TOP

У той ці іншай меры

За час доўгага праўлення аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі мы пачулі ад яго прадстаўнікоў шмат фраз, якія запомніліся коснаязыкасцю, граматычнай або сэнсавай абсурднасцю, звычайным боўдзільствам. Ёсць яшчэ і любімыя выразы, што ўжываюцца імі да месца і не да месца. Адзін з іх — «в той или иной мере».

Чыноўнікі любяць абцякаемыя словы за выключную ўніверсальнасць. Ён сказаў важна і глыбакадумна «в той или иной мере», а вы гадайце: пра якую меру ідзе гаворка, наогул, будзе нешта рабіцца ці ўсё звядзецца зноў да пустой балбатні?

Калода высокапастаўленых чыноўнікаў у нас «зашмальцаваная», бо мяняць таго, хто выявіў выключную адданасць, «гаспадару» не хочацца. Возьмеш у клан новага, а раптам ён будзе не такім згаворлівым, як ранейшы. Навошта лішнія клопаты? «Старая гвардыя» можа служыць да пенсіі, а самыя лепшыя экзэмпляры — да смерці.

Якраз загартаваныя кадры ўжываюць выраз «в той или иной мере» часцей, чым навічкі. Ведаюць «старыя ваўкі» яго бюракратычную каштоўнасць! Вось гучыць бадзёрае інтэрв’ю нязменнай старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Л. Ярмошынай: «По сути дела, БДИПЧ ОБСЕ обращало внимание на совершенствование трех главных процедур, по их мнению. А именно: совершенствование процесса при формировании избирательных комиссий, повышение прозрачности рассмотрения избирательных споров, повышение прозрачности при подсчете голосов избирателей. Все эти рекомендации в той или иной мере будут учтены в ходе данной избирательной кампании». Яшчэ адна гаворка з журналістамі, тут таксама не абыходзіцца без любімага выразу: «В предложениях миссии БДИПЧ ОБСЕ есть некоторые изменения, которые в той или иной мере могут быть выполнены в Беларуси».

У прыведзеных словах чыноўніцы ёсць як бы нязначнае ўдакладненне — «по их мнению». Міжнародныя эксперты якраз пазначылі тыя працэдуры ў выбарчым працэсе, дзе адбываюцца асноўныя махінацыі. Гэта невыпадковая пазіцыя! А цікава, што ж трэба ўдасканальваць на думку старшыні ЦВК? Можа, бюлетэні друкаваць на глянцавай паперы?

Чытаем новы пасаж: «Однако после выборов (глава государства согласился с этим) состоится еще одно совещание, в ходе которого будут намечены меры по изменению избирательного законодательства. И там уже законодатели могут пойти дальше». А чаму не да выбараў, чаму на працягу дваццаці гадоў важныя пытанні не рашаюцца? На каго разлічана такая бюракратычная арыя?

У мяне як у пісьменніка ёсць два пытанні да еўрапейскіх змагароў за дэмакратызацыю Беларусі і да кіраўнікоў краіны, якія гучаць не бюракратычна, ды абсалютна «юрыдычна» высвечваюць канкрэтную сітуацыю з выбарамі. Ці можна ўдасканальваць сумленне? Не спадзеючыся, што высокія персоны звернуць увагу на настырнага паэта, адказваю сам: не! Сумленне або ёсць, або яго ўвогуле няма. Ці можна ўдасканальваць праўду канкрэтнага факта, лічбы? Не! Тут адно з двух: або гэта праўда, або гэта хлусня!

Нічога не трэба ўдасканальваць і павышаць. Проста неабходна не «в той или иной мере», а строга і дакладна прытрымлівацца міжнародных нормаў, выбарчых законаў, сумленна выконваць свае чыноўніцкія абавязкі, не займацца хлуснёй, хітрыкамі і маніпуляцыямі. Тады можна будзе абысціся без шматгадовай, маштабнай бюракратычнай валтузні, у якую ўцягнуты тысячы замежных і мясцовых службоўцаў, сэканоміць бюджэтныя сродкі і, галоўнае, — не псаваць нервы людзям, не даводзіць да пратэсту мільёны выбаршчыкаў, каго аўтарытарная ўлада ва ўмовах бескантрольнасці прывыкла лічыць закончанымі дурнямі.

Сфальсіфікаваныя выбары даюць штуршок глабальнаму падману па ўсёй краіне ў розных сферах дзейнасці. Навядзенне элементарнага парадку ў народным волевыяўленні дапаможа пазбегнуць шматлікіх парушэнняў законаў.

