TOP

Дымок эпохі

Набліжаецца Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Перад жалобнай датай актывісты, якія абараняюць народны мемарыял Курапаты, агледзелі яго, правялі сход. На ім агучаны захады па пашырэнні ахоўнай тэрыторыі і яе лепшым добраўпарадкаванні, архіўныя дакументы, розныя новыя звесткі.

Трагічнае месца адкрывае таямніцы. Напрыклад, мне было невядома, што ў 30—40-я гады ХХ стагоддзя вязняў на расстрэльны палігон вазілі 60 грузавікоў і толькі 4 «варанкі», у якія пры норме 5 чалавек запіхвалі да 20 зняволеных. Канваіраў і тых, хто забіваў, працуючы зменамі, было не надта многа, лайдакаваць ім не выпадала.

Успаміны сведкаў данеслі да нас таксама і «працоўную атмасферу», быт, у якіх дзейнічалі карныя органы. Цікаўны падлетак з суседняй вёскі цішком прабраўся ў будку вартавых, калі яны адышліся па патрэбе. Ён убачыў і расказаў дарослым, што на сцяне вісела абмундзіраванне, стаяў стол з лавамі, на якім былі хлеб, каўбаса, гарэлка і папяросы «Эпоха». Знаходзілася вахта нкусаўцаў якраз пры ўездзе на тэрыторыю расстрэльнага палігона, дзе «дарога смерці», якая ад турмы «амерыканкі» наскрозь працінала сталіцу і яе бліжэйшыя ваколіцы, упіралася ў галоўную браму…

У 1976 годзе разам з жонкаю і дачкой мне давялося жыць у Мінску на прыватнай кватэры. Яе гаспадыня ў маладосці працавала афіцыянткай у сталоўцы ведамства Л. Цанавы (народны камісар унутраных спраў, а затым дзяржбяспекі БССР. — С.З.), мярзотнага ката беларускага народа, на чыім рахунку многія тысячы бязвінных ахвяраў. Яна расказвала, як вярталіся з заданняў выканаўцы расстрэльных прысудаў: «Нервы ў некаторых былі — ні к чорту! Адны вымяшчалі злосць на нас — не так падала талерку, нясмачна згатавана. А большасць моўчкі піла з гранёных шклянак гарэлку, нават не закусваючы і не прамаўляючы ні слова…»

Простыя сродкі знішчэння: прымітыўныя аўтамабілі, вінтоўкі, наганы, калючы дрот, сціплы быт: танная гарэлка, на закусь — хлеб, каўбаса і дымок папярос «Эпоха». Трэніроўкі ў ціры, які абсталяваны тут жа, на палігоне. Трэба ж вучыцца страляць так, каб кроў не пырскала на вопратку, бо жонкі лаюцца — плямы не адмываюцца. Колькі мільёнаў людзей было забіта па ўсім СССР у падобных абставінах, у манатоннай будзённасці? Дакладнай лічбы няма, але магілы расстраляных маюцца каля кожнага больш-менш значнага горада!

Калі я збіраў матэрыялы, пісаў паэму «Цівалі» пра зверствы сталінскага рэжыму, пра месца расстрэлаў людзей (былая вёска Цівалі пад Мінскам), дзе забітых, каб схаваць злачынства, нкусаўцы скідвалі ў могільнік жывёлы, якая сканала ў час мору ад сібірскай язвы, сапу і яшчуру, то думаў, што гэта — верх гнюснасці і подласці. Але нядаўна пра рэаліі страшнай эпохі нагадалі не менш жудасныя дэталі: у 1940 годзе пад Пінскам групу жанчын і дзяцей, рукі ў якіх былі звязаны калючым дротам, каты проста задушылі, каб не траціць патроны…

Пра сталінскія рэпрэсіі сабраны велізарны дакументальны матэрыял ва ўсіх былых рэспубліках СССР — сучасных суверэнных краінах. Як быццам не стала сумненняў у тым, што тыран здзейсніў такое маштабнае злачынства, якога яшчэ не было ў гісторыі чалавецтва і якому няма ніякага апраўдання. Здавалася, што аспрэчыць праўдзівы факт — немагчыма.

Але рэаліі паказваюць, што рэжымы, якія надоўга асталяваліся ў Беларусі, Расіі і некаторых іншых краінах, не асуджаюць чорнае мінулае, а стараюцца яго абяліць, прыстасаваць змрочны вопыт для ўласных прапагандысцкіх і карных мэтаў, для застрашвання насельніцтва. Напамінаю, што сённяшнія кіраўнікі краіны ў Курапатах так і не пабылі. Сталін і яго апрычнікі ваявалі з вальналюбнымі, мужнымі і смелымі людзьмі, а іхнія агрэсіўныя, нахабныя апалагеты змагаюцца з памяццю пра забітых.

