TOP

Чырвонае святло

Дэмакратычны свет у дыпламатычных гульнях з дыктатарамі, агрэсарамі і тэрарыстамі зайшоў у тупік. Ён падступаецца да іх то з аднаго, то з другога боку, спрабуе ўціхамірыць, а тыя займаюцца шантажом, выпендрываюцца, як певень у курынай чарадзе, як адзіны жаніх у вёсцы, перапоўненай нявестамі.

Апошнім часам стала бачна, што колькасць нахабных «пеўняў» і «жаніхоў» на планеце значна вырасла, што ваяўнічае зло ўсюды наступае, а належны заслон яму не ставіцца. Палітыкі робяць выгляд, што нічога драматычнага не адбываецца, стараюцца не заўважаць пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў многіх краінах, павелічэнне ў геаметрычнай прагрэсіі крывавых тэрактаў, нарастанне канфрантацыі ў міжнародным жыцці. Такія абыякавыя паводзіны падштурхоўваюць свет да магчымай катастрофы, бо лакальныя агрэсіі, калі іх своечасова не спыняць, маюць здольнасць правакаваць маштабныя ваенныя канфлікты.

У змаганні дэмакратычных сіл з трыма яўнымі крыніцамі небяспекі, якія пералічаны, найбольш значны поспех мог бы прыйсці ў сферы дэмантажу аўтарытарных рэжымаў, бо якраз яны выступаюць аўтарамі мілітарысцкіх планаў. Мог бы, калі б заходнія палітыкі займалі прынцыповую пазіцыю да кожнага ўзурпатара ўлады, уключалі перад ім на міжнародным светлафоры «чырвонае святло».

Але яны паблажліва глядзяць на цынічныя, прыстасавальніцкія паводзіны, напрыклад, У. Пуціна або А. Лукашэнкі, якія дзеля захавання пасады могуць імгненна мяняць курс на 180 градусаў, выкарыстоўваць хлусню, паклёпы, дыктат сілы. Часам складваецца ўражанне, што не еўрапейскія чыноўнікі і парламентарыі, якія зачасцілі з візітамі ў Мінск і ў Маскву, уздзейнічаюць на аўтакратаў, а, наадварот, тыя перацягваюць іх у свой лагер. Нямецкі аналітык Р. Гэрцынгер сцвярджае: «Захад да гэтага часу не даў рашучага адпору пуцінскім ваенным злачынствам і яго палітыцы агрэсіўнага палітычнага шантажу».

Еўрачыноўнікі віхляюцца ў залежнасці ад абставін, ахвотна ідуць на ўступкі ўзурпатарам, каб не ўскладняць сабе жыццё, не парушаць свой камфортны стан. Як чорт з пісанай торбай яны носяцца з «realpolitik», не заўважаючы, што прыгнечаным народам ад яе нічога не перападае, што яна падыгрывае злу.

«Мы можам быць гнуткімі», — заяўляюць «цяжкавагавікі» еўрапейскай палітыкі. Яны то ўводзяць, то здымаюць санкцыі, ніколі не дачакаўшыся ад іх патрэбнага выніку. Такая «гнуткасць» у стаўленні да адыёзных рэжымаў ідзе на карысць толькі аўтакратам, а не насельніцтву, якое гібее пад іхнім уціскам.

Мне даводзіцца размаўляць на гэтую тэму з рознымі людзьмі. Найбольш часта паўтараюцца пытанні: «Колькі зла яшчэ павінен прынесці мільёнам людзей адзін чалавек, перш чым яго спыняць?»; «Чаму замест таго, каб падтрымаць імкненне значнай часткі беларусаў да свабоды і дэмакратычнага жыцця, Еўропа ўзяла курс на легітымізацыю аўтарытарнага рэжыму?». А нядаўна малады чалавек у банку змрочна прамовіў: «Апошнія «зялёныя» разменьваю… Куды коцімся? Зажраліся дыктатары са сваімі хэўрамі, бо даць ім па рагах — няма каму. Народ маўчыць і сапе ў дзве дзюрачкі, а Захад пайшоў у іх на повадзе». Шкада, што еўрапейскія чыноўнікі не стаяць у беларускіх банкаўскіх, магазінных, паліклінічных і аптэчных чэргах!

