TOP

Бяруць звышнахабствам

У свой час правадыр расійскага пралетарыяту У. Ленін павучаў наркама замежных спраў Савецкай Расіі Г. Чычэрына: «Надо брать сверхнаглостью». Аўтарытарны тандэм Расія – Беларусь выдатна засвоіў урокі галоўнага бальшавіка, пра што сведчыць унутраная і знешняя палітыка дзвюх краін. 

З прычыны таго, што ні ў Беларусі, ні ў Расіі няма пэўнага курсу развіцця, дакладнага ўяўлення пра сваю будучыню, бо праграмы, якія прымаюцца на два-тры гады або нават на пяцігодку, абсалютна не паказчык прадуманай стратэгіі, то ім даводзіцца абмяжоўвацца імпульсіўнымі, тактычнымі дзеяннямі. Такі нервовы, няўпэўнены стыль існавання цягне за сабой пошукі ворагаў унутры і за межамі, варожасць да дэмакратыі, зайздрасць да больш развітых у тэхналагічным, эканамічным і сацыяльным плане дзяржаў, нянавісць і агрэсію. Усё гэта выразна выявілася ў падаўленні выканаўчай уладай Беларусі і Расіі любога іншадумства, поўнай падкантрольнасці парламентаў, судоў, закрыцці свабодных СМІ, грамадскіх рухаў, арганізацый.

Абедзве краіны праваліліся ў бясчассе, не разумеючы, куды і як ім рухацца. У СССР будавалі камунізм. Ідэя, безумоўна, утапічная, але яна доўга была маяком. Цяпер жа няма і такога арыенціра. Наперадзе ні сацыялізму, ні камунізму, ні капіталізму не праглядваецца. Ёсць толькі дэмагагічныя, пустыя словы з трыбун — «за сильную и процветающую».

Калі Крэмль, каб гуртаваць вакол сябе расіян, яшчэ нешта выдумляе, выдае агрэсіўныя, скіраваныя на захоп чужых тэрыторый памкненні за патрыятызм, сцвярджае, што краіна «встает с колен» , што ў яе наперадзе — слаўны час, то Беларусь з 1994 года пастаўлена перад цемрашальскім фактам — яе будучыня залежыць толькі ад аўтарытарнага правіцеля. Ён так і заявіў: Беларусь будзе існаваць, пакуль я — прэзідэнт. Але ж у кожнага чалавека ёсць біялагічны час, і ён не бясконцы. Што тады? Смерць узбекскага дыктатара І. Карымава яшчэ раз пра гэта нагадала.

Дарэчы, у звязку з жалобнай падзеяй прыгадваецца паездка ў 1991 годзе ў Ташкент на святкаванне 550-годдзя вялікага ўзбекскага паэта, гуманіста, мысляра і дзяржаўнага дзеяча Алішэра Наваі, якое праходзіла ўрачыста і маштабна. Давялося пабыць не толькі ў сталіцы, але і ў Самаркандзе, Бухары, сустракацца з рознымі людзьмі.

У канцы святкавання дыктатар наладзіў пампезны прыём у гонар гасцей, якія з’ехаліся з усяго свету. Для пачастунку гаспадары і прыезджыя былі рассаджаны так, што чарагаваліся, адны толькі мулы сядзелі асобна і займалі бясконца доўгі стол, што кідалася ў вочы. Я сядзеў ад Карымава справа. Пасля шасці ці сямі тостаў, ужо добра падвяселены, ён падняўся і, гледзячы на нас — прадстаўнікоў Расіі, Украіны і Беларусі, доўга гаварыў пра дружбу народаў. А затым раптам сказаў, што «ни одна капля крови, ни один волос не упадет с человека любой национальности, который живёт в Узбекистане». У канцы, хвалюючыся, што выразна чулася ў голасе, дадаў: «Я обещаю, я клянусь вам в этом, дорогие русские, украинские и белорусские братья!»

А 13 мая 2005 года быў масавы расстрэл у Андзіжане, у час якога загінула шмат мірных грамадзян, у тым ліку жанчын і дзяцей. Генеральная Асамблея ААН асудзіла Узбекістан. Супраць былі Азербайджан, Беларусь, Зімбабве, Казахстан, Кітай, Куба, Лівія, Расія, Паўночная Карэя, Сірыя, Таджыкістан, Туркменія. Спісачак нішто сабе!

