TOP

Пагоня за раскошай

Чытачы скептычна хмыкнуць: аўтар выбраў для крытычнага роздуму не тую тэму, бо ўсё чалавецтва стала «грамадствам узмоцненага спажывання». Людзі нагледзеліся на «прыхватызатараў», «бандытаў ад эканомікі», якія імгненна разбагацелі, і таксама кінуліся ў адчайную пагоню за раскошай.

Некалі быў час, калі раскоша лічылася абавязковым атрыбутам вышэйшых пластоў грамадства. Яна паказвала на выбранасць і арыстакратызм тых, хто ёю карыстаўся. Для спадчыннай арыстакратыі і прыдворных высокага рангу раскоша ўяўляла сабою не столькі права, колькі вызначаны абавязак.

У сучасных грамадствах адбыліся кардынальныя змены. Зараз самі па сабе ні высакароднае паходжанне, ні выдатная адукацыя, ні вучоная ступень не гарантуюць чалавеку высокай прыступкі ў сацыяльнай іерархіі. Але і ў ХХІ стагоддзі праявы дэманстратыўнай раскошы нікуды не зніклі, а наадварот, выглядаюць яшчэ больш вычварнымі, наўмыснымі і навязлівымі.

Раскоша набыла новую функцыю. Калі раней яна была атрыбутам высокага сацыяльнага становішча чалавека, то цяпер стала надзейным інструментам, пры дапамозе якога гэтае месца дасягаецца. Успомнім, як пасля развалу СССР прыбытковыя прадпрыемствы і нават цэлыя галіны прамысловасці, здабыча прыродных рэсурсаў трапілі ў рукі партыйных, камсамольскіх і беспартыйных дзялкоў, якія былі ва ўладзе або аціраліся каля яе ў час наменклатурнай дзялёжкі. Пасля «імгненныя капіталісты» ўладкавалі на «хлебныя месцы» нашчадкаў, усю радню, пажанілі сыноў, выдалі дачок за такіх жа багатых маладых людзей, а як састарэлі — перадалі частку бізнесу, акцый унукам. Да неправавых дзяржаўных сістэм няблага прыстасаваліся шматлікія чыноўнікі, дэпутаты, іх родзічы.

Склалася замкнёнае кола — прысабечанае «савецкае агульнанароднае багацце» забяспечыла аматарам пакіраваць і іхнім нашчадкам высокія дзяржаўныя пасады, а ўлада дазваляе і надалей мець вялікія грошы. Такім чынам у постсавецкіх краінах узніклі і раскашуюць гэтак званыя «вяршкі грамадства», новая «эліта».

Вярхі любяць спасылацца на тое, што ў савецкі час таксама былі крадзеж, карупцыя. Але ў такім апраўданні ёсць цынічная хітрасць. Несумненна, такое здаралася, толькі, прабачце, не ў сучасных гіганцкіх і цынічных маштабах і аб’ёмах.

Сёння нікога не здзіўляе рэклама ў СМІ, якая прапануе самалёты, яхты, раскошныя аўтамабілі, дарагое элітнае жыллё, моднае, якаснае адзенне і абутак, розныя ўпрыгожанні спецыяльна «для арыстакратаў», хоць такіх у нашых краях даўно не водзіцца. На іх месца нахабна прэтэндуюць нуварышы, якія часта не маюць належнай адукацыі, культуры, эстэтычнага густу і з гэтай прычыны не могуць разумна распараджацца прысабечаным або накрадзеным багаццем.

У прагматычным сэнсе раскоша стала не толькі не функцыянальнай, але, наадварот, антыфункцыянальнай. Многія рэчы, якія ацэньваюцца «раскошнымі», не павышаюць камфорту, а служаць перш за ўсё наглядным пацвярджэннем сацыяльнага статусу іх уладальнікаў. Якраз фанабэрыстыя, пыхлівыя знешнія праявы заможнасці вярхоў грамадства выклікаюць народны гнеў.

Увогуле, у свеце яшчэ ніколі не было такога размежавання паміж багатымі і беднымі людзьмі. Багацце 1% самых заможных пераўзышло сродкі, якімі валодаюць астатнія 99% насельнікаў планеты.

У Беларусі таксама расце прорва між «дзяржаўнай элітай» і звычайнымі людзьмі ва ўзроўні дабрабыту, хоць улада ўпарта аспрэчвае гэты відавочны факт. Толькі чаму тады, згодна строгага загаду зверху, наменклатура, прыўладныя бізнесоўцы старанна хаваюць ад народа сваё багацце, наглуха засакрэчаны нерухомасць тут і за мяжой, акцыі ў прыбытковых сферах, нават аклады, прэміі, бонусы? На «дзяржаўную сакрэтнасць» яшчэ накладваецца рыса тутэйшага менталітэту — схавацца з багаццем за высокім плотам і ціхенька сапці ў дзве дзюрачкі.

