TOP

Святочныя тэлепакуты

Тэму для роздуму падказалі чытачы, якія спажывалі прысмакі святочнага стала пад тэлевізійны акампанемент. Але тэлефанавалі не тыя, хто перабраў спіртнога або перагрузіў страўнік ежай. Ім было не да гэтага. На сапсаваны настрой скардзіліся людзі, якія на Новы год сталі ахвярамі… тэлебачання.

Напачатку зробім істотную заўвагу. Нягледзячы на тое, што сёння маецца магчымасць карыстацца рознымі СМІ, шмат жыхароў Беларусі традыцыйна глядзіць мясцовае і расійскае тэлебачанне. Прытым ёсць рэгіёны, дзе якасна транслююцца толькі пару каналаў. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што ў вёсках, пасёлках і малых гарадах месцаў, дзе раней можна было правесці свабодны час, амаль няма. Так што рэпліка прасунутых карыстальнікаў інтэрнэта: «Не падабаецца тэлебачанне? Выключы!» — не спрацоўвае. Людзі цягнуцца да блакітнага экрана, прытым многія «падселі» на яго, як на наркотыкі. Прапагандысцкая машына выкарыстоўвае такія акалічнасці напоў­ніцу.

Спецыяльна пад Новы год іміджмейкеры мясцовага разліву зварганілі яшчэ адзін «шэдэўр» услаўлення аўтарытарнага кіравання пад назвай «Беларусь. Страна для жизни». Цяжка сказаць, на каго разлічана псеўдапатрыятычная, дэмагагічная «тэлепаэма», злепленая з даўно сказанага і напісанага, але яе круцяць настолькі настырна, што народ злосна бурчыць: «Закармілі сваім «шчаслівым жыццём» так, што яно ўжо з горла назад лезе!»

Сапраўды, выхаванне патрыятызму заключаецца не ў тым, каб з ранку да ночы грузіць беларусаў прыцягнутым за вушы гонарам. Кампутарная прычапураная «прыгожасць», лубок, ненатуральнасць «дзеючых асобаў», ялейныя галасы дыктараў выклікаюць у тэлегледачоў не светлую замілаванасць, не радасць, а непрыемную аскоміну. Можа, карысней было б не біць ганарыста кулаком у грудзі, а вучыцца ў развітых краін, часцей паказваць і пераносіць у свой дом выдатныя дасягненні з усяго свету, рабіць наша жыццё больш заможным і культурным? Патрыятызм, падмацаваны вучобай у іншых народаў, намнога грунтоўней і надзейней, чым слоўная і візуальная траскатня.

Але тутэйшыя прапагандысты нацэлены не на вучобу. Наадварот, яны прысабечылі статус настаўнікаў, узахлёб расказваюць, як усюды ў свеце адбываюцца прыродныя і сацыяльныя катаклізмы, войны, пагаршэнне дабрабыту, і толькі ў Беларусі, дзе даўно ўсталявана «жалезная вертыкаль» з моцнымі сілавымі падпоркамі і да канца нейтралізавана апазіцыя, пануюць «процветание, стабильность и порядок».

У год, які пройдзе пад знакам Вогненнай малпы, будзе не лішнім згадаць завядзёнку, што бытуе ў гэтых звяроў. Важак зграі вельмі любіць, калі яго аблізваюць. З тых малпаў, якія вызначаюцца асаблівым лакействам і стараннасцю языка, каля правадыра вырастае цэлы пласт прыбліжаных. Яны называюцца — падонкі. За лізанне важак дазваляе падонкам кідацца калам у суродзічаў, зневажаць і крыўдзіць іх іншымі спосабамі.

Час ідзе, а прырода як малпы, так і чалавека не мяняецца. На дзвюх нагах сноўдаецца яшчэ столькі мярзотнікаў! Часта проста шакіруе нянавісць, з якой шэрыя нікчэмнасці гавораць пра ЗША, пра дэмакратычныя краіны Еўропы, накідваюцца на суайчыннікаў за тое, што яны не ідуць у нагу з замбіраванай і згвалчанай большасцю, бо маюць уласны погляд на жыццё.

Нагнятанне варожасці стварае ў нашай краіне атмасферу, у якой не толькі няма вольнага паветра для самарэалізацыі таленавітай моладзі, але і наогул небяспечна выхоўваць дзяцей. Вось чаму многія з іх вучацца і застаюцца працаваць за мяжой. А ў мяне, гледзячы на ўнутраную палітыку, узнікае пытанне: няўжо ідэолагі думаюць, што бацькі хочуць бачыць нашчадкаў чалавеканенавіснікамі, хамелеонамі, кан’юнктуршчыкамі, падхалімамі?

