TOP

Веча… без народа

Прыўладныя шчаўкапёры на тэлебачанні і радыё, у друку, пачынаючы з раённых газет і заканчваючы рэспубліканскімі выданнямі, наладзілі турнір па прыдумцы высокіх азначэнняў V Усебеларускаму народнаму сходу і ўслаўленні яго «гістарычнай значнасці». У ход ідзе нават даўняе славянскае слова «веча». 

Пачну з таго, што павінен засмуціць «вынаходнікаў» напышлівага выразу. Яны стараюцца дарма па адной простай прычыне — ніякага веча пры аўтарытарызме ў прынцыпе не можа быць. Там, дзе правіць узурпатар улады, любая форма прамой, непасрэднай дэмакратыі, народаўладдзя і самакіравання, як гэта было ў старажытнасці ў любімым мною горадзе Полацку або ў Ноўгарадзе, Пскове, абсалютна немагчымая!

Дыктары і каментатары так захоплены словаблуддзем па ўзвялічванні пустога мерапрыемства, што нават не вывяраюць сэнсу тэкстаў (а, можа, і проста не ведаюць значэнне асобных слоў!), не глядзяць на тое, дзе патрэбна ставіць націск, плююць на граматычныя нормы і правілы. Для іх галоўнае — падкінуць вадзіцы на нагрэтыя камяні, паддаць прапагандысцкага парку, добра аддубасіць народ духмяным венікам новых абяцанак-цацанак, каб у таго пацёк пот палёгкі, каб ад задавальнення вочы палезлі ажно на лоб, каб віртуальнага шчасця хапіла на пяцігодку. А там далей, на іншым рубяжы, будзе зноў ідэалагічная лазня!

Назіраючы за прапагандысцкай і арганізацыйнай мітуснёй, якая віруе ў краіне з прычыны чарговай сходкі бюракратаў і іх гадаванцаў у духу сталінскага часу, дзе зноў загучыць суцэльнае «одобрям-с», хочацца рагатаць да ўпаду. Ды было ўжо такое, і ўсе ведаюць, чым яно скончылася!

Усе дэлегаты або дэпутаты, якія паводле рэвалюцыйнай песні «Смело, товарищи, в ногу!» сапраўды «выйшлі з народа», вяртацца назад, у яго масу, не хочуць. У іх настае іншае жыццё.

Той народ, які гаворыць пра набалелае ў чэргах магазінаў і аптэк, які мог бы выказаць сёння праўду-матку ў вочы і з пампезнай трыбуны, на сход не дапушчаны. Сіта адбору ў аўтарытарнай краіне працуе дакладна і надзейна! Вось і атрымліваецца, што веча праводзіцца… без народа.

Бюракраты аўтарытарнага разліву надта падобныя на двоечнікаў, якія вечна спісваюць заданне ў суседа. Ці не надакучыла здзіраць савецкае? Хоць бы нешта сваё прыдумалі! Як яшчэ беларускія манілавы-чычыкавы, якія ва ўсім паўтараюць герояў неўміручай паэмы геніяльнага М. Гогаля «Мёртвыя душы», не наладзілі сацыялістычнае (цьфу, капіталістычна-сацыялістычнае!) спаборніцтва ў гонар гэтак званага V Усебеларускага народнага сходу 2016 года. Памятаеце — «ідучы насустрач ХХІV з’езду КПСС, брыгада, цэх, завод, калгас, саўгас бяруць на сябе павышаныя абавязацельствы»…

Праўда, цяпер, калі эканоміка ў катастрафічным заняпадзе, калі кожнае чацвёртае прамысловае прадпрыемства стратнае, ды і іншыя — ледзь-ледзь ліпяць, а сельская гаспадарка ўвогуле без пастаянных датацый і ўліванняў не існуе, надта не разгонішся. Часта рабочыя выходзяць на працу два-тры разы на тыдзень, якое ўжо тут спаборніцтва!

Але, на думку многіх беларусаў, ёсць сфера, дзе правесці спаборніцтва можна. Гэта кіраванне, у якім пашыраюцца злоўжыванні службовым становішчам, карупцыя, крадзеж бюджэтных (г. зн. народных) сродкаў. Наша грамадства за час аўтарытарызму настолькі звыклася з крымінальнай дзейнасцю праўленцаў, што за найлепшыя паказчыкі ў ёй даўно настала пара даваць званне героя. Да такога чорнага гумару мяне прывёў рэжым, які зноў (у які ўжо раз!) абяцае народу залатыя горы.

