TOP

Удуeшэнне прыстойнасці

Існуе ўніверсальны паказчык вартасці чалавека: як ён паводзіць сябе — прыстойна або непрыстойна? Такі падыход спрацоўвае ў маштабах усяго чалавецтва, і пакуль што яго ніхто не адмяняў. Але беларуская ўлада даўно дзейнічае насуперак агульным маральным нормам, трымаючы курс на ўдушэнне прыстойнасці ў грамадстве. 

Прыстойнасць выяўляецца шмат у чым, ды ў наш няўстойлівы час, калі пануюць культ сілы, сквапнасць, карупцыя, хлусня і цынізм, на першы план выходзяць тыя дадатныя якасці, якія залежаць ад самога чалавека, ад яго выхаванасці і змабілізаванасці на супрацьстаянне націску зла. Перш за ўсё — гэта сумленнасць, праўдзівасць, прыязнасць, уменне трымаць дадзенае слова, бездакорнае выкананне сямейнага, прафесійнага і службовага абавязку.

На сустрэчах з чытачамі ў сталіцы і ў раёнах я чую трывожныя пытанні: «Вы заўважаеце, наколькі меней стала прыстойных людзей? Што такое з намі адбываецца, бо хутка наогул не знойдзецца тых, каму адважышся паверыць, на каго можна спадзявацца?»

Тое, што насельнікі краіны ў клопатах здабывання надзённага кавалка хлеба ўсё ж бачаць катастрафічны працэс маштабнай дэградацыі, трохі суцяшае. Але, на жаль, болей такіх, хто на прыстойнасць, на мараль махнуў рукой.

Адказваючы на пытанні, я таксама згадваю назапашаныя назіранні і факты. Уцёкі ад прыстойнасці сапраўды набылі хуткасць. Тысячы чыноўнікаў любымі спосабамі ўхіляюцца ад выканання службовых абавязкаў, ды не ад салідных зарплат і прэмій, а ў дадатак займаюцца карупцыяй. Супрацоўнікі праваахоўных структур свядома парушаюць законы, катуюць ні ў чым не вінаватых людзей, рэгулярна становяцца ў судах хлуслівымі сведкамі, але на поўным сур’ёзе любяць разважаць пра свой высокі рэйтынг у грамадстве. Выкладчыкі ВНУ парушаюць працоўную дысцыпліну, абыякава ставяцца да студэнтаў, не рэагуюць на крытычныя заўвагі, а пасля не саромеючыся крочаць да касы па грошы, патрабуюць да сябе павагі з боку кіраўніцтва. Настаўнікі школ назаўсёды засталіся з багажом ведаў, які калісьці атрымалі ў інстытуце, і спакойна ідуць з ім у класы да вучняў.

Рабочыя скардзяцца, што ў іх малая зарплата. А між тым многія працуюць па тры дні ў тыдзень або наогул прастойваюць. Нейкі рубель заплацяць — ну і ладна! Астатні час паляжым з півам на канапе каля тэлевізара.

Калі вам не хапае сродкаў, дык узвысьце свой голас, каб у краіне былі створаны ўмовы для атрымання годнай зарплаты. Вы ж — рабочы клас! Куды там — толькі лаюцца, шэпчуцца ў чэргах і на кухнях… Ці ж гэта прыстойныя паводзіны?

На мяне часам крыўдуюць, што выводжу на святло праўды палітычных шулераў, якія некалі старанна ўсцягвалі галоўнага ініцыятара і выканаўцу ўдушэння прыстойнасці на трон, круціліся ля яго ў прадчуванні вялікіх дывідэндаў, а затым, ім скарыстаныя і выкінутыя «на сметнік» за непатрэбнасцю, раптам перайшлі ў стан апазіцыі. А дарма! Кожны павінен атрымліваць па заслугах. Ці прыстойна адыёзным асобам, чые хваласпевы і халуйства ўзурпатару засталіся ў памяці людзей, цяпер станавіцца ў позу прапаведнікаў-дэмакратаў і вучыць тых, каго яны загналі ў аўтарытарызм, з якога неймаверна цяжка вырывацца? Або, напрыклад, пастаянна нагнятаць у грамадстве песімізм, адчуванне, што мы ніколі нічога не зможам выправіць?

Акрамя таго, трэба праўдзіва канстатаваць, што ў шэрагах апазіцыі ёсць шмат выпадковых людзей, якія круцяцца каля высакародных мэтаў толькі дзеля ўласнага матэрыяльнага забеспячэння, якія робяць палітыку або «беларускасць» выгадным бізнесам. Як можна лічыць іх прыстойнымі?