Зноў, у які ўжо раз, неасталіністы хочуць спісаць злачынствы сваіх ідэйных папярэднікаў на нямецкіх фашыстаў. Гэта рабілася адразу пасля вайны, а затым — у 60, 70, 80, 90-х гадах мінулага стагоддзя. Але ў гітлераўскіх карнікаў хапае ўласных крывавых бясчынстваў, здзейсненых на беларускай зямлі. Не трэба ім прыпісваць яшчэ і чужое. Дарэчы, у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны нямецкая разведка з самалётаў дакладна сфатаграфавала расстрэльны палігон каля Бродаў, які цяпер носіць назву Курапаты.

Калі 2 кастрычніка 2016 года мы стаялі і ўважліва разглядалі падрабязную нямецкую карту, удакладнялі месцы сцежак, платоў, вартавых вышак і будак, міма па дарожцы, якая злучае Зялёны Луг з новым мікрараёнам, паволі ішоў мужчына ў чорным адзенні, гадоў шасцідзесяці ўзростам. Угнуўшы галаву ў плечы, не паварочваючыся да нас, ён з нянавісцю прасіпеў, але так, каб пачулі: «Опять собрались пи..страдатели. Врагов народа им жалко».

У нас маецца шмат ахвяраў метадычнай беларуска-расійскай тэлевізійнай прапагандысцкай апрацоўкі. Ім цынічная хлусня замяняе пакаянныя малітвы, якія павінны гучаць на жалобным месцы.

Тэме сталінскіх рэпрэсій, выкрыццю страшных забойстваў я аддаў шмат часу яшчэ ў маладосці і затым, працуючы галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», пішучы артыкулы і кнігі. Змагацца за праўдзівую беларускую гісторыю, пастаянна нагадваць пра злачынствы таталітарызму трэба з многіх прычын. Але не таму, што неабходна перавыхоўваць такіх індывідаў, як вышэй згаданы неасталініст. Іх выправіць толькі магіла.

Важней, каб сапраўдны летапіс нашай Айчыны ведала моладзь, каб яна не дапусціла паўтарэння трагедыі. А яшчэ я думаю пра родзічаў «ворагаў народа» — бацькоў, жонак, мужоў, дзяцей, унукаў, праўнукаў. Яны таксама пакутавалі, але ніякай дапамогі ад дзяржавы так і не дачакаліся.

Тыдзень назад я размаўляў са сваёй цёцяй Марыяй Іванаўнай — душэўнай, інтэлігентнай, мілай жанчынай, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай. Яе бацьку Івана Ігнатавіча, калгаснага брыгадзіра, перад вайной арыштавалі і судзілі за маленькую торбачку добра вядомых «падабраных на полі каласкоў». Больш яна роднага чалавека не ўбачыла. А самой ёй давялося прайсці кругі пекла на зямлі, бо неўзабаве пачалася вайна, памерла маці, немцы спалілі вёску. Каб выжыць, неаднойчы прасіла міласціну. Але цёця — чалавек з унутраным стрыжнем, нягоды яе не зламалі. Атрымала вышэйшую адукацыю, разам з любімым мужам — таленавітым урачом, які, на жаль, заўчасна памёр, вырасціла дзвюх выдатных дачок, мае слаўных унучак і праўнукаў. І ўсё ж яна дагэтуль успамінае бацьку, хоча да канца ведаць яго лёс, каб мець хоць бы магчымасць пакласці кветкі на яго магілу…

А колькі дзяцей, слабейшых, чым яна, не вытрымалі пакутаў і сышлі ў нябыт следам за сваімі бацькамі? Хто палічыў такія страты?

Перш чым абяляць час сталінскіх рэпрэсій, ваяваць за адкрыццё барэльефаў і помнікаў крываваму тырану, везці школьнікаў, студэнтаў, вайскоўцаў або ехаць самім па гераічныя эмоцыі на фальшывую «Линию Сталина», жыхарам сучаснай Беларусі трэба ўспомніць сотні тысяч невінаватых землякоў, якія былі бязлітасна і злачынна загублены, чые душы адляцелі разам з дымком папярос «Эпоха».

Мемарыял Курапаты, іншыя трагічныя месцы павінны быць пад апекай дзяржавы і народа. Памяць пра беспадстаўна рэпрэсаваных і знішчаных людзей заслугоўвае такой шаны.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Мы верим»…

Пагаршэнне зроку

Кропкавы гвалт

Мова і праўда

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.