TOP

Наўздагон

Шмат разоў на вакзале або на аўтобусным прыпынку я чуў ад бабулек, якія бавілі час да ад’езду ля сваіх хатулёў, старую сентэнцыю: «Няма нічога больш цяжкага, чым чакаць або даганяць». Зацяганы выраз надакучыў нават у «народным выкананні», але набывае актуальнае гучанне, калі выкарыстаць яго для характарыстыкі стану аўтарытарнай Беларусі. 

Праўдзівы аналіз існавання краіны ў зацягнутым перыядзе ўзурпіраванай улады паказвае, што насельніцтва, выціснутае як лімон, скутае страхам прад нахабным, цынічным начальствам і невераемнай абыякавасцю да ўласнага лёсу, сапраўды чагосьці чакае або няўклюдна спрабуе даганяць народы, якія ў развіцці вырваліся далёка наперад. Асэнсаванага руху ў будучыню няма, новая гісторыя беларусаў нагадвае шалёныя скачкі загнанага зайца, які заблытвае сляды. Рэжым «спартанскага» выжывання, у якім знаходзяцца і асобныя грамадзяне, і ўся краіна, не стымулюе стабільных дасягненняў.

Чыноўнікі бяруць прыклад з галоўнага боса — не сябруюць са стратэгіяй і нават баяцца яе, абмяжоўваюцца зразумелай ім прымітыўнай тактыкай, якую рэалізуюць звыклымі каманднымі метадамі. Пачынаючы са сталіцы і да райцэнтраў праходзяць нудныя нарады з пагрозамі і накачкамі. Тыя, якія праводзяцца ў Мінску, транслююцца па тэлебачанні, каб паказаць народу, што «ўсё пад кантролем», што канвеер пасадак за краты працуе. Але настрой палахлівасці і няўпэўненасці, які пануе ў начальніцкім асяроддзі, перадаецца ўніз — у масы, дзе таксама няма ініцыятыўнасці, свабоднай творчасці, дзе многае робіцца толькі «пад пугай пастуха».

Той, хто жыве адным днём, не згадваючы ўрокі мінулага, не заглядаючы наперад, няздольны бачыць агульную панараму тутэйшага быцця. Многія беларусы не памятаюць нават таго, што было год назад, чым тады «радавала» ўлада. Гэтым і карыстаюцца вярхі. А я не пагаджаюся на ролю бяспамятнага статыста, які блукае ў трох соснах. Чвэрць стагоддзя, пражытая ва ўмовах дзяржаўнасці, ляжыць прада мной, як на далоні. Сутнасць пройдзенага перыяду — гэта марнаванне часу, мітуслівыя, гвалтоўныя дзеянні ўлады і рабскія паводзіны насельніцтва.

Калі пасля доўгага катэгарычнага адпрэчвання разумных прапаноў рэжым усё ж да іх прыходзіць, выдаючы, безумоўна, за ўласныя ідэі, то я ўсміхаюся: «Яшчэ адзін воўк у лесе здох». Толькі цяпер дзяржава з катастрафічным злачынным спазненнем і з абрыдлай ментальнай нясмеласцю прыступае да рэалізацыі планаў, якія былі намечаны дэмакратычнымі сіламі яшчэ ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. Хоць і нехаця, а даводзіцца вяртацца з «асобнага беларускага шляху» на агульначалавечую шырокую магістраль.

Тутэйшым «вынаходнікам веласіпеда» не пашанцавала. У першую чаргу гэта тычыцца эканомікі. Рынак у Беларусі ёсць, а нармальных рынкавых стасункаў няма, бо яны не падтрымліваюцца, а толькі разбураюцца ўладай. Мадэль эканомікі, якую падкупленыя мясцовыя і замежныя хлусы ўзводзілі ў ранг новага «тыгра», прыйшла да бясслаўнага фіналу. Незалежныя эксперты адразу бачылі яе пачварную неэфектыўнасць. Даводзілася разважаць на гэтую тэму і мне — публіцысту. Нарэшце з вялікім спазненнем горкая праўда даходзіць да ўсіх грамадзян.

Аналіз сітуацыі, якая склалася апошнім часам, зроблены «Deutsche Welle» (Германія): «Асноўную стаўку Мінск зрабіў на рынак Расіі. Таму калі ў краіне-саюзніцы, куды паступае больш за 50 працэнтаў беларускага экспарту, грымнуў крызіс з-за падзення кошту нафты, абвалілася і беларуская эканоміка. Але як бы ўладзе ні хацелася зваліць усе праблемы на знешнія фактары, асноўнай прычынай з’яўляецца адсутнасць структурных рэформаў. Аб іх неабходнасці адразу пасля выбараў адкрыта заявілі чыноўнікі з эканамічнага блока беларускага ўрада. З рэформаў трэба было пачынаць яшчэ ўчора, але галоўным праціўнікам пераўтварэнняў, як і раней, выступае сам Лукашэнка».

