TOP

Забойства чалавечнасці

Крыху ачомаўшыся, супакоіўшыся пасля вулканічнага канца ХХ стагоддзя, зямляне нават не зразумелі, што ўвайшлі ў новую, надзвычай складаную эру як палітычных, дзяржаўных узаемаадносінаў, так і людскіх стасункаў. Свет карэнным чынам змяніўся. У ім адбываецца прывыканне да нахабнай агрэсіі, да гвалтоўнай смерці, ідзе цынічнае знішчэнне чалавечнасці.

Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка, да слоў якога я часта звяртаюся, дзяліўся душэўнай трывогаю: «Што нам прынясуць наступныя гады? Толькі б не сышлася сіла з сілай…», а заканчваў верш «За вогненнымі вякамі» афарыстычнымі радкамі:

Толькі б захаваць
Усё найлепшае,
Толькі б пахаваць
Усё найгоршае.

Бо без чалавечнасці
Не будзе і вечнасці.

На жаль, не ўсе насельнікі нашай планеты кіруюцца імкненнем абараніць чалавечнасць — аснову вечнасці. Згадваецца 11 верасня 2001 года. Цеснай пісьменніцкай сябрынай у добрым гуморы мы вярталіся з удалага грыбнога палявання, на якое выязджалі на працягу многіх гадоў, і я праз мабільную сувязь патэлефанаваў жонцы Лілі, што хутка буду дома. А тая ў адказ закрычала: «Хутчэй уключайце радыё!», бо з жахам глядзела па тэлебачанні атаку тэрарыстаў — прамы рэпартаж Euronews з Амерыкі. Шчоўкнуў выключальнік, загучаў усхваляваны, перарывісты мужчынскі голас. Мы моўчкі слухалі. Пасля Генадзь Бураўкін прамовіў: «Усё, хлопцы! Пачалася абсалютна новая эра тэрарызму. Гэта вельмі сур’ёзна. Нам як нам, а дзецям і ўнукам будзе нялёгка». І надоўга замаўчаў, змружыў вейкі. Відаць, цяпер ён быў там, у Нью-Ёрку, дзе самому давялося пражыць стрэсавыя гады…

Пра маштабны наступ ваяўнічага зла сведчаць усе гады новага стагоддзя, у тым ліку і сёлетні трагічны крывавы ліпень. Асабліва жахлівым бачыцца наш час, калі бяда прыходзіць не тэлевізійнымі або інтэрнэтнымі сюжэтамі з далёкіх краёў, а рэальнай смерцю чалавека, які табе добра вядомы.

Жыхароў Беларусі ўскалыхнула чорная вестка, што ў Кіеве забіты адзін з самых таленавітых айчынных журналістаў Павел Шарамет, які, паважаючы любімае рамяство, усё ж разважліва, мудра сказаў: «В страшные времена человеческие отношения важнее профессиональных».

Я быў знаёмы з Паўлам, як кажуць, не зусім блізка, проста добразычліва віталіся, у кароткіх размовах абменьваліся думкамі. Але ж ён сталеў і рос прафесійна на вачах ва ўсіх нас. Мне з першай сустрэчы спадабаўся гэты грунтоўны, мажны хлопец з добрым абліччам, з адкрытай, крыху сарамлівай усмешкай, у якім адчуваліся інтэлект, культура, унутраная духоўная сіла. Ён — равеснік маёй старэйшай дачкі, а таму яго смерць я ўспрыняў блізка да сэрца, так, нібы мярзотнікі забілі майго сына. Прытым дзейнічалі спадцішка, подла, прымацоўваючы выбуховае прыстасаванне да машыны ўначы. Але як яшчэ могуць забіваць падлюгі? Справядлівага паядынку ад іх не дачакаешся!

Гаворка ў першую чаргу ідзе не пра выканаўцаў, закончаных адмарозкаў, якія такім заняткам зарабляюць грошы, а пра тых, хто дае заданне. Як бы кашчунна гэта ні гучала — кілеры існуюць здаўна. Прафесія нялюдская, мярзотная, ды яна ёсць, і ад такой акалічнасці нікуды не дзецца.

Але за кілерамі стаяць больш небяспечныя і агідныя пачвары. Кожнаму з нас ясна, што гэта не іншапланецяне, не робаты, якія выйшлі з-пад кантролю.

Забойцы рознага рангу, якія займаюць пэўныя месцы ў грамадстве, сёння ўпэўнены, што сіла не ў праўдзе і справядлівасці, а толькі ў самой сіле. Гэта яны наладжваюць гвалт і тэрор, нагнятаюць страх у маштабах пасёлка, раёна, вобласці, краіны і ўсёй планеты. Забіваюцца не толькі канкрэтныя смелыя, праўдзівыя людзі, але і ўвогуле чалавечнасць, без якой немагчыма жыць.

