TOP

Шулерскія сакрэты

У народзе кажуць: «Няма нічога тайнага, каб не стала яўным». Але пакуль справядлівае дзеянне адбудзецца, людзі застаюцца ў няведанні, а шулеры ва ўладзе, прыкрытыя сакрэтнасцю, спецыяльна імі прыдуманай, жывуць сабе прыпяваючы, не схопленыя за руку і своечасова не пакараныя. 

Любая краіна ахоўвае дзяржаўныя, ваенныя, навуковыя, тэхналагічныя тайны. Так было ва ўсе часы, і гэта не патрабуе тлумачэння. Беспрэцэдэнтная сакрэтнасць панавала ў СССР. Праграміст В. Дзмітрыева, якая самай першай «навобмацак» рабіла ў г. Обнінску разлік рэактара першай у свеце атамнай станцыі, расказвала: «У меня муж, он уже умер, работал заведующим горячей лабораторией – самой вредной, кандидат наук, и я его никогда не расспрашивала ни разу про работу, ни про что. Незадолго до смерти он меня спрашивает: «Почему ты никогда не интересовалась, что я делаю?» Ну, как почему. Никого не спрашивала — не только мужа, но и всех остальных. Вышел за ворота – и забудь, где ты был и что делал. Так надо было».

Але сакрэтнасць бывае рознай. Адзнака чалавеканенавісніцтва і закончанай подласці ляжыць на многіх таямніцах сталінскага рэжыму. У летапісе СССР навечна засталіся злавесныя словы Ф. Дзяржынскага: «Право расстрела для ЧК чрезвычайно важно».

Лічу абразай нам, постсавецкім людзям, тое, што няма дакладных лічбаў ахвяр грамадзянскай бойні, рэпрэсій, масавага голаду, апошняй вайны. Тая гіганцкая разбежка ў лічбах, якая існуе сёння ў ацэнках розных экспертаў, проста разрывае душу. За ёй жа лёс канкрэтных людзей!

Засакрэчанасць ва ўсім і адначасова абыякавасць да мільёнаў чалавечых жыццяў стварылі спрыяльныя ўмовы для сучасных ідэолагаў, каб займацца спекуляцыямі, фальсіфікацыямі, падмарафечваннем трагічнай савецкай гісторыі. Значная частка насельніцтва верыць новым падманам. Расійская пісьменніца М. Чудакова, назіраючы за паводзінамі сучаснікаў, з горыччу сказала: «Как мало понимают люди кровавую, чудовищную сталинскую эпоху».

Аўтарытарны рэжым заўжды трымае насельніцтва не толькі на мізэрным матэрыяльным пайку, але і пазбаўляе яго праўдзівай інфармацыі, а яшчэ прывучае трымаць язык за зубамі. Такая атмасфера панавала ў час баёў савецкіх войск у Афганістане, адкуль ва ўсе рэспублікі Савецкага Саюза плылі цынкавыя труны, якія родзічы цішком аддавалі зямлі. Цяпер тое ж паўтараецца ў імперскай Расіі, дзе бацькі, запалоханыя прадстаўнікамі ўлады, адмаўляюцца гаварыць карэспандэнтам пра забітых сыноў, не пацвярджаюць нават факта іх смерці. Яны самі становяцца ахвярамі шулерскіх сакрэтаў тых, хто дарваўся да ўлады і намёртва трымаецца за яе.

Прэзідэнт РФ У. Пуцін загадаў строга засакрэціць страты вайскоўцаў у час правядзення ўзброенымі сіламі баявых спецаперацый. Навошта гэта робіцца? Для таго, каб насельніцтва, накачанае цынічнай прапагандай мілітарысцкім істэрычным патрыятызмам, не бачыла крывавых вынікаў агрэсіі супраць суседняй Украіны і ўдзелу ў іншых ваенных канфліктах, не пачало актыўна пратэставаць, каб яго рэйтынг як кіраўніка не ўпаў «ніжэй плінтуса».

У каментарыі адносна гэтага рашэння публіцыст А. Няўзораў піша: «Всякое солдатское мясо, которое тратится в спецоперациях — это то, что как бы выдается власти на карманные расходы. Она уже совершенно никак не хочет отчитываться в этой мелочи…

Союзники России в первой мировой войне были потрясены тем, что, оказывается, русские не ведут подсчет безвозвратных потерь. Никто не считал убитых. Просто не было такой традиции…

Любимыми солдафонами у русских являются Жуков и Суворов. Люди, которые очень любили из солдатского мяса строить горы, пригорки, мостики.

