Нараджэнне апакаліпсісу
У сучасным непрадказальным свеце мяжа, якая акрэслівае гвалт, пастаянна ссоўваецца. Зло ўпарта наступае на дабро і чалавечнасць. Расце колькасць агрэсіўных індывідаў, якія не належаць ні грамадству, ні самому сабе. Такія людзі ў атмасферы жорсткіх стрэсаў, адчаю і гневу робяць усё, што заўгодна.
Паведамленні пра забойствы на бытавой глебе, выбухі нечаканай нянавісці, скіраванай на незнаёмых людзей, крывавыя тэрарыстычныя акты, лакальныя і маштабныя ваенныя дзеянні ў розных кутках планеты сталі звычайнымі. Яны часта праходзяць міма, не закранаючы ні душу, ні сэрца. Але сховамі ва ўтульнай кватэрнай пячорцы або бяздумнай абыякавасцю нам не адкруціцца.
Пасля інфармацыйнай рэвалюцыі і росту глабалізацыі планета становіцца сапраўды агульным домам. «Чужой вайны» цяпер няма. Многія зямляне ўспрымаюць весткі пра баявыя дзеянні, што прыводзяць да крыві і ахвяраў, як уласную трагедыю.
Але трэба адзначыць, што ўспрыняцце вайны рознымі пакаленнямі людзей — неаднолькавае. Больш асцярожныя старэйшыя, хто на сабе зведаў наступствы варожай навалы або з маленства чуў пра страшную бяду ад дзядоў і бацькоў, яны выступаюць супраць, а нявопытная моладзь пад уплывам меркантыльных, хлуслівых ідэолагаў і СМІ вышуквае ў ёй рамантыку, гераізм. Спецыфічнае стаўленне да вайны ў прафесійных вайскоўцаў. Для аматараў паваяваць за грошы, для «вольных стралкоў», якіх развялося шмат, яна — «маці родная».
Асабіста для мяне вайна — гэта вар’яцтва, бо за ёй стаяць смерць, кроў, слёзы, голад, холад, бруд, хваробы. Хоць я нарадзіўся ў 1946 годзе, вайна з маленства ішла за мною, балюча наступаючы на пяты. У партызанскім краі, які вынішчылі фашысцкія карнікі, жытлом былі зямлянкі і халупы на папялішчах, а вучыўся я ў школках, складзеных як з новага, так і з абгарэлага бярвення. Было і галодна, і халодна. Няўтульнасць, гранічны аскетызм кампенсавалі толькі пяшчота і ласка мамы. Памятаю, як я, дарэшты знясілены пасля выканання гаспадарчых абавязкаў і гойсання з сябрамі на волі, прыбягаў у цесны прытулак пры школе, у якой мае бацькі працавалі настаўнікамі.
На ложак спасаўкай саспелай
Падаю, нібы ў баразну.
Толькі зноў не засну.
Нада мною мама — вішняю белай,
Замест калыханкі
расказвае пра вайну…
Гэта радкі з маёй паэмы «Прарыў». Пра што яшчэ магла апавядаць рана пасівелая мама, калі вайна ўварвалася ў яе жыццё з юных гадоў, моцна падкасіла здароўе і сілы? Ёй давялося стаць сувязной, а затым партызанкай, і ўражанні пра жахлівы час яна выгаворвала часта. Бацька-франтавік расказваў пра вайну скупа, але і ў яго канкрэтных эпізодах, дэталях не знаходзілася месца рамантыцы і гераізму…
Хачу паказаць стаўленне яшчэ некалькіх сведкаў да трох войнаў — першай сусветнай, Вялікай Айчыннай і неаб’яўленай у Афганістане. Баявы рускі афіцэр І. Ільін піша ў 1915 годзе: «Война — это кошмар, везде и всюду зло. Одни крадут казенные деньги и заботятся о наживе, другие грабят жителей, третьи издеваются над этими жителями и ничего не признают».
А вось словы майго старэйшага сябра, франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі В. Быкава: «Людзей не шкадавалі. Усё на фронце было лімітавана, усё дэфіцытна і нармавана, апроч людзей. З тылу, са шматлікіх пунктаў фарміравання і навучання няспынным патокам ішло да фронту папаўненне — масы схуднелых, нямоглых ад тылавой муштры людзей, якія трошкі навучаны былі валодаць вінтоўкай, але не заўжды разумелі па-расейску. Усе яны папаўнялі парадзелыя ў няспынных баях часці, каб заўтра ж пад шквальным агнём падняцца ў атаку ды тут жа і ўпасці долу».
