TOP

Вялікае перасяленне

У сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Афрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе, ва Украіне людскія масы зрушыліся з месца і шукаюць сабе ціхі прытулак. Складаныя міжнародныя канфлікты, хоць і ўскосна, але не абмінаюць нашу краіну, якая таксама стала новым домам для многіх іншаземцаў.

Статыстыка сведчыць, што ў 2014 — 2015 гадах у свеце зарэгістравана каля 60 мільёнаў перасяленцаў. Кожны 120-ы чалавек на планеце — або бежанец, або той, хто шукае прыстанку, або ўнутраная перамешчаная асоба. Беларусь прытуліла ўкраінцаў, сірыйцаў, афганцаў, грузінаў. Толькі ў 2015 годзе з просьбай надаць статус бежанца і дадатковую абарону афіцыйна звярнуліся грамадзяне Украіны (каля 750), Сірыі (100), Афганістана (40).

Складаныя праблемы міграцыі, безумоўна, у першую чаргу тычацца тых, хто перасяляецца пад ціскам войнаў. Гэта не толькі матэрыяльныя страты, маральныя пакуты цэлых народаў і асобных грамадзян. У выніку раптоўнага, хаатычнага перасялення людзі часта гінуць. СМІ паведамілі, што ў Еўропе згубіліся каля 10 тысяч дзяцей. Іх лёс невядомы, магчыма, што частка малых трапіла ў рабства да вычварэнцаў, мярзотнікаў, якіх цяпер (з прычыны прыкметнай маральнай дэградацыі і павелічэння выпадкаў псіхічнага нездароўя людзей) хапае ўсюды.

Шмат узнікла пытанняў у звязку з карэкцыяй сапраўдных намераў многіх мігрантаў, іх уладкаваннем, з высвятленнем «цёмных» асобаў, якія не маюць дакументаў або прад’яўляюць фальшыўкі. Пад выглядам бежанцаў у еўрапейскія краіны нярэдка пранікаюць тэрарысты, людзі асацыяльных паводзінаў, проста шукальнікі лёгкага, сытага жыцця. «Незапланаваныя госці», сярод якіх мноства маладых мужчын, паводзяць сябе вельмі свабодна, не згодна нормаў маралі, а паводле інстынктаў і выхавання, атрыманага на радзіме. Даходзіць і да злачынстваў. Нездарма па Еўропе пракацілася серыя пратэстаў супраць наплыву мігрантаў. Але гэта толькі верхні пласт праблем і негатыву, якія прыносіць вялікае перасяленне.

Услед за вандроўкай на новым месцы пачынаецца будзённае жыццё з руціннымі дробнымі праблемамі. Вось тады і выяўляецца гатоўнасць як мігрантаў, так і гаспадароў да сумеснага існавання.

Я — не спецыяліст па пытаннях міжнацыянальных стасункаў, а звычайны чалавек, якога яны трывожаць, той, каму давялося бачыць на свае вочы эксцэсы, звязаныя з міграцыяй у Францыі, Германіі, былой Югаславіі. Мае назіранні паказалі , што перасяленцы цяжкавата асімілююцца, хочуць жыць «слабодамі», дзе пануюць «неафіцыйныя» паняцці і законы. Беспрацоўе, а яшчэ і ўласнае нежаданне працаваць прыводзяць да таго, што пэўныя сем’і мігрантаў у двух-трох пакаленнях жывуць толькі на сацыяльную дапамогу. Несупадзенне ў веравызнанні, менталітэце становіцца грунтам, на якім выбухаюць варожасць, нянавісць. Часта для жорсткіх сутычак дастаткова аднаго неасцярожнага слова або нядобрага позірку.

ХХІ стагоддзе стала эпохай імклівай глабалізацыі, сутыкнення розных цывілізацый, рэлігій, палітычных і эканамічных ідэй. Тое, што адбываецца ў міжнародным жыцці, нагадвае гіганцкія тэктанічныя зрухі ў зямной кары, якія заканчваюцца разбуральнымі землятрусамі.