Проста так нічога не бывае, усяму ёсць прычына. Людзі паводзяць сябе цяпер не ў залежнасці ад нормаў маралі, уласных прынцыпаў і сумлення, а згодна тых паняццяў, якія за два дзесяцігоддзі навязаў грамадству аўтарытарны рэжым.

Насельніцтва няспынна атакуюць хлусня і страх, якія маюць самы значны ўплыў на чалавечую свядомасць. Сітуацыя ў інфармацыйнай прасторы сведчыць, што развялося безліч цынічных у падмане, непрыстойных журналістаў, вядучых, аглядальнікаў, экспертаў. Колькі разоў, выконваючы загады ўлады, яны плюхаліся тварам у брудную лужыну, былі схоплены, як злодзеі, за руку, ды атрымліваюць за хлусню ўзнагароды і, падбадзёраныя імі, працягваюць дурыць народ , атручваць людскія душы нянавісцю да знешніх і ўнутраных «ворагаў»! Змагацца з гэтым агрэсіўным злом у нашых умовах цяжка, але ўсё роўна ў свабодных СМІ трэба кожнага хлуса, як шкадлівага ката, што пакінуў кучку пасярод кватэры, публічна тыцкаць пысай у ягоныя слоўныя экскрэменты.

Не менш шкоды прыносіць страх. Яшчэ Вялікая Айчынная вайна паказала, якімі велізарнымі чалавечымі стратамі заканчваюцца палахлівае дрыжанне перад вышэйшым начальствам, невуцтва, неразумныя загады. Пасля сталінскіх» чыстак», калі адукаванае і смелае афіцэрства было вынішчана пад корань, страх у Чырвонай Арміі стаў кашмарным. Адзін з маршалаў, успамінаючы пра допыты ў Лефортаўскай турме, роспачна казаў: «Если бы вы знали, как меня били!». І мужны, загартаваны чалавек плакаў…

Палкаводцы, камандзіры ў час вайны думалі не пра тое, як захаваць у баях жыццё падначаленых, а найперш — што зрабіць, каб застацца жывымі самім. Дзеля гэтага без належнай падрыхтоўкі яны кідалі дзясяткі і сотні тысяч салдат у крывавую бойню.

Сталінскія рэпрэсіі давялі да таго, што на камандзірскія пасады ставілі неадукаваных, малакультурных людзей, якія не валодалі ваеннай навукай. Ваяваць яны не ўмелі, але па-халуйску рэагавалі на любы дурны загад зверху.

Нешта падобнае адбываецца зараз у Беларусі. Кожны раз, калі заўважаецца прыкметнае пагаршэнне эканамічна-сацыяльнай сітуацыі, пачынаецца пошук вінаватых. Вінаватыя ўсе: народ, які кепска працуе, бліжэйшыя славянскія сябры, што сталі «жміндамі», знешнія ворагі, якія точаць іклы на «квітнеючую» краіну, строгія санкцыі. Толькі не само кіраўніцтва і не кадры, расстаўленыя на адказных участках!

Але незамбіраваныя грамадзяне пярэчаць: вы ж 20 гадоў кіруеце! Хто, як не вы, павінен адказваць за памылкі, за зрывы і агульны правал? Увогуле, напрошваецца выснова, якую нядаўна агучыў вядомы расійскі тэатральны дзеяч В. Спясіўцаў: «Непрофессионализм снизу и до самого верха!»

Яшчэ бяда — тутэйшая кадравая «калода», як у сквапных карцёжнікаў, ушчэнт зашмальцавалася. Правіцель пачаў выцягваць патрэбныя яму кандыдатуры з… турмаў. А сядзяць яны там за карупцыю. Выглядае працэс такога прызначэння надзвычай здзекліва і непрыстойна ў стаўленні да ўсяго грамадства, але тое не шманае, абсалютна не рэагуе на чарговы плявок у твар.

Я ўжо не ведаю, як быць з папулярным выслоўем: «Рыба гніе з галавы», бо негатыўную сітуацыю з прыстойнасцю ў Беларусі ствараюць дружна — улада і насельніцтва.

Працэс удушэння прыстойнасці мае шмат узроўняў. Спачатку адзін чалавек распраўляецца з ёю ў сабе, затым змушае на такі крок другога, той уплывае на трэцяга. Паступова ўдушэнне становіцца татальным, ахоплівае ўсіх.

Пакуль мы ўцякаем ад прыстойнасці так імкліва, што аж пяты мільгаюць. Але вяртацца да яе давядзецца, бо ў гнілой атмасферы нашчадкі вырастуць маральнымі інвалідамі і ніколі не пабудуюць цывілізаванае грамадства, развітую краіну.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Тупат натоўпу

Вірус агрэсіі

Апраўданне цынізму

Святочныя тэлепакуты

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.