TOP

Злачынная прагматычнасць

Рэчаіснасць сведчыць, што ў сучасным свеце запанаваў культ агрэсіўнай прагматычнасці, якому падпарадкоўваюцца не толькі прадстаўнікі розных сфер эканомікі, бізнесу, але і палітычныя дзеячы, гуманітарыі. Дайшло да таго, што дзеля дасягнення меркантыльных мэтаў многія людзі без вагання забіваюць уласнае сумленне.

У ХХ стагоддзі штуршок развіццю цынічнага прагматызму, дэгуманізацыі і расчалавечвання ў шматнацыянальнай Расійскай імперыі даў кастрычніцкі пераварот 1917 года. Тады былі парушаны спрадвечныя законы і маральныя нормы, да якіх людзі так і не вярнуліся. Хоць бальшавікі на чале з У. Леніным лічылі сябе не прагматыкамі, а натхнёнымі аўтарамі і праваднікамі светлай, рамантычнай камуністычнай ідэі, ды яе практычнае ажыццяўленне вылілася морам крыві, акіянам пакутаў. «Рамантыкі» не толькі знішчылі разумных, таленавітых, свабодных і мужных людзей, але яшчэ і давялі гіганцкую савецкую краіну да глыбокага ідэалагічнага маразму, а яе насельнікаў да матэрыяльнай галечы, элементарнага голаду.

Станаўленне большасці незалежных постсавецкіх краін пасля нядоўгай эйфарыі надзей скончылася горкім расчараваннем, якое тузае душы і сэрцы людзей. Цяпер, калі пасля развалу СССР прайшло даволі многа часу, стала ясна, што любая ўлада, якая ўзнікае на падмурку таталітарызму, аўтаматычна не можа пазбавіцца былых заганаў. Гэта тычыцца і насельніцтва, якое не гатовае да свабод, да дэмакратычнага ладу і здольнае ў любы момант прадаць іх за паабяцаную папулістамі місу нішчымнага супу. Без працы чалавека над сваім удасканаленнем, без свядомага пакаяння і ачышчэння, з якіх здзекліва пасміхаюцца сучасныя кіраўнікі-аўтакраты, сапраўды немагчыма пабудаваць цывілізаванае жыццё.

Усяму свету вядома пра татальную эканамічную і фінансавую залежнасць нашай краіны ад Расіі і Еўразвязу. Узурпатар больш дваццаці гадоў мітусіцца паміж імі, жыве адным днём, не вызначае стратэгічнага курсу ў будучыню, а толькі, выкарыстоўваючы хлуслівыя абяцанкі, ліслівасць, падхалімства або шантаж, выпрошвае ў багатых партнёраў матэрыяльныя і грашовыя сродкі, каб даўжэй утрымацца на пасадзе, каб было чым забяспечыць фізічнае існаванне насельніцтва.

У Беларусі на грахі савецкага часу напластаваліся новыя. На сумленні грамадства, якое не супраціўляецца аўтарытарнаму гвалту, выступаюць чорныя плямы — бясследна зніклыя людзі, без віны асуджаныя або звольненыя з працы, выключаныя з ВНУ за іншадумства грамадзяне, рабскае галасаванне, фальсіфікацыі на выбарах і рэферэндумах, змененыя на карысць узурпацыі ўлады канстытуцыя і законы, несвабодныя суды і СМІ, глыбока дэфармаваная мараль.

Адмена санкцый, накладзеных на беларускіх чыноўнікаў, якія канкрэтна праводзілі палітыку рэпрэсій, выклікала абурэнне палітычна адукаваных, неабыякавых грамадзян. Безумоўна, еўрапейскія чыноўнікі могуць сказаць, што гэта — не вашая справа, нам відней. Мы ўводзім санкцыі, мы, калі захочам, і адмяняем іх. Але чым тады яны адрозніваюцца ад беларускіх «слуг народа»? Праўда, тутэйшыя не толькі не рэагуюць на крытычную рэакцыю дэмакратычнай часткі грамадства, але і заганяюць іншадумцаў у палітычнае і сацыяльнае гета.

Дзеянні еўрапейскіх чыноўнікаў падобныя на паводзіны беларускага электарата, які бурчыць, што краіна ў тупіку, што жыццё кепскае, але, як толькі перад выбарамі яму кідаюць «костку» — павышаюць на некалькі дзясяткаў рублёў зарплаты і пенсіі, — адразу мяняе ацэнку і шпарка шыбуе галасаваць за цяперашнюю ўладу. Але давайце ўспомнім: адкуль бярэцца гэтая «костка»? Такімі ж хуткімі крокамі насустрач рэжыму, шчодрымі падарункамі для яго адразу адгукаецца Еўразвяз на чарговы выпуск з турмы палітзняволенага або на дэмагагічную заяву пра «лібералізацыю». З кожным годам мацнее ўражанне — многім брусельскім «паркетчыкам» не хочацца ўнікаць у глыбінную сутнасць таго, што адбываецца ў Беларусі, ім лягчэй і прасцей прымірыцца з гвалтам і супрацоўнічаць з той уладай, якая, згодна яе заяў, «прыйшла надоўга і ўсур’ёз».

