TOP

Раздвоенасць

Разумею, што гэты роздум можа прагучаць для некага дысанансам: «У нас грошай на хлеб, на лекі не хапае, а ён цягне ў высокія матэрыі». Тым не менш, спынюся на праблемах, над якімі трэба думаць у любой сітуацыі, ад рашэння якіх залежыць літаральна ўсё ў нашым жыцці. 

Рэаліі паказваюць, што ў жыхароў Беларусі няма адчування ўласнай прысутнасці ў айчыннай гісторыі, клопату пра захаванне нацыі. Прайдзіце па гарадах і вёсках, пабудзьце на працоўных месцах, у зонах адпачынку, на відовішчах, услухайцеся ў гамонку, задумайцеся над убачаным і пачутым — і вы зразумееце, што ў «квітнеючай краіне» няма гармоніі беларускага жыцця, а ёсць эклектычная какафонія. Іншаземцы заўважаюць гэта імгненна, а нам самім ніяк няўцям.

У ненармальным стане нацыянальнай жыццядзейнасці вінаваты не толькі былы царскі, польскі або савецкі ўціск, які пакінуў свой след, але і сучасная раздвоенасць свядомасці людзей — як звычайных, так і тых, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Быў час, калі насельнікі нашага краю з вінаватай усмешачкай прамаўлялі: «Мы тутэйшыя». Гэта значыць — і не рускія, і не палякі, але, на жаль, і не беларусы. Тутэйшасць нават выдаюць за дадатную рысу ў характары — маўляў, выключная здольнасць прыстасоўвацца дапамагла нам ацалець у жорсткім свеце, калі ўладарылі чужынцы, калі грымелі рэвалюцыі і войны. Але якімі і з чым прыйшлі беларусы ў ХХІ стагоддзе?

Тутэйшасць, якую высмеяў геніяльны Янка Купала ў трагічна-смяшлівых сцэнах, не знікла, а набірае моц. Ці ж не высвечваюць жыццё аўтарытарнай Беларусі словы галоўнага героя п’есы «Тутэйшыя» Мікіты Зносака: «А ў мяне… душа рэальная: хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі»? Для яго Айчына і яе будучыня, лёс нашчадкаў, роднай мовы, культуры — гэта пусты гук. Пазіцыя Мікіты такая: «Быўшае, цяперашняе і будучае начальства заўсёды і ўсюды трэба шанаваць і мець на воку, калі не хочаш папсаваць свае паперы».

Нашу сітуацыю з далёкага мінулага дакладна ацаніў яшчэ адзін купалаўскі герой — Янка Здольнік: «Перакульваюцца з нічога ў нішто». Вось чаму замежныя госці кажуць, што між Варшавай і Масквой існуе невядома хто.

Сапраўды, нягледзячы на апрацоўку насельніцтва ідэяй патрыятызму праз тэлебачанне, друк, візуальную агітацыю, вынік не дасягаецца. Любоў да Беларусі застаецца напаказ, дзеля птушачкі. Выяўляецца яна толькі ў святочныя дні, на парадах, канцэртах і салютах. Адкуль узяцца глыбокаму пачуццю, якое вядзе, нібы компас, чалавека па жыцці, калі з трыбун аб’яўляецца ворагам нацыянальная свядомасць, калі грамадзяне не ведаюць гісторыі свайго народа, калі родная мова не выкарыстоўваецца ў стасунках між людзьмі, у якасці навучальнай у школах і ВНУ, калі кіраўнік краіны (!) сцвярджае, што «мы русские, только со знаком качества».

Дваістасць нашага жыцця пачынаецца з геапалітыкі: Беларусь на паперы нібыта суверэнная, незалежная краіна, а фактычна — сатэліт, утрыманка Расіі і яе вайсковая пляцоўка на заходніх межах.

Раздвоенасць выяўляецца ў гранічна абыякавым стаўленні ўлады і людзей да духоўнай і матэрыяльнай спадчыны народа. Пасля набыцця суверэннасці не выкарыстаны шанц адраджэння роднай мовы, замест яе падтрымкі ўведзена двухмоўе, якое замарозіла рашэнне важнейшай праблемы.

Старшыня рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры А. Астаповіч кажа: «…Горадабудаўнічая сучасная палітыка праводзіцца цалкам з парушэннем закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У Мінску ні на ёту не скрануліся праблемы, звязаныя з гістарычным цэнтрам. Прыкра тое, што ў нашай дзяржавы нібыта адбываецца раздваенне асобы: левая рука не ведае, што робіць правая. Левая быццам бы пачынае выпраўляць сітуацыю, а правая ўсё роўна працягвае руйнаваць».