А вось расійскі «бамонд» поўнасцю «расперазаўся», з часу Б. Ельцына не саромеецца і не баіцца нікога. У прэсе свабодна публікуюцца звесткі пра раскошу, у якой жывуць «слугі народа». Першы віцэ-прэм’ер І. Шувалаў мае маёнтак у Аўстрыі, віцэ-прэм’ер В. Галадзец — дом у Швейцарыі, кватэру ў Італіі… Пералік высокапастаўленых «шчасліўчыкаў» — бясконцы.

Маючы «запасны аэрадром» у выглядзе рахункаў у банках і нерухомасці, навошта чыноўнікам думаць пра тых, хто жыве ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсіі?

Чаму так настойліва і ўпарта прарываюцца прадстаўнікі мусульманскага свету ў ненавісную Еўропу, дзе жывуць «няверныя»? Яны ўцякаюць не толькі ад вайны, ад смерці. Ім абрыдла пастаянная галеча, хочацца як мага хутчэй і без вялікіх намаганняў мець добрае, камфортнае жыццё.

Я, узгадаваны ў сціплых жыццёвых умовах, ніколі не быў прыхільнікам як зневажаючай чалавека беднасці, так і грамадства ўзмоцненага спажывання. Заўжды гаварыў і зноў паўтару, што павінна быць разумная мера. Перш за ўсё таму, што рэсурсы любой краіны, і нашай унікальнай планеты ўвогуле, не бясконцыя. Вось і герой аповесці «В пределах боли» пісьменніка, рэжысёра, народнага артыста Расіі М. Лявіціна кажа: «… Человеку немного надо, чтобы продержаться, вообще немного, надо согласиться с этим, перестать жадничать, не считать себя лучше, чем другие». А яшчэ ёсць народны выраз: «На той свет нічога з сабой не забярэш».

Пра несправядлівасць ва ўладкаванні сучаснага свету гаварыў папа рымскі Францішак у Мексіцы, дзе зарплата звычайнага рабочага не перавышае 160 долараў у месяц. Кіраўнік каталіцкай царквы адзначыў небяспеку, якая сыходзіць ад сацыяльнай няроўнасці, і заклікаў улады ўсіх краін гарантаваць грамадзянам магчымасці для годнага развіцця.

Нельга не пагадзіцца з мудрым чалавекам. Насельніцтва Беларусі таксама не можа пахваліцца добрымі заробкамі і пенсіямі. Размежаванне людзей на багатых і бедных вядзе да глабальнай канфрантацыі, сацыяльных выбухаў. Дубінкі, вадамёты і нават агнястрэльная зброя ў гэтым выпадку ўладзе не дапамогуць.

Стабільнасць, спакой у краіне гарантуе не аўтарытарнае, закрытае, а дэмакратычнае, адкрытае грамадства. Празрыстасць павінна быць ва ўсім, акрамя дзяржаўных, ваенных, пэўных навуковых і тэхналагічных таямніц.

Інвентарызацыя набыткаў беларускай наменклатуры, якую трэба правесці, магла б высветліць іх законнасць або сумніўнасць, навесці прававы парадак, бо абурэнне людзей ростам крымінальных спраў, заведзеных на начальнікаў, не зніжаецца. Колькі ў краіне ёсць «государевых людей», як яны любяць сябе называць, не ўблытаных у махлярствы, у карупцыю? Такая арыфметыка вельмі карысная, яна падказала б, на якім «свеце» мы знаходзімся, да чаго прыйшлі, як нам жыць далей?

Трэба прыслухацца і да экспертаў-эканамістаў, якія бачаць выхад з сітуацыі ў тым, каб увесці прагрэсіўнае падаткаабкладанне, забараніць вывад грошай у афшоры, ліквідаваць ценевы бізнес, павялічыць зарплаты старанным працаўнікам.

Безумоўна, можна лічыць усе заклікі да ўмеранасці ў спажыванні або ў назапашванні багацця, у тым ліку і гэтыя мае, «гласом вопиющего в пустыне». Але гісторыя чалавецтва даўно засведчыла, якімі жахлівымі катастрофамі для дзяржаў і для асобных людзей, іхніх дзяцей і ўнукаў заканчваецца шалёная пагоня за раскошай. Падумаць ёсць над чым…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Злачынная прагматычнасць

Вялікае перасяленне

Хто каго пераплюне?

Удуeшэнне прыстойнасці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.