Адкуль жа бярэцца такая ўпэўненасць? Мяркую, што гэта вынік патурання злу з боку міжнароднай дэмакратычнай супольнасці. Галоўнымі ініцыятарамі забойства чалавечнасці сталі аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы, пры якіх злачынствы засакрэчваюцца, усё хаваецца, падчышчаецца. У такіх умовах немагчыма расследаваць забойства і пакараць вінаватых, каб непавадна было іншым, каб людзі бачылі, што зло не ўладарыць паўсюдна , што яно строга караецца. Акрамя таго, імкліва разрастаецца тэрарызм. Адыёзныя ўзброеныя групоўкі, асобныя смяротнікі дзейнічаюць не толькі ў сваіх рэгіёнах, але і атакуюць краіны Еўропы, ЗША.

Лідары некаторых вядучых дзяржаў свету, добра ведаючы, што ў многіх постсавецкіх краінах правяць нелегітымныя кіраўнікі, што там людзей забіваюць або яны бясследна знікаюць, тым не менш кантактуюць з імі. Прытым доўгатэрміновая валтузня (у першую чаргу эканамічная і фінансавая) прыкрываецца заўжды клопатам пра народ. Але замежныя пазыкі ідуць не на мадэрнізацыю, не на рэформы ў эканоміцы, каб такім чынам павысіць дабрабыт людзей, а сытна кормяць кіруючы клан, мацуюць армію і іншыя сілавыя структуры, што выдатна бачна на прыкладзе Беларусі.

Сапраўды, у свеце назапашваюцца велізарныя ўзброеныя сілы, бо кожны аўтакрат або дыктатар не можа ўявіць сябе без падпоркі ў выглядзе арміі, бо ў многіх краінах верхаводзіць ваенна-прамысловае лобі.

Паводле законаў сцэны, калі ў спектаклі ў першым акце на сцяне вісіць ружжо, то яно затым абавязкова стрэліць. Так і тут. Сілы растуць, і раптам надыходзіць момант, калі яны прыходзяць у дзеянне, сутыкаюцца, несучы разбурэнні, кроў і пакуты бязвінных людзей.

А пакуль агрэсары выпрабоўваюць свае мускулы ў лакальных ваенных канфліктах, засакрэчаныя забойцы вядуць паляванне на праўдзівых людзей. Калі гонка ўзбраенняў, гэтак званая халодная вайна яшчэ толькі выходзіць на новы, маштабны віток, то інфармацыйная вайна даўно ў разгары, і на ёй Павел Шарамет быў адважным салдатам.

Ніводнаму аўтарытарнаму рэжыму не патрэбна сумленная журналістыка. Якраз з гэтай прычыны Паўла выжылі з Беларусі, а затым і з Расіі. А забілі яго там, дзе выгадна такое зрабіць. Украіна з цяжкасцю адбіваецца ад расійскай агрэсіі на Данбасе, на яе тэрыторыю пралазяць як прафесійныя лазутчыкі, так і правакатары, розныя цёмныя асобы. Забойцы адным ударам намерыліся кінуць чорны цень на краіну, якая імкнецца да дэмакратыі, нарадзіць у душах людзей на постсавецкай прасторы сумненні і пытанні без адказу.

Лідар групы «Океан Эльзы» С. Вакарчук даў дакладную характарыстыку цяперашняй сітуацыі: «Свободных духом убивают, а большинство загоняют в стойло невежества, бедности и страха…»

Смерць Паўла хочуць выкарыстаць у сваіх інтарэсах многія ідэалагічныя махляры. Рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» А. Венедыктаў высмеяў расійскіх прыўладных прапагандыстаў: «Сначала у нас увольняют Шеремета как «русофоба», а затем списывают его убийство на «русофобию». Вы уж там определитесь».

Адкідаючы прэч хлусню, разам з дэмакратычнай грамадскасцю Беларусі я глыбока смуткую з выпадку гвалтоўнай смерці Паўла Шарамета, выказваю спачуванне яго родным і блізкім, вельмі шкадую, што больш не ўбачу гэтага сапраўды прыгожага чалавека, не пагутару з ім. Але нам можна і трэба перачытваць напісанае. Дзякуй табе, Павел, і выбачай, што мы не засланілі цябе, не ўбераглі…

Забіваць такога смелага, мужнага чалавека і выдатнага журналіста як Павел Шарамет— бессэнсоўна. Ідэі і прынцыпы, якія ён цвёрда спавядаў і абараняў нават цаною ўласнага жыцця, неўміручыя.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Нулявы кіламетр

У той ці іншай меры

Наша Перамога

Улада ў экстазе

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.