TOP

Новы «штрафбат»

Праглядаючы навіны ў інтэрнэце, гартаючы старонкі перыядычнага друку, заўважаю, што ў сучасным лексіконе адным з самых распаўсюджаных стала слова «штраф». Многія жыхары Беларусі баяцца падыходзіць да паштовых скрынак, бо там у любы момант іх можа чакаць грозная афіцыйная папера. 

Аўтарытарная Беларусь здзіўляе ўвесь свет абсурднымі ўказамі, дэкрэтамі, новаўвядзеннямі, скіраванымі на ўціск правоў чалавека. Антыдэмакратычны вопыт пастаянна пераймае пуцінская Расія. Такім чынам, нягледзячы на насцярожанасць і абачлівасць у асабістых стасунках, аўтакраты працуюць у вымушаным тандэме зладжана, дапамагаюць адзін другому захоўваць уладу, маніпуляваць свядомасцю адразу і беларусаў і расіян.

Неяк мой госць, малады журналіст з Берліна, звярнуў увагу на тое, што ў нас удзел у палітычным жыцці амаль немагчымы, бо ён пастаянна караецца драконаўскімі штрафамі. Ён сказаў: «У гэтым вы, відаць, перагналі нават адыёзныя краіны Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Азіі. Цікава, колькі сродкаў збірае ваша ўлада за год, штрафуючы актыўных грамадзян?» Я не змог задаволіць яго цікаўнасць, бо ў нашай краіне на любыя непрыемныя звесткі павешаны вялізны амбарны замок, строга засакрэчана і менш скандальная інфармацыя. Сам хацеў бы ведаць гэтую ганебную, вельмі паказальную лічбу.

У краіне з нізкім дабрабытам насельніцтва штрафы з’яўляюцца выніковай зброяй для барацьбы з палітычнымі апанентамі, іншадумцамі. Безумоўна, самых смелых і мужных грамадзян застрашыць імі немагчыма, але нехта пасля судовай экзэкуцыі дзесяць разоў падумае, перш чым рашыцца зноў стаць у пікет або выйсці на пратэстны мітынг, бо гэтым падразае пад корань сямейны бюджэт. Трэба адзначыць, што наяўнасць апазіцыі аўтарытарная ўлада эфектыўна выкарыстоўвае сабе на карысць — наводзіць «магільны спакой і казарменную стабільнасць» і адначасова папаўняе кішэні немалымі грашыма.

Штрафаванне палітыкаў і актыўных грамадзян заўжды на слыху, таму што сваёй сенсацыйнасцю яно інфармацыйна выгаднае для СМІ. Але па колькасці штрафаў і па іх памерах на першым месцы ідуць тутэйшыя прадпрымальнікі. Іх караюць за парушэнне тэрмінаў пастаноўкі на ўлік, неаплату (недаплату) падаткаў і розных збораў, няправільнае афармленне дакументаў бухгалтарскага і падаткавага ўліку, затрымку зарплаты, парушэнне касавай дысцыпліны.

Але на гэтым грашовыя спагнанні не заканчваюцца. Пасля націску ўлады на прадпрымальнікаў, асабліва з выхадам прэзідэнцкага ўказа №222, яны пачалі актыўна пратэставаць. Адразу былі прыменены фінансавыя рэпрэсіі. Напрыклад, за ўдзел у вясновай акцыі актывісты М. Казлоў і А. Макаеў былі аштрафаваны на 50 базавых велічынь (10, 5 мільёна рублёў). Для беларусаў гэта вельмі вялікая сума, бо, паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за 50% насельніцтва краіны атрымлівае да 3,5 мільёна рублёў, а 500 тысяч чалавек — толькі 1 мільён 700 тысяч рублёў.

Я захацеў зазірнуць у мінулае — пагартаць лісты грамадзян правадыру пралетарскай рэвалюцыі, арганізатару новага савецкага жыцця У. Леніну. Што адбывалася тады? Што хвалявала людзей? Адзін з рабочых піша: «Оппозицию мы окончательно вытеснили, и каков же результат, Владимир Ильич? Результат самый ужасный /…/: девять десятых в наших исполкомах сидят жуликов, проходимцев, пьяниц — одним словом, безнравственных… Друг друга упрекают в воровстве, один против другого стараются доказать, что кража денег в 200 000 рублей и более, народных денег, не по моей вине, а по вине такого-то (имярек), и так далее, и т. д.

