TOP

Разгон хмараў

Маючы ў руках эфектыўны рыштунак для прамыўкі мазгоў — тэлебачанне, кіраўнікі аўтарытарных краін выкарыстоўваюць яго на поўную магутнасць. З блакітнага экрана яны бесцырымонна заходзяць у кожны дом, кватэру, каб даводзіць, што народ не можа жыць без пастаяннай правадырскай апекі. 

Выступленні лідараў Беларусі і Расіі, якія шырока транслююцца, заўжды напоўнены пахвальбою, агрэсіўнасцю ў дачыненні да апанентаў, а калі прамоўцы адрываюцца ад папер — бурнымі, неадфільтраванымі эмоцыямі, самапіярам, выказваннем такіх прыхаваных у глыбіні душы думак, за якія даводзіцца апраўдвацца прэс-аташэ, дыпламатам і іншым падначаленым.

Змушанасць доўгі час слухаць кіраўнікоў-доўгажыхароў і параўноўваць сказанае імі раней з новымі заявамі наводзіць на сумныя думкі. У маім уяўленні прамовы з высокіх трыбун сталі разгонам хмараў, што практыкуецца, каб забяспечыць камфортнае правядзенне свята.

Для аналогіі ёсць падстава. У 2015 годзе Масква затраціла на «расчыстку неба» 430 мільёнаў рублёў. У сувязі з марнатраўствам грамадскасць сталіцы Расіі прапанавала мэру забараніць разгон воблакаў у час святаў. Якой будзе рэакцыя — невядома, магчыма, усё застанецца па-ранейшаму, бо начальнікі не любяць заўваг, падказак і, не дай Бог, крытыкі знізу. Але народны сігнал зафіксаваны.

Дык вось: у святочны дзень пасля залпаў па хмарах выглядвае чаканае сонца, распагоджваецца. Але на кароткі час. Затым неба зноў хмурыцца, абрынаецца дажджом або ліўнем.

Тое ж адбываецца з намерамі і планамі, закладзенымі ў начальніцкіх «гістарычных» прамовах. Як трапна кажуць у народзе, таўчэцца вада ў ступе, адбываецца пераліванне з пустога ў парожняе. Сёлетняе пасланне прэзідэнта Расіі У. Пуціна часта паўтарала даўно ўжо азначанае. У Беларусі за 21 год аўтарытарнага праўлення таксама чаго толькі не нагаворана, не ўхвалена працяглымі апладысментамі «слуг народа»! Тут і барацьба з карупцыяй, і мадэрнізацыя прамысловасці, і ўкараненне новых тэхналогій, і павелічэнне інвестыцый, і дапамога малому і сярэдняму бізнесу, і навядзенне парадку ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, і рэфармаванне навукі, адукацыі і медыцыны. Бяда толькі ў тым, што намечаныя і спушчаныя ў масы планы ў належным аб’ёме ніколі не ажыццяўляюцца, не замацоўваюцца ў свядомасці грамадзян як дасягальны арыенцір.

Незадаволенасць кадрамі, злосныя пагрозы тым, хто хранічна не выконвае прэзідэнцкія даручэнні, якія рэгулярна гучаць на нарадах і пасяджэннях, заканчваюцца бяззубасцю, патуральніцтвам, спускам на тармазах, калі даходзіць да канкрэтных дзеянняў па навядзенні парадку.

Палітычная і эканамічная сітуацыя пры аўтарытарызме нагадвае заблытаны фантасмагарычны кінафільм. На трыбуне стаіць кіраўнік і бадзёра выказвае патрэбную, правільную думку: «Трэба актыўней змагацца з карупцыяй, бо яна — галоўны бар’ер на шляху нашага развіцця!» Усе, хто слухае яго, згодна ківаюць галовамі, нешта крэмзаюць у блакнотах. Прытым кожны ўдзельнік нарады выдатна ведае, якія акцыі, рахункі, нерухомасць, зямельныя ўчасткі нажыты пры дапамозе службовага становішча суседам злева, справа, тым, што сядзіць наперадзе і тым, што дыхае ў патыліцу. А яшчэ ўсе яны разам пракручваюць у галовах, які прыбытак цячэ па карупцыйных схемах на самы верх. Нарада скончылася. Увесь гэты дзяржаўны бамонд рушыў дружнымі шэрагамі змагацца з карупцыяй, гэта значыць — з … самімі сабой. Ну і што за барацьба можа быць у такой сітуацыі?