Вядомы эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Л. Заіка так пракаменціраваў планы ўлады ў праекце «Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны»: «Жалко мне собрание это «всенародное», оно абсолютно ненужное и собраться для того, чтобы поговорить, что у нас на 6 долларов зарплата будет увеличиваться в год, это абсолютно не стоит. Лучше бы собрались где-то на пляже, с большей пользой провели бы время. Все цифры предложенной «программы» очень смешные».

Сапраўды, колькі гаворана-перагаворана на інструктажах, нарадах, сходах пра прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця — «нарошчванне экспартных паставак, забеспячэнне занятасці насельніцтва, працоўную і тэхналагічную дысцыпліну, прыцягненне замежных інвестыцый, актывізацыю дзелавой ініцыятывы, прадуманую моладзевую палітыку». А воз ніяк не скранаецца з месца! Значыць, корань застою, таптання на месцы і нават прыкметнага адкату назад — у іншым. Рэгулярным тасаваннем кадравай калоды, перасаджваннем чыноўнікаў у адным або другім парадку нічога не вырашыш. Мудра сказаў дзядуля Крылоў у байцы «Квартэт»: «А вы, друзья, как ни садитесь, всё в музыканты не годитесь». Трэба мяняць палітычную сістэму!

Пакуль пануе бюракратычная думка, якая лічыць сябе адзіным інструментам вырашэння задач, што стаяць перад нашай краінай, ніякага толку не будзе. Дарэчы, гэтая хвароба даўно стала хранічнай і ў Расіі. Пра аўтарытарныя рэжымы Азербайджана, Казахстана, Арменіі або Узбекістана, Туркменістана, Таджыкістана гаворка асобная, там усюды свая спецыфіка. Таксама ўважлівага разгляду патрабуюць няпросты прарыў да больш-менш нармальнага палітычнага жыцця Грузіі, недасканалая дэмакратыя ва Украіне, дзяржаўныя сістэмы ў Малдове і Кіргізіі. Усім былым рэспублікам СССР, якія атрымалі незалежнасць, вельмі цяжка даецца разумнае жыццё! А некаторыя народы, відавочна, яго ніколі не ўбачаць.

Сутнасць праблемы заключаецца ў тым, што ў краінах, дзе няма спелай, адладжанай дэмакратыі, дамагчыся прававога, заможнага і культурнага жыцця для абсалютнай большасці насельніцтва немагчыма. Аўтарытарызм зводзіць усё да таго, што вузкі правячы клан шыкуе, купаецца ў раскошы, а астатнія грамадзяне ледзьве зводзяць канцы з канцамі, жывуць ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсіі.

Жыццё не стаіць на месцы, яно падкідае нам новыя і новыя выпрабаванні, адна толькі ўлада не мяняецца. Забранзавелы правіцель не шманае, што «беда грозит за бедою», што краіна можа ў любы момант раптам стаць банкрутам, ён натхнёна спявае даўнюю камсамольскую песню: «Меня моё сердце в тревожную даль зовёт!..»

Спыніць гэты зацягнуты спеў, усю бюракратычную бутафорыю, каб заняцца будаўніцтвам нармальнага дзяржаўнага і ўласнага жыцця, здольны толькі народ. Але ж мы, хоць у сваёй большасці даўно выдатна ведаем, што так існаваць немагчыма, ніяк не можам адарваць задняга месца ад старой курасадні. Яна заседжаная, запаскуджаная, ды такая звыклая, родненькая, цёпленькая. Страх прад новым ладам скаваў нашыя ногі, рукі і — галоўнае — галаву. Што або хто зрушыць нас з месца — невядома…

Што тычыцца правядзення народнага сходу, то яно карыснае толькі тым, хто з такіх мерапрыемстваў корміцца: транспартнікам, гаспадарам паўпустых гасцініц, прадпрыемствам харчавання, арганізатарам канцэртаў, прадаўцам сувеніраў, папак, блакнотаў, ручак. Лепш бы затрачаныя бюджэтныя сродкі пайшлі на лячэнне цяжка хворых малых грамадзян Беларусі, пра дапамогу якім штодзённа надрываецца тэлебачанне, піша друк.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Новы «штрафбат»

Махнулі рукой

Вышэйшая каштоўнасць

Умоўна свабодныя

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.