TOP

Махнулі рукой

Палітычнае жыццё ў ХХІ стагоддзі перайшло ў новае вымярэнне, хоць гэтага стараюцца не заўважаць. Яно стала намнога больш брудным, цынічным, чым было. Дэмакратычныя сілы пасуюць прад наступам хітрасці, нахабства, агрэсіі з боку аўтарытарных рэжымаў. Яны махнулі рукой на парушэнні, злачынствы, згадзіліся супрацоўнічаць з узурпатарамі. 

Пачынаючы з 80-х гадоў ХХ стагоддзя, словы — «свабода» і «дэмакратыя» сталі звыклым заклінаннем для народаў Усходняй Еўропы. Прытым два гэтых паняцці ўспрымаліся многімі людзьмі як адзінае цэлае, якое незваротна выцясняе дыктатуру, таталітарызм. Калі ўжо атрымалі свабоду, то абавязкова будзе і дэмакратыя. Але гэта абсалютна не так, што і пацвердзіла развіццё падзей у Беларусі і Расіі.

З даўняга часу прынята, што дэмакратыя — гэта выбранне правіцеляў большасцю галасоў. Лічыцца, што такі спосаб выключае тыранію тырана, якога большасць народа не выбірала, які можа прарвацца наверх нейкім іншым спосабам.

А што адбываецца ў рэальнасці? Падаўляючая большасць, у якой інтэлект, свядомасць і палітычная культура знаходзяцца на нізкім узроўні, выбірае кіраваць сабой асобу не разумнейшую, не больш адукаваную, культурную і чалавечную, а «такога, як мы».

Расійскі пісьменнік-эмігрант Л. Наўрозаў услед за англійскім філосафам, эканамістам і грамадскім дзеячам Джонам Сцюартам Мілем (1806 — 1873) сцвярджае: «Большинство может быть тираничней любого тирана, да и быть более посредственно, чем любой посредственный тиран, более бездушно и бездарно. Большинство может съесть все и всех, превратив человечество в безликую человечью икру, в которой мысль о свободе вообще никогда не возникнет».

Свабода — гэта найперш свабода асобы. У далёкім мінулым пры любых аўтарытарных рэжымах меліся людзі, у якіх было больш свабоды, чым у сучаснага жыхара дэмакратычнага Захаду. У якасці прыкладу прывяду французскіх мысліцеляў эпохі абсалютызму, рускіх пісьменнікаў перыяду самадзяржаўя. Такія людзі ёсць і сёння ва ўсіх краінах, задушаных гвалтам, але іх уплыў на грамадства мінімальны, а баль правіць паслухмяная, рабская большасць. Яна дае ўзурпатарам улады магчымасць кіраваць бясконца…

Нагадваю, што афіцыйнае абвяшчэнне ў 1991 годзе Беларусі незалежнай рэспублікай радасна віталася толькі палітычна актыўнай часткай нашага грамадства. У большасці насельніцтва гістарычны акт не выклікаў ні нейкага вялікага ўздыму, ні нават элементарнай цікавасці. Яно як займалася сваімі будзённымі, звыклымі справамі, так і працягвала. Больш таго, нават цяпер многія людзі звязваюць прыход галоснасці, перабудовы, дэмакратычных перамен, распад СССР і абвяшчэнне незалежнасці краіны з пагаршэннем уласнага дабрабыту.

Яшчэ чатыры гады назад нямецкія аналітыкі (Deutsche Welle) сказалі: «Беларусы, якія пражываюць наводшыбе цывілізацыі ў цэнтры Еўропы, —нонсэнс. Яны стаміліся ад аднаго і таго ж твару, асобы, якая захапіла ўладу і не жадае расстацца з ёй. На хвалі гэтай стомленасці змены ў краіне могуць адбыцца імкліва. Іншая справа, хто ўзначаліць краіну, паабяцаўшы «шчаслівую будучыню». Не выключана, што гэта будзе яшчэ адзін дыктатар, калі народ зноў даручыць яму дзейнічаць у імя «навядзення парадку».

Думка слушная, я сам у роздумах яе даўно выказаў. Але чаму робіцца такая выснова?

Еўрапейскія дэмакратычныя структуры пастаянна сцвярджаюць, што яны наладжваюць стасункі з аўтарытарнай Беларуссю толькі дзеля карысці яе народа і ні ў якім разе не падтрымліваюць адыёзны рэжым. Словы прыгожыя, іх прыемна слухаць, але што атрымліваецца на практыцы?