…Теперь, что касается нашего экономического строительства. Здесь в этом письме я не буду Вам описывать, это один ужас: с населения берем деньги и только деньги, но ничего для него не делаем, даже сортиры не чистим, и не удивительно, что население в ужасе и страхе говорит везде и всюду — да что же это за власть…»

Ну і як, шаноўныя чытачы, успрымаецца цытата? Згадваючы татальнае злоўжыванне службовым становішчам, масавае раскраданне народных грошай сучаснымі чыноўнікамі і дзялкамі, якія круцяцца каля дзяржаўнага бюджэту, сотні крымінальных спраў, заведзеных на іх, як не прыйсці ў адчай — усё зноў паўтараецца, прытым у непараўнальна больш значных маштабах. Бальшавізм у розных мадыфікацыях і варыянтах, як і мафія, неўміручы!

На момант напісання ліста рабочага (4 жніўня 1919 г.) з часу бальшавіцкай рэвалюцыі прайшло толькі два гады, а ў Беларусі «новая ўлада» правіць 22 (!) гады. Можна ўявіць, колькі наварочана за гэты час! Мы, простыя людзі, бачым толькі злачынныя вяршкі, а карэньчыкі заўсёды выяўляюцца значна пазней, калі немагчыма нічога паправіць, змяніць да лепшага.

Дарэчы, сёння нават важныя кіруючыя асобы не ведаюць нічога пра дзеянні ў самым версе — усё там засакрэчана, замуравана. Калі аўтарытарная сістэма бясслаўна рухне, а яе лёс абавязкова скончыцца такім ганебным чынам, як гэта было з «непарушным» СССР, то нашчадкі будуць доўга капацца, паводле слоў таленавітага паэта У. Маякоўскага, «в окаменевшем дерьме», ды так і не дойдуць да праўды. Мы ж, напрыклад, не валодаем і не будзем валодаць поўнымі ведамі таго, што было пры Леніне і асабліва пры Сталіне. Архівы, па-першае, старанна падчышчаны, мільёны дакументаў спалены, а па-другое, частка матэрыялаў, якія захаваліся, будзе пастаянна недаступнай не толькі для абнародавання, але і для азнаямлення па спецдазволах…

Прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Д. Мядзведзеў заявіў крымчанам на просьбу аб грашовай дапамозе: «Денег нет, но вы там держитесь. Здоровья вам и всего хорошего». Словам, галоўнае, што «Крымнаш», а цяпер — выкручвайцеся хто як можа. А кіраўнік Мінскай вобласці С. Шапіра нядаўна расказаў, што на льготныя крэдыты, каб будаваць жыллё, грошай у дзяржавы няма, бо выдзелена толькі 60 мільярдаў, а трэба мінімум 360 мільярдаў рублёў. Прытым ніякіх зычанняў добрага здароўя насельніцтву не было.

Улада не жадае нам здароўя ні на словах, ні ўчынкамі. Толькі што яна забараніла закупку імпартных лекаў, а аналагаў многіх з іх у Беларусі не вырабляецца.

Калі грошай няма ў Расіі, то ўяўляеце, што робіцца з тутэйшым бюджэтам. Ён даўно стаў рэшатам, у якім носяць ваду.

Дабрабыт насельніцтва коціцца ўніз. Усё ідзе да таго, што Беларусь можа стаць суцэльным «штрафбатам», бо ў людзей няма магчымасці аддаць пазыкі, расплаціцца за жыллёва-камунальныя паслугі, за тавары, купленыя ў крэдыт. А тут яшчэ пені, штрафы! З гэтай прычыны я згадаў радкі верша «Надзея», у якіх, як мне падаецца, выказана тое, што набалела ў душах многіх жыхароў краіны:

Зноў кружыць галаву мне
Роздум даўні,
Бо гэта праўда, што тут ні кажы:
За намі — прывіды,
А побач — здані,
На даляглядзе — толькі міражы.

Край курчыцца ў жабрацтве,
У прымусе,
Над ім грыміць хлусні
Пустая медзь.
А хочацца сапраўднай Беларусі,
Хай на сыход,
Ды ў вочы паглядзець.

Запалохваць людзей жорсткімі, цынічнымі штрафамі, якія рэжым раздае налева і направа, безумоўна, можна, але ж не бясконца. Нават палітычна слепа-глуха-нямое, цярплівае і запалоханае насельніцтва ўрэшце здольнае навальнічна абурыцца, як гэта не раз было ў гісторыі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Махнулі рукой

Вышэйшая каштоўнасць

Умоўна свабодныя

Дурылаўка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.