна, нягледзячы на новабудоўлі, на бытавы гламур, стала нейкай бляклай і шэрай. Няма таго, пра што піша расійскі філосаф М. Эпштэйн: «У живосердечного человека сердце бьется с опережением, … он как бы заводит своим сердцем других людей, делает их внутренне живее, подвижнее, смелее… Причем этот завод осуществляется не какой-то правильной идеей, важностью дела или проекта, а быстротой и наполненностью сердечной жизни, которая невольно передается окружающим».

Сапраўды, усё ў краіне залежыць ад канкрэтнага чалавека, ад выканання ім сваіх непасрэдных абавязкаў, ад разумення ўсіх важных праблем, што стаяць перад грамадствам. Для мяне самым лепшым прыкладам служэння Беларусі стала выкладчыца рускай мовы і літаратуры, руская па паходжанні, якая ўзначальвала беларускамоўную гімназію, якая не толькі выдатна авалодала нашай мовай, але ў павазе і любові да яе пасароміла безліч тутэйшых пустадомкаў, боўдзілаў і нават запісных «патрыётаў». Я ведаю і яшчэ шмат таленавітых, прыстойных грамадзян, прадстаўнікоў самых розных прафесій.

А побач з такімі высакароднымі, сумленнымі людзьмі маюцца сотні асобных педагогаў і нават цэлыя калектывы гімназій і школ, якія спакойна ўдзельнічаюць у выбарчых фальсіфікацыях, наладжваюць сумнавядомыя «каруселі», увогуле жывуць з вечным пытаннем у вачах: «Чего изволите-с?» Іхнія «подзвігі», злачынныя паводзіны высвечваюць радкі вядомага паэта А. Галіча:

«На севере и на юге
Над ржавой землёю
дым.
А я умываю руки!
А он умывает руки,
Спасая свой
жалкий Рим!

И нечего
притворяться —
Мы ведаем,
что творим!»

Я дапускаю, што ў недасведчаным нізе спрацоўвае «премудрость холопья, премудрость мычать, и жевать, и внимать». Але ў адукаваным, «прасунутым» асяроддзі ў наш час ніякіх адгаворак, апраўданняў пра «няведанне» не можа быць. Хто прымушае аднаго чыноўніка заяўляць босу «Вы выше Бога!», а другога выгукваць «Да здравствует президент!» на інаўгурацыі? Прытым ведаючы, што такое падхалімства — даўно пройдзены і асуджаны этап. Усё роўна ўслаўлення, якое было Сталіну і нават Брэжневу, вам, лізуны, ніколі не дасягнуць, а ў нармальных людзей агіду абавязкова выклічаце.

Або, скажам, навошта пакідаць у гісторыі нелагічныя, непрыгожыя сляды прадстаўнікам апазіцыі, якія заняліся легітымізацыяй рэакцыйнага рэжыму?

Гэтага нельга рабіць, нават калі вас падпіхваюць меркантыльныя заходнія «дэмакратызатары». Вы ж публічныя людзі, вашы паводзіны запамінаюцца надоўга. А ісціна застаецца нязменнай: канкрэтны чалавек павінен канкрэтна адказваць за ўласныя словы і дзеянні.

Увогуле, сённяшняя канкрэтыка наводзіць на мінорны лад. Расія доўга яшчэ будзе вылузвацца з «пасткі самабытнай мадэрнізацыі», пераадольваць «рэсурснае пракляцце», але ручное кіраванне не дазволіць ёй адкінуць статус еўрапейскай перыферыі. Тое ж самае чакае і Беларусь, якая ўвайшла ў фазу пераспелага аўтарытарызму і працягвае карміцца з суседніх сталоў.

А таму зноў на гарызонце з’яўляецца канкрэтны чалавек, без якога рух да прагрэсу немагчымы. Хочуць расіяне і беларусы ці не хочуць, але мяняцца давядзецца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Гадаванцы зла

У Беларусь — на спектакль!

Разбалансаванасць

На нашай вуліцы — свята

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.