У студзені 2016 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года экспарт знізіўся на 18,5 працэнта. Лічба звалілася на галаву чыноўнікаў, як цагліна з даху. З яшчэ большым імпэтам яны кінуліся шукаць грошы на ўтрыманне сістэмы. Сродкі выціскаюцца рознымі спосабамі — павышэннем тарыфаў ЖКГ і аплаты праезду на транспарце, ростам коштаў на прадукты, тавары і лекі, мытнымі паборамі, безліччу штрафаў, нават павелічэннем планавых эканамічных заданняў… бібліятэкам і музеям. Але, перакладаючы на плечы народа цяжар праблем, кепскае эканамічнае становішча выправіць не ўдасца. Патрэбны рэформы, асабліва ў прамысловасці, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу — менавіта так дзейнічае Кітай.

Непаслядоўна і супярэчліва развіваюцца яшчэ тры не менш важныя галіны — фундаментальная і прыкладная навука, адукацыя, ахова здароўя, якія наўпрост уплываюць на паляпшэнне дабрабыту людзей. Прапагандысцкі рупар узахлёб расказвае пра выдатныя дасягненні, але, на жаль, гэта не так. Сціплыя прарывы, якія ў навуцы ёсць, не забяспечваюць стратэгічнага руху. У звязку з тым, што працягваецца адток кадраў, навуковы патэнцыял знізіўся і ніяк не можа набыць разгон. Не прыносяць карысці арганізацыйныя змены, якія скаланаюць айчынную навуку. Сёння каля 5 тысяч таленавітых вучоных працуе за мяжой без страты грамадзянства, а дакладнай колькасці тых, хто яго пазбавіўся, назаўжды адарваўся ад роднага краю, няма. Гэта яшчэ тысячы вучоных і выкладчыкаў.

Адукацыя таксама перажыла ўдасканаленні, але яны не палепшылі змест і якасць навучання, выхавання асобы. У многіх выпускнікоў школ і ВНУ няма патрэбнага для жыцця запасу ведаў, шырокага кругагляду на свет. Не забяспечаны належная падрыхтоўка і выкарыстанне педагагічных кадраў. Маладыя настаўнікі, чыя аплата працы надзвычай нізкая, часта трапляюць у гаротнае матэрыяльнае становішча.

Больш поспехаў на рахунку медыцыны. Яе прафесійны ўзровень значна вырас, што станоўча ўплывае на агульны стан здароўя, працягласць жыцця насельніцтва. Але ўлада дарма закалыхвае нас пераможнымі рапартамі, бо яны далёкія ад рэальнай сітуацыі ў многіх паліклініках і бальніцах, асабліва на перыферыі. А што тычыцца суадносін кошту як імпартных, так і айчынных лекаў з памерам зарплат і пенсій, то тут, як любіць казаць кіраўнік краіны, «хоць гвалтам крычы». Лячыць сур’ёзныя хваробы на такія грошы немагчыма…

Галоўная ўмова для паспяховага развіцця краіны — гэта забеспячэнне кожнаму грамадзяніну магчымасці рэалізавацца. На першым месцы павінен быць чалавек, а не дзяржава. У нас пакуль што ўсё робіцца наадварот, любымі спосабамі ратуецца заганная сістэма, і таму добрых вынікаў няма.

Краіна знешне мае нібыта прыстойны антураж, нашпігавана замежнымі тэхналагічнымі навінкамі, зіхаціць гламурам. Пастаянна ідзе абмен рознымі дэлегацыямі. Прэзідэнт лятае на раскошным авіялайнеры, ездзіць на шыкоўных лімузінах, губернатары, міністры і нават дробныя начальнікі вальяжна асядлалі дарагія іншамаркі.

А мне родная Беларусь, скутая аўтарытарызмам, абцяжараная грувасткім чыноўніцкім і рэпрэсіўным апаратам, абвешаная многімі пазыкамі, нагадвае самотную бабульку з хатулямі на аўтавакзале, якая з зайздрасцю глядзіць услед камфартабельным экспрэсам і чакае прапахлую бензінам і потам, дабітую калымагу.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Нараджэнне апакаліпсісу

Пагоня за раскошай

Злачынная прагматычнасць

Вялікае перасяленне

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.