TOP

Піяр за кошт народа

У апошнім дзесяцігоддзі я часта пішу пра рост у свеце аўтарытарызму. «Папяровыя дэмакраты» Еўропы і ЗША не стрымліваюць яго, а наадварот ідуць на палітычнае, эканамічнае і фінансавае супрацоўніцтва з аўтакратамі, дапамагаючы ім піярыцца, прапагандаваць заганныя метады кіравання.

Час паказаў, што праблема непакоіць неабыякавых людзей нездарма, бо працэс набірае абароты. З аднаго боку, нібыта ёсць актыўныя дзеянні па абароне правоў і свабод чалавека, а з другога – меркантыльныя кантакты Захаду з адыёзнымі рэжымамі прыводзяць да іх частковай або поўнай легітымізацыі, дазваляюць ім праводзіць рэпрэсіўную ўнутраную палітыку супраць крытычна настроеных грамадзян. Уцягвання аўтарытарных краін у працэс дэмакратычнай трансфармацыі, як гэта запланавана еўрапейскімі чыноўнікамі, пакуль што не назіраецца. На маю думку, адбываецца нешта адваротнае. Паказальны прыклад – спаўзанне ў бок аўтарытарызму некаторых краін Усходняй Еўропы.

Узурпатары ўлады не проста карыстаюцца паблажлівасцю міжнароднай супольнасці, каб выжываць за кошт замежных пазык, розных сумесных праектаў, звязаных з эканомікай. Яны самі пачалі прыручаць і выхоўваць дэмакратычны свет. Паглядзіце, як рэгулярна праводзяцца сумніўныя семінары, канферэнцыі, як шырока публікуюцца разважанні праплачаных і заангажаваных «экспертаў» пра перавагу аўтарытарнага стылю кіравання. Палітолагі і журналісты, злёгку крытыкуючы аўтакратаў, абавязкова робяць на іх адрас угодніцкія рэверансы.

Маючы спрыяльныя ўмовы, узурпатары напоўніцу разгарнулі кампаніі па ўласным піяры дзеля захавання «тронаў». Для іх галоўная ўдзячная тэма – гэта стварэнне вобразу «патрабавальнага, але справядлівага цара». Пасля распаду СССР, бачачы ў суверэнных рэспубліках разгул раскрадання чыноўнікамі і прыўладнымі бізнесоўцамі народнага дабра, людзі часта казалі: «Сталіна на іх няма!»

Доўга чакаць не давялося. Прымітыўныя «сталіны», з прычыны палітычнай неадукаванасці грамадзян, з’явіліся ў вялікай колькасці, але толку ад гэтага не прыбавілася. У Дагестане абураюцца: «Чыноўнікі адмываюць «бабкі». Пуціна на іх няма!» А хто стварыў і ўмацаваў такую сістэму ў Расіі, пры якой добра жывецца толькі злодзеям і жулікам? Пачатак паклаў Б. Ельцын, завяршыў будаўніцтва У. Пуцін.

Журналіст А. Троіцкі ацэньвае сітуацыю так: «С Россией снова большая беда: кучка коррумпированных властолюбивых гопников, при полном непротивлении апатичного населения, тащит страну в темное болото. Болото отсталости, изоляции, ненависти, физического и морального вырождения. И это не мое мнение, это факт». Але прапаганда працягвае ўслаўляць, піярыць «новага цара», «собирателя русских земель», а ў сапраўднасці – гадаванца савецкіх спецслужбаў, чалавека з маральнымі комплексамі і непамернымі амбіцыямі, закончанага агрэсара і цыніка.

Размах для піяру ў Пуціна значна большы, чым у беларускага кіраўніка. Тут і гістарычныя традыцыі, і асаблівы менталітэт, і велізарныя памеры краіны, і багатыя прыродныя рэсурсы, і параўнаўча моцная армія, і больш гучны прапагандысцкі рупар. Але і Лукашэнка, які мае падобныя маральныя якасці, не адстае ад «старэйшага брата». Яго піяр унутры Беларусі трымаецца ў асноўным на СМІ, у прыватнасці на тэлебачанні, якое валодае павышаным наркатычным эфектам, дзе ён амаль кругласутачна ў ролі галоўнага героя. У 2016 годзе запланавана выдзеліць на гэтую галіну з бюджэту 54,6 мільёна долараў. Канкрэтным выканаўцам, якія самааддана абслугоўваюць аўтарытарызм, з барскага стала перападае добрая «костка з мясам». Пра гэта сведчаць не толькі зарплаты і прэміяльныя звычайных супрацоўнікаў, але і рост рахункаў, нерухомасці вышэйшых па рангу лакеяў. Як жа ў такім выпадку кіраўніку тэлерадыёкампаніі бадзёра не заявіць: «Наше общество развивается очень и очень хорошими темпами»?