Дакументальны фільм «Афганистан. Я помню», што быў паказаны па мясцовым тэлебачанні, расказаў пра маці, якой прадстаўнікі ўлады не далі глянуць на сына ў цынкавай дамавіне, развітацца з ім па-людску. Але яна з мужам ноччу ўсё ж раскапала магілу. Паглядзела, пераканалася, што гэта — яе крывінка, што ў дамавіне не пуста.
Сэрца разрывалася, калі я слухаў спакутаваную жанчыну, якая гаварыла пра афганскае катаванне пад назвай «чырвоны цюльпан» — з жывога салдата або афіцэра здзіраюць скуру і завязваюць вузлом на галаве… Праз пекла, якое ў СССР цынічна замоўчвалі, прайшло 30 тысяч беларусаў, 760 загінула.
Як можна нармальнаму чалавеку пасля жахлівых ведаў пра вайну спакойна яе ўслаўляць або рыхтаваць? Тым не менш, ёсць шмат двухногіх, якія лічаць, што вайна — гэта сутнасць чалавечай прыроды, яе пастаянны атрыбут і знікне толькі разам з гібеллю чалавецтва. На агульную бяду яны ўціскаюцца ў вялікую палітыку, цягнуцца да ядзерных кнопак.
Прадчуванне вялікай вайны, якая можа ўкруціць у бязлітасныя жорны самыя баяздольныя краіны свету, стала настолькі яўным, што над праблемай вайны і міру задумваецца ўсё болей людзей. Яны бачаць, што на набліжэнне ўсёзнішчальнага апакаліпсісу ўплываюць нарастаючая ўзурпацыя ўлады, услаўленне дыктатарства, нарошчванне армій і зброі, гвалт сілавікоў над безабаронным, цывільным насельніцтвам. Узмоцнены ціск на дэмакратыю выклікае адпор.
Што стане штуршком да катастрофы — амбіцыі і правакацыі агрэсіўных палітыкаў, супрацьстаянне рэлігій, зацятае спаборніцва транснацыянальных карпарацый? Я не ведаю, але небяспека ходзіць побач з намі…
Расія анексавала Крым, развязала вайну на ўсходзе Украіны. Падагрэты агрэсіяй, нібы алкаголем, афіцэр ГРУ, член місіі АБСЕ, публічна заяўляе на канале АНТ: «Украина эта ваша — срань. Есть великая Россия!». Раней такога цынічнага хамства не гучала.
Я не падзяляю гонару і ўрачыстасці, якія гучаць у галасах беларускіх і расійскіх тэледыктараў, чыноўнікаў, калі яны расказваюць пра прыбыткі ваеннай прамысловасці дзвюх краін. А пасля гандляры зброяй напяльваюць маскі міратворцаў і з блакітнага экрана праліваюць кракадзілавыя слёзы па ахвярах баявых дзеянняў. Але хто паверыць у такую «шчырасць»?
Замест таго, каб наладжваць мірнае, заможнае жыццё народа, улада ад яго імя б’е кулаком у грудзі і даказвае невядома каму: «Мы самыя-самыя!». Чым у такім выпадку яна адрозніваецца ад рэжыму Паўночнай Карэі, які замбіруе галодных людзей псеўдапатрыятызмам, праводзіць ядзерныя выпрабаванні, запускі балістычных ракет, пагражае атамнай зброяй амерыканцам?
Беларускі кіраўнік заявіў, што мы можам абысціся «без бряцания оружием каких-то реформ», хоць якраз у рэформах заключана ратаванне эканомікі. Затое ўзняўся вэрхал па ўмацаванні гэтак званай тэрытарыяльнай абароны. Правядзенне збораў суправаджаецца пытаннем: «Готовы ли мы действовать в военных условиях?». З кім жа будуць змагацца бравыя ваякі з круглымі жыватамі і задышкай? Відаць, што не з натаўцамі, а з «ворагамі», якіх самі і прызначылі, — з іншадумцамі. Увогуле, «тэлевізійныя страшылкі нанач» мясцовага разліву выглядаюць не толькі смешна, але і брыдка.
Жыццё чалавецтва працягваецца. Беларусам, нягледзячы на самазгубнае стаўленне да ўласнай гісторыі, роднай мовы, культуры, месца ў ім яшчэ ёсць. Калі нарэшце мы возьмемся за розум, то становішча нацыі стане больш трывалым.
Але ўся планета безабаронная прад сутыкненнем з касмічным целам, прад людской безгаспадарчасцю і згубнай сквапнасцю, прад ядзернай вайной. Ніколі не трэба забывацца, што дэманы апакаліпсісу ходзяць сярод нас.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: