TOP

Забівакі

На абсягах Беларусі, дзе ў апошнюю вайну доўга стаяў фронт, калі войскі пайшлі на захад і сціхлі выбухі снарадаў, мін, кулямётныя і аўтаматныя чэргі, развялося шмат ваўкоў. Яны акупіравалі пакінутыя салдатамі акопы і траншэі, якія хутка зарасталі быллём, нават не баяліся нападаць на людзей. 

Яшчэ ў маленстве мяне ўразілі аповеды пра жудасныя выпадкі. Часцей за ўсё ахвярамі драпежнікаў станавіліся жанчыны-настаўніцы, якія вярталіся са школы зімовымі вечарамі. У памяці назаўсёды засталася дэталь адной трагедыі: жанчына, каб адбіцца ад зграі, паліла паперу, бо ваўкі баяцца агню. На скрываўленым снезе побач з яе рэшткамі людзі знайшлі абгарэлыя сшыткі і падручнікі.

Вайна, актыўнасць крымінальных элементаў і воўчы разбой стаялі ў той час побач. Мужчыны, абменьваючыся сваімі назіраннямі, разважаючы, казалі, што лютасць шэрых забойцаў значна вырасла. Нібыта ваўкам не хапала ўласнай драпежнасці і ім у дадатак яшчэ перадалася апантаная нянавісць, з якой людзі забівалі сабе падобных.

Пазней, калі пасля ўніверсітэта працаваў у Барысаўскім раёне, ратавацца ад трох ваўкоў давялося і мне. Аўтобус да пасёлка Клетнае, дзе настаўнічаў, не хадзіў, а таму ад канцавога прыпынку Барань даводзілася тупаць пехатой нямала кіламетраў праз замеценыя снегам лясы. Якраз на паўдарозе, каля кладкі цераз невялікі ручай, ваўкі мяне і перастрэлі. Яны вялі доўга, аж да поля, за якім віднеліся агеньчыкі вясковых хат: два забойцы — з левага боку, адзін — з правага, але блізка не набліжаліся, бо я таксама пачаў паліць паперу і кідаць у іх. Пасля нарады ў райана мне, завучу школы па выхаваўчай рабоце, надавалі розных ідэалагічных цыркуляраў. Яны і знайшлі сабе больш карыснае прымяненне, уратавалі ад смерці канкрэтнага чалавека…

Усе згаданыя драпежнікі выйшлі з’яднанай зграяй з глыбіняў памяці цяпер, калі абмяркоўваліся эскізы эмблемы чэмпіянату свету па футболу 2018 года, што будзе праводзіцца ў Расіі. Як вядома, перамагла выява ваўка, якому далі мянушку «Забівака». Гэтае слова мае шмат сэнсаў. Першым у спісе стаіць не пераносны, які тычыцца футбольных мячоў і матчаў, а прамы — знішчаць, забіваць.

Не трэба забывацца, што сімвалы ствараюць пэўны настрой, і наадварот — настрой у грамадстве нараджае адпаведныя сімвалы. Агрэсіўны, выніковы «воўк-футбаліст» з’явіўся невыпадкова. Чыноўніцкая знаходка перагукваецца з новым услаўленнем і ўвекавечваннем адыёзных гістарычных асобаў — князя Уладзіміра, Івана Грознага (Расія), Уладзіміра Леніна, Іосіфа Сталіна (Расія і Беларусь).

Увогуле, драпежнасць, агрэсіўнасць пастаянна захоўваюцца ў натуры чалавека. Войны на планеце не спыняюцца ніколі, баявыя дзеянні пастаянна выбухаюць то ў адным, то ў другім месцы. Адноснае зацішша, якое было ў нашым рэгіёне шмат гадоў, — гэта яшчэ не паказчык агульнага стану на Зямлі.

Сітуацыя ў апошні час прыкметна змянілася ў горшы бок, стала асабліва няўстойлівай. Па-першае, вырасла колькасць краін, якія маюць ядзерны арсенал або на падыходзе да гэтага (у тым ліку абсалютна непрадказальная Паўночная Карэя), па-другое, новыя віды звычайнай зброі сталі намнога больш знішчальнымі, па-трэцяе, уласныя арміі маюць не толькі дзяржавы, але і буйныя крымінальныя групоўкі, багатыя наркабароны (Калумбія, Тайланд, Гаіці). Акрамя людзей, якія ўдзельнічаюць у маштабных этнічных, грамадзянска-палітычных, рэсурсных, рэлігійных, экалагічных войнах, ёсць яшчэ сотні тысяч вайскоўцаў, для каго гвалт, прымяненне сілы — гэта бізнес або звычайная «праца».

