TOP

Самападман

Бадзёры тон афіцыйных СМІ запэўнівае насельніцтва краіны, што ўсё ў нас выдатна. Але большасць людзей даўно заўважыла прыкметнае пагаршэнне свайго дабрабыту. Безумоўна, ніхто яшчэ не памірае з голаду, ды прылаўкі магазінаў і рынкаў пусцеюць, рост цэн і тарыфаў адмоўна ўплывае на якасць спажывання, на камфортнасць жыцця. 

Ад самападману, якім займаюцца тэлебачанне і радыё, перыядычны друк, што мы назіраем штодзённа, сцежка наўпрост вядзе да эканомікі. Яна заўжды больш прыхавана ад звычайнага чалавека. Якая ж сітуацыя тут? Спашлюся на ўважлівы позірк збоку. Журналіст А. Баярскі, які наведаў нашу краіну, у газеце «Коммерсант» напісаў: «Свои креветки и пармезан. Комсомол и налог на тунеядцев. Райисполком как бизнес-партнер и успешные с виду, но дотационные сельхоз- и промпредприятия. Беларусь выглядит рабочей моделью того, к чему идет государство российское — если не учитывать, что все советское живет здесь только благодаря России».

Сапраўды, мы ў вялікай ступені залежым ад расійскіх паставак газу, нафты, ад яе грашовых пазык, бо, хоць у свой час меліся больш годныя варыянты, такі нахлебніцкі курс быў узяты адразу пасля прыходу аўтарытарнай улады. Але ж расійскія спецыялісты прызнаюцца, што ў іхняй эканоміцы — «плохое равновесие». Т. Малеева, аналітык, дырэктар Інстытута сацыяльнага аналізу і прагназавання РАНГіДБ канстатуе: «У нас пока что нет экономического роста, реструктуризации экономики или перехода на новые технологические рубежи».

Незайздросны стан эканомікі не дазваляе суседзям, так як было раней, раскідвацца матэрыяльнымі рэсурсамі і грашыма. Цяпер яны ставяцца да Беларусі больш прагматычна, «дружба дружбой, а табачок — врозь». Нават інтэграцыйны запал у Расіі і Беларусі пацішэў. Нядаўна па «беларускіх стратэгах», якія з дапамогай палітычнага шантажу хочуць дарвацца да суседскай нафты, саркастычна прайшоўся палітолаг М. Радаў: «Идея о том, что нам хотелось бы поиметь «на халяву» месторождения нефти в России — это уже ни в какие ворота не лезет. Скоро будут требовать включить содержание Беларуси в российский бюджет».

Жыхарам Беларусі непрыемна пастаянна чытаць і слухаць знішчальныя характарыстыкі ў адрас свайго правіцеля і яго памочнікаў, але тут нічога не папішаш — гэта канстатацыя фактаў. Кіруючы клан дзеля ўтрымання ўлады не хоча рэфармаваць эканоміку, бо тады адразу лясне і палітычная сістэма, прытым разам з ім — любімым. Акрамя таго, калі чыноўнікі не ведаюць, не ўмеюць і не хочуць нешта талковае рабіць, то адразу пачынаюць вышукваць спосабы, як нашармака здабыць хоць нейкія грошы. Адсюль растуць ногі ў самых розных пабораў і штрафаў, якія канчаткова задушылі насельніцтва, з гэтай прычыны пастаянна павышаюцца кошты і тарыфы.

Прыдумкі ў чыноўнікаў нараджаюцца адна за другой. Свежы «праект» прапанаваў канцэрн»Беллегпрам», які аб’явіў конкурс «Одежда и обувь корпоративного стиля». Услед за школьнікамі ва ўніформу хочуць апрануць цэлую краіну, усё робіцца дзеля таго, каб як-небудзь збыць людзям нягеглую прадукцыю. Такі клопат ёсць не толькі ў легпрамаўцаў. Каментарый карыстальніка інтэрнэта ў сувязі з гэтым дасціпны і ўедлівы: «Я понимаю Мясниковича, ему поставлена сложная задача — реанимировать мертвеца, то есть возродить нашу промышленность. Иначе положит на стол партбилет».

У народзе пра падобныя дзеянні грубавата кажуць: «Хочуць зняць з г..на плеўку». Рэгулярная дурнаватая, псеўдаарганізацыйная валтузня, хоць яе і прыкрывае прапагандысцкая хлусня ў СМІ, стварае ўражанне, што чыноўнікі ад эканомікі, ды і тыя, хто стаіць над імі, быццам бы ўвесь час ходзяць у прыспушчаных да каленяў штанах, як стрыножаныя. Пра які рух наперад можна ў такім выпадку думаць?

Самападман пранізвае ўсе сферы жыццядзейнасці Беларусі. Ён прысутнічае ў навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце. Людзі, якія працуюць у адпаведных установах, яго бачаць і могуць прывесці безліч канкрэтных прыкладаў.

Асабліва закрануў самападман сацыяльную абарону насельніцтва. Кіруючы клан і яго абслуга, як гэта робіцца ва ўсіх аўтарытарных краінах, забяспечаны цяпер дабротамі па максімальнай мерцы, а астатні люд загнаны ў мізэрную ўраўнілаўку. «Слугі народа» дзяліцца багаццем з народам не хочуць. Людзі пішуць: «Чиновники реализовали то, что и не снилось советской партийной номенклатуре. При всех привилегиях еще имеют огромные доходы, бизнес, астрономические откаты». Раней немагчымы, гіганцкі разрыў паміж багатымі і беднымі старанна прыкрываецца хітрыкамі з «сярэднім даходам», «сярэдняй зарплатай», «сярэдняй пенсіяй». Але як ні складай 3000 рублёў «небажыхароў» і 400 рублёў простага люду, як ні дзялі, каб мець сярэднюю лічбу, ды некалькі мільёнаў чалавек, якія атрымлівалі б па 1700 рублёў, усё роўна ў Беларусі не знойдзеш!

У стане самападману знаходзяцца тыя, хто надоўга захапіў уладу. Яны думаюць, што іх горача любіць народ, што аўтарытэт непахісны, што гэта будзе працягвацца вечна. Але час ідзе, і многае мяняецца. У любы момант спакой можа разбурыцца. Наконт высокіх працэнтаў галасоў, аддадзеных за аўтакратаў на несвабодных выбарах, правільную заўвагу зрабіў публіцыст А. Няўзораў: «То есть им уже и оправдываться-то неинтересно. Потому что они делают этот свой упор на свои 86%, не зная про то, что эти 86% не им покорные. Они вообще покорные. И покорными они будут всякому».

Самападманам займаецца і насельніцтва краіны, якое вырашыла адсядзецца за спіной узурпатара ўлады. Гаворка не пра ахвяраў савецкай і сённяшняй хлуслівай прапаганды, не пра пласт татальна неадукаваных людзей. З імі ўсё ясна. Але ў Беларусі маюцца больш-менш адэкватныя грамадзяне, якія разумеюць правальнасць аўтарытарнай сістэмы. Яны добра ведаюць, што гэты лад чакаюць агонія і крах. Значная колькасць людзей пастаянна бурчыць на кухнях або нават публічна разносіць уладу «па купінах» у чэргах, а затым ідзе на выбарчыя ўчасткі і зноў галасуе так, як заклікае тэлебачанне. Не трэба толькі спасылацца на выбарчыя фальсіфікацыі і падтасоўкі. Безумоўна, яны ёсць. Але калі б была вельмі значная перавага галасоў «супраць», то іх бы не ўкралі.

Увогуле, усю аўтарытарную дзяржаву можна лічыць самападманам, бо яна грунтуецца не на Канстытуцыі, не на законах, а на ўказах аднаго чалавека. А таму людзі проста не паспяваюць рэагаваць на кожны выпад рэжыму супраць грамадзянскіх правоў і свабод. На гэта не хапае ні часу, ні магчымасцяў, бо адзін тупы бюракратычны дурань або зацікаўлены прыўладны мярзотнік можа стварыць столькі праблем, што тысяча разумных людзей замучаецца іх рашаць.

Практыка паказвае, што мы паступова правальваемся ў рэаліі Паўночнай Карэі. Праўда, у нас яшчэ няма Дня Сонца ў гонар правіцеля, яшчэ тысячы людзей на плошчах па камандзе, па ўзмаху рукі не смяюцца і не рыдаюць, яшчэ не танцуюць мужчыны з мужчынамі, але да гэтага ўжо недалёка. Такое можна лёгка ўявіць, гледзячы на ўгодніцкія, ліслівыя паводзіны тутэйшых чыноўнікаў у прысутнасці галоўнага боса. Смешна і сумна бачыць бясплатны цырк…

Нехта па-філасофску заўважыць: усё праходзіць, і гэта пройдзе. Але які лёс чакае краіну, дзе людзі, пачынаючы ад дворніка і да прэзідэнта, займаюцца самападманам?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чырвонае святло

Стваральнае слова

Дуэль «тэлека» з «пузікам»

Раздвоенасць

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.