Аўтакраты заяўляюць, што не дапусцяць «вмешательства во внутренние дела суверенного государства». Але захаванне правоў і свабод чалавека — гэта не «внутренние дела», а прынятая міжнародная норма. Чаму заходнія дэмакратызатары не бачаць, як пры аўтарытарызме людзі звязаны намёртва па руках і нагах адміністратыўным рэсурсам, страхам перад міліцыяй, судамі, як баяцца раскрыць рот, бо застануцца без працы, без кавалка хлеба? Чаму ніяк не зразумеюць, што патураннем аўтакратам яны дапамагаюць заганяць народы ў таталітарную пастку, як было ў часы Гітлера і Сталіна?

У Беларусі зацверджана новая ваенная дактрына. Хвалячыся развіццём ВПК, уласнай зброяй і яе збытам, беларускі «міратворац», які ганарыцца «ручканнем» з лідарамі Германіі, Францыі, кажа: «То, что нужно всему миру». Курс на мілітарызацыю ў садружнасці з Расіяй спалучаецца з узмацненнем ціску на іншадумцаў. Міністр абароны А. Раўкоў заявіў: «Особый акцент при этом сделан на негативных тенденциях, связанных с разработкой концепций цветных революций и механизмов по изменению конституционного строя, нарушениях территориальной целостности государств путем провоцирования внутренних вооруженных конфликтов».

Але без свабодных выбараў у грамадзян няма іншага выйсця, як звяргаць узурпатара ўлады і рэакцыйны лад, які ён стварыў, і яны маюць на гэта канстытуцыйнае права, бо ўлада належыць народу.

Захад слушна крытыкуе апазіцыю за раз’яднанасць, слабасць. Але адкуль узяцца еднасці і сіле, калі супраць дэмакратаў змагаюцца не толькі розныя спецслужбы, якія не грэбуюць подлымі правакацыямі, але і ўся дзяржаўная сістэма? Так што дапамога, заходні «другі фронт» у змаганні з узурпатарамі ўлады, якія акапаліся на постсавецкай прасторы, патрэбны!

Галоўная памылка заходніх палітыкаў у тым, што яны дзейнічаюць паводле сваёй выхаванасці, успрымаюць аўтакратаў як сумленных партнёраў. Часта яны нават думкі не дапускаюць, што можна паводзіць сябе дзікунскім або подлым чынам. Толькі тыя, хто жыў у СССР і ў краінах сацлагера, ведаюць цану слову гадаванцаў таталітарнай сістэмы. Экс-дзяржсакратар ЗША М. Олбрайт, якая нарадзілася і расла ў Празе, кажа: «Паверце чалавеку, які ўцёк ад «жалезнай завесы». Я ведаю, што адбываецца, калі даваць рускім «зялёнае святло».

Яшчэ адна праблема — мусульманскі тэрарызм. Заглядаць надта далёка і гадаць пра невядомае — бессэнсоўна. А што ясна цяпер незашораным палітыкам і проста дасведчаным людзям? Можна пагадзіцца з фізікам і публіцыстам А. Варанэлем (Ізраіль), які даў характарыстыку новай сітуацыі: «Многочисленные представители мусульманского мира (ортодоксальны они или нет) в своем демонстративном противостоянии западной цивилизации успешно освоили новый вид оружия и застали западное общество врасплох на полдороге к торжеству пацифизма. Введение в практику боя самоуправляемого, самомаскирующегося и самокорректирующегося снаряда с неограниченным радиусом действия, которым становится снаряженный и обученный шахид, меняет все сегодняшние тактические правила войны на земле, на море и в воздухе…» Тэрор не спыняецца, таму і супраціў заходняй цывілізацыі будзе ўзмацняцца і набываць больш радыкальныя спосабы. Сапраўды, мір і спакой чалавецтва вісяць на тоненькай нітачцы.

Англійскі філосаф Э. Берк (1729 — 1797) мудра сказаў: «Для перамогі зла неабходна толькі адна ўмова — каб добрыя людзі сядзелі, склаўшы рукі».

Паглядзіце, як паводзяць сябе аўтакраты, як яны, нягледзячы на скандалы паміж сабой (Пуцін — Лукашэнка, Пуцін — Эрдаган), у патрэбную хвіліну імгненна яднаюцца. Дэмакратам трэба вучыцца такой узаемадапамозе!

Узурпатары ўлады, агрэсары, тэрарысты разумеюць толькі сілу. На кожны выпад супраць міру і спакою дэмакратычны свет, які мае значна мацнейшы патэнцыял, без саступак і лавіравання абавязаны даваць адэкватны адказ.

«Чырвонае святло» на міжнародным светлафоры павінна загарацца прад любой праявай зла.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Стваральнае слова

Дуэль «тэлека» з «пузікам»

Раздвоенасць

Свежы асфальт

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.