TOP

Тупат натоўпу

Падзеі ў свеце выклікаюць шмат пытанняў. Самым надзённым лічу такое — які для краіны натоўп больш небяспечны: той, што выходзіць на вуліцы, плошчы і патрабуе ад улады праўды, выканання Канстытуцыі і законаў, або той, які носіць на руках «правадыра» і пад яго кіраўніцтвам вынішчае любое іншадумства? 

Сваю сімпатыю асабіста я аддаю першаму натоўпу, бо ён хоча падаць голас у абарону здаровага сэнсу жыцця, права і маралі, дамагчыся элементарнай справядлівасці, а другі — настроены на тое, каб ва ўсім дагадзіць узурпатару, напалохаць «ворагаў», паказаць мускулы, выявіць «сілачку».

Нягледзячы на імклівае развіццё навукі, на бяспрыкладную тэхналагічную рэвалюцыю, новае стагоддзе, на жаль, паказвае сябе перыядам чалавечай спрошчанасці, дэградацыі. У недэмакратычных умовах паўсюль вырастаюць прагматычныя, рацыянальныя «фанатыкі». Бяру слова ў двухкоссе, бо яны выдатна ведаюць — каму і для чаго без аніякіх пытанняў служаць, што ад гэтага маюць.

У пераліку самых лепшых дасягненняў чалавецтва свабода слова стаіць на першым месцы. Але ў Беларусі дыялогу паміж народам і ўладаю няма. Прапаганда далдоніць пра «праўду пазітыву», ды яго версію дыктуюць самі чыноўнікі і праз блакітны экран выпраўляюць у масы. Тэлевізар даўно стаў галоўным героем нашага часу, ён дапамагае ўладзе займацца самапіярам, пахвальбой, змагацца супраць «каляровых рэвалюцый» і любой народнай ініцыятывы.

Аўтарытарны рэжым апраўдвае і ўхваляе цярплівасць, рабскую маўклівасць тутэйшага люду, даказвае, што толькі дзякуючы пакорлівасці ён выжыў у катаклізмах ХХ стагоддзя. Таму і новы лозунг для беларусаў сфармуляваны адпаведна менталітэту: «Затянуть пояса и работать в этом режиме».

Сапраўды, многае залежыць ад менталітэту народа, ад яго палітычнай, адукацыйнай, культурнай і духоўнай падрыхтаванасці. Але баяцца свабоды няварта. Напрыклад, Туніс у адрозненне ад суседзяў пасля рэвалюцыйных падзей не споўз у хаос. Хоць з цяжкасцю, ды там развіваецца дэмакратыя. Пазітыўныя змены ёсць у розных сферах, і яны памнажаюцца. Паводле сацыялагічных апытанняў 73% грамадзян краіны глядзяць у будучыню з аптымізмам.

А што трывожыць тунісцаў? Галоўныя праблемы — гэта разбалансаванасць грамадства, адсутнасць сумленнага правасуддзя, беспакаранасць махляроў, карупцыянераў, злачынцаў. Аўтарытарызм пакідае пасля сябе якраз такую запушчаную хваробу, якую вельмі цяжка лячыць.

Аўтарытарызм, які лёгка перарастае ў фашызм, што даказана гісторыяй, разбурае не толькі грамадства, але і самога чалавека. Успомнім, да чаго давёў народы прыход да ўлады Гітлера ў Германіі і Сталіна ў СССР. З дапамогай дзяржаўнай сістэмы і прапаганды яны маральна разбэсцілі многіх людзей, падштурхнулі іх да варожасці і нянавісці, да страшных злачынстваў. Мне даводзілася наведваць былыя фашысцкія лагеры смерці Бухенвальд, Дора, сустракацца з людзьмі, якія пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій. Наслухаўся шмат гісторый пра тое, як ставіліся немцы, што жылі каля канцлагераў, да палонных, выкарыстоўваючы іх у якасці рабскай сілы, як савецкія абывацелі пад дыктоўку ўлады кляймілі на агульных сходах «ворагаў народа» або вылоўлівалі іх, білі і здавалі ахове ў выпадку ўцёкаў.

Калектыўны псіхоз, правакуемы няважна кім — фюрэрам ці правадыром, мае вялікае падабенства. Ён адмаўляе індывідуальнасць, асобу. Ёсць толькі важак і паслухмяная зграя. Слушна піша расійскі публіцыст В. Косцікаў: «В толпе (кроме вождя) все равны, все уродства нивелированы, все слабости скрашены. А видны общая сила и общая воля, с которыми ассоциирует себя маленький человек».

