TOP

Дуэль «тэлека» з «пузікам»

Чвэрць стагоддзя назад шырока трансліраваўся дзіцячы тэлевізійны серыял «Тэлепузікі» (вытворчасць БіБіСі, Вялікабрытанія). Плюшавыя істоты Цінкі-Вінкі, Дзіпсі, Ляля і По з антэнамі на галовах, маніторамі ў жыватах елі пузі-бліны, запівалі пузі-вяршкамі, забаўляліся, танцавалі. Імі ўладна камандаваў і жорстка кантраляваў дзеянні «голас звысоку».

Меркаванні спецыялістаў наконт фільма, які налічваў аж 365 серый і быў закуплены многімі краінамі свету, радыкальна падзяліліся. Адны лічылі, што ён толькі забаўляе малых і не прыносіць шкоды псіхіцы, а другія (асабліва псіхолагі) сцвярджалі — «тэлепузікі» дэбілізуюць дзяцей, замбіруюць іх свядомасць», «калечаць асобу і вытаптваюць душу», «выпрацоўваюць агрэсіўнасць і дэманстратыўнасць у паводзінах». Тады нават з’явіўся знішчальны вершык:

«На макушках их типа усики,
Гуманоидов протеже.
Лица умные, как подгузники,
Что использованы уже».

Я падзяляю думку псіхолагаў і медыкаў, што да года дзецям увогуле не трэба глядзець тэлевізар, што яны павінны самі нешта рабіць, актыўна асвойваць акаляючы свет. Нельга загружаць малых і ў далейшым сумніўнымі гульнямі, у якіх дзейнічаюць «робатападобныя істоты», «тупыя монстры».

Але прызабытыя героі тэлесерыяла згадаліся не таму, што гаворка пойдзе пра дзіцячае выхаванне, хоць у ім маецца безліч складаных праблем. Мяне цікавіць, як адбываецца супрацьстаянне тэлепрапаганды і рэальнага жыцця ў галовах сучасных беларусаў.

Калі разглядаць «тэлек» як метафарычнае, абагуленае паняцце, то за ім стаіць вялікая армія людзей, якія ўплываюць на свядомасць жыхароў краіны. Гэта ў першую чаргу кіраўнік улады, у прамовы якога з прычыны займаемай ім пасады (хочацца каму ці не хочацца!) даводзіцца ўнікаць. Выгадную для сябе акалічнасць ён выкарыстоўвае напоўніцу. Усё, што выказана з трыбун вялікіх сходаў, у час нарад, дакладаў чыноўнікаў, на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, рэгулярна транслюецца па тэлескрыні. Сюжэты манатонна, бясконца паўтараюцца, каб надзейна ўбіць у галовы электарата неабходныя клішэ і адначасова стварыць ілюзію «бацькоўскіх» клопатаў пра народ.

З экрана правіцель няпрошана прыходзіць у кватэры і хаты адзіным уладаром Беларусі, які разбіраецца ва ўсім, корміць, поіць, апранае і абувае, жорстка кантралюе, карае вінаватых за памылкі і злачынствы. Ён не засмучае насельніцтва кепскімі навінамі. Навошта? Непрыемныя весткі прыносяць жыллёва-камунальная служба, магазіны, рынкі, аптэкі, яго падначаленая каманда, а кіраўнік як бы да гэтага не мае ніякага дачынення.

Акрамя «галоўнага героя», праз тэлеэкран народ метадычна апрацоўваюць ідэолагі, журналісты, сацыяльныя рэкламшчыкі. Нядаўна з’явіўся новы від рэкламы — супакойваючая. Праўда, на фразачкі тыпу «День будет добрым», «Не унывай», «Усміхніся», «Супакойся ды працягвай», «Трымайся», «Не хвалюйся», «Кахай», «Будзь ласкавы» (!), якія застракацелі ў гарадах, інтэрнэт выбухнуў гнеўным абурэннем. Карыстальнік піша: «Мы уже объелись этим дебильным «Беларусь — страна для жизни». Сляпать такую страну, где нормальным, разумным людям жить абсолютно невозможно, и при этом пытаться внушить, что такая страна «для жизни». Яшчэ адзін водгук падкрэслівае, у якім стане знаходзіцца краіна і грамадзянін у ёй: «Каждый день приходится думать, как выжить в этом гнилом болоте и сборище ворья». Асаблівы сарказм выклікаў лозунг «Шчасце ёсць!». Людзі з’едліва рагочуць: «Верым, канешне, шчасце ёсць! У правіцеля і ў клана, які яму прыслужвае».

За словам «пузік» бачыцца насельніцтва, для якога ўвесь свет сышоўся на халадзільніку і страўніку. Людзі, растурзаныя маральна і фізічна цяжкім выжываннем, закілзаныя адміністратыўным рэсурсам, нібы рахманая, загнаная кабылка, асуджана тупаюць на кароткім повадзе за ўладай, нават не глядзяць па баках і не стрыгуць вушамі.

Мяне ўражвае тое, як хутка пры аўтарытарызме пад уплывам прымітыўнай прапаганды значная частка дарослых людзей у Беларусі стала падобнай на «тэлепузікаў», якім замест жывата ўманціравалі экраны, у якіх каронны дэвіз: «Мы очень-очень счастливы!». Замбіраваны электарат паводзіць сябе так, нібыта напаўненнем страў­нікаў займаецца не халадзільнік, а тэлевізар.

Дуэль «тэлека» з «пузікам», якая мае зацяжны характар, узмацняецца. Нядаўна высветлілася, што аўтарытарны рэжым выдаткуе ў 2016 годзе на прапагандысцкае замбіраванне беларусаў праз СМІ 54, 6 млн долараў. За іх можна пабудаваць 3 паліклінікі або 16 дзіцячых садкоў, або 25 басейнаў, або 110.000 кв.м. жылля, якога хапіла б, каб палепшыць умовы 1500 сем’яў.

Прыведзеныя лічбы не здзівілі, бо ў краіне «татальнага папулізму» на першым месцы стаіць не рэальнае павышэнне дабрабыту насельніцтва, а яго ідэалагічная апрацоўка. Тэлебачанне ў Беларусі, нягледзячы на тое, што частка грамадзян глядзіць яго мала або наогул не ўключае, займае важнае месца. Ёсць пласт людзей, для якіх яно з’яўляецца не толькі асноўнай, але і адзінай крыніцай інфармацыі, бо многія сем’і не маюць інтэрнэта, зусім не чытаюць газет і часопісаў.

Пакуль што перамагае тэлевізар. Ён выконвае нават функцыі маразільніка, бо дэмагагічнымі ўгаворамі замарожвае палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія наспяваюць у грамадстве пад уплывам заняпаду эканомікі. На жаль, у многіх людзей адсутнічае думанне, крытычнае асэнсаванне рэчаіснасці.

Апошнім часам на вачах пусцеюць прылаўкі супермаркетаў і звычайных магазінаў. Паказальная сітуацыя на сталічным Камароўскім рынку. Раней ніколі не было, каб у разгар летняга сезона тут меліся свабодныя месцы. А цяпер прыкметна скарачаецца колькасць тых, хто хоча нешта прадаць, яўна бяднее асартымент харчовых прадуктаў.

Паступова змяншаецца напоўненасць хатніх халадзільнікаў. Але, пакуль там будзе хоць адна пляшка гарэлкі, кавалак сала, слоікі з салёнымі гуркамі і памідорамі, ніякіх зрухаў у грамадстве не будзе.

Жыццё вялікай масы насельніцтва заснавана на прымітыўных інстынктах, таму напаўненне чарапной каробкі прыемнымі, «пераможнымі» навінамі, а страўніка сякім-такім харчам — вышэй за ўсё. З гэтай прычыны змены да лепшага не адбываюцца, а калі і прыйдуць, то ў экстрэмальным варыянце.

У Беларусі ўзняць людзей на адстойванне годнасці могуць толькі пустыя каструлі, голад. Тады яны стануць «касіць» без разбору ўсіх — і злачынцаў, і праведнікаў. У любым бязлітасным бунце, які ніколі не выключаны, заўжды вінаваты правячы рэжым. Пра гэта прароча сказаў расійскі рэжысёр тэатра і кіно К. Сярэбраннікаў: «Если людям врать с такой интенсивностью, с какой врет телевидение сегодня, с ними точно должна произойти какая-то беда. И с теми, кто врет. И с теми, кто в это верит».

Але такі сумны вынік не тычыцца тых, хто на самым версе, ім нічога не пагражае. Іхнія многія калегі, якія патэтычна вучылі нас любіць Беларусь, з накрадзенымі і прысабечанымі грашыма «злінялі» ў замежжа, дзе выдатна ўладкаваліся самі і ашчаслівілі сямейнікаў.

У момант «Х» цяперашнія «павадыры» таксама ўзляцяць і сядуць на даўно падрыхтаваных «запасных аэрадромах» не толькі ў Расіі, але і ў іншых кропках свету. А «тэлепузікі» застануцца дома ля разбітага карыта.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Раздвоенасць

Свежы асфальт

Забойства чалавечнасці

Нулявы кіламетр

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.