TOP

Свежы асфальт

Не ведаю, як вам, а мне не падабаецца, калі дарога або вуліца стракаціць неахайнымі латкамі. Свежы асфальт, які кладзецца наспех, без «падушкі», але шчодра, з разлікам на магчымую ўсадку, бугрыцца затым на старым палатне, выклікаючы злосную лаянку вадзіцеляў. 

Нягледзячы на ўсхваленне транзітнымі гасцямі і мясцовай прапагандай стану шляхоў Беларусі, хачу не пагадзіцца з ружовым малюнкам. Побач з якаснымі трасамі маецца і халтура.

Якраз смешным сімвалам аўтарытарызму стала рэгулярная ліхаманкавая падрыхтоўка да прыезду прэзідэнта або нейкага іншага высокага чына. Хуценька вылізваюцца вуліцы, завешваюцца маляўнічымі палотнішчамі і шчытамі абшарпаныя фасады дамоў, фарбуюцца платы, латаюцца свежым асфальтам выбоіны. Няважна, што сапраўдны рамонт адкладваецца на невядомы тэрмін, затое мясцовыя вертыкальшчыкі «сустрэлі начальства як мае быць».

Нядаўна кіраўнік краіны раскрытыкаваў дарожнікаў, якія працуюць на мінскай кальцавой: «Давно пора посмотреть, куда мы бюджетные деньги вкладываем». Рашэнне правільнае, але для гэтага не трэба было чакаць аж два дзесяцігоддзі.

У Беларусі любяць будаваць і рамантаваць дарогі, класці тратуарную плітку, бо гэта — «жывыя грошы», ля якіх можна «грэць» рукі. Тут надта не праверыш — колькі, куды і як закапана.

Непрывабны выгляд кепска адрамантаваных дарог і вуліц, у тым ліку і ў сталіцы, нагадвае тутэйшую турбулентную рэчаіснасць. Замест таго каб усталяваць нармальнае функцыянаванне дзяржаўных органаў і грамадства, аўтарытарная ўлада стварыла экстрэмальныя ўмовы для людскога існавання, калі даводзіцца пераадольваць прыдуманыя чыноўнікамі перашкоды нават там, дзе іх у прынцыпе не павінна быць. Пра гэта сведчаць скаргі чытачоў «Снплюс».

У Беларусі не асоба кіруе сваім разумовым і фізічным патэнцыялам, увогуле ўласным жыццём, а камандны рэжым, які пастаянна прымяняе да яе адміністратыўны рэсурс.

Вядомы амерыканскі прафесар Л. Грэм, які бліскуча выступіў на нядаўнім эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу, дакладна сфармуляваў дыягназ любога аўтарытарнага рэжыму ў адной фразе, якая стала крылатай: «Вам трэба малако без каровы». Ён падкрэсліў, што аддзяліць мадэрнізацыю, укараненне новых тэхналогій, эканамічнае развіццё ад палітычнай і сацыяльнай сістэмы немагчыма. Нельга адной рукой падтрымліваць дарагія клоны Сіліконавай даліны, а другой забараняць дэманстрацыі грамадзян, падаўляць палітычных апанентаў, рабаваць прадпрымальнікаў, якія не падзяляюць афіцыйны курс. Вучоны заўважыў, што аўтарытарныя кіраўнікі «перакасілі прававую сістэму ў сваіх мэтах», і зрабіў несуцяшальную выснову: «Такая палітыка можа прывесці толькі да ўзнікнення грамадства, дзе людзі ўцягваюць галаву ў плечы, асцерагаючыся быць пакаранымі».

Калі кінуць на беларускую рэчаіснасць пільны позірк, то стане ясна, што ўся яна ў латках адміністратыўнага «асфальту». Ці магла ў краіне ўсталявацца дэмакратычная палітычная сістэма, якая забяспечвае прагрэс, калі сілавікі збівалі дэпутатаў у самім парламенце, калі знікалі вядомыя людзі, калі ішло паляванне на праўдзівых журналістаў? Безумоўна, не!

Натуральнае народнае жыццё паводле Канстытуцыі і законаў было нахабна заменена штучнай аўтарытарнай канструкцыяй, у якой, нягледзячы на калектыўную падрыхтоўку пэўных праектаў, канчаткова ўсё рашае адзін чалавек, а астатнія толькі выконваюць яго каманды і даручэнні.

Латкамі стракаціць выбарчае заканадаўства, якое чыноўнікі бясконца «ўдасканальваюць», але канца-краю гэтай працы не відаць. Затое на выхадзе ў «народным волевыяўленні» заўжды атрымліваецца бліскучая перамога «вечнага прэзідэнта» або яго прызначэнцаў.