Мне даводзілася неаднаразова пісаць пра марнасць многіх еўрапейскіх праектаў дэмакратызацыі Беларусі. Прыгожыя дэкларацыі даўно пахаваў бязлітасны час, значныя грошы патрачаны на пустое або трапілі ў рукі тых, хто правіць, намаганняў нібыта ўбухана шмат, а толку не відаць. Зразумела, што чыноўнікі, апраўдваючы свае высокія пасады і салідныя аклады, бадзёра рапартуюць пра поспехі ў справе вяртання Беларусі ў міжнароднае прававое поле. Было б дзіўным пачуць іншае!

Але, на жаль, я павінен засмуціць аптымістычных еўрапейскіх палітыкаў. Пры аўтарытарызме, які ўсталяваўся ў Беларусі, не можа адбыцца ніякіх змен у лепшы бок ні ў палітычным, ні ў выбарчым працэсе, ні ў эканоміцы, ніколі не ўзнікне грамадзянская супольнасць. Ёсць дэмагагічная гаварыльня на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад прэзідэнта і да дробных клеркаў, якія, нібы папугаі, паўтараюць афіцыйную версію «росквіту краіны».

Еўрапейскім дзяржавам патрэбны бензін, карасін, дызельнае паліва і мазут, якія з расійскай нафты на сваіх НПЗ вырабляе і прадае Беларусь, праз яе ажыццяўляецца транзіт на Захад, шмат замежных бізнесоўцаў маюць свой інтарэс і неблагія прыбыткі на нашай зямлі. Адсюль вынікае актыўнае лабіраванне аўтарытарнага рэжыму ў еўрапейскіх структурах, яго інфармацыйны піяр заангажаванымі замежнымі палітолагамі, экспертамі, журналістамі.

За апошні час заходнія палітыкі самі зрабілі з кіраўніка Беларусі «вялікага міратворца», «абаронцу міжнароднай справядлівасці», хоць ён такой кароны на сваёй галаве не мог і прысніць. Расія нават залічыла яго ў «нацыяналісты», аб’явіла «змагаром за родную мову і культуру». Усё гэта — фікцыя, падман.

Еўрапейскім чыноўнікам, якія пляскаюць у ладкі з прычыны «павышэння рэйтынгаў Беларусі», «паляпшэння сітуацыі», няблага было б зазірнуць у мясцовыя суды, дзе міліцыя збівае журналістаў або дае хлуслівыя сведчанні супраць невінаватых людзей, дзе злачынцы-службоўцы цынічна смяюцца, нахабнічаюць, выкрыкваюць пагрозы ў адрас пацярпелых.

Еўропа не хоча бачыць галоўную небяспеку. Чым даўжэй ва ўладзе ў Беларусі будзе знаходзіцца аўтарытарны рэжым, тым большай негатыўнай дэфармацыі падвергнецца свядомасць насельніцтва, і ў першую чаргу моладзі, што ўяўляецца самым драматычным для будучыні грамадства і краіны. Ужо цяпер непрыстойнасць становіцца нормай, людзі бессаромна ідуць на парушэнні і злачынствы, бо маюць перад сабою прыклад вярхоў. Скажам, у сумна вядомых выбарчых «каруселях» удзельнічаюць пераважна юнакі і дзяўчаты.

Уладалюбства аднаго тутэйшага індывіда, меркантылізм запалоханых, абяздоленых людзей, якім трэба выжыць, кар’ерызм замежных палітыкаў, ненасытная сквапнасць «акул бізнесу» сёння зліваюцца ў адну злачынную прагматычнасць.

Але я лічу, што ні камфортнае сядзенне ўзурпатара ўлады на троне, ні прыбыткі нямецкіх, аўстрыйскіх, галандскіх, дацкіх, італьянскіх і іншых кампаній, асобных бізнесоўцаў, ні віртуальныя «паспяховыя кар’еры» чыноўнікаў ад еўрапейскай палітыкі абсалютна нявартыя таго, каб з-за іх некалькі пакаленняў беларусаў пазбаўляліся нармальнага жыцця.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вялікае перасяленне

Хто каго пераплюне?

Удуeшэнне прыстойнасці

Тупат натоўпу

Вірус агрэсіі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.