Раскормленыя дзядзь­кі і цёткі з чыноўніцкімі пасведчаннямі і дэпутацкімі значкамі павучаюць моладзь, часта кажуць з тэлеэкрана: «А ты не чакай ад дзяржавы кватэру, а сам дом пабудуй!» Як быццам зрабіць гэта звычайнаму чалавеку так проста, як ім, чые катэджы-палацы растуць, нібыта грыбы.

Грамадзяне, якія ледзьве зводзяць канцы з канцамі, справядліва цікавяцца: адкуль бярэцца ў чыноўнікаў, іхніх жонак або мужоў, дзяцей, іншых родзічаў вялізнае багацце? Нанятыя піяршчыкі прыгожа і ўзнёсла расказваюць пра прадпрымальніцкі суперталент, высокі прафесіяналізм і звычайную ўдачу шчасліўчыкаў. Але ўсё гэта — «казачкі для бедных». Галоўны рыштунак для абагачэння — карупцыя.

«Слугі народа» нездарма сталі насмерць супраць адкрытасці ў дэклараванні сваіх прыбыткаў, не хочуць дапусціць інвентарызацыі звышраскошы. Яны даказваюць, што гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё, успамінаюць раптам пра свабоды і правы чалавека, да якіх звычайна ставяцца пагардліва.

Да службоўцаў не даходзіць простая ісціна — з атрыманнем дзяржаўнай пасады прыватнае жыццё заканчваецца, ты стаў публічным чалавекам, а значыць — падлягаеш кантролю з боку грамадскасці, якая цябе ўтрымлівае!

Штодзённа беларускія СМІ прыносяць паведамленні пра вытурванне злодзеяў з высокіх крэслаў. Але звальненне з працы — гэта не барацьба з карупцыяй. Яе носьбіты, надоўга забяспечыўшы сродкамі сябе і сям’ю, пераходзяць у бізнес або спакойна выязджаюць за межы краіны. А на іх месца прыходзяць новыя аматары лёгкіх грошай.

Расійскі публіцыст Д. Травін сцвярджае: «Коррупция, на которую власть смотрит сквозь пальцы, — это стимул, заинтересовывающий бюрократию поддерживать авторитарную систему любой ценой». І яшчэ дадае: «Не менее важны для власти интересы структур, поддерживающих безопасность. Они не создают ценностей и не формируют бюджет, но в обществе, где не существует демократических механизмов согласования интересов, кто-то должен отвечать за подавление попыток сопротивления, поскольку время от времени недовольные группы выходят на площадь».

Разгонам хмараў можна назваць тое, што робіцца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, бо, нягледзячы на даўно створаную ўрадам камісію, мы так і не ведаем рэальных коштаў паслуг, якімі карыстаемся.

Уладзе трэба не дурыць грамадства, а сумленна прызнаць, што архаічная, нерэфармаваная эканоміка не дазваляе людзям мець прыстойныя прыбыткі, каб іх хапала на ўсе жыццёвыя выдаткі. Ганебны вынік такога становішча — засакрэчанасць дзеянняў наменклатуры, бюракратычныя махінацыі з медыцынай, адукацыяй, з тарыфамі, цэнамі, якія, напрыклад, на вопратку, на гародніну і садавіну абагналі сусветныя. І гэта пры мізэрнасці зарплат і пенсій! У нас няма сацыяльнай дзяржавы, эканоміка трымаецца на прыхаванай абдзіралаўцы насельніцтва і замежных пазыках.

Сучасная кадравая палітыка, тасаванне адной і той жа калоды чыноўнікаў, мышыная валтузня ў рашэнні важных праблем, якая пастаянна заканчваецца пшыкам, выклікае ў памяці прыпеўку:

Мы не сеем и не пашем,
А валяем дурака.
С колокольни …. машем,
Разгоняем облака.

Кожная краіна, дзякуючы агульнаму прагрэсу, ідзе да цывілізаванасці пры любой уладзе. Знешні неблагі антураж за кошт дарог, новабудоўляў, апраткі людзей маецца і ў Беларусі. Але наша стабільнасць, якой ганарыцца ўлада і прапаганда, стала гнілым застоем, як у брэжнеўскі час. А мы схавалі галовы ў пясок і не хочам гэтага прызнаць.

Пасля сталінскай крывавай дыктатуры і таталітарызму, якія цэлае стагоддзе перакручвалі людскія душы на рабскі лад, беларусы ніяк не могуць набыць ініцыятыўнасць і смеласць. Тым не менш, рана ці позна, але рывок народа да разумнага, справядлівага і чыстага жыцця непазбежны.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ненатуральны адбор

Цень двухгаловага арла

Шулерскія сакрэты

Канкрэтны чалавек

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.