TOP

Перабор

Апошнім часам заўважаю дзве з’явы, якія мяне здзіўляюць і трывожаць. Чым далей адыходзіць у мінулае Вялікая Айчынная вайна, тым актыўней палітыкі з вачыма шулераў выкарыстоўваюць яе ў меркантыльных мэтах, больш пампезным і казённым становіцца само святкаванне Дня Перамогі. 

Вайна для любога народа — гэта жудасны стрэс і гвалтоўны прымус да ахвярных дзеянняў. Як бы ні рабіўся націск на патрыятычны ўздым і масавы гераізм, але перш за ўсё яна з’яўляецца руціннай, цяжкай, бруднай і крывавай працай у экстрэмальных умовах. Што тычыцца яе вынікаў, то пра іх ведаю сам, бо вырас у дашчэнту выпаленым фашысцкімі карнікамі партызанскім краі, дзе загінуў кожны другі жыхар.

Сучасным «правадырам»-мілітарыстам хочацца, каб вайна выглядала суцэльным гераічным дзеяннем, ахутаным рамантыкай, каб свядомасць людзей, якія яе не бачылі, не абцяжарвалі жорсткія падрабязнасці: холад, бясхлебіца, ледзяная вада ў траншэях, акопныя вошы, раздробленыя белыя косці і вывернутыя сіне-шэрыя вантробы параненых. Але сапраўдныя героі, якіх засталася адна жменька, хоць і звыклі да пасляваеннай параднасці, да юбілейных медалёў, да салютаў, помняць змаганне за свабоду якраз такім.

Не менш за платных прапагандыстаў я ганаруся Вялікай Перамогай, бо яе набліжалі мае родныя людзі — маці-партызанка і бацька-франтавік. З гадоў маленства захоўваю пачуццё захаплення і ўдзячнасці ваеннаму пакаленню. Але гэты гонар не штурхае да абароны старой хлусні пра маштабную вайну і да стварэння пра яе новай фальшывай прадукцыі, як гэта робяць сучасныя заангажаваныя ідэолагі. Ён дапамагае зацікаўлена вывучаць дакументы, выслухваць удзельнікаў і сведкаў пабоішча, каб ведаць не прыдуманую, а праўдзівую гісторыю. Побач з гонарам у сэрцы жыве пачуццё спачування і жальбы, бо фашысцкая навала знішчыла гарады і вёскі, дзясяткі мільёнаў вайскоўцаў і мірных грамадзян, пераламала лёсы людзей, якія засталіся жывымі, але дагэтуль не могуць забыць перанесеныя пакуты.

Фальшывы гераізм, якім забіты падручнікі, кінафільмы, тэлевізійныя серыялы, не патрэбны нікому, акрамя мілітарыстаў і замбіраваных імі людзей. Нармальны чалавек хоча ведаць праўду! У тым ліку і пра гіганцкую дапамогу СССР з боку саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі.

«Нам не нужна альтернативная история!» — заявілі агрэсіўныя актывісты «Национально-освободительного движения», якія нядаўна ў Маскве аблівалі фарбай, «зялёнкай», ёдам, закідвалі яйкамі членаў журы і ўдзельнікаў школьнага конкурсу «Человек в истории. Россия — ХХ век». Скандалістам не падабаецца жорсткая праўда пра другую сусветную вайну — палітычны, дыпламатычны, шпіёнскі бруд вакол яе, тузаніна паміж дыктатарамі Сталіным і Гітлерам за «валоданне светам», якія ў СССР былі надоўга схаваны ад насельніцтва, але ў апошні час, хоць і з цяжкасцю, усё ж агучаны і апублікаваны. Амбасадар ФРГ у Расіі Рудыгер фон Фрыч, выступаючы на конкурсе, трапна заўважыў: «Гаварыць праўду — самая простая і складаная справа на свеце. І фарба гэтаму не перашкодзіць».

Бяда многіх ініцыятыў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў не ў тым, што яны смешныя самі па сабе, а ў імкненні падрабляць, фальсіфікаваць гісторыю. Калі мінулае не падабаецца, бо не працуе на ўслаўленне палітыкі таго або іншага «правадыра», то яго хочацца памяняць, перапісаць пад сябе.

