TOP

Наша Перамога

Мілітарысцкая істэрыя, якая прыжылася ў прамовах кіраўнікоў Беларусі і Расіі, жорсткая палеміка на тэлебачанні, радыё, у друку вымагаюць яшчэ раз вярнуцца да тэмы Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Я перакананы, што векапомная падзея не павінна быць прычынай ідэалагічных разборак. Яна вучыць нас праўдзівасці, уменню рашаць складаныя задачы без вялікіх страт.

Неяк пачуў ці недзе вычытаў фразу, якая характарызуе стан насельніцтва дзвюх суседніх краін: «Утонули во лжи, которой нас потчевали с детства». Пацэлена ў «дзясятку»! Больш чым 70 гадоў беларусы і расіяне спажывалі са школьных і інстытуцкіх падручнікаў, з мемуараў савецкіх военачальнікаў, з заангажаванай літаратуры і кінапрадукцыі суцэльна гераічную, пераможную версію змагання з нямецкім фашызмам. Толькі зрэдку гладкую абмалёўку жудасных падзей парушалі праўдзівымі творамі такія пісьменнікі-«акопнікі», як В. Някрасаў, фактамі з архіваў — сумленныя даследчыкі. «Лейтэнанцкая» і «салдацкая» мастацкая літаратура з цяжкасцю выйшла на «аператыўны прастор» у 60—70 гадах ХХ стагоддзя і віталася мільёнамі людзей, але трапіла пад абстрэл ідэолагаў Крамля. Ведаю тагачасную атмасферу супрацьстаяння праўды і хлусні, бо, працуючы ў аддзеле культуры ЦК КПБ (1978 — 1986), давялося часта абараняць ад маскоўскай і мясцовай цэнзуры выдатныя творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Пімена Панчанкі.

Абвастрэнне палемікі на ваенную тэму ў нашыя дні выклікана жаданнем аўтарытарных рэжымаў рашаць уласныя ідэалагічныя задачы за кошт міфаў сталінскага разліву. Прэзідэнт Расіі У. Пуцін заявіў: «Мы должны пресекать все попытки оболгать нашу историю». Кіраўнік Беларусі папярэдзіў: «Любые попытки переписать историю обречены на провал». І пайшла пісаць губернія! З ідэалагічных купін дзвюх краін загучала: «Никому не дадим украсть нашу Победу! Никому не позволим переписать историю!»

Напрыклад, я за гісторыю не хвалююся, яе не ўдасца перапісаць ніякім фальсіфікатарам — ні ўсходнім, ні заходнім. Але калі ў Рэспубліцы Беларусь ставіцца задача «воссоздать образ великой Победы», то, ведаючы метады мясцовых інфармацыйных «байцоў», становіцца ніякавата. Куды ж дзеўся вобраз Перамогі? Калі вы пахавалі яго? Ён ёсць і будзе жыць вечна! Няўжо халтурнымі агіткамі і рэмейкамі, якія сёння пякуцца, як аладкі, можна сказаць праўду пра Перамогу і годна ўславіць яе?

У Расіі да 9 мая 2016 года прыдумалі і агучылі лозунг «Можем повторить!». А што вы збіраецеся паўтараць? Можа, гэтыя жудасныя лічбы: за вайну ў палон трапіла 4 мільёны 559 тысяч вайскоўцаў, толькі пад Ржэвам загінула 2 мільёны, пад Сталінградам — 1 мільён 300 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў? Можа, паўторыце пакуты соцень тысяч акружэнцаў, якія з голаду елі кару дрэў? Чым хваліцеся? Тым, што вайна легла на плечы жанчын, якія спявалі прыпеўку: «Я і трактар, я і бык, я і баба, і мужык»? Можа, тым, што каля станкоў стаялі дзеці, трацячы прытомнасць ад стомы і голаду? А яшчэ два з паловай мільёны салдат і афіцэраў пахаваны за мяжой. Вы гэта хочаце паўтарыць, калі вымалёўваеце на танку «Іосіф Сталін» і абяцаеце на ім прарвацца ў Еўропу?

На заўвагу, што эканоміка Расіі складае толькі адну дзясятую ад эканомікі ЗША, што трэба не пагражаць зброяй, а развіваць прамысловасць і сельскую гаспадарку, паляпшаць жыццёвы ўзровень народа, падхалім У. Пуціна заявіў: «У нас мощный национальный лидер! Мы непобедимы!»

