TOP

Вірус агрэсіі

Паказ сучаснага жыцця беларускімі і расійскімі СМІ падобны на лісты часу Вялікай Айчыннай вайны, у якіх цэнзары замазвалі чорным чарнілам весткі пра нягоды, голад, памылковыя дзеянні ўлады, няўдачы на фронце, баявыя страты. У выніку аркушы паперы, складзеныя ў трохкутнікі, густа стракацелі плямамі. 

Насельніцтва Беларусі чэрпае інфармацыю з трох крыніц: тэлебачанне плюс радыё, інтэрнэт, прэса. Стаўлю іх у парадку запатрабаванасці і значнасці ўплыву. На першы погляд здаецца, што ў гледачоў-слухачоў-чытачоў маецца выбар, што розныя густы і запатрабаванні задавальняюцца. Але, на жаль, разнастайнасць медыйнай прадукцыі часта не падмацавана неабходнасцю і высокай якасцю, пераважна гэта проста халтура.

Напрыклад, тэлевізійная інфармацыйная прастора, якую арганізуюць практычна чатыры-пяць папулярных беларускіх і расійскіх каналаў, калі па ёй не слізгаць, а ўгледзецца і ўслухацца, паказвае, што яна запоўнена міліцэйска-бандыцкімі баевікамі, слязлівымі серыяламі, забаўляльнымі, кулінарнымі, медыцынскімі праграмамі, старымі кінафільмамі. У ёй амаль няма цікавых дакументальных матэрыялаў, мастацкіх твораў для глыбокага асэнсавання, для зацікаўленага думання. Тэлевізійная плынь, закранаючы толькі прымітыўныя чалавечыя пачуцці, няспынна мкне міма душаў і сэрцаў карыстальнікаў і бясследна знікае.

Але гэта не самая вялікая бяда. Горш тое, што тэлебачанне даўно занялося актыўнай інкубацыяй і распаўсюджваннем віруса агрэсіі. Згадаю хоць бы нібыта бяскрыўдныя міліцэйска-бандыцкія баевікі. Для чаго так назойліва, у самы лепшы час, прытым цэлымі гуртамі яны транслююцца па тэлебачанні? Не думаю, што для таго, каб выхаваць у насельніцтва павагу да сілавых структур, абудзіць у кожнага грамадзяніна жаданне патрыятычнага, гераічнага служэння народу і Айчыне, заклікаць моладзь больш дынамічна папаўняць шэрагі праваахоўных органаў. Магчыма, стваральнікі баевікоў, у якіх паказваецца хранічнае парушэнне законаў, гвалт над безабароннымі людзьмі, бясконцае праліццё крыві, зрошчванне крымінальных элементаў, сілавікоў і прадстаўнікоў улады, кіруюцца пэўнымі высакароднымі мэтамі вынішчэння зла. Толькі чаканага выніку няма. Серыялы круцяцца, шмат разоў паўтараюцца, а кепская сітуацыя ў Беларусі і Расіі з абаронай права, з выкараненнем карупцыі і іншых злачынстваў застаецца і нават ускладняецца.

Такая тэлепрадукцыя дапамагае абывацелю бавіць свабодны час, але адначасова плодзіць цемрашальскія працэсы. Ідзе метадычнае запалохванне насельніцтва сіламі, якія маюць зброю, каб яно сядзела ціха, не мітынгавала, а яшчэ адбываецца разбэшчванне маральна няўстойлівых і псіхічна хворых людзей, якія, нагледзеўшыся боек, грабежніцтва, забойстваў, самі пускаюць у ход кулакі, нажы, пачынаюць страляць у любых абставінах і ў каго заўгодна.

У прагматычным ХХІ стагоддзі лепшым піярам любой прафесіі з’яўляюцца зарплаты і пенсіі. Аўтарытарныя рэжымы пастаянна павялічваюць і ўмацоўваюць свой рэпрэсіўны апарат, надзяляюць яго шчодрым пайком. Такога клопату ў дзвюх краінах няма ні пра каго, акрамя, хіба, саміх чыноўнікаў. Вось чаму ў сілавы блок подбегам спяшаюцца не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.

