TOP

Сумнае свята

Для любой газеты выхад 500-га нумара — бясспрэчная свята, таму шчыра віншуем калег з «Новага часу» з нумаралагічным юбілеем. І разам з імі сумуем, што ён супаў з першай гадавінай смерці флагмана гэтага выдання, былога рэдактара Аляксея Караля…

Яго пераемніцу, шматгадовую паплечніцу Аксану Колб мы і папрасілі ўзгадаць вядомую песню Андрэя Макарэвіча «Ты памятаеш, як усё пачыналася…».

— Так атрымалася, што выхад юбілейнага нумара і першая гадавіна смерці Аляксея фактычна супалі па часе, і мы вырашылі іх сумесціць. На мой погляд, Аляксей зрабіў бы тое ж самае, бо газета для яго была заўсёды на першым месцы.

Адмыслова святочны нумар мы не рабілі. Адзінае, што не маглі прамінуць, — памяць пра Аляксея, таму надрукавалі артыкул яго дачкі Ірыны і сына Сяргея, у якім яны расказваюць пра тое, якім быў для іх бацька і якім ёсць па сённяшні дзень. Не змаглі таксама абыйсці ўвагай і смерць прафесара, стваральніка БНФ Юрыя Хадыкі. У 2009 годзе ён напісаў для «Новага часу» артыкул пра нацыяналізм і патрыятызм. Зараз мы вырашылі паўтарыць тэкст яшчэ раз, бо ён, як і раней, сёння надзвычай актуальны.

Ва ўсім астатнім — выйшаў звычайны нумар.

З 500 нумароў, якія маем на дадзены момант, 455 былі зроблены «нашай камандай». Маецца на ўвазе калектыў, які прыйшоў з ліквідаванай     уладамі газеты «Згода». Вядома, што пачынаў «Новы час» Кастусь Тарасаў, які потым, на жаль, цяжка захварэў і сышоў у лепшы свет.

Калі зачынілі «Згоду», Аляксей Кароль шукаў розныя магчымасці аднавіць яе выхад. Было зразумела, што газету з падобнай назвай больш ніколі не зарэгіструюць. Да таго ж, вельмі сумніўна, што сёння ёсць магчымасць зарэгістраваць нейкае апазіцыйнае грамадска-палітычнае выданне ўвогуле…

Таму ў супрацоўніцтве з Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы і было знойдзена такое выйсце. У іх было зарэгістраванае выданне, якое не выходзіла стала, а ў нас не было газеты, але былі людзі, гатовыя яе рабіць. У 2007 годзе два гэтых памкненні сышліся.

Калі хто памятае, «Згода» выходзіла на двух мовах, у новай газеце мы цалкам падтрымалі канцэпт стваральнікаў і заснавальнікаў — выключна беларуская мова. Больш за тое, наш сайт толькі беларускамоўны. Зроблена гэта прынцыпова, бо на наш погляд, цікавыя артыкулы рускамоўны чалавек можа чытаць і на беларускай мове.

У нас ёсць водгукі абсалютна рускамоўных чытачоў і нават тых, хто жыве ў Расіі. Хтосьці, каб чыталі іншыя, нават іх перакладаў на рускую мову.

Большая частка нашага накладу распаўсюджваецца бясплатна, таму што, як некалі казаў Аляксей Кароль, «Новы час» — своеасаблівы асветніцкі праект. Звычайна, нашы чытачы — жыхары невялікіх гарадоў і вёсак, інтэлігенцыя, настаўнікі і г.д. То бок, не алігархі, людзі, у якіх грошай і так няшмат, але яны б хацелі чытаць газету, цікавасць ёсць.

Дарэчы, памяць пра Аляксея Караля — адзін з прыярытэтаў нашай дзейнасці, таму газета абвясціла конкурс сярод маладых журналістаў яго імя. Прычым, паняцце «журналіст» тут рэч даволі ўмоўная, бо маюцца на ўвазе людзі, якія проста жадаюць пісаць, якім ёсць што сказаць чытачам. Адукацыі ў іх могуць быць абсалютна рознымі.

Аб усіх умовах конкурсу можна даведацца самому, дастаткова перайсці па спасылцы http://novychas.by/konkurs

Чаму акцэнт зроблены на моладзі?

Гэта была цвёрдая пазіцыя самога Аляксея. «Новы час» заўсёды падтрымлівае маладых, дае пляцоўку для выказвання іх думак.

Як толькі сфарміруецца асяроддзе канкурсантаў, мы плануем праводзіць для іх майстар-класы вядомых беларускіх журналістаў.

—У пачатку мінулага года ў соты раз выйшаў дадатак «Літаратурнай Беларусі», а нядаўна з’явіўся яшчэ і эканамічны дадатак. Яны не перашкаджаюць мэйнстрыму газеты?

— Наадварот, робяць «Новы час» больш разнастайным.

Наколькі мне вядома, спачатку «Літаратурная Беларусь» была дадаткам да «Народнай Волі», але хутка яна перайшла да нас. Было гэта 11 год таму.

Канцэпцыя і фармаванне нумара цалкам належыць Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Мы не ўлазім ні ў стылістыку, ні ў змест. Робяць яго разумныя людзі, таму дадатак заўсёды нават графічна, па дызайну адпавядае стылю асноўнай газеты. З самага пачатку ён стаў абсалютна прыдатным «Новаму часу».

На сённяшні дзень для СПБ гэта адзіная пляцоўка з падобнай перыядычнасцю, бо ў адрозненне ад часопіса «Дзеяслоў», «Літаратурная Беларусь» выходзіць кожны месяц.

Што датычыцца эканамічнага дадатку, то гэтая ідэя таксама вісела ў паветры даволі даўно. Я не раз прапаноўвала розным незалежным эканамічным выданням супрацоўніцтва, і ў выніку знайшоўся адзін беларускі бізнесмен, які выказаў жаданне праект падтрымаць. На жаль, яго хапіла толькі на адзін выпуск…

Дэбютны выпуск быў прысвечаны дэнамінацыі. Потым выйшла яшчэ тры. Зараз шукаем сродкі і рэкламу для чарговага.

— Чаму менавіта эканамічны дадатак?

— У Беларусі сёння няма ніводнага эканамічнага выдання на беларускай мове. На мой погляд, так быць не павінна. І гэта пры тым, што зараз беларускамоўнасць у бізнесе, так бы мовіць, у трэндзе. Шмат беларускамоўнай рэкламы, нямала выпадкаў, калі ўладальнікі сярэдняга і малога бізнесу падбіраюць беларускамоўныя каманды, ствараюць беларускамоўныя сайты. То бок — патрэба ёсць, а рэалізацыі беларускамоўнай эканамічнай думкі — няма. Вось мы і вырашылі запоўніць нішу.

— Вядома, што ў дзень юбілейнага выхаду вам у чарговы раз адмовілі ў афіцыйным распаўсюджванні…

— Так. Лісты з «Белпошты» і «Белсаюздруку» прышлі адначасова. За год, які мінуў з верасня 2015-га, гэта ўжо трэцяя адмова. Па зместу яны прыкладна аднолькавыя.

Дарэчы, наконт таго, што «Белпошта» піша пра тое, што падпіска на газеты і журналы з’яўляецца іх правам, а не абавязкам — вельмі спрэчная рэч. Яны манапалісты. У бліжэйшы час я маю намер звярнуцца на гэты конт у суд.

У «Новага часу» няма падпіскі, але варыянт дастаўкі газеты чытачам знойдзены. Яна ідзе як звычайныя лісты альбо бандэролі.

Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра падзякаваць нашых рэгіянальных пазаштатных супрацоўнікаў, якія распаўсюджваюць газету ў правінцыі, працуюць самаахвярна!

А ў Мінску частка накладу накіроўваецца ў нашы сяброўскія арганізацыі, што таксама вельмі спрыяе пазнавальнасці выдання.

Аляксандр Тамковіч

Читайте также:

Аксіёмы жыцця

Сергей Дроздовский: «Мы еще не научились быть терпимыми друг к другу»

«Нас садят в тюрьмы, нас выбрасывают из страны, но мы, как стойкие оловянные солдатики, не сдаемся»

Томкович сработал за вертикаль и оппозицию

Веды Дразда

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.