TOP

Аксіёмы жыцця

Кніга «Перадусім Беларусь. Згадваючы Генадзя Бураўкіна», якую бліскуча падрыхтаваў да друку мой калега Сяргей Шапран і не менш бліскуча ў якасці літаратурнага тамады прэзентаваў паэт Міхась Скобла, не мае патрэбы тлумачэння зместу, бо яно — у назве. 

Дадам толькі, што галоўным кансультантам выступіла жанчына, якая для Генадзя Мікалаевіча была таксама «перадусім» — Юлія Якаўлеўна Бураўкіна. Як і яго цудоўныя дзеці Святлана і Аляксей — яна стала жыццёвым арыенцірам паэта.

Кніга, прымеркаваная да 80-годдзя Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, была прадстаўлена ў мінскім музеі Максіма Багдановіча, за што асобны дзякуй.

У сааўтарах у Сяргея Шапрана аказалася каля пяцідзесяці чалавек, і мне было вельмі прыемна трапіць e кампанію такіх выбітных асобаў. Канкрэтных прозвішчаў называць не буду, бо атрымаецца нешта падобнае на сухі пратакол, а вось на адным спыніцца ёсць сэнс. Гэта старшыня СБП Барыс Пятровіч, які быў рэдактарам кнігі, што выйшла ў якасці 83-га выпуску заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў бібліятэкі «Кнігарня пісьменніка». Аб усіх падрабязнасцях імпрэзы памяці даволі падрабязна напісана на карпаратыўным сайце пісьменнікаў, якія, як і Генадзь Бураўкін, «не ляглі пад уладу».

Вось лінк « http://www.lit-bel.org/by/news/vjechar-da-80-hoddzja-hjenadzja-buraukina.html  

Што ж датычыцца назвы нататкі, то яна цалкам адпавядае назве таго, што я напісаў для гэтай кнігі і што, на мой погляд, варта надрукаваць яшчэ раз.

«Побач з такімі людзьмі заўсёды адчуваеш сябе, так бы мовіць, вышэй ростам.

31 снежня 2008 года за некалькі гадзін да навагодняга святкавання я пераканаўся ў гэтым яшчэ раз. Паўгады таму для кнігі «Лёсы» папрасіў Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна напісаць кароткія ўспаміны пра сваё жыццё. Ніякія тэрміны пры гэтым не агаворваліся, бо кніга рыхтавалася «на перспектыву».

У поўдзень апошняга дня снежня мне нечакана патэлефанаваў Генадзь Мікалаевіч і прапанаваў сустрэцца, каб перадаць абяцаныя фоты і тэкст. Я крыху разгубіўся, адказаў, што гэта можа яшчэ пачакаць, што ніякай тэрміновасці тут няма, і пачуў у адказ: «Не хачу несці ў новы год свае нявыкананае абяцанне».

Такое прынцыповае ажыццяўленне ўсім вядомай прымаўкі па-добраму здзівіла. На той момант я яшчэ не ведаў, што Бураўкін заўсёды імкнуўся выконваць асабістыя абяцанні. І было гэта сапраўды — прынцыпова.

Як вядома, паверхам ніжэй за кватэру Бураўкіных доўгі час месціўся офіс праваабарончага цэнтра «Вясна», куды я перыядычна заходзіў. Асабліва часта пад час напісання кніг пра «Плошчу-2010», бо гэты праект быў для нас агульным. У «Вясне» і ўзнікла ідэя папрасіць напісаць прадмову для «Супраць плыні» менавіта Генадзя Мікалаевіча.

Не ведаю, чаму, але я адразу быў упэўнены ў тым, што, не гледзячы на велічэзную загрузку і стан здароўя, ён не адмовіцца. Так і адбылося.

Напэўна, гэта было наканавана. Як і суседства з праваабаронцамі, бо прагу Генадзя Мікалаевіча да свабоды можна назваць аксіёмай яго жыцця.

І зноў я стаў як бы вышэй ростам…

У пераносным сэнсе, канешне, бо добрых словаў ад Генадзя Мікалаевіча прагучала столькі, што можна было стаць баскетбалістам…

Ён увогуле ўмеў радавацца за іншых, што па нашых часах з’ява даволі рэдкая. Асабліва гэта датычылася беларускай мовы.

Шчырую вернасць да яе таксама можна лічыць галоўнай аксіёмай жыцця аднаго з самых шчырых паэтаў сучаснасці.

Памятаю, як на гэты конт я напісаў артыкул для вядомага сайта. Станоўчых водгукаў тады было шмат, але званок ад Генадзя Мікалаевіча стаў самым першым. І самым натхняльным.

І гэта пры тым, што мы былі ледзь знаёмыя…

Менавіта натхняць іншых на нешта значнае ў яго атрымлівалася лепш за ўсё. На прэзентацыі «Пераадольвання» я папрасіў Генадзя Мікалаевіча выступіць перш за ўсё па гэтай прычыне, бо ў самой кнізе яго не было.

Выступ прагучаў вельмі кранальна, і стаў для герояў кнігі — выключна інвалідаў — нечым накшталт яшчэ аднаго пацверджання правільнасці абранага шляху, бо яны слухалі не толькі вядомага літаратара, але і чалавека, што таксама перамагае цяжкасці жыцця: інваліда другой групы, які перанёсшы ў часы студэнцтва сухоты, усё жыццё пасля перамагаў каварную хваробу.

Успамінаючы Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, вельмі складана абысціся без пафасу. Стрымлівае толькі тое, што сам ён падобнае славалюбства не любіў. І не мог хлусіць самому сабе нават дзеля кар’еры.

Пад час адной з першых нашых размоў ён патлумачыў, чаму не стаў супрацоўнічаць з новай уладай, хаця яна вельмі гэтага жадала: «Гэта нахабныя, неадукаваныя людзі. Яны без якіх-небудзь прынцыпаў, за крэсла начальніка прададуць родную маці».

Зразумела, што з такімі кіраўнікамі яму было, як кажуць, не па дарозе. Жыццёвыя арыенціры Генадзь Мікалаевіч Бураўкін абраў супрацьлеглыя. У адрозненне ад іншых яму было што страчваць, аднак на ўладную апалу паэт пайшоў свядома, бо не мог інакш. Бо адна з аксіём яго жыцця была сугучнай назве кнігі, для якой некалі і пісалася прадмова — «Супраць плыні».

Аляксандр Тамковiч

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.