TOP

Незаменны Беларус

Здаўна бытуе выказванне, што незаменных людзей няма, на месца тых, якія адыходзяць, становяцца новыя. Я ніколі не згаджаўся з гэтай высновай, а тым больш не прымаю яе цяпер, калі ў пачатку ХХІ стагоддзя Беларусь страціла столькі нацыянальных духоўных арыенціраў — Васіля Быкава, Янку Брыля, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча.

Чым далей жыву, усё болей я захоплены таямніцай выжывання матчынай мовы, загадкай стойкасці сапраўдных беларусаў у акіяне цемрашальства. На працягу стагоддзяў на роднай зямлі лютуе антынацыянальная палітыка, але мова, нягледзячы ні на што, жыве, а люд тутэйшы знаходзіць сілы, каб нараджаць годных сыноў Айчыны, выдатных творцаў, якія становяцца абаронцамі беларускай існасці ў свеце.

Ніл Гілевіч, з якім мы развіталіся, быў не проста знакавай творчай асобаю. Ён выпрацоўваў магутную энергію нацыянальнага духу, выхоўваў настрой гістарычнага аптымізму, заклікаў суайчыннікаў да засваення сваёй гісторыі, культуры, народных традыцый. Паэт яшчэ з юнацтва зразумеў важную яднаючую і мабілізуючую сілу роднай мовы, а таму аддаў ёй усё жыццё.

Многія літаратары былі абаронцамі роднай мовы, за што ім — удзячнасць і павага. Урэшце, яны пісалі на ёй, што мацавала галоўны чыннік нацыі. Але такога дасведчанага, падрыхтаванага і апантанага заступніка, якім паказаў сябе Ніл Гілевіч, матчына мова яшчэ не мела! Па-першае, ён стаў актыўным збіральнікам, удумлівым даследчыкам і выдатным выкладчыкам фальклору, лекцыі якога мне пашчасціла слухаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце. На яго рахунку — кнігі «Паэтыка беларускай народнай лірыкі», «Паэтыка беларускіх загадак», укладанне і навуковае рэдагаванне фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак», «Песні народных свят і абрадаў», «Лірычныя песні», «Лірыка беларускага вяселля», «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі». Па-другое, пяру паэта належаць сотні публікацый у перыядычным друку, кніга «Любоў прасветлая (роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове)». Яго выступленні ў абарону беларускай мовы ў рэспубліцы, на пленумах і з’ездах Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве, на міжнародных канферэнцыях атрымалі вялікі розгалас. Пра патрыятызм, эмацыйны накал гаворкі сведчаць нават іх назвы: «Любоў да роднага слова — любоў да Радзімы», «Каб людзьмі між людзей пачувацца», «Клопат пра мову — клопат пра будучыню нацыі», «Без сваёй мовы, як без паветра, арганізм краіны свабодна дыхаць не зможа». У падтрымку сваіх слоў ён браў выказванні пісьменнікаў, педагогаў Расіі, як, напрыклад, К. Ушынскага: «Мова ёсць самая жывая, самая багатая і самая моцная сувязь, якая злучае аджыўшыя, жывучыя і будучыя пакаленні народа ў адно вялікае, гістарычна жывое цэлае. Яна не толькі выяўляе сабой жыццёвасць народа, але ёсць якраз сама гэтая жыццёвасць. Калі знікне мова — народа больш няма…»У 1988 годзе Н. Гілевіч прапануе пленуму СП СССР звярнуцца ў Вярхоўны Савет СССР «з просьбай прыняць закон аб тым, што ў кожнай рэспубліцы дзяржаўнай мовай з’яўляецца мова народа, які даў назву рэспубліцы».

Прыродны талент, глыбокае веданне фальклору, любоў да народнага слова несумненна дапамаглі Н. Гілевічу ва ўласнай творчасці, выразна адбіліся ў ёй. З гэтай прычыны яго паэтычныя радкі лёгка, свабодна заходзяць у душу чалавека, каб застацца там назаўсёды. Нездарма многія вершы паэта сталі папулярнымі песнямі.

Я падзяляю думку Ніла Сымонавіча пра тое, што меркай творчага чалавека павінен быць толькі талент без дамешкаў — «сацыялістычных рэалізмаў», «мадэрнізмаў», «постмадэрнізмаў» і г. д. Ніякая модная школа або кірунак не могуць прыкрыць бяздарнасці. А моцны талент у межах любой праграмы здольны стварыць неўміручы твор. Талент — гэта фактар універсальны і абсалютны.

Н. Гілевіч зрабіў шмат добрага як кіраўнік пісь­менніцкай арганізацыі, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны, дэпутат, палітык, грамадскі дзеяч. Ён стаў адным з асноўных творцаў законаў, якія працавалі на нацыянальнае Адраджэнне.

У маёй бібліятэцы маюцца амаль усе кнігі паэта з сяброўскімі дарчымі надпісамі. Ганаруся азначэннямі — «паплечніку ў Вялікім Змаганні за Беларусь, сардэчна абдымаючы», «аднаму з нямногіх, хто не маўчыць», «паэту і чалавеку, якога люблю». Часта ў аўтографах гучыць такі матыў: «Будзіў-будзіў, клікаў-клікаў, ваяваў-ваяваў, а ў выніку?.. Толькі гэта кніга?.. І ўсё ж — не згінем! Ёсць і будзем!.. З павагай і любоўю — Ніл Гілевіч».

Першы том збору твораў пазначаны яго характарыстыкай — «пачатак адлюстравання аднаго катаржнага жыцця ў літаратуры». Сапраўды за плячамі паэта — тытанічная творчая праца, дзе знайшлося месца не толькі вершам і паэмам, але і публіцыстыцы, крытыцы, літаратуразнаўству, драматургіі, эсэ, апавяданням, перакладам з еўрапейскіх моў! І гэта ў неспрыяльных умовах!

У кнізе «Паланэз Агінскага» пасля выхадных дадзеных, у якіх прыведзены наклад — 100 асобнікаў (?), ёсць прыпіска: «За пенсію! Н. Г.». Сапраўды, многія кнігі, у тым ліку і тамы Збору твораў ім надрукаваны за свой кошт і выйшлі колькасцю ад 70 да 100 асобнікаў. У скупой жалобнай інфармацыі тэлебачанне «сарамліва» апусціла гэтую «акалічнасць», факт выпуску Збору твораў Н. Гілевіча прагучаў як заслуга аўтарытарнай дзяржавы. Увогуле, цяперашняя ўлада мае «цікавую» завядзёнку: абсыпаць прэміямі, ордэнамі расійскую папсу — і ваяваць з айчыннымі творцамі, забываць нават пра 80-гадовыя юбілеі народных паэтаў і пісьменнікаў. Успамінаюць пасля смерці, і то не ўсіх.

У спачуванні прэзідэнта сказана, што памяць пра Н. Гілевіча «сохранится в сердцах почитателей белорусской литературы». Пісарчукі, якія рыхтавалі тэкст, спецыяльна прынізілі значэнне зробленага Майстрам. Не, панове манкурты, народны паэт застанецца не з «почитателями», а з усім народам! Прэзідэнты, нягледзячы на арганізаванае ўладнае доўгажыхарства, усё-ткі некалі мяняюцца, а паэты навечна застаюцца на сваёй «пасадзе», дадзенай Вышэйшай Воляй.

Творчасць Н. Гілевіча даўно пайшла ў народ, чаму я сам сведка. Яго радкі цытуюць і акадэмік, і ўрач, і слесар, і даярка, і трактарыст. А як яго віталі людзі на сустрэчах, якіх не злічыць! Ніл Сымонавіч знаходзіў агульную мову з любым чалавекам — ад старога да малога.

Мая дачка Святлана была непасрэдным дзі­цем. Неяк паэт, які любіў гасцяваць у нас, завітаў у кватэру. Не паспеў павітацца, агледзецца, як трохгадовая малая, што забаўлялася на падлозе, звярнулася да яго: «Дзя­дзь­ка, сядай са мной! Ты будзеш мне лускаць семкі, а я табе на піяніне пайграю». Трэба было бачыць, як мажны, прыгожы чалавек уладкаваўся побач з дзяўчынкай на доле, лускаў семкі і размаўляў з ёю. Такія выпадкі ён успамінаў з вялікай прыемнасцю…

У вершы Н. Гілевіча «Перасцярога» ёсць радкі: «І зямля, і воля, і душа! — лёсу трыадзіная апора». Запавет паэта — беражыце незалежнасць роднага краю і ўласных душ!

Мне хочацца згадаць шчымлівую, прарочую страфу наконт яго вясновага адыходу, якая высвечвае душэўны жаль паэта: 

А мацней за ўсё я пашкадую
Перад тым, як свет пакінуць весні,
Што ўжо больш ніколі не пачую
Нашай роднай беларускай песні.

Усім нам трэба да зямлі пакланіцца за здзейснены творчы і грамадзянскі подзвіг Нілу Сымонавічу Гілевічу — незаменнаму і незабыўнаму Беларусу з вялікай літары.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Навіны з пекла

Наўздагон

Нараджэнне апакаліпсісу

Пагоня за раскошай

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.