Слухаць такія пасажы смешна. У савецкай гісторыі быў звышмоцны лідар. Сённяшнім аўтакратам, як бы яны ні пахваляліся сваімі рэйтынгамі, ой як далёка да яго харызмы і непарушнага культу. Ну і чым усё скончылася? Як пачалася Вялікая Айчынная вайна? «Мудры правадыр» і яго палкаводцы, паводле слоў выдатнага пісьменніка, майго старэйшага сябра В. Астаф’ева, «…за одно лето провоевали половину страны и сдали в плен регулярную, на горе, бесхлебье и бесправье взращенную армию». Віктар Пятровіч, які пайшоў на фронт у 1942 годзе дабраахвотнікам, ваяваў да мая 1945 года, быў неаднаразова цяжка паранены, кантужаны, даў справядлівую і праўдзівую ацэнку Перамозе: « Не Вы (Сталін і палкаводцы. — С. З.), не я и не армия победили фашизм. А народ наш многострадальный. Это в его крови утопили фашизм, забросали врага трупами».

Кіраўнікі Беларусі і Расіі, якія ўсюды бачаць знешніх і найперш унутраных ворагаў, кідаюць вялікія бюджэтныя сродкі на выраб узбраення, на армію, на стварэнне новых сілавых структур, нагадваюць героя неўміручай камедыі Я. Купалы «Паўлінка» Пранціся Пустарэвіча, што прывёз з рынку сенсацыйную навіну: «Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе…»

Для аўтакратаў вырабляць зброю і прадаваць яе, каб недзе забівалі людзей, праводзіць пампезныя ваенныя і фізкультурныя парады, масавыя святы, салюты аказваецца значна прасцей і выгадней, чым наладзіць нармальнае будзённае жыццё народа. У Расіі сёння 20 мільёнаў бедных — тых, хто не можа забяспечыць сябе ежай. У Беларусі за рысай беднасці жывуць паўмільёна чалавек, 63, 5% (звыш 6 мільёнаў) грамадзян маюць сярэднедушавыя рэсурсы да 4 мільёнаў рублёў. Значыць, бедных у нас практычна ўсе 70%!

Калі яшчэ ўспамінаеш, што на планеце ваююць 300 тысяч дзяцей, а 150 мільёнаў малых ад 5 да 14 гадоў кормяць свае сем’і, то сэрца абмірае. Якая пахвальба новай зброяй і моцнай арміяй? Якая блізкая вайна? Пра што гаворка? Трэба быць закончаным мярзотнікам або вар’ятам, каб нагнятаць у нашых знясіленых ушчэнт краінах ваенны псіхоз.

У аўтакратаў на парады бюджэтныя сродкі знаходзяцца, а на індэксацыю зарплат і пенсій няма. Сацыяльная палітыка трапіла ў пастку і не можа з яе вылезці. Дык чаму ў Мінску без круглай даты ў канцы чэрвеня і ў пачатку ліпеня равуць смуродныя рухавікі, над ім грымяць самалёты? Каму вы нешта даказваеце і пагражаеце? Многім жыхарам сталіцы надакучылі бясконцыя рэпетыцыі і парады, яны напісалі пратэст, дзе выказалі прапанову вынесці такія мерапрыемствы за межы горада…

Незадоўга да адыходу на вечны спачын Віктар Астаф’еў, з якім мы не раз абмяркоўвалі эксплуатацыю гераізму народаў СССР палітычнымі махлярамі, напісаў: «Каждая следующая годовщина, парад и веселье по случаю Победы нашей уже ничего, кроме неловкости, горечи в памяти и боли в сердце, не вызывают».

З трыбун зноў гучыць: «Не отдадим нашу Победу!» А якая яна — ваша? Гэта Перамога тых, хто ляжыць у брацкіх магілах, хто цудам ацалеў у пякельнай вайне і цяпер цяжка жыве, знясілены ўзростам і хваробамі. Ім падзяка і вечная слава!

А наша Перамога прыйдзе тады, калі ў Беларусі будзе пабудавана годнае, заможнае жыццё для ўсіх грамадзян, абаронены правы і свабоды чалавека, калі вольна загучыць родная мова, знойдзе падтрымку нацыянальная культура.

Задача няпростая, але абсалютна пасільная. Трэба толькі не трымацца за старую хлусню, не выдумляць новыя міфы, а шчыра любіць сваю Айчыну, сумленна жыць, самааддана і якасна працаваць.

На мой розум, галоўнае тое, што нашы бацькі выжылі ў мінулай вайне і нарадзілі нас, мы — сваіх дзяцей, а дзеці — унукаў. Якраз неперарваная нітачка існасці ў белым свеце ўсіх народаў, якія змагаліся з гітлерызмам, бачыцца самай важнай каштоўнасцю.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Улада ў экстазе

Веча… без народа

Новы «штрафбат»

Махнулі рукой

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.