Кіраўнікі, якія самі любяць прымяраць ваенныя мундзіры, спекулятыўна выкарыстоўваюць імёны народных герояў. Можна па-рознаму ставіцца да «Маршала Перамогі» Г. Жукава, улічваючы яго няпросты характар, асобныя баявыя аперацыі, праведзеныя ім з вялікімі людскімі стратамі, але тое, што гэта быў выдатны савецкі палкаводзец, бясспрэчна. Калі ў 1974 годзе ён памёр, адзін з сучаснікаў слушна папракнуў брэжнеўскую ўладу: «А что же вы, такие патриоты, такие чтящие память героев, почтили своего маршала крохотной заметочкой в «Правде»: умер, мол, видный военачальник… И все?» Несправядлівае замоўчванне яркіх, таленавітых, заслужаных людзей і нахабнае, цынічнае ўзвялічванне адыёзных асобаў працягваецца ў Беларусі і Расіі, дзе правяць аўтарытарныя рэжымы. Беларусы ўвогуле кепска ведаюць гісторыю сваёй Айчыны, якая не абмяжоўваецца апошняй вайной.

Маючы адміністратыўны рэсурс, можна запоўніць інфармацыйную прастору «дубовай» ваенна-патрыятычнай прапагандай, глянцавымі рэмейкамі, але куды дзець франтавую дакументальную хроніку, якую пад кулямі і снарадамі здымалі мужныя аператары, праўдзівыя дзённікі, успаміны салдат і афіцэраў, мастацкую прозу Віктара Некрасава, Васіля Быкава, Віктара Астаф’ева, Рыгора Бакланава, Вячаслава Кандрацьева, паэзію Аляксандра Твардоўскага, Сяргея Арлова, Уладзіміра Жукава, Аляксея Пысіна, Пімена Панчанкі?

Ці магчыма выхаваць патрыятызм у моладзі, калі на змену савецкім маякам, якія часта былі ўяўнымі, на сцэну выйшлі новыя «героі»: алігархі, бандыты, кішэнныя дэпутаты, прадажныя чыноўнікі, пракуроры, суддзі і следчыя, хлуслівыя міліцыянты, фальшывыя акадэмікі. Сёння лічыцца подзвігам — накрасці чым паболей, прытым застацца ў пашане і атрымаць ордэн. Паралельна на тэлеэкране ўзносіцца да гераічных вышынь удзел у вайне кадэбістаў, «смершаўцаў». У выніку атрымліваецца поўны абсурд.

Замест псеўдагераічных дрындушак, нашпігаваных спецэфектамі, якія круцяць па тэлебачанні, у кінатэатрах, трэба ва ўсіх навучальных установах краіны паказваць мастацкі фільм выдатнага рэжысёра Элема Клімава «Иди и смотри», зняты паводле сцэнарыя, напісанага ім з летапісцам народнага змагання, вялікім, яшчэ па-сапраўднаму не ацэненым, беларускім пісьменнікам Алесем Адамовічам. У аснову леглі творы «Хатынская аповесць», «Партызаны», «Карнікі». Назва фільма па-беларуску «Ідзі і глядзі» гучыць нават больш ёмка, чым па-руску, бо сугучча двух дзеясловаў надае біблейскаму выразу, рэфрэну Апакаліпсісу, выключную глыбіню і дынаміку. Васіль Быкаў на першым праглядзе стужкі сказаў: «Пасля гэтага фільма будзе цяжка здымаць кіно пра вайну».

Геніяльны твор трэба прымяняць у Беларусі і Расіі як самую эфектыўную прышчэпку ад мілітарысцкіх намераў і дзеянняў. Мне здаецца, што кожны чалавек, які ўбачыць яго, глыбей будзе разумець жахлівую сутнасць вайны, якімі б прычынамі яна ні прыкрывалася.

Брыдка глядзець, калі святар вышэйшага рангу прамаўляе ў галоўным храме Масквы малітву «О мире на Украине» ў прысутнасці таго, хто даў загад анексіраваць Крым і пачаць ваенныя дзеянні на суседняй зямлі. Цяпер так павялося — высокапастаўленыя фарысеі камандуюць захопніцкімі аперацыямі або крадуць у грамадства сотні мільёнаў долараў, а затым едуць у царкву і стаяць са свечкамі, каб паказацца народу «белымі і пушыстымі»…

Кідаць народныя сродкі на выкрутасы ідэолагаў, на парадную мітусню нельга. Лепш выкарыстаць іх на падтрымку нешматлікіх ветэранаў. Сёння заўважаецца яўны перабор прапагандысцкай траскатні, салютных грымотаў. Любімае свята несумненна павінна быць масавым, але намнога больш сціплым, жывым, сардэчным, чалавечным.

Святкаваць Вялікую Перамогу трэба. Толькі заўсёды, і асабліва ў гэты слаўны дзень, мы павінны памятаць, якой неймаверна цяжкай цаною яна здабыта.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Вынішчэнне альтэрнатывы

Закон справядлівасці

Прарыў да супольнасці

Незаменны Беларус

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.