Між тым у святочныя дні Беларусі ёсць што згадаць станоўчае. Калі няма чым ганарыцца ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы, у дабрабыце, то пакажыце поспехі, якія сапраўды маюцца: Нобелеўская прэмія па літаратуры С. Алексіевіч, рэкорды ў спорце, навуковыя адкрыцці… Але радавацца ў нас не ўмеюць — то істэрыка, то замоўчванне. Шукаць ворагаў і ненавідзець атрымліваецца значна лепш. «Шэдэўрыстаў», якія могуць, не міргнуўшы вокам, кагосьці беспадстаўна абвінаваціць, цынічна і выгадна для сябе схлусіць, хапае як на беларускім, так і на расійскім тэлебачанні.

Увогуле, суседняе тэлебачанне стварае вакол Беларусі і беларусаў хітрую інфармацыйную атмасферу. Усхваленне з вуснаў расіян, якія пабылі ў нас дзень-два або толькі ад некага пачулі вандроўныя ўражанні, выглядае такім чынам: «Дороги там хорошие. Продукты дешевые и без химии. Всем всего хватает. Люди довольны властью. Они ценят своё. У них даже КГБ, а не ФСБ». Паралельна ідзе абвінавачванне беларускіх уладных інтэгратараў у нахлебніцтве і ў павароце да… нацыяналізму. Што тычыцца першай пазіцыі, то яна праўдзівая, а другая… Гэта выглядае круцей, чым самы арыгінальны фантастычны сюжэт! А яшчэ ў гумарыстычных, сатырычных перадачах («КВН», «Аншлаг» і г.д.) беларусаў пачалі рэгулярна высмейваць. Праўда, трэба адзначыць, што суайчыннікі, якія любяць удзельнічаць у расійскіх тэлегульнях, самі выстаўляюць сябе не ў лепшым святле.

Як сведчаць водгукі, асабліва моцны ўдар па душах дасведчаных гледачоў нанеслі многія забаўляльныя праграмы беларускіх і расійскіх тэлеканалаў. «Вінегрэт» і «аліўе» з розных нумароў, якімі яны некалькі дзён кармілі народ, часта патыхалі пошласцю або былі састарэлымі, плесняватымі. Я разумею, што густы ў гледачоў розныя, што сярод іх ёсць аматары жартаў ніжэй пояса і іншага забаўляльнага прымітыву, але ж, называючы сябе тэлевізійнымі прафесіяналамі, нельга апускацца да нізкапробнай халтуры.

«Пустой предновогодний треп с высоких трибун», бессаромнае лізанне і ўзвялічванне правіцеляў, тыповым прыкладам якога стаў музычны фестываль «Голосящий КиВиН» (АНТ), бясконцыя штучныя, дзяжурныя ўсмешкі адных і тых жа артыстаў, якія акупіравалі ўсе каналы, нахабная, грубая пошласць гумарыстаў — усё было звалена ў адну кучу і атрымалася грымотная сумесь, якая зняважыла і пакрыўдзіла многіх гледачоў.

Хачу згадаць савецкія тэлевізійныя «новогодние огоньки», але не таму, што так загадвае салідны ўзрост або ў душы ёсць настальгія па таталітарызму. Я добра помню каменныя абліччы тагачасных дыктараў і вядучых, іхнія незварушлівыя позы, нібыта чалавека ўссадзілі на кол, яўны аскетызм перадач. Гаворка пра іншае — тэлевізійнікі ў неспрыяльных умовах займаліся пошукам, канкурыравалі паміж сабой, і кожны чарговы «огонёк» вызначаўся новым паваротам, быў адметным.

З сапраўды канкурэнтным, свабодным, цікавым тэлебачаннем мне давялося пазнаёміцца ў 1982 годзе ў Францыі. Асабліва ўразілі паводзіны дыктараў, вядучых, рэпартажы з месца падзей, забаўляльныя праграмы. Цэлы тыдзень з дапамогай класнага перакладчыка я праводзіў вечары каля блакітнага экрана. З таго часу ведаю, што такое прафесійнае тэлебачанне.

Паводле сацыялагічных даследаванняў, у агульным аб’ёме тэлевізійнай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў Беларусі, маецца каля10% якаснай прадукцыі. З гэтай ямы трэба выбірацца! А пакуль можна толькі паспачуваць гледачам, якім тэлебачанне ў святочныя дні прынесла не радасць, а душэўныя пакуты.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаканне

Ніжэй плінтуса

Разгон хмараў

Ненатуральны адбор

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.