Выбары ў Беларусі даўно ператварыліся ў фармальнасць, якую інертна, як для адчэпкі, выконваюць і ўлада, і абыякавае насельніцтва. Сведчанне гэтаму — сёлетняя перадвыбарчая кампанія, якой, калі не прыхарошваць, практычна няма. Праўда, заўважаецца цікавая дэталь. Нашы людзі пляваць хацелі на тое, хто будзе ў іх акрузе дэпутатам, бо ведаюць цану як яму, так і ў цэлым заканадаўчай уладзе, якая не мае самастойнасці. Затое спрэчкі пра супрацьстаянне ў ЗША Х. Клінтан і Д. Трампа даходзяць аж да боек. Гэта паказвае, што ў сумленных выбарах, калі такія некалі пройдуць, грамадзяне будуць удзельнічаць з цікавасцю і актыўна.

Толькі дастаткова інфармаваны чалавек здольны прааналізаваць, ацаніць сітуацыю, зрабіць правільныя высновы. Для гэтага і існуюць сродкі масавай інфармацыі. Але яны выдаюць прадукцыю, на якой бачны выразныя латкі прапагандысцкага «асфальту». Афіцыйныя СМІ не інфармуюць насельніцтва, а фарміруюць настрой, які ў канкрэтны момант, з улікам знешнепалітычных і ўнутраных акалічнасцяў, патрэбны ўладзе. У ход ідзе любая хлусня.

Пад «асфальтам» забаронаў і запалохвання апынулася палітычнае жыццё. Цяпер у краіне міліцыянераў, сілавікоў «у цывільным» у сотні разоў болей, чым тых, хто здольны выйсці на вуліцы і плошчы з пратэстам супраць хлусні, беззаконня і гвалту. Сапраўднай палітычнай апазіцыі практычна няма, ёсць толькі групы актывістаў, якія крыху ўскалыхваюць тутэйшае «балота».

Што яшчэ ў Беларусі засталося не закатаным пад «асфальт»? Каб была хоць нейкая «ліберальная вітрына», каб не вякаў надакучлівы Захад, рэжым мірыцца з некалькімі незалежнымі сайтамі ў інтэрнэце і парачкай газет.

У нас усё робіцца як бы для некага. Няма агульнай народнай скіраванасці на тое, што трэба будаваць суверэнную, нацыянальна свядомую, палітычна і эканамічна ўстойлівую Беларусь для сябе і навечна. Чыноўнікі працуюць пераважна на знешні эфект, яны як бы гуляюць у самастойную краіну, хоць, як кажа літоўскі аглядальнік В. Сальджунас, «усе ведаюць, што Лукашэнка сядзіць у «кішэні» ў Пуціна».

Настроенасць на халяву, на выпрошванне пазык прымушае вертыкаль не забяспечваць стратэгічнае развіццё краіны, а толькі латаць дзіркі ў розных сферах палітыкі і эканомікі. Усё гэта служыць грунтам для таго, каб у свеце нас называлі «прыстасаванцамі» і «дачаснікамі».

Але не толькі жульніцкае начальства вінавата ў тым, што на роднай зямлі запанавала «время стукачей, рвачей и подлецов». Пагнаўшыся ў 50 –70 гадах ХХ стагоддзя за «рускасцю», а ў апошні час за абагачэннем любой цаной, многія сем’і страцілі нацыянальныя арыенціры, родную мову, культуру, традыцыі. Людзі развучыліся ветліва вітацца, усміхацца.

Кошт айчыннай прадукцыі часта вышэйшы, чым імпартнай, хоць яна горшай якасці. Нават прадаўцы лясных ягад, грыбоў, садавіны і гародніны ў сезон каля дарог не саромеюцца заламіць такую цану, што ў чалавека, які спыніўся, вочы лезуць на лоб. На мясцовых рынках бедны выбар, тут часта пакупнікам падсоўваецца некандыцыя, гніллё. Знік гонар за марку беларуса, няма жадання, каб айчынныя вырабы або абслугоўванне былі на вышыні…

Страчваць каштоўнае — лёгка, а вось адраджаць — цяжка. Гэта бачна на прыкладзе роднай мовы. Яна для многіх беларусаў стала непатрэбнай. Да яе, на жаль, паступова далучаюцца справядлівасць, праўда і маральныя нормы.

А як быць з сумленнем? Яго свежым асфальтам не залатаеш…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Забойства чалавечнасці

Нулявы кіламетр

У той ці іншай меры

Наша Перамога

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.