Гісторыя пастаянна вучыць, што спадзявацца на абяцанні дыктатараў не выпадае. Нават тады, калі яны гарантуюць будучыню з малочнымі рэкамі і кісельнымі берагамі. Але просты люд, замбіраваны прапагандай, ніяк не хоча гэтага зразумець. Спадзяванне на «цара» ў Расіі і ў Беларусі як было, так і застаецца…

У Расіі, напрыклад, толькі 5% грамадзян уяўляе, што будзе з імі праз 10 і 20 гадоў. Гэта алігархі, буйныя чыноўнікі, кіраўнікі дзяржкарпарацый, сілавы генералітэт, вялікая частка дэпутацкага корпусу. Яны забяспечылі сабе, дзецям і ўнукам выдатнае жыццё — цяпер і на перспектыву. У Беларусі для карупцыі, крадзяжу крыху не тыя маштабы, але прыўладны люд задаволены, бо назапасіў багацця надоўга. А звычайны вясковы народ выжывае за кошт… збору ягад і грыбоў, бяднейшыя гараджане ўсё лета топчуцца на лецішчах, а таму маюць невялікую харчовую падмогу са сваіх зямельных міні-ўчасткаў.

Не сустракаючы супраціву грамадства і стрымлівання з боку міжнароднай супольнасці, аўтарытарныя правіцелі нарошчваюць адміністратыўны ўціск не толькі на суайчыннікаў, але і выходзяць за межы ўласнай тэрыторыі. Гэта засведчылі расійскі вераломны захоп Крыма і ваенныя дзеянні ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. Неаб’яўленая вайна супраць тых, каго расіяне па-фарысейску называюць «братамі і сёстрамі», працягваецца, ліецца кроў, гінуць людзі. Некалі выдатны расійскі артыст тэатра і кіно Г. Буркоў сказаў: «Мы — профессиональные агрессоры», і не памыліўся.

Паралельна з ваеннымі дзеяннямі Расія маштабна праводзіць хлуслівую, нахабную інфармацыйную агрэсію. Журналіст А. Панфілаў заўважыў: «Удивительно, как быстро Россия превратилась в огромную страну сплетников, с подачи Путина распространяющих чушь». Трэба памятаць, што прапагандысцкая машына апрацоўвае не толькі «русский мир», але і карэннае насельніцтва суверэнных краін, асабліва суседніх. Значная частка жыхароў Беларусі «падсаджана» на расійскія тэлеканалы.

Нахабства аўтарытарызму вылазіць з усіх шчылін. Тое, з кім мае стасункі свет у асобе Расіі і Беларусі, паказаў свежы прыклад з узняццем расійскага сцяга ў калоне беларускіх паралімпійцаў у Бразіліі. Загадзя папярэджаныя людзі ўсё роўна пайшлі на парушэнне, прытым гэта зрабіў дзяржаўны (!) служачы з Беларусі. І не трэба прыкрывацца «порывом души». Гэта цынічнае нахабства, якое толкам не пакаралі.

Варта ўважліва прааналізаваць выказванні А. Лукашэнкі і Л. Ярмошынай пра выбары, як стане бачна, што яны прасякнуты непавагай да беларускіх грамадзян, выключнай фанабэрыяй і пагардай да міжнародных нормаў і правілаў. Гэта на практыцы прадэманстравалі парламенцкія выбары, на якіх была астранамічна завышана яўка, груба адхіляліся і ігнараваліся назіральнікі пры падліку галасоў.

Хоць прадстаўнікі Бруселя заяўляюць, што яны «скакаць пад беларускую дудку не будуць», ды практыка сведчыць — скачуць, і яшчэ як! Шмат гадоў парушэнні сыходзяць з рук афіцыйнаму Мінску, які спадзяецца, што і цяпер «выйдзе сухім з вады». Што тычыцца санкцый, якія часам уводзяцца, то яны дзейнічаюць на аўтакратаў, як прыпаркі на нябожчыка.

Узурпатары ўлады выпрабоўваюць цывілізаваны свет, як кажуць у народзе, на «вашывасць». Зробяць подласць і глядзяць: як рэагуюць? Калі абыякава, то рыхтуюць новую.

Дык што, трэба і надалей спакойна назіраць за выпендрываннем, глядзець у рот нахабам? Нічога падобнага! Раней у сем’ях, дзе мелася шмат дзяцей, была добрая завядзёнка: калі нехта хацеў урваць з агульнай місы паболей смачных кавалкаў, нахабнічаў, то бацька адразу лупіў яго па лобе драўлянай лыжкай і ставіў на месца.

Пара ўтаймавання нахабаў прыйшла. Міжнароднай супольнасці, пакуль не позна, трэба браць у руку лыжку.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Сяргей Законнiкаў: «Мы маем цудоўную, разнастайную па прыродзе, вялікую краіну. Так-так, вялікую!»

Вершы пішуцца так, як расце трава

Чырвонае святло

Стваральнае слова

Дуэль «тэлека» з «пузікам»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.