Унутраную палітыку фарміруе корпус чыноўнікаў. Раней прэтэндэнты ішлі на кіруючыя пасады з жаданнем зрабіць нешта добрае для людзей, а цяпер — каб збудаваць кар’еру і накрасці грошай. Пра гэта сведчыць няспынная плынь крымінальных спраў. Адначасова чыноўнікі павучаюць збяднелы люд, што «трэба жыць па сродках». На словах яны з народам, клапоцяцца пра яго дабрабыт, а ў сапраўднасці — будуюць уласны «камунізм» у катэджах за высокім плотам.

У рэжыме раздвоенасці знаходзяцца і тыя, хто з’яўляецца прапагандысцкім рупарам улады. Кіраўнік тэлебачання, які выдае сябе дэмакратам, нядаўна, каб апраўдаць уласную маёмасць і ўвогуле шакіруючую няроўнасць паміж багатымі і беднымі, заявіў: «Элітныя дамы будуюць не толькі чыноўнікі, але і нармальныя людзі». Праўда, з «нармальных людзей» ён вылучыў «зубатэхнікаў» і «сантэхнікаў», што выклікала саркастычныя каментарыі ў інтэрнэце.

Бос галоўнай прыўладнай газеты зрабіў заўвагу карэспандэнту Радыё Свабода, якая на нядаўнім «хурале» брала інтэрв’ю: «Дзяўчаты працу страцяць усе разам — яны ж не ведаюць, з кім размаўляюць». Вось табе і маеш! Афіцыйныя СМІ пастаянна даводзяць насельніцтву, у якой свабоднай і выдатнай дзяржаве яно жыве, а тут высвятляецца, што за размову з незалежнай журналісткай адразу выганяюць з працы.

Гэта сведчыць, што многія чыноўнікі ацэньваюць аўтарытарную сістэму негатыўна, але выконваюць любыя каманды «правадыра». Куды прывядзе краіну такая фарысейская раздвоенасць і татальная хлусня?

Каб мець годнае жыццё, трэба кімсьці быць. Маю на ўвазе не чыноўніцкія пасады. Сынам і дочкам Беларусі даўно неабходна вызначыцца — хто мы: беларусы або «русские, только со знаком качества», грамадзяне або статак пад пугай? Патрабуецца і яшчэ адно — быць не недавучкамі-пражэкцёрамі, якія жульніцкімі спосабамі дамагаюцца ўлады і «салодкага жыцця», а сумленнымі, адукаванымі людзьмі, прафесіяналамі ў любой сферы дзейнасці. «Мець» і «быць» цесна ўзаемазвязаны. Мы забываем пра гэта, а пасля ламаем галаву: чаму так здарылася?

Яшчэ ў студэнцкія гады прыйшоў да думкі: за тэрмін, адпушчаны нам у зямным свеце, людзі пражываюць два лёсы. Першы — гэта ўсё, што звязана асабіста з табой, з сям’ёю, родам. А другі — гэта лёс роднай Айчыны, які кожнаму яе насельніку неабходна ўспрымаць як уласны. У ідэале патрэбна, каб гэтыя два лёсы ў чалавеку з’ядналіся ў адзін. Тады на крэўнай зямлі, пад родным небам будзем цвёрда стаяць мы і наша краіна. Некалі нарадзіўся верш — «Два лёсы»:

Гэта неба ад краю да краю,
Пад якім давялося мне жыць,
Я да кроплі ў душу забіраю,
Разапнуты на вечным крыжы.
Гэты крыж безагляднай любові
На вяршыню пакутаў узнёс,
Каб за смерцю прадоўжыўся ў слове
Існым часам няспраўджаны лёс.
Гэты лёс, хоць заб’е, а дазволіў,
Каб сапраўдныя людзі прыйшлі
Пазмагацца за праўду і волю,
Перш чым стаць
Простай жменькай зямлі.
А яшчэ ёсць спагадлівы позірк,
Так глядзіш на мяне толькі ты.
Іскры смутку і радасці позняй
Панясу за парог нематы.
Жураўлём у сіле сэрца б’ецца,
Кліча горняга выраю клін…
А мая Беларусь застаецца.
На вякі.
Назаўсёды.
Амін.

Шчырымі радкамі нагадваю, што абараняць незалежнасць і беларускасць трэба не на словах, а па-сапраўднаму. Усім сваім жыццём!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Свежы асфальт

Забойства чалавечнасці

Нулявы кіламетр

У той ці іншай меры

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.