У ХХ стагоддзі многім народам давялося перажыць жахлівыя трагедыі, а розніца выяўляецца толькі ў тым, як яны асэнсавалі іх і як сёння ставяцца да свайго змрочнага мінулага. Немцы асудзілі фашызм на дзяржаўным узроўні, робяць усё магчымае, каб ён не паўтарыўся. У Германіі шмат мемарыялаў, музеяў, якія выхоўваюць непрыняцце таталітарызму, і яны не пустуюць, у чым я пераканаўся сам.

Інакш складваецца сітуацыя на постсавецкай тэрыторыі. У Беларусі і Расіі ўзяты курс на рэабілітацыю сталінізму, на таталітарызм. Улада адмаўляе факты масавых расстрэлаў, не дазваляе грамадскасці ставіць памятныя знакі, адзначаць жалобныя даты. Мемарыяльныя мясціны падвяргаюцца набегу «засакрэчаных» вандалаў, якіх міліцыя не знаходзіць і не карае. Затое размах атрымалі ваенізаваныя моладзевыя лагеры, зборы, гульні, на якіх гучаць агрэсіўныя заклікі. Накручваецца шавіністычна-патрыятычны ўздым, варожасць да «кепскіх» народаў і краін, нянавісць да «ўнутраных ворагаў».

Асаблівая ўвага ўлады звернута на армію, ваенна-прамысловы комплекс. Насельніцтва прывучаюць да таго, што палітычныя і чалавечыя праблемы вырашаюцца толькі сілай, зброяй. Гэтым займаюцца СМІ, кіно. Прытым атручванне прапагандысцкай хлуснёй або зборышчы ў падтрымку рэжыму праводзяцца за грошы ўсё тых жа падаткаплацельшчыкаў.

Злосныя нападкі ў беларускім і расійскім грамадстве ідуць на Украіну, якая мужна змагаецца з агрэсарамі і сепаратыстамі. Час паказвае, як той, хто беспадстаўна абзывае іншых людзей фашыстамі, сам спаўзае ў злавесную катэгорыю.

Кожны асобна ўзяты чалавек уяўляе сабою вялікую каштоўнасць у безлічы выяўленняў характару, здольнасцяў, розуму. Я ўздрыгваю збалелай душою, калі чую: «Падумаеш, забілі нейкі дзясятак. Гэта не вайна». А колькі ж вам трэба? Можа, хочаце столькі пакласці, як крыважэрны Сталін у 1942 годзе ў балотах каля станцыі Мясны Бор, дзе немцамі былі акружаны і знішчаны 59-я, 52-я и 2-я ўдарная арміі? Там доўга высіліся пагоркі з чалавечых целаў, ваеннай тэхнікі, зброі. Народ назваў гэтае месца Далінай Смерці.

Жыццё паказвае, што пакаранне злачынцаў, хоць і са спазненнем, але адбываецца. Судны час прыходзіць непазбежна. Адказваць даводзіцца кожнаму за развязванне вялікай або малой вайны, за атручванне людзей, за іх знікненне, за «ціхія» забойствы…

Пакуль што ў мяне няма ніякай веры ў абуджэнне палітычнай і нават сацыяльнай актыўнасці грамадства без катастрафічнага пагаршэння жыццёвага ўзроўню. Цяпер яно сціснута выгаднымі ўладзе законамі, якія прыдушылі ўсе правы і свабоды, татальным страхам прад дзяржаўнай рэпрэсіўнай машынай, што ашчэрылася супраць грамадзян шматлікімі запалохваючымі сродкамі: ад драконаўскіх адміністратыўных штрафаў да агнястрэльнай зброі.

Беларусы зрушацца тады, калі нельга будзе не толькі аплаціць камунальныя паслугі, вучобу дзяцей, вопратку і абутак, лекі, але і мець на стале кавалак хлеба. Канкрэтыка сацыяльнага быцця, рост разрыву паміж прыбыткамі і выдаткамі сведчыць, што мы можам наблізіцца да такой мяжы.

Не трэба перакладаць віну на некага. Я згодзен з высновай пісьменніка У. Вайновіча: «Во всех революциях всегда виновата власть, которая до подходящего состояния довела общество».

Прапагандысцкі рупар узахлёб, на ўсе лады трубіць пра вялікае шчасце жыць у «квітнеючай, стабільнай Беларусі», вяшчае пра маналітнае яднанне народа вакол «правадыра», але праз абрыдлую хлусню і дэмагогію раптам можа прарвацца нарастаючы грозны тупат натоўпу.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вірус агрэсіі

Апраўданне цынізму

Святочныя тэлепакуты

Чаканне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.