Мяне смешыць вялікая ўвага вартавых адыёзнага рэжыму да паняцця «дэмакратыя». Тая ж Л. Ярмошына выступае ў новай ролі — дэлегата V Усебеларускага народнага сходу. Карэспандэнт звяртаецца да яе з пытаннем: «Готовясь к эфиру, прочитал специально в словаре: «Демократия — это метод комплексного принятия решений». Так вот не это ли та самая настоящая демократия?» Махровае, падкрэсленае падхалімства журналіста да аўтарытарызму знайшло ў адказе дэлегаткі-чыноўніцы не менш напышлівую падтрымку: «Я думаю, да. Более того, я могу сказать, что в той или иной мере это проходит во всех государствах».

Нядаўна слова, якое азначае «ўлада народа» , грымела па Беларусі ў такім варыянце — «дерьмократия». Асабліва любілі яго каверкаць і з нянавісцю вымаўляць чыноўнікі. Такім чынам, яны ні менш, ні больш, а прыраўнівалі народ (demos) да дзярма. Цяпер вертыкальшчыкі крыху супакоіліся ў дачыненні да гэтага слова, зацятая барацьба пераключылася на словаспалучэнне «правы чалавека». Менавіта тое, што ў краіне цынічна і пастаянна парушаецца, яшчэ абавязкова зневажаецца, аплёўваецца.

Слова «дэмакратыя» не павінна хваляваць чыноўнікаў і афіцыйныя СМІ. Яно не мае ніякага дачынення ні да таго ладу, які ўсталяваўся ў Беларусі, ні канкрэтна да іх. Гэтае слова не з іхняга лексікону. Чаму б ім не заняцца аналізам працэсаў, якія стаяць за словамі «аўтакратыя», «дыктатура»?

У аўтарытарнай дзяржаве, дзе галоўную ролю на сябе бярэ выканаўчая ўлада і распіхвае па закутках усіх астатніх, усё робіцца «в той или иной мере». У такім рэжыме працуе парламент, які манатонна ўхваляе, штампуе праекты законаў, нарыхтаваныя ў іншым месцы.Заканадаўчы орган сядзіць ніжэй травы, цішэй вады: «Какие могут быть дискуссии, у нас не польский сейм!» Падобную пазіцыю займаюць суды, якія трымаюць цесную сувязь з чыноўнікамі і нос па ветры. Што ўжо казаць пра праваахоўчыя органы, якіх абавязалі стаяць на варце рэжыму, пра афіцыйныя СМІ, што абслугоўваюць яго прапагандысцкімі матэрыяламі! Яны выдатна ведаюць, што гэта такое — дзейнічаць «в той или иной мере», як дагадзіць таму, хто ўзяў на працу.

Рэаліі паказваюць, што аўтарытарнай дзяржаве выбары абсалютна не патрэбны, дастаткова самапрызначэння вярхоўнага правіцеля і наступных яго прызначэнняў службоўцаў зверху да нізу. Зрэшты, так яно і ёсць.

Між тым парламенцкія «выбары», хоць і без канкурэнцыі, вяла, блякла, не так палемічна і дынамічна, як у дэмакратычных краінах, але пачаліся. Працэс нагадвае мінулыя выбарчыя кампаніі. Пра тое, што нічога не памянялася, сведчаць парушэнні з боку ўлады. Паўсюдна ў выбарчыя камісіі не трапілі кваліфікаваныя юрысты — прадстаўнікі апазіцыі. Чаму — ясна як божы дзень. Вопытныя людзі, якія дзейнічаюць паводле закона, маглі б прынесці ўладзе шмат клопатаў. На падставе розных прэтэнзій не рэгіструюцца ініцыятыўныя групы няўгодных кандыдатаў у дэпутаты. Гарадзенскі назіральнік В. Сазонаў звярнуў увагу на дыскрымінацыю выбаршчыкаў па моўнай адзнацы, бо афіцыйная інфармацыя падаецца толькі на рускай мове.

Так і жывем — «в той или иной мере». Меру выбірае аўтарытарная ўлада, а калі дакладней, то проста адзін індывід-узурпатар. У такім стане існуюць мільёны людзей у Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы, але ці можна назваць гэта сапраўдным чалавечым жыццём?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Наша Перамога

Улада ў экстазе

Веча… без народа

Новы «штрафбат»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.