Другім «кітом», на якім трымаецца піяр Лукашэнкі, сталі яго бясконцыя ваяжы па свеце. У СМІ яны абстаўляюцца такімі пераможнымі каментарыямі ўзахлёб пра блізкае сяброўства правіцеля з многімі кіраўнікамі краін Азіі, Блізкага Усходу або Лацінскай Амерыкі, што насельніцтва ўсур’ёз чакае той час, калі нарэшце на Беларусь праліецца шчодры лівень выгадных эканамічных кантрактаў, інвестыцый. Але вынікі затратных вандровак (часта з вялізнай світай) вельмі сціплыя. Значная частка эканамічных праектаў, у якія ўбуханы гіганцкія народныя грошы, бесперспектыўныя. Так атрымалася з Венесуэлай, якую тутэйшыя эканамічныя стратэгі выбралі «в силу схожих менталитетов и идеологий». Яна паводле ацэнак экспертаў лічыцца «самым рискованным из всех развивающихся рынков», 95% паступленняў у бюджэт забяспечваюць сектары, звязаныя з вытворчасцю і экспартам нафты. Кошты на яе абрынуліся, а таму ў эканоміцы адбыўся хаос. Цяпер у Венесуэле, якая будуе «сацыялізм ХХІ стагоддзя», назіраецца дэфіцыт харчавання, сродкаў асабістай гігіены, перабоі з электрычнасцю і вадой. Краіна стала эканамічным банкрутам.

Трэці «кіт», на якім стаіць піяр беларускага кіраўніка, – гэта спорт. Ён выкарыстоўвае любую магчымасць, каб праславіцца за кошт міжнародных спаборніцтваў. Апошні прыклад – правядзенне гэтак званых еўрапейскіх алімпійскіх гульняў у Мінску. Мне здаецца, што справядліва кажа адзін з мацнейшых беларускіх дзесяціборцаў, сярэбраны алімпійскі медаліст, пераможца і прызёр сусветных і еўрапейскіх першынстваў А. Краўчанка: «Сам по себе слабый турнир, вообще непонятные игры. Есть Олимпиада, чемпионаты мира, Европы – да, это необходимо. А Европейские игры – что это за формат? /…/ Поэтому плюс разве в том, что придется завершить «динамовский» долгострой. В противном случае о чем говорить? Но, по моему мнению, лучше бы вложили средства в детский спорт и тренерам дали зарплаты нормальные, чтобы была заложена основа, чтобы хотя потом было кого возить на соревнования. В принципе, сейчас настроят непонятно что, а возить уже некого. /…/ А сэкономить не получится, так как по ходу будут возникать новые проблемы, придется постоянно вкладывать».

Ніхто не выступае супраць спорту, але трэба не перабольшваць яго месца ў развіцці грамадства, больш разумна выкарыстоўваць фінансавыя магчымасці. Маленькія Галандыя і Швейцарыя з непараўнана меншым патэнцыялам на ўсіх Алімпііскіх гульнях выглядаюць выдатна.

Увогуле, спорт не з’яўляецца выяўленнем нацыянальных дасягненняў, патрыятызму, бо за канкрэтную краіну выступаюць прадстаўнікі розных кантынентаў, усё тут перамешана, купляецца і прадаецца. Алімпіяды, чэмпіянаты – гэта вялікія палітычныя і камерцыйныя праекты, каля якіх кормяцца тысячы чыноўнікаў, бізнесоўцаў. Спартыўнае свята становіцца ў першую чаргу піярам кіраўніка, які яго прыняў, а ўжо затым – краіны. А поспехі спартсменаў даўно ператварыліся ў з’яву другасную.

Вось цяпер і памяркуем, за якія заслугі аўтарытарная Беларусь стала такой прывабнай пляцоўкай для міжнародных перамоў, форумаў, канферэнцый, семінараў, спартыўных спаборніцтваў? Няўжо за тое, што яна – «сінявокая», як навязліва далдоняць графаманістыя паэты і дружным хорам падхапілі мясцовыя прапагандысты?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дымок эпохі

«Мы верим»…

Пагаршэнне зроку

Кропкавы гвалт

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.