TOP

Музычны сюрпрыз на Новы Год

Беларускія тэлеканалы не пакажуць віншавання з Новым Годам ад расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Так яно і павінна быць у незалежнай краіне, хаця прычына палягае, бадай што, у аднолькавым часе па Мінску і Маскве. Зрэшты, багата беларусаў не хочуць за колькі хвілін да сутыку каляндарных гадоў слухаць і прамову кіраўніка краіны. Варыянты тады такія — або наогул адмовіцца ад прагляду тэлевізара, або — для каго гэта звыклая баўленчая традыцыя з 31 снежня на 1 студзеня — глядзець «Белсат».

«Белсат» прапануе ў сваім спадарожнікавым эфіры, а таксама ў рэжыме анлайн-трансляцыі на сайце belsat.eu ў апошнюю ноч 2015 году шоу-праграму «Новае пакаленне на Новы Год». Яно стартуе 31 снежня а 23.15 — акурат час праваджаць стары, 2015-ы, год. Святочны настрой будуць ствараць нечаканыя дуэты музыкаў, якія выканаюць калядна-навагоднія песні. 80% з іх адмыслова напісаныя для гэтага шоу.

Напрыклад, Алесь Дзянісаў з гурта «Дзецюкі» заспявае разам з «Палацам» Алега Хаменкі, «Босае сонца» спелася з Ганнай Хітрык, «Re1ikt» — з Паўлам Аракелянам, «Trubetskoy» — з Аляксандрам Памідоравым, Зміцер Вайцюшкевіч — з Pauline. Паводле задумы навагодняга праекта, дуэт мусілі складаць малады і сталы выканаўца. Тыя самыя Памідораў і «Trubetskoy» гэтага правіла не парушылі — проста яны ўзялі на сябе адказнасць як за папярэдняе, так і за новае пакаленне, зрабіўшы рок-версію хіта «Цуд на Каляды», распавядае галоўны рэдактар музычнага парталу tuzin.fm і прадзюсар навагодняга шоу на «Белсаце» Сяргей Будкін.

Запісаная для праекту «Святы вечар» у 1999-м, яна трывала ўвайшла ў лік самых пазнавальных беларускіх зімовых песень. «Нам гэта песня заўсёды падабалася, нікому яшчэ не ўдавалася так арганічна чытаць «рагамафін» на мове, як тое робіць Памідораў у гэтым трэку! А Памідораву ў сваю чаргу падабаецца музыка нашага гурта. Таму мы з радасцю адгукнуліся на ідэю зрабіць яе сумесна», — распавядае вакаліст гурта «Trubetskoy» Павел Булатнікаў.

«Фармальна «Trubetskoy» у нашым дуэце выступае ў якасці маладога гурта, а я — за сталага выканаўцу, хоць мы здаўна разам раслі, вучыліся, бавілі час і выступалі на адных пляцоўках, — зазначае Аляксандр Памідораў. — Для мяне былі сапраўдным святам гэтыя тры дні, якія мы правялі разам за працаю — два дні рэпетыцый і адзін дзень запісу. І я вельмі ўдзячны Паўлу Булатнікаву, Руслану Уладыку, Аляксандру Старажуку і Алесю-Францішку Мышкевічу за тую версію песні, якая была створаная. Яна разбурыла ўстаноўлены ўжо канон, загучаўшы інакш, і я вельмі задаволены тым, як яна атрымалася».

Памятаеце?

Стомлены, змораны, але верыў упарта

У тое, што будзе яму цуд

На Каляды!

«Гэтае святочнае шоу — спроба паказаць пэўны зрэз беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Калі мы запрашалі ў праект, то арыентаваліся найперш не толькі на імёны, але і на актуальнасць творчасці. Хацелі паказаць тых выканаўцаў, якія не частыя госці на беларускіх тэле- і радыёканалах, некаторыя з іх яшчэ толькі пачынаюць свой шлях, але маюць талент і харызму. Больш за тое, хацелася спалучыць у кожным нумары розных па музычным мысленні асобаў, каб паглядзець што з гэтага выйдзе. Эксперымент па злучэнні розных стыляў і жанраў прайшоў удала — тут кожны з дуэтаў можна ставіць у прыклад, бо ў кожным з 10 нумароў ёсць свая непаўторная разынка», — распавядае Сяргей Будкін.

Вядучыя навагодняга шоу на «Белсаце» — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і актрыса «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, якія прадставяць погляды розных пакаленняў на навагоднія святы. Сюрпрызнай часткай стануць і віншаванні гледачоў шэрагам вядомых у Беларусі асобаў — ад пісьменніка Уладзіміра Арлова да бізнэсоўца Паўла Бераговіча, ад спартоўкі Аляксандры Герасімені да сям’і маладых палітыкаў Насты і Зміцера Дашкевічаў. Яны не толькі прамовяць небанальныя віншаванні, але і прэзентуюць цікавыя падарункі.

І ўсе гэта, вядома, па-беларуску.

Яўген ШОЎНІК

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.