Аптымістычна настроены папа рымскі Францішак неяк сказаў: «Еўропа, абапіраючыся на сваю значную культурную і рэлігійную спадчыну, мае ў сваім распараджэнні сродкі, каб адстаяць верхавенства чалавечай асобы і знайсці правільны баланс паміж яе двума галоўнымі маральнымі абавязкамі — абараняць правы сваіх грамадзян і забяспечыць дапамогу і прыём мігрантаў». Але апошнія падзеі пахіснулі нават яго. Аптымізм растаяў у песімізме: «Цяперашняя хваля міграцыі, здаецца, можа падарваць веру ў «гуманістычныя каштоўнасці», якія ў Еўропе заўсёды прапагандаваліся і абараняліся»…

Я вырас у шматлюднай, інтэрнацыянальнай вёсцы, дзе, акрамя беларусаў, жылі рускія, літоўцы, латышы, яўрэі, украінцы, татары, цыгане. Адны атабарыліся ў нашых мясцінах з даўняга часу, але большасць прыехала пасля вялікай крывавай вайны: хто згодна накіравання вучылішчаў, тэхнікумаў, ВНУ, а нехта і самастойна. Помніцца, што ў маленстве, бегаючы басанож па сцежках ля любімых азёраў, зарабляючы грошы на падручнікі і кніжкі зборам ягад і грыбоў, працай у лясніцтве, седзячы за партамі ў школе, ніхто з нас не звяртаў увагі на прыналежнасць сябра ці сяброўкі да нейкай нацыянальнасці. Мы ўсе былі абсалютна роўнымі па апратцы і ў спажыванні сціплай ежы, а рэлігійныя або ментальныя асаблівасці ў сталінскім СССР не выпіналіся.

Дражнілак з таго часу, скіраваных на маленькіх «небеларусаў», згадаць не магу. Затое чамусьці сядзіць у памяці адна, якая гучала часта: «Трус, трус — беларус!». Гэта быў прымітыўны вынік простага жадання зрыфмаваць на моўнай «трасянцы», але словы гучалі як прыгавор. Відаць, на падсвядомым узроўні на ўсеагульнае асуджэнне выносілася заганнейшая рыса беларускага характару — палахлівасць. Яна і сёння перашкаджае нам мець сапраўдную грамадзянскую супольнасць, будаваць дэмакратычнае, заможнае і разумнае жыццё.

Цяпер у Беларусі жывуць людзі каля 130 нацыянальнасцей. Як мы бачым, нейкіх сутыкненняў паміж імі не заўважаецца. Хай так будзе і надалей! Але заўжды трэба памятаць, што агульны спакой у краіне найперш залежыць ад духоўнага здароўя і сілы карэннай нацыі. Для беларусаў, аслабленых доўгай русіфікацыяй, што нарадзіла абыякавае стаўленне да роднай мовы, гісторыі, культуры, народных традыцый, значнае пашырэнне міграцыйных працэсаў — гэта надзвычай сур’ёзнае выпрабаванне.

Улічваючы асаблівую схільнасць беларусаў лаяльна прымаць чужое, падвяргацца любой ідэалагічнай або іншай апрацоўцы, уладзе трэба было б больш уважліва сачыць за сітуацыяй, каб пазбегнуць негатыўных эксцэсаў, ад якіх не застрахаваны ніхто. Але дэнацыяналізаваныя кіраўнікі сёння заклапочаны толькі захаваннем сваіх пасадаў і дабрабытам, які прыносяць ім высокія крэслы. Гром можа прагрымець знянацку.

Будзем гаварыць праўдзіва, па шчырасці. Пры ўсёй сваёй талерантнасці, гасціннасці беларусы ніколі не былі белымі і пушыстымі. У час войнаў або сацыяльных узрушэнняў жорсткасць асобных суайчыннікаў да людзей іншых нацыянальнасцей выяўлялася даволі выразна, што занатавана ў гісторыі. А таму бясспрэчна, што вучыцца жыць у міры і згодзе трэба пастаянна.

Справядлівая ўладкаванасць у свеце, на маю думку, грунтуецца на тым, каб патрыятычна абараняць сваё і жыць з сэрцам, адкрытым да іншых.

Вяртаючыся да міжнародных падзей, хачу нагадаць, што ёсць выдатнае слова — «абачлівасць». Сто разоў трэба падумаць, перш чым перасяляць народы такімі велізарнымі масамі з месца на месца. Агенцтва Reuters паведаміла, што з 33 тысяч іракцаў, якія прыбылі ў 2015 годзе ў Фінляндыю, 4 тысячы забралі заявы аб наданні статуса бежанца і вяртаюцца дахаты. Згодна каментарыя супрацоўніка турагенцтва, які прадае авіябілеты на зваротны шлях, «некаму не спадабалася ежа, некаму занадта холадна, а хтосьці не адчувае сябе жаданым госцем».

Мая бабуля Вольга часта паўтарала народную мудрасць: «Лепш жыць добрымі суседзямі, чым нахлебнікамі ў чужой хаце». Залатыя словы! Толькі не спяшайцеся абвінавачваць мяне ў неталерантнасці.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Хто каго пераплюне?

Удуeшэнне прыстойнасці

Тупат натоўпу

Вірус агрэсіі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.