TOP

Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»

Вядомы паэт, публiцыст Сяргей Законнiкаў адказвае на пытаннi галоўнага рэдактара «Свободных новостей плюс» Васiля Зданюка

— Больш 11 апошніх гадоў гісторыі нашай газеты непарыўна звязаны з Вашым імем. Ніводзін нумар газеты на працягу гэтага тэрміну не выйшаў без артыкула ў рубрыцы «Пункт гледжання паэта Сяргея Законнікава». Я падлічыў: на сёння — гэта 580 публіцыстычных артыкулаў — актуальных, запамінальных. Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што гэтыя публікацыі пакінулі яркі след у гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння. Скажыце, Сяргей Іванавіч, як Вам, вядомаму паэту, тонкаму лірыку, удаецца столькі часу стаяць каля газетнага «станка»?

Сергей Иванович Законников

— Вы, мабыць, будзеце здзіўлены, шаноўны Васіль Уладзіміравіч, але афіцыйна мой літаратурны стаж складае 53 гады, адлік вядзецца з моманту публікацыі першай «саліднай» падборкі вершаў у абласной газеце «Віцебскі рабочы», калі вучыўся ў 9-м класе.

А газетчыкам, кажучы жартам, магу лічыцца з 6-га класа, бо супрацоўнічаў з раённай газетай, а затым яшчэ школьнікам друкаваўся ў розных выданнях, нават у цэнтральнай газеце «Советская культура». Давялося быць і штатным супрацоўнікам вушацкай раёнкі «Патрыёт», працаваць у рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена», «Звязда».

Але ў мяне, як заўважаюць і пішуць чытачы, місія іншая, чым у «лінейнага» газетчыка. Паэту трэба бачыць жыццё праз прызму агульначалавечых каштоўнасцяў, гуманістычных ідэалаў, вылаўліваць у плыні манатоннай палітычнай і сацыяльнай будзённасці залацінкі яркіх сітуацый і канфліктаў, выявы як чалавечай высакароднасці, дабрыні, мудрасці, так і подласці, зла, асэнсоўваць іх не наспех, а больш грунтоўна, з розных бакоў. Словам, асэнсоўваць па-філасофску вялікае і дробнае, агульнае і прыватнае, увесь спектр нашага быцця.

— А газетная праца не адцягвае ад паэзіі?

— Адказваю сумленна — спалучаць працу ў газеце, асабліва калумністам, які пастаянна ўпрэжаны ў воз, нялёгка. Часам пасля напісання чарговага роздуму для «Снплюс» не тое што адразу не бяруся за вершы, а доўга яшчэ ніяк не магу адысці ад тэмы, якая расхвалявала да падняцця ціску. Сяджу за пісьмовым сталом і, каб душою супакоіцца, проста, падпёршы цяжкую галаву рукамі, гляджу ў вакно, як плывуць непаўторныя нябесныя вандроўніцы — аблачынкі, на любімы горад, бо жыву на дзявятым паверсе. Дарэчы, калі засяляўся з сям’ёй сюды, Васіль Быкаў з гумарам сказаў: «Не перажывай, што высока. Усе добрыя, лепшыя людзі жывуць на дзявятым паверсе». Сам ён таксама жыў на дзявятым… Нягледзячы на знешнюю ўраўнаважанасць і спакой, унутрана я — чалавек даволі эмацыйны, востра рэагую на любую праяву ўладнай дурноты, разбэшчанасці, несправядлівасці або чалавечай мярзоты.

Вершы і паэмы пішу «запойна». Магу не пісаць паэзію месяц і нават год, а толькі занатоўваць тое, што прыйшло ў душу, сэрца і галаву, — нейкі радок, цэлую страфу, дзве страфы або амаль гатовы верш. Такіх накідаў у мяне — «мульёны». А потым прыходзіць пара або, як кажуць, тое самае натхненне, і я магу сядзець за сталом вельмі доўга. Бывала, што за ноч пісаў па 6—7 вершаў. Цыкл пра маму «Беспрытульныя вершы» (25 вершаў), які высока ацаніў Рыгор Барадулін, напісаны ў студзені 1997 года за пяць начэй, амаль без сну.

Мама памерла ў 1995 годзе. Паўтара года ніякай паэзіі не пісаў, толькі нешта па службе, бо працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Як у народзе кажуць, «мову адняло». Пісаць вершы было немагчыма, памерла мама, а я — па яе ж ласкавым вызначэнні — якраз «мамчын сынок». Затым сэрца выбухнула.

Такім чынам ствараліся паэмы «Чорная быль», «Зязюля», «Цівалі». Так што газета не перашкаджае мне да такой ступені, каб рукі зусім не даходзілі да вершаў. Прыходзіць час, і яны пішуцца. Так будзе і надалей.

— У мяне склалася такое ўражанне, што ў апошнія гады Вы больш заяўляеце пра сябе публіцыстыкай, чым паэзіяй…

— На гэтае пытанне я адказваў вышэй. Дадам толькі, што праца душы не спыняецца ніколі, а ў паэта яна гаворыць вершамі. Калі не з’яўляюцца публікацыі або кнігі, гэта яшчэ не паказчык застою. Як той казаў, мы — вялікія лайдакі, але яшчэ нешта «магём» і патроху пішам. Не трэба таксама забываць, што «нячэсным пісьменнікам» выхад да чытача перакрыты. Часопіс «Дзеяслоў» і ўкладка «Літаратурная Беларусь» не могуць усіх абслужыць. А для выдання новых кніг трэба грошы, якіх у мяне, на жаль, няма. Зборнік паэзіі «Шалёная куля», выдадзены ў 2010 годзе, абышоўся мне ў 1200 долараў. Уяўляеце, колькі часу я збіраў гэтую суму са сваёй ураўніцельнай пенсіі, сёння 378 рублёў?

— Вы нарадзіліся ў Віцебскай вобласці. Адтуль жа родам Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін. Што за зямля там такая, якая дала Беларусі столькі талентаў?

— Калі казаць пра літаратурныя таленты Віцебшчыны, то, каб назваць адны прозвішчы, не хопіць газетнай паласы. А ў Вушацкім раёне нарадзіліся не толькі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, якіх Вы згадалі. Гэта радзіма класікаў айчыннай літаратуры Арцёма Вярыгі-Дарэўскага (1816 —1884), Фелікса Тапчэўскага (1838 —1892), народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі, Еўдакіі Лось і іншых.

Цяпер не праблема знайсці патрэбныя звесткі па любой тэме ў інтэрнэце. Той з чытачоў, хто не палянуецца, адкрые толькі ў Вушацкім раёне безліч прозвішчаў таленавітых вучоных, мастакоў, археолагаў, актораў, вайскоўцаў.

Я ж нарадзіўся ў Вульскім раёне (быў такі пасля вайны), на стыку цяперашніх Вушацкага і Бешанковіцкага раёнаў. Вёска Слабада, у якой давялося пражыць пасля з’яўлення на свет толькі некалькі месяцаў, уваходзіць сёння ў Бешанковіцкі раён. Так месцам майго нараджэння ў даведніках стаў ён.

На Вушаччыне я жыў з 1954 года. Тут заканчвалася маленства, прайшло юнацтва, пачалася маладосць. Адсюль пайшоў у вялікі свет. Таму справядліва лічу сябе вушацкім чалавекам.

Мае бацькі Валянціна Фёдараўна і Іван Васільевіч Законнікавы — ураджэнцы Віцебшчыны, настаўнікі. У час Вялікай Айчыннай вайны мама была партызанкай, а тата прайшоў фронт зенітчыкам. Затым працавалі ў школах да выхаду на пенсію. Мама вучыла малодшыя класы, а тата выкладаў рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах, доўгі час быў дырэктарам. З гэтым звязаны частыя пераезды сям’і, у якой нарадзілася пяць дзяцей, у мяне два браты і дзве сястры. Дзесяць гадоў назад, у сувязі з 60-годдзем, у «Снплюс» былі біяграфічныя звесткі, таму не хачу паўтарацца. Зноў жа, ёсць інтэрнэт, там я прадстаўлены даволі шырока, хоць, праўда, хапае розных недакладнасцяў, памылак.

А цяпер наконт унікальнасці зямлі. Паводле маіх разваг, ёсць некалькі прычын. Вушаччына і ў цэлым Віцебшчына маюць беднаватыя на ўраджай землі, тут шмат камянёў, якія калісьці прывалок ледавік з далёкай Скандынавіі, а яшчэ паўсюль — пяскі, падзол, гліна. Мясцовасць перасечаная, азёры, рэкі, узгоркі. Камбайнеры з Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якіх прысылаюць у час жніва на падмогу, не могуць працаваць. Па ўзгорыстых палях машыны ідуць пад такім вуглом, што могуць кульнуцца. Нярэдка так і здараецца. Толькі мясцовыя ўмельцы-асы здольныя ўтрымліваць камбайн…

Здаўна неўрадлівыя землі прымушалі тутэйшага чалавека аддаваць ім больш увагі, умення, сілы і поту, канцэнтраваць позірк на кожным маленькім лапічку лепшай глебы, пільна прыкмячаць розныя дробязі, асэнсоўваць убачанае. А з другога боку, лясное, азёрнае, рачное і ўзгоркавае хараство прывучала людзей да добрага эстэтычнага густу. Відаць, стагоддзямі гэта адкладвалася на генетычным узроўні, увайшло ў плоць і кроў, таму і славіцца Віцебшчына пісьменнікамі. Вось жартоўная выснова: мая бедная, але прыгожая зямля недарод сельгаспрадукцыі кампенсуе таленавітай літаратурай і іншай дзейнасцю гуманітарнага кірунку сваіх дачок і сыноў.

Увогуле, Васіль Уладзіміравіч, мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую! Увесну ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях у садах буяе квецень, а на Віцебшчыне ў лясах і пушчах, на адхонах дарог яшчэ ляжыць снег. А ўспомніце, што мы бачым вакол сябе: палі, лугі, пералескі, лясы, пушчы, узгоркі, рэкі, азёры, балоты, якія, дзякуй Вышэйшай Волі, яшчэ не ўсе асушаны. Выключная разнастайнасць! Мне давялося быць у Даніі, яна вельмі падобная на Віцебшчыну, але ў нас прырода намнога больш багатая. Праўда, датчане на бедных землях здымаюць фантастычныя ўраджаі збожжа, маюць рэкордныя надоі малака і прывагі мяса, але гэта ўжо залежыць ад палітычнай і эканамічнай сістэмы. Магчыма, некалі і Віцебшчына дойдзе да такіх вынікаў…

Нягледзячы на тое, што маё прозвішча ўключана ў пяць забарончых «чорных спісаў», складзеных чыноўнікамі, чытачы часта запрашаюць мяне на сустрэчы. Я не стамляюся расказваць школьнікам і студэнтам, дарослым людзям пра хараство роднай зямлі.

Image 5348
На сустрэчы з чытачамі

— Сяргей Іванавіч, хацелася б яшчэ закрануць моўныя праблемы…

— Вы заўважылі, што ў рубрыцы я пастаянна вяртаюся да лёсу роднай мовы. Гэта надзвычай высока цаніў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч — сам найадданы апякун і выдатны абаронца беларускага слова. Ён рэгулярна чытаў «Снплюс», а як зрок значна пагоршыўся — гэта рабілі сястра Святлана або пляменніца Тамара, чыталі яму ўслых. А Ніл Сымонавіч пасля часта тэлефанаваў з удзячнасцю.

Ваюю за родную мову нездарма. Нашы людзі ніяк не могуць зразумець, што яна — галоўны абярэг нацыі. «Мы, беларусы, выжывем фізічна толькі тады, калі паднімемся з каленяў, адродзім родную мову, культуру, свае спаконвечныя мудрыя традыцыі, калі зразумеем, што мы — не насельніцтва, не рабсіла, а народ, у якога за плячыма вялікая і слаўная гісторыя. Наш паратунак — нацыянальнае Адраджэнне!» — такімі словамі закончылася маё выступленне на памятным шматтысячным мітынгу, прысвечаным чацвёртай гадавіне чарнобыльскай трагедыі, на стадыёне «Дынама» ў Мінску ў 1990 годзе. Усё застаецца ў сіле і цяпер. У моўнай палітыцы пасля ўсталявання аўтарытарнага рэжыму абраны няправільны кірунак. Можна апраўдваць русіфікацыю любымі акалічнасцямі, але ж у такой сітуацыі, у якой знаходзяцца беларусы, былі сотні народаў, і яны змаглі вярнуцца да свайго, крэўнага. Самы паказальны прыклад — Чэхія. Як ні круці, а без мовы няма народа. Нездарма кажуць — матчына (!) мова:

Побач адно і другое слова:
Мама… Мова…

Мама памерла, і мова амаль нежывая…
Як жа тут сэрца стрывае?

Ва ўсім свеце на людзей, якія адмаўляюцца ад галоўнай народнай святыні, глядзяць, нібы на вар’ятаў.

— Некаторым дагэтуль не дае спакою той факт, што Вы працавалі ў ЦК КПБ. Што гэта была за работа?

— Калі нехта думае, што ў ЦК я «сядзеў, камандаваў направа і налева, еў вялікай лыжкай чорную і чырвоную ікру», як пісалі правакатары з Віцебскага гаркама і райкамаў КПБ у сваіх запісках у прэзідыўмы прадвыбарчых сустрэч, бо ў 1990 годзе, знаходзячыся на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», удзельнічаў у Віцебску ў выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, дык гэта не так. Дарэчы, тады ў першым туры з 4 кандыдатаў стаў лідарам, а другі фактычна выйграў, бо набраў 49, 8%, прагаласавала 8 тысяч 871 чалавек, не хапіла 35 галасоў. Калі ўлічваць, што ў мяне не было ніякіх назіральнікаў, што толькі на адным з сямі выбарчых участкаў укінулі 400 бюлетэняў «супраць», пра што афіцыйна напісаў пасля выбараў намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі ў ЦВК, якога загрызла сумленне (тады яшчэ былі і такія, сёння іх ужо няма), то мая перамога — гэта неаспрэчны факт. Мярзотныя ўчынкі першага сакратара Віцебскага абкама КПБ і яго каманды былі для мяне як на далоні. Шкада, што такое паўтараецца ў краіне вось ужо 22 гады…

Канкрэтна займацца ў ЦК КПБ даводзілася многім, пра ўсё не раскажаш. Найперш трэба было вырашаць самыя розныя праблемы многіх творцаў, якія звярталіся. Для іх ЦК быў апошняй інстанцыяй у пошуках праўды і справядлівасці. Дарэчы, людзей не адфутбольвалі, як цяпер, уніз. Скаргі разглядаліся без цягамоціны, часта з выездам на месца і канкрэтным разборам сітуацыі.

Найбольшы мой клопат быў у ратаванні ад мясцовых і маскоўскіх цэнзараў кніг самых таленавітых аўтараў. Спецыяльна для Машэрава я даваў станоўчыя водгукі па многіх рукапісах, якія яму клалі на стол цэнзары. Давялося абараняць творы В. Быкава, А. Адамовіча, У. Караткевіча, П. Панчанкі, А. Макаёнка, А. Разанава і многіх іншых, а таму маю шмат удзячных аўтографаў. Скажам, на «Знаку бяды» такі: «Мілы Сярожа, дарагі Сяргей Іванавіч, у знак памяці да нашай мілай і пакутнай Ушаччыны прымі гэтую кнігу ад радаснага сёння аўтара, у чыей радасці і твая добрая доля старання. Васіль Быкаў. 11 чэрв. 1984 г.», на падарункавым выданні «Карнікаў»: «Сяргею Законнікаву, які спрыяў гэтай кнізе. Алесь Адамовіч. 13. 02. 1981» . Дарэчы, у змаганні з цэнзурай мне спрыяла тое, што часта дапамагаў пісаць выступленні і даклады Кузьміну і зрэдку Машэраву, у тым ліку славутую прамову на трактарным заводзе, якая абляцела ўвесь СССР. Аднойчы стаў сведкам унікальнай гаворкі Пятра Міронавіча з Леанідам Ільічом Брэжневым, які, дарэчы, ставіўся непрыязна да нашага лідара, бо бачыў у ім канкурэнта. Мы тады ўлетку сядзелі ў кабінеце Машэрава і правілі тэкст выступлення. Калі зазваніў крамлёўскі тэлефон, я падняўся і сказаў, што выйду, не буду перашкаджаць. Але Машэраў махнуў рукой, загадваючы застацца. Брэжнеў прасіў даць дадаткова ў саюзны фонд вялікую колькасць мяса. Не загадваў, а прасіў, таму што Беларусь свой план па мясу выканала і нават перавыканала. Але ў той час па СССР ішлі страйкі галодных рабочых, асабліва бурліў Урал. Пётр Міронавіч адказаў, што нельга загубіць нашу жывёлагадоўлю, бо бычкі толькі што пайшлі на выгул, іх нельга пускаць пад нож. Брэжнеў настойваў, папракаў, што Машэраў «не понимает политическую ситуацию, не подчиняется партийной дисциплине». Гаворка была вельмі цяжкай. Брэжнеў дайшоў амаль да лаянкі, але Машэраў не здаўся, вытрымаў напор генсека, паабяцаў толькі, улічваючы страйкі, выдзеліць нешта са «спецфонду». Пётр Міронавіч паклаў трубку, пасля, як стомлены касец, выцер рукавом белай кашулі халодны пот з ілба, памаўчаў, а затым, глянуўшы на мяне, сказаў: «Вы ничего не слышали. Будем работать дальше».

— Ходзяць чуткі, што ў ЦК Вас браў асабіста Машэраў?

— Калі падаваць абставіны зусім дакладна, то «бралі» некалькі чалавек. Спачатку была не адна гаворка з загадчыкам аддзела культуры А. Петрашкевічам, але я адмаўляўся. Тады ён запрасіў мяне да сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі Кузьміна, які пасля двухгадзіннай размовы змог угаварыць. Праўда, Аляксандр Трыфанавіч наладзіў яшчэ і выпрабаванне. Папрасіў напісаць для яго артыкул у часопіс «Советское кино» пра стан беларускага кінематографа, які быў неўзабаве апублікаваны. А тады ўжо была гаворка з Пятром Міронавічам. Ён спытаў: «Вы с желанием идете работать?» Я не мог быць няшчырым, гэта не ў маіх правілах, таму сказаў, як на духу: «Не, такога жадання няма. Мяне ўгаварылі». Машэраў вельмі ўважліва паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся: «Ладно. Но теперь желание все-таки появилось?» Мой адказ быў: «Так».

Я не раблю з Машэрава ікону. Гэта пры ім пад дыктатам ідэй з Крамля ішло актыўнае змаганне з «нацыяналізмам», працягвалі закрываць беларускія школы, у многіх месцах было няправільна праведзена асушэнне балот, пераборам скончылася вызначэнне «неперспектыўных» вёсак.

Памылкі былі, і нават значныя, асабліва ў дачыненні да роднай мовы, ды хто без іх абыходзіцца, калі працуе энергічна, захоплена, маштабна? Але гэта быў адукаваны, культурны, надзвычай прыстойны ў маральным плане чалавек, які чуйна ставіўся да ўсяго новага і карыснага, разумеў патрэбы і клопаты людзей, паважаў таленты, прафесіяналаў. Ён без «высачайшых» указаў і дэкрэтаў вывеў рэспубліку на лепшы ў СССР эканамічны ўзровень. Гэтага не зможа аспрэчыць ніхто.

— У Беларусі Вас ведаюць не толькі як паэта, але і як непрымірымага крытыка ўлады. Як увогуле складваліся Вашы адносіны з цяперашняй уладай?

— Вельмі простае і адначасова складанае пытанне. На яго кожны тыдзень я адказваю ў газеце сваімі роздумамі. А калі без гумару, то да палітычных катаклізмаў быў гатовым яшчэ з юнацтва, бо перад вачыма стаяў трагічны лёс майго дзядзькі — паэта Сяргея Ракіты (Сяргея Васільевіча Законнікава), які быў арыштаваны ў 1936 годзе ў 27 гадоў, двойчы асуджаны (у 1936 і 1941гадах) і загінуў у сталінскім канцлагеры. Высвятленне дэталяў яго турэмнай і лагернай эпапеі, лёсу дзядзькавага сына Валерыя, які згубіўся ў час бамбёжкі Мінска ў чэрвені 1941 года, доўгія шматгадовыя пошукі (дарэчы, сын не знайшоўся і месца пахавання дзядзькі дасюль не ўдакладнена) загартавалі мяне, прывучылі не баяцца ніякага начальства, прывілі агіду да ўсіх узурпатараў улады.

Яшчэ да абрання цяперашняга правіцеля, улічваючы тагачасную сітуацыю ў Беларусі, надзвычай нізкі стан палітычнай культуры насельніцтва, я публічна выступаў у друку супраць інстытута прэзідэнства, бо гэта дае магчымасць для ўсталявання аўтарытарызму або дыктатуры. Так яно і сталася. А яшчэ я неблагі прафесіянал, і таму стаўлюся да кан’юнктуршчыкаў-невукаў, якія аднекуль выскокваюць як чорт з табакеркі, вельмі негатыўна.

З 1986 па 2002 год я працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», разам з калектывам удалося зрабіць выданне, якое карысталася аўтарытэтам, значна павысіць яго тыраж. Мы, з вялікай цяжкасцю пераадольваючы ідэалагічныя бар’еры, таталітарную ментальнасць, друкавалі выдатныя мастацкія творы, выходзілі ў публіцыстыцы на самыя важныя праблемы беларускага жыцця, смела адстойвалі праўду. Двойчы ў рэдакцыі зламыснікі налажвалі начныя пагромы, да мяне падсылалі розных правакатараў, крымінальнікаў, каб запалохаць, нас душылі эканамічна. Але да 2002 года мы выстаялі. Калі аўтарытарная ўлада расправілася з мяцежнымі палітыкамі, а пасля з бунтоўнымі прадстаўнікамі дырэктарскага корпусу, то чарга дайшла да рэдакцый няўгодных часопісаў. Іх проста знішчылі шляхам стварэння холдынгу. Канкрэтна нашу рэдакцыю ліквідоўвала група на чале з генералам КДБ. Кіраваць «літкалгасам» даручылі дэпутату Касцяну, які не толькі не мог адрозніць ямб ад харэя, але не ведаў, дзе ў часопісе друкуюцца выхадныя дадзеныя. Пасля я хацеў стварыць незалежны, новы часопіс. Былі падрыхтаваны ўжо два нумары, але Адміністрацыя прэзідэнта загадала гарвыканкаму не даваць дазвол на размяшчэнне рэдакцыі. А без гэтага адкрыць часопіс немагчыма. Двухгадовае змаганне скончылася нічым.

Наогул, цяперашняя ўлада вызначаецца выключным прымітывізмам, шэрасцю. На ўсім, што ствараецца ў краіне, стаіць пячатка — «псеўда». Гляньце на эканоміку, на архітэктуру. Асабліва гэта тычыцца культуры. Яе сёння няма, ёсць безгустоўны эрзац без нацыянальнай сутнасці і аблічча, без якасці. Бачачы ўсё гэта, я не магу маўчаць.

— Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Вас звязвалі сяброўскія адносіны з Васілём Быкавым. Пра яго зараз мала гавораць і рэдка пішуць.Раскажыце, якім ён быў у звычайным жыцці?

— Васіль Уладзіміравіч быў старэйшы на 22 гады. Адсюль бацькоўскае, нават пяшчотнае стаўленне да мяне. А яшчэ ж мы блізкія землякі. Але самае галоўнае, што было ў нашым сяброўстве — гэта аднолькавая прынцыповая пазіцыя ў літаратуры і ва ўсім астатнім. Сапраўдная сувязь і еднасць пакаленняў! На кнізе «На крыжах» ён напісаў: «Сяргею Законьнікаву, зь якім разам вісець на крыжах. Такая доля! Васіль Быкаў. 20. УІІ. 99». У каго яшчэ знойдзецца такі аўтограф?

С.И. Законников с Василем Быковым
С.І. Законнікаў з Васілём Быкавым

30 снежня 1986 года, на другі дзень пасля таго як я стаў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», Васіль Уладзіміравіч прынёс дзевяць вялікіх чырвоных руж і ў прысутнасці калектыву рэдакцыі, наведвальнікаў сказаў: «Вазьмі. З сённяшняга дня ўсе свае буйныя рэчы я друкую ў «Полымі». І пайшоў у сваёй просценькай куртачцы і берэціку пад снегавей. Ён разумеў, як мне будзе нялёгка на гэтай пасадзе, і рашыў падтрымаць такім сяброўскім жэстам.

Многія памыляюцца, калі лічаць, што Быкаў быў суровым, замкнёным у сабе чалавекам. Гэта абсалютна не так. Васіль Уладзіміравіч, шчодра адораны прыродай пісьменніцкім і мастакоўскім (цудоўна маляваў!) талентам, меў яшчэ чуйную душу, вялікае сэрца, валодаў выключным адчуваннем гумару, любіў напоўніцу пасмяяцца.

Да нашай сям’і ён ставіўся з асаблівай ласкай і пяшчотай. Маленькая дачушка Алёнка неяк паслала яму віншавальную паштоўку, зробленую сваімі рукамі з высушаных лісцінак і кветачак. І вось з таго часу вечна заняты Быкаў вырабляў нейкую падобную паштоўку ёй у адказ, перабіраў травінкі, лісцінкі, пялёсткі і наклейваў на паперу. Унікальныя пасланні Васіля Уладзіміравіча мы захоўваем як сімвал вышэйшай чалавечай дабрыні і пяшчоты геніяльнага чалавека, які сваёй творчасцю абараніў беларускую годнасць перад усім светам.

— Многія нашы чытачы помняць Вашу кнігу паэзіі «Заклінанне» , у якой змешчана і паэма «Чорная быль», за якую Вы ў 1992 годзе былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы. Вы былі ў Чарнобылі? І ў якой якасці?

— Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС супрацоўнікаў ЦК КПБ пачалі пасылаць у забруджаныя раёны. Яшчэ ніхто толкам не ведаў, што трэба было рабіць: ні крамлёўскія кіраўнікі, ні маскоўскія вучоныя, ні вайскоўцы, ні мясцовае партыйнае начальства. Але быў кінуты кліч праводзіць дэзактывацыю, змываць з будынкаў радыеактыўную пошасць спецыяльнымі растворамі. Гэтай працай займаліся тысячы вайскоўцаў з усяго СССР. Палатачныя лагеры, у якіх яны жылі, цягнуліся кіламетрамі. Мне была пастаўлена задача пракантраляваць, ці якасна працуюць брыгады ў Хойніцкім раёне (аб’ек­ты — дзіцячыя садкі, школы, бальніцы), а таксама, каб хлопцы не злоўжывалі спіртным, азартнымі карцёжнымі гульнямі, дапамагчы арганізаваць для іх працу перасоўных бібліятэк, паказ кіно. На працягу працяглых летняй і восеньскай камандзіровак я пабачыў шмат гора, асабліва перавярнулі душу некалькі адсяленняў вёсак. Многае з убачанага і перажытага ўвайшло ў паэму. Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка (1917 — 1995), з якім я сябраваў і нават жыў у адным пад’ездзе, напісаў: «Жыццё майго пакалення рассекла на дзве часткі Айчынная вайна. А для сучасных людзей знакам бяды стала страшэнная чарнобыльская трагедыя. Пра гэта Сяргей Законнікаў напісаў хвалюючую паэму»Чорная быль».

Скажу шчыра, вельмі дарагой мне была ад такога выдатнага майстра паэзіі наступная ацэнка — «адзін з першых у паэзіі паэтычных твораў і па часе напісання і па высокай мастацкай вартасці».

Паэма «Чорная быль» перакладзена на 8 еўрапейскіх моў. Яна няблага папрацавала на паляпшэнне здароўя нашых людзей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, бо гучала на маіх платных выступленнях разам з замежнымі пісьменнікамі, акторамі тэатра і кіно, рэлігійнымі хорамі ў Германіі, Францыі, Швейцарыі, Польшчы, Сербіі. Сабраныя грошы ішлі на набыццё неабходнага медыцынскага абсталявання для беларускіх бальніц, лекаў, вітамінаў.

Пра сям’ю

— У мяне выдатны сямейны тыл. Ёсць мілая жонка Лілія, з маладосці стаіць за мяне гарой, падзяляе погляды і памкненні. Яна — прыгожы, разумны, мудры і спагадлівы чалавек, нарадзіла мне чароўных дачок Алёну і Святлану, а тыя цудоўных унукаў — Марыну і Францішка.

С.И. Законников с супругой
З жонкай Ліліяй

Дзеці і ўнукі радуюць сваімі паводзінамі і справамі, кажу гэта не як бацька і дзядуля, бо ў такім выпадку для кожнага чалавека нашчадкі, якія б яны ні былі, — самае дарагое, а проста гледзячы збоку, акідваючы іх крытычным, дапытлівым пісьменніцкім позіркам. Яшчэ ёсць зяці Юрась і Дзяніс — таленавітыя, годныя людзі, якіх паважаю і люблю.

Сёння ўсё ідзе ў мяне сваім ладам, адчуваю сябе шчаслівым. Адзінае, што трохі замінае — гэта цэйтнот і юбілей. З гэтай прычыны некалі напісаўся верш:

Ёсць ворагі зацятыя ў паэтаў —
Неўладкаваны быт
І гонкі час.
На ўзлёце,
За адзіны крок да мэты
Яны даб’юць і закапаюць нас.

Чарговы дзень абрынуўся на плечы,
А праз душу шыбае халадок:
У мітусні,
У вечнай калатнечы
Канае незапісаны радок!

Хтось млее па банкетах і прамовах,
Дзе змешаны гарэлка і ялей…
А мне абрыдлі
Два варожых словы:
Адно — цэйтнот,
Другое — юбілей.

Гэта каб павесяліць Вас, Васіль Уладзіміравіч, каб наша размова не выглядала занадта сур’ёзнай. Увогуле, я не супраць юбілеяў. Паклон кожнаму чалавеку, хто, магчыма, згадае мой дзень нараджэння. Шчыра ўдзячны ўсім добрым людзям, якія чытаюць маю паэзію і публіцыстыку, якія пішуць і тэлефануюць, жадаю ім святла і цяпла, здароўя і ўдачы!