Самую вялікую порцыю вірусаў агрэсіі пускаюць у дзеянне палітычныя аглядальнікі, вядучыя і ўдзельнікі розных прапагандысцкіх ток-шоў на расійскім і беларускім тэлебачанні, якія рэгулярна знаходзяць знешніх і ўнутраных «ворагаў». Многія людзі падхопліваюць непраўдзівыя, але агрэсіўныя і ваяўнічыя выказванні. Загадчык кафедры псіхалогіі асобы МДУ, акадэмік А. Асмолаў, які вывучае працэсы ўзнікнення нянавісці ў грамадстве, нават вынайшаў новае слова: «телененавидение». Я згодзен з такой ёмкай і трапнай ацэнкай вучонага. Ён сцвярджае: «Когда мы с вами ментально упрощаемся, мы становимся подголосками, объектами беспрецедентного зомбирования. Старая формула «Сиди и жди, придумают вожди» становится психологической стратегией поведения огромного большинства людей…»

А чым жа занятыя сёння абодва «правадыры», якія пыхліва лічаць сябе міратворцамі? Выпускам новай зброі, бясконцымі манеўрамі, баявымі вучэннямі! Тут як тут загучаў і спецыфічны лозунг: «Спасибо оборонному комплексу!» Як гэта ні парадаксальна, але слова «вайна», што не знікае з тэлевізійных экранаў, ніколькі не палохае расійскіх і беларускіх грамадзян, якія 70 гадоў закліналі: «Толькі б не было вайны!» Фраза-малітва была і народным, і ідэалагічным пастулатам, яна яшчэ вымаўляецца, але настрой людзей павярнуўся ў бок нянавісці і агрэсіўнасці.

Што ж, наладзіць пекла на зямлі зусім не складана. Пра гэта сведчаць гісторыя чалавецтва і нядаўнія падзеі. Але даўно вядома: калі грамадства ваюе, то яно імкліва дзічэе. У 1915 годзе баявы афіцэр І. Ільін запісаў у дзённіку: «На душе что-то грустно. Как-то смотришь на все и видишь кругом злоупотребления. Честных людей до крайности мало, они единицы, которые теряются в общей массе и потому ничего не меняющие… И все эти злоупотребления, видимо, так вошли в плоть и кровь, что считаются совсем естественным явлением и никого не удивляют». А яшчэ некалькі месяцаў назад насельніцтва імперыі бадзёра ўспрыняло вестку пра пачатак баявых дзеянняў, праводзіла салдат на вайну з песнямі, танцамі і вёдрамі гарэлкі.

Крывавая першая сусветная вайна грымела і на тутэйшых палях. Прайшло стагоддзе, але як дакладна горкія словы дапасуюцца да нашага часу. А яшчэ ў тым прамежку была больш жорсткая і знішчальная бітва з нямецкім фашызмам!

Пры аўтарытарызме ў Беларусі і Расіі колькасць злоўжыванняў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Значыць, можна дзічэць без вайны. Але менавіта яна выяўляе ўвесь негатыў, які назапашваецца ў грамадстве.

У свой час, пасля развалу СССР, мне разам з іншымі сябрамі Беларускага камітэта міру давялося здабываць у Германіі дзясяткі новых інвалідных калясак для «афганцаў». Тады бліжэй азнаёміўся з драматычным лёсам землякоў-інвалідаў, шмат думаў пра тое, як цынічна састарэлыя крамлёўскія бонзы прыкрылі ўласныя агрэсіўныя амбіцыі патрэбамі дзяржавы, кінулі ў афганскае пекла маладзенькіх хлопцаў. А пасля не стала ні маршалаў, ні імперыі, якія пасылалі вайскоўцаў на смерць. Скалечаныя салдаты, афіцэры і іх родныя засталіся сам-насам з пакутамі.

Тая засакрэчаная вайна яшчэ адгукаецца канкрэтнымі людскімі трагедыямі. Насельніцтву Беларусі і Расіі раіў бы адарвацца ад тэлевізійных дрындушак і паглядзець выдатны фільм «Мой брат Франкенштэйн». Можа, тады ў нас стане менш аматараў паваяваць.

Назіраючы паводзіны беларусаў і расіян, у душу прыходзяць пытанні. Чаму іх яднае толькі вайна або бяда? Чаму мільёны людзей не адчуваюць сябе народам, адзіным цэлым у мірны час, каб будаваць разумнае і заможнае жыццё? З вялікай цяжкасцю такое адчуванне набываюць цяпер украінцы, а беларусы працягваюць размяжоўвацца на грунце фарысейскай палітыкі.

Я нездарма пачаў роздум з трохкутнікаў, у якіх цэнзура чорным чарнілам змагалася з бязлітаснай, страшнай праўдай вайны. Замоўчванне і хлусня не дапамогуць захаваць мір. На вірус агрэсіі ў грамадстве павінен быць імунны адказ, які вынішчае гэтую пошасць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Апраўданне цынізму

Святочныя тэлепакуты

Чаканне

Ніжэй плінтуса

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.