С Суворова вообще пошла эта замечательная воинская традиция бросать своих. Вспомним Альпийский поход. И вспомним, что раненых чудо-богатырей оставляли замерзать на переходах, единственно дав им в утешение чарку водки. Но их не несли, не везли, не транспортировали…

Бросать своих, это я бы сказал, такой практически уже ритуал».

Гэтыя трагічныя словы тычацца не толькі баявых дзеянняў, падтрымкі інвалідаў і захоўвання памяці пра вайскоўцаў, якія загінулі. У аўтакратаў увайшло ў практыку «кідаць сваіх» у складаных і нават простых сітуацыях мірнага жыцця.

Сакрэтнасць і хлусня з першых дзён спавілі Чарнобыльскую катастрофу, якая дала штуршок да з’яўлення страшэнных, цяжкіх хвароб. Яны душаць беларусаў з нарастаючай сілай. Але ў кожным канкрэтным выпадку людзі змагаюцца з імі самастойна, надта не спадзеючыся на дапамогу дзяржавы, якая займае пазіцыю «недасведчанага аптыміста».

Калі ж браць не экстрэмальныя сітуацыі, а звычайнае быццё, то і тут не абыходзіцца без шулерскіх сакрэтаў. Пралікі ў кіраванні замоўчваюцца, а вінаватым у эканамічных правалах аб’яўляецца запалоханы «народец». А простыя людзі, дабрабыт якіх прыкметна пагоршыўся, бурчаць на кухнях, хочуць ведаць: ці падзяляюць разам з імі ўсе нягоды «слугі народа»? Яны справядліва лічаць, што ад ведання грамадствам памераў зарплат, прэмій, рахункаў і нерухомасці ў валоданні чыноўнікаў, абароназдольнасць Беларусі ніяк не знізіцца.

Кіраўнік краіны з моцным папулісцкім націскам кажа: «Народ должен знать, как живут чиновники и их родственники». А яго паплечнік публічна заяўляе: «Зачем это делать? Удовлетворять обывательский интерес о том, у кого что есть?» Такая нестыкоўка меркаванняў у вышэйшых эшалонах улады па праблеме барацьбы з карупцыяй пераконвае насельніцтва, што зруху ў лепшы бок не будзе. Людзі робяць выснову, што ніхто не думае займацца сур’ёзным кантролем за чыноўнікамі і за тымі, каго яны з «барскага пляча» надзяляюць дабротамі, выяўленнем нахабных злодзеяў, інвентарызацыяй і канфіскацыяй скрадзенага. Ёсць толькі пустыя словы з высокай трыбуны.

Між тым гаворка ідзе не пра «обывательский интерес» да прыватнага, не пра тое, колькі ў кагосьці маецца канапаў і дываноў або патэльняў на кухні, а пра злоўжыванні службовым становішчам, хабарніцтва ў вялікіх памерах. Той, хто прыняў на сябе абавязак «дзяржаўнага чалавека», аўтаматычна становіцца фігурай публічнай. Людзі, якія маюць доступ да размеркавання бюджэтных грошай, займаюць пасады, звязаныя з выдачай дазволаў, ліцэнзій, павінны тлумачыць: адкуль у іх з’явіліся некалькі шыкоўных кватэр і катэджаў, дарагіх аўтамабіляў, тузін рахункаў, нерухомасць за мяжой? Той чыноўнік або бізнесовец, хто зарабляе сумленным чынам, не будзе ў крыўдзе, ён спакойна прад’явіць правяраючым патрэбныя дакументы.

А вось злодзеям ва ўладзе няварта напіраць на этыку. Кожны дзень лезці ў кішэню да збяднелага народа праз павышэнне цэнаў, тарыфаў – гэта ў іх разуменні нармальна, а праўдзівы паказ таго, як жывуць дзеючыя «слугі народа» і тыя, што выйшлі на пенсію, чамусьці лічыцца парушэннем этыкі. Вельмі цікавы падыход!

Бескантрольная і нязменная ўлада якраз і вызначаецца тым, што сама генерыруе вірусы хлусні, крадзяжоў народнага дабра, гвалту над людзьмі, якія маюць іншы погляд на жыццё.

Рэаліі выразна паказваюць, што большасць беларускіх сакрэтаў не звязана з дзяржаўнымі, ваеннымі, навуковымі або тэхналагічнымі тайнамі, а скіравана на тое, каб прыкрыць маштабную карупцыю, абараніць накрадзенае, захаваць аўтарытарызм.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Канкрэтны чалавек

Гадаванцы зла

У Беларусь — на спектакль!

Разбалансаванасць

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.