Вы кажаце, што справа не ў канкрэтным узурпатары, а ў народзе. Ну, што ж, тады трэба падцягваць яго ў палітычным і культурным развіцці, чым і займаюцца лепшыя прадстаўнікі апазіцыі. Але ці ёсць у іх умовы для гэтага? Ці можна выхаваць свабодную асобу, калі яна пасля нараджэння трапляе пад прэс мэтанакіраванай прапаганды і адміністратыўнага рэсурсу? Калі нехта на Захадзе думае, што знаходжанне пад пятой дыктатара, усе знявагі і пакуты могуць выспеліць у людзях гнеў, парыў да свабоды, ён глыбока памыляецца. У нашым выпадку спрацоўвае выключная мясцовая схільнасць да прывыкання (ёсць безліч анекдотаў пра гэта!), большасць насельніцтва прыстасоўваецца да любых умоў.

Шаноўныя дабрадзеі, калі вы так клапоціцеся пра наш народ, то чаму думаеце, што ён, пазбаўлены ўзурпатарам права сапраўды дэмакратычнага выбару, дыскусійнага, прынцыповага парламента, незалежных судоў, сумленных пракурораў, праўдзівых СМІ, стане разумнейшым, будзе непазбежна рухацца да свабоды? Няўжо не разумееце: чым даўжэй правяць дыктатары, тым больш запалоханымі, робатападобнымі становяцца людзі, якія страчваюць не толькі нацыянальную свядомасць, але і проста чалавечую годнасць. Такія рысы, як смеласць, мужнасць, праў­дзівасць, імк­ненне да справядлівасці, прападаюць назаўжды.

Нядаўна мяне запрасіла на сустрэчу дэлегацыя з Германіі. У адрозненне ад іншых немцаў, з якімі маю стасункі часта, гэтыя людзі, хоць ніколі не былі ў Беларусі, усё ж мелі ўяўленне пра яе. Але нават ім, гамонячы з валанцёрамі-немцамі, якія працуюць у нас у бальніцах і дамах састарэлых, з жыхарамі краіны, было незразумела: чаму не выконваецца канстытуцыя, чаму самой уладаю парушаюцца законы? Немцы — людзі законапаслухмяныя, пунктуальныя, а таму яны шакіраваны тым, што адбываецца ў тутэйшых судах, як паводзяць сябе сілавікі ў стаўленні да пратэстуючай моладзі. Яны зразумелі прычыны вастрыні моўнай праблемы, выказалі падтрымку працы па нацыянальным адраджэнні, бо, азнаёміўшыся з гістарычнымі фактамі, лічаць яе справядлівым адказам беларусаў на прыгнёт і русіфікацыю. Прагучала пытанне: «А чым і як мы можам дапамагчы вашаму народу?» Паўтараю, гэта простыя людзі, якім даравальна няведанне, але яны адразу разабраліся, скумекалі — што і чаму?

Іншая справа — прафесійныя палітыкі Еўропы, ЗША. Ім недасведчанымі быць нельга. А калі ведаюць, што робіцца ўнутры Беларусі, то як тады трэба назваць іхнія зацягнутыя гульні: нібыта клопат пра правы і свабоды чалавека, пра палітзняволеных, накладанне неістотных санкцый і адначасова скрытая або адкрытая легітымізацыя рэакцыйнага рэжыму праз эканоміку, гандаль і іншыя сферы дзейнасці? Правільна — цынічным двурушніцтвам! З такой дэмакратызацыяй вы будзеце хадзіць то наперад, то назад да пасінення!

Думаю, што не аднаму мне надакучыла глядзець на меркантыльную, даўно зведзеную толькі да матэрыяльных выгод валтузню палітыкаў, якая не паляпшае, а пагаршае становішча. Увогуле, усё, што адбываецца ў свеце, не выклікае аптымістычнага настрою. З гэтай прычыны неяк напісаўся кароткі верш «Вынік»:

Цуд з лозунгаў,
Нібыта з цеста,
Пячэ палітыканаў рой,
А вынік кожны раз не той —
Свабода, роўнасць і братэрства
Не на Зямлі,
А пад зямлёй.

Немагчыма перавыхаваць аўтарытарны рэжым, далучыць яго да дэмакратычных каштоўнасцяў свецкімі балямі ў Мінску, у Нясвіжскім або Мірскім замку, элітарнымі выставамі, канцэртамі і кінапаказамі, арганізаванымі дыпламатамі, дзе тусуецца адзін і той жа бамонд. Праблема павышэння агульнай культуры беларусаў таксама такім спосабам не вырашыцца.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Умоўна свабодныя

Дурылаўка

Перабор

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.