TOP

Вершы пішуцца так, як расце трава

Впервые за 11 с лишним лет «Пункт гледжання паэта Сяргея Законнiкава» выходит в необычном, чисто поэтическом формате. Для этого есть весомые причины. В эти дни бессменный колумнист нашей газеты, известный белорусский поэт и публицист отмечает свое 70-летие. 

Поздравляем Сергея Ивановича с юбилеем, желаем ему крепкого здоровья и поэтического вдохновения! А что касается его традиционной колонки, то в публикуемой сегодня подборке стихов он сказал ничуть не меньше, чем в своих публицистических статьях.

 
Старая гвардыя
Усім тым, хто ствараў з мяне
чалавека
 
Радзеюць шэрагі «гвардзейцаў»,
Тых, хто заспеў вайну і кроў.
Нікуды ад слязы не дзецца —
У той калоне шмат сяброў.
 
Яны жылі па даўніх мерках,
Яны стваралі, як сабе,
Ад нараджэння і да смерці
Цягнулі праўду на гарбе.
 
Мы ні аб чым іх не пыталі,
Вучыў нас годны, смелы талент,
А не халуйскае лам’ё,
Пад іхнім словам вырасталі,
Каб некалі знайсці сваё.
 
* * *
Што сніцца мне на самым схіле лёсу?
Найбольш хвіліны радасных уцех…
Вось я кулём, разхрыстаны і босы,
У двор лячу глядзець на першы снег.
 
Па ім уся малеча сцежкі торыць,
І снежны халадок на вуснах люб,
Бо мы — пасляваенная аторва —
Прывыклі ўсё на свеце браць на зуб…
 
Зноў кружыцца святочная завея,
З кватэры выйшаў сёння нездарма.
Не ведаю, як хто…
Я ж здаравею,
Калі ў наш край вяртаецца зіма.
 
Не з-за таго, што слабасць у каленьках,
Я раптам запаволю спорны крок
І вуснамі, як некалі ў маленстве,
Злаўлю пасланы небам мне сняжок.
 
* * *
Світанне і заход вітаюцца ў вачах,
Не ўхопіш час за хвост, нібы жар-птушку,
Дзе малады іду па сонечных лугах,
Дзе, як рамонкі, ля мяне — дачушкі.
 
А Быкаў параўнанне ўпадабаў тады,
Пры стрэчах згадваў: «Як твае рамонкі?»
Яго пяшчота не згасае праз гады
Над доляю Святланкі і Алёнкі.
 
Світанне і заход вітаюцца ў вачах,
Не ўхопіш час за хвост, нібы жар-птушку,
А я хачу Марынку несці на плячах,
Францішка на руках шчасліва гушкаць.
 
Не з-за таго, што ўнукі выраслі мае,
Што перад імі вечныя скрыжалі,
Ды ўсё ж часцей жыццё прытомленае б’е
Пад дых нясцерпным, невыказным жалем…
 
Світанне і заход вітаюцца ў вачах,
Не ўхопіш час за хвост, нібы жар-птушку…
Цяпер прыйшла пара — з прыродай памаўчаць,
А можа, і заплакаць у падушку.
 
Новыя
Я не люблю старэчае ныццё,
Што ў нас было цудоўнае жыццё.
 
Міф настальгічны слухаць не магу,
Як толькі ўспомню даўкую чаргу.
 
Душа зрываецца ў круты кульбіт,
Калі згадаю той убогі быт.
 
Мне не шкада кіруючых аслоў,
Дэбільных думак і фальшывых слоў…
 
Але мяне бянтэжаць новыя…
Новыя — на ўсё гатовыя.
 
У вочы трапіла мыла
 
Народ наш жыве паныла —
У вочы трапіла мыла.
 
Калісьці з бяды гэткай самай
Мяне ратавала мама.
 
Яна пацалункам мілым
З вачэй выцалоўвала мыла…
 
Нялёгка ісці хісткім крокам
З даўно замыленым зрокам.
 
Куды? А хто можа ведаць?
Галоўнае — добра паснедаць.
 
Затым пратораным следам
Патрэбна сустрэцца з абедам.
 
Пасля будуць тыя ж намеры —
Шчасліва дажыць да вячэры.
 
А што ад жыцця застаецца?
Навошта ў грудзях сэрца б’ецца?
 
Пытанняў многа адразу —
Пакуль што няма адказу.
 
Як люду, што слепнуць ахвочы,
Ад мыла вызваліць вочы?
 
Пастаяннае пытанне
На кожнай сустрэчы нехта мне
Задаць пытанне не праміне:
 
«Мы ўсё разумеем, скажыце, аднак,
Пішуцца вершы канкрэтна — як?»
 
Хай над пытаннем не баліць галава —
Вершы пішуцца так, як расце трава.
 
Новы дзень
Эдуарду Акуліну
Хоць з якое нагі ты ні ўстань,
Будзе клопатаў сёння багата.
Новы дзень апякае гартань,
Бы каньяк, прыхаваны да свята.
 
Сонца ўбачыў — дык жаліцца грэх,
Перад доляй схіліся ў паклоне,
Бо жыццё растае, нібы снег,
Што хаваўся ў цяньку на адхоне.
 
Новы дзень перасвечвае ўсіх,
Каб круціліся ў ложках начамі.
Праўду страшна прамовіць услых,
Толькі нехта ж раскрышыць маўчанне.
 
Голас з неба: «А хто там ідзе?»
Разарве невядомасцю грудзі…
Ты прыходзь — не марудзь,
Новы дзень,
Хоць не ўбачу я тое, што будзе… 

Интервью с юбиляром
Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.