Стаўкі і гульцы ў сучасных лакальных войнах надзвычай розныя, але ўся сілавая валтузня непрыкметна падпіхвае свет да глабальнай катастрофы. На жаль, крывавы вопыт дзвюх сусветных войнаў забыўся нават у тых краінах, якія найбольш пацярпелі ад іх. Маю на ўвазе Расію і Беларусь, дзе па інерцыі людзі паўтараюць «Толькі б не было вайны!», а самі ўскосна або наўпрост упаўзлі ў яе. Паказчыкам з’яўляецца агрэсіўнасць, якая расце ў асяроддзі вайскоўцаў і ў грамадстве, канкрэтны ўдзел расійскай арміі і добраахвотнікаў у баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны. Ваяўнічыя лозунгі гучаць не толькі з вуснаў адыёзных У. Жырыноўскага або А. Праханава, іх настрой перадаўся нават тым, хто заўжды залічваў сябе ў змагары за мір.

Прапаганда ў Расіі і Беларусі набыла яўнае мілітарысцкае гучанне, варта толькі ўспомніць, колькі ідзе паведамленняў у СМІ пра выраб новых відаў узбраення, пра шматлікія вайсковыя вучэнні і манеўры, з якім захапленнем расказваецца пра знішчальную (!) эфектыўнасць баявога арсеналу.

У свой час нацысцкая Германія па радыёфікацыі апярэдзіла ўсе заходнія краіны, у тым ліку і ЗША. «Volksempfaеnger» (народны радыёпрыймач), які пры Гітлеры быў практычна ў кожным нямецкім доме, свядома выпускаўся з вузкім дыяпазонам і слабой адчувальнасцю, каб да насельніцтва без перашкод даходзіла толькі гебельсаўская інфармацыйная прадукцыя. Гэты вопыт затым перанялі ў СССР. А сёння радыёкропкі, якія хрыпата і амаль кругласутачна вяшчалі ў кватэрах пра шчаслівае савецкае жыццё, заменены навязлівым, агрэсіўным тэлебачаннем. Яно мэтанакіравана фарміруе ў гледачоў ваяўнічую настроенасць, асабліва ў дачыненні да Украіны.

Але Расія ваюе не толькі інфармацыйна. У яе бюджэце ёсць канкрэтны запіс пра фінансаванне «помощи отдельным районам Донецкой и Луганской областей», дзе спецыяльна ў адно звалены ваенныя і гуманітарныя графы. А ўсяго ў суседняй дзяржаве выдаткі на армію і спецслужбы за тры гады (2017 — 2019) павялічацца на 63 мільярды рублёў. У 2019 годзе на нацыянальную абарону плануецца рэалізаваць 12,6% бюджэту. Гэта болей, чым агульныя выдаткі на адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт, ахову акаляючага асяроддзя і СМІ.

Небяспеку ўяўляе не толькі мілітарызацыя краін. Расце колькасць тых, хто робіць удзел у войнах прафесіяй, становіцца забівакам. У зонах баявых дзеянняў адбываецца прывыканне да гібрыдных войнаў, да смерці мірных грамадзян, мяняецца псіхіка людзей. Цытую сведчанне добраахвотніка з Беларусі, які ваюе на баку Украіны: «Можно посмотреть, что происходит на фронте. Можно приехать в Марьинку, поселок, где я в последнее время был. Днем работают рынки, дети ходят в школы, в детские сады, а ночью работает артиллерия калибра 122 мм, падают снаряды. Наше место дислокации было немного дальше от фронта, от ближайших «сепаров» порядка 2—3 км, но и за нами падали снаряды, которые могут попасть в любое место».

Гэта што? Жыццё, з якім можна мірыцца? Адны ваююць, а другія побач сядзяць у кафэ, загараюць на пляжы. Ад такіх фантасмагорый «страха» можа паехаць у каго заўгодна! Так і адбываецца, бо ўкраінская бяда некаму абсалютна абыякавая, а кагосьці хвалюе да вострага болю ў сэрцы.

Многія палітыкі, палітолагі, журналісты сцвярджаюць, што ніхто не хоча вайны. А я сумняваюся ў шчырасці іх выказванняў. Калі б сапраўды было так, то ў свет даўно прыйшоў бы мір і спакой…

А пакуль дыктатары, аўтакраты нахабна павялічваюць сілавыя структуры да крытычных памераў, гуляюць у сваю абранасць і веліч, у ролю месій і ратавальнікаў. Яны лёгка могуць уцягнуць народы ў сусветную бойню, не думаючы пра наступствы, проста дзеля ўласнай пыхі, понту і грошай.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаму трывожна сэрцу?

Піяр за кошт народа

Дымок эпохі

«Мы верим»…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.