TOP

Тры лічбы

Нядаўна ў незалежных СМІ адначасова былі апублікаваны тры лічбы, якія прымушаюць задумацца над тым, у якой краіне мы жывем? Паводле звестак ААН, у Беларусі, якой правіцель пахваляецца як востравам спакою ў свеце, на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 5,1 забойстваў у год, 306 зняволеных у турмах і 1442 міліцыянеры. 

Самі па сабе лічбы маглі б не выклікаць трывогі і публічнага асуджэння, бо адкуль звычайным абывацелям ведаць: пазітыўныя яны або адмоўныя? Тым больш што кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, адказваючы на пытанні журналістаў, ніколі не прыводзяць канкрэтыку, «адбаярваюцца» агульнымі фразамі: «Колькасць супрацоўнікаў адпавядае аператыўнай абстаноўцы і задачам, якія выконвае МУС». А пастаўленыя побач з паказчыкамі іншых краін рэальныя лічбы не проста ўражваюць, але і да глыбіні душы абураюць.

Беларусь даўно называюць у Еўропе «краінай дворнікаў і міліцыянераў», што мне даводзілася чуць неаднаразова. Цяжка сказаць, колькі ў нас ёсць дворнікаў на 100 тысяч насельніцтва, бо такі паказчык не публікуецца. А па міліцыянерах мы ідзем далёка наперадзе ўсяго кантынента. Іх болей у пяць з паловай (!) разоў, чым у Польшчы, дзе адбываецца толькі 1,2 забойства ў год, амаль у пяць разоў, чым у Германіі (0,8 забойства ў год).

Здавалася б, што, маючы такую велізарную армію праваахоўнікаў, у нашым грамадстве не павінна быць праблем з належным падтрыманнем законнасці, з выкананнем маральных нормаў. Ды, на жаль, ніводнага дня не абыходзіцца без арыштаў. Прытым унёсак саміх «старанных» змагароў са злачыннасцю ў няспынны канвеер крыміналу надзвычай вагомы, бо за краты разам з дробнымі карупцыянерамі, махлярамі і жулікамі пастаянна трапляюць даволі салідныя службоўцы ў пагонах.

З прыходам аўтарытарнай улады начальніцкі корпус узяў курс на хуткае абагачэнне любой цаной. Нягледзячы на пастаянную дэмагогію пра жорсткі кантроль з боку прэзідэнта і выключны парадак у краіне, усе дваццаць два гады адбываецца раскраданне народнага багацця. Крадзяжы і хабары цяпер такія, што злодзеі могуць будаваць не толькі катэджы ў прэстыжных месцах, але і мець акцыі, рахункі, нерухомасць за мяжой.

У Беларусі даўно ўсталявалася атмасфера, калі дэманстратыўна ігнаруецца заканадаўства. Высокапