TOP

Закон справядлівасці

Слова «справядлівасць» на працягу свядомага жыцця чалавецтва было і застаецца адным з самых папулярных і запатрабаваных. Яно практычна мае статус няпісанага закона, які адукаваныя, культурныя, маральна выхаваныя людзі стараюцца не парушаць нават у складаных, жорсткіх абставінах. 

Часта справядлівасць спрабуюць паставіць у адзін шэраг з роўнасцю. Такі падыход няправільны, бо людзі ад нараджэння надзелены рознымі фізічнымі і разумовымі здольнасцямі, неаднолькавым сямейным маёмасным падмуркам, іх магчымасці могуць быць абсалютна непараўнальнымі. Тым не менш, шанц ёсць у кожнага. Калі чалавек дасягае высокага матэрыяльнага дабрабыту, публічнай вядомасці дзякуючы толькі ўласнаму таленту, розуму, не парушаючы дзеючага заканадаўства, не займаючыся выкарыстаннем службовага становішча і карупцыяй, прысабечваннем народнага багацця, крадзяжамі, — то хто можа прад’явіць яму прэтэнзіі? Застаецца толькі шчыра парадавацца за яго!

Справядлівасць у большай ступені тычыцца арганізацыі чалавечага жыцця, яна таксама выходзіць на першы план, калі нахабна не выконваюцца законы, разбураецца сістэма маральных каардынатаў. Па-першае, у грамадстве ёсць інваліды, хранічныя хворыя, шматдзетныя сем’і, старыя і маленькія — лю­дзі,якіх яно павінна апякаць, забяспечыць ім годнае жыццё. Па-другое, заўжды знаходзяцца такія асобы, якім здаецца, што яны лепшыя за іншых, і таму могуць схапіць са стала большы кавалак пірага. Іх абавязкова трэба ставіць на месца.

Свет мяняецца, але, на жаль, не ў лепшы бок. За маімі плячамі шмат гадоў, таму сведчу, што раней у чалавечых адносінах адчувалася больш шчырасці, сардэчнасці і чысціні. Быў дзіўны час. Жылі бедна, панавала нястача, і разам з тым — дзяліліся апо­ш­нім, сусед дапамагаў суседу. У сталінскім жудасным, рэпрэсіўным грамадстве не ўсе людзі сталі стукачамі або катамі. Былі тыя, хто лічыў сябе, сваю чалавечую годнасць нечым больш важным, чым цяпер. Яны імкнуліся прынесці карысць краіне, быць сумленнымі, справядлівымі, значнымі ў абранай прафесіі. Няхай сабе на ўсім гэтым ляжала фальшывая пазалота савецкай дэкларацыі і пафасу, але такое было. Сёння многім асобам, якія пры аўтарытарнай уладзе дарваліся да поўнага карыта за кошт іншых, надта не падабаецца слова «справядлівасць», а я люблю яго.

У ХХІ стагоддзі адбылося яўнае парушэнне прапорцыі справядлівасці і несправядлівасці на карысць апошняй, вырасла глыбокая прорва паміж багатымі і беднымі лю­дзьмі. У маштабах планеты ідзе бязлітасная пагоня за вялікімі грашыма, якую вядуць транснацыянальныя карпарацыі, банкі, кланы алігархаў. Прытым назапашанае багацце часта не працуе на дабро. Яно становіцца прычынай смяротнай зайздрасці, подлых інтрыг, злачынстваў, забойстваў.

Але элементарнай справядлівасці і здаровага сэнсу патрабуе не адна сфера матэрыяльнага дабрабыту. У поўны заняпад сёння прыйшлі інфармацыйная і культурная прасторы. Сучаснае жыццё шчыльна прыкрывае тоўсты пласт макіяжу, які складаецца з цынічнай хлусні і настырнага гламуру. Падман стаў нормай, людзі на яго не звяртаюць увагі, а звычайна кпяць, смяюцца. Хлуснёй займаюцца не толькі кіраўнікі дзяржаў, прадстаўнікі ідэалагічных службаў і СМІ, інтэлектуальны, культурны і маральны ўзровень якіх катастрафічна знізіўся. Значная колькасць звычайных грамадзян таксама навучылася падманваць, набіваць сабе цану, выдаваць сябе не за тых, кім з’яўляюцца. Многія людзі губляюць каштоўны час на пустое, робяць сваімі кумірамі экстравагантных, але прымітыўных, нікчэмных індывідаў.У такіх умовах цяжка дасягнуць патрэбнай стваральнай атмасферы. Палітычная, культурная і маральная дэградацыя ў свеце нічога, акрамя сораму, агіды і асуджэння, не выклікаюць.

Аўтарытарная беларуская дзяржава ігнаруе закон справядлівасці. Асобы, якія дапялі да любой, нават маленькай улады, хапаюцца за яе намёртва і выкарыстоўваюць для абагачэння. А хабарнічаюць і крадуць яны са стратэгічным размахам, каб хапіла на ўласнае шыкоўнае жыццё, на камфортны дабрабыт дзяцей і ўнукаў, на тое, каб у выпадку прыцягнення да судовай адказнасці была магчымасць адкупіцца. Пра якую справядлівасць можна гаварыць, калі звычайны працаўнік за нязначнае эканамічнае злачынства адразу атрымлівае салідны турэмны тэрмін і сядзіць за кратамі, як кажуць, ад званка да званка, а начальнік, які скраў мільярды, спакойна выплачвае прысуджанае, выходзіць на волю і прызначаецца на новую кіруючую пасаду. Нават у крызісны час уладны клан працягвае жыць раскошна,перакладаючы здабыванне сродкаў, цяжар эканоміі на плечы збяднелага насельніцтва, пра што сведчыць імклівы рост коштаў і павышэнне тарыфаў.

Безумоўна, у параўнанні са сталінскім часам беларусы жывуць лепш, але нам не выпадае ўслед за прапагандай цешыцца «вялікімі перамогамі». Вельмі сціплы дабрабыт большасці людзей, які кожны месяц пагаршаецца, пабудаваны на эканамічным «пяску» і можа рассыпацца ў любы момант.

Што я заўважаю, чым трывожуся?Тым, што клубок супярэчанняў, якія даўно назапасіліся і абвастрыліся ў грамадстве, не хочуць разблытваць ні начальства, ні насельніцтва. Паводзіны ўлады зразумелыя, яна карыстаецца звыклым метадам: «Кавалак хлеба і шклянка гарэлкі ў абмен на лаяльнасць!». Ён спрацоўваў у савецкі час, застаўся актуальным і цяпер.

Больш складана зразумець абыякавасць грамадзян на абразу і прыніжэнне з боку аўтарытарнага рэжыму. Усім бачна несправядлівасць, якая тырчыць з усіх куткоў рэчаіснасці, а рэакцыі на яе няма. Чаму, скажам, працаўнікі, якія атрымліваюць зарплату з дзяржаўнага бюджэта, няроўныя ў правах? Улада, як гэта было ў царскай Расіі, увяла чын «дзяржаўнага служачага», узнесла яго на недасягальную па аплаце вышыню. А што, супрацоўнікі дзяржаўных устаноў —вучоныя, выкладчыкі, настаўнікі, урачы–не дзяржаўныя служачыя? Многія з іх прыносяць нашмат болей карысці грамадству, чым асобныя чыноўнікі. Як бы там ні было, а аплата працы і пенсіі бюджэтнікаў не павінны адрознівацца ў шмат разоў. Гэта абуральная несправядлівасць, якая пастаянна раздражняе грамадзян. Такія прыклады можна прыводзіць доўга…

З гадоў студэнцтва мяне не пакідаюць развагі пра якасную сацыяльную ўладкаванасць грамадства, пра справядлівасць, без чаго немагчымы належны парадак і стабільнасць. Неяк выспела выснова, якой кіруюся праз усё жыццё:

Прэч спасылкi на час i на ўмовы!
Як цвiком да крыжа прыбiць:
Справядлiва —
адно гэта слова
Мае права ацэначным быць.

«Прасунутыя розумы» свету, якія сёння займаюцца палітыкай, эканомікай, гандлем, банкаўскімі справамі, у запале непамерных амбіцый забываюцца на тое, што ў падмурку жыцця знаходзіцца гэтак званы «маленькі чалавек», што яго цярплівасць не бывае бясконцай.

Народныя хваляванні часта ўзнікаюць не з прычыны значнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі, а з-за глупства бюракратаў, усёдазволенасці сілавікоў, грубага парушэння ўладай звыклага людскога ўяўлення пра справядлівасць.

Хоць закон справядлівасці няпісаны, ды нахабнае ігнараванне яго заўжды заканчваецца нарастаннем варожасці, нянавісці, а затым — крывавымі канфліктамі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Прарыў да супольнасці

Незаменны Беларус

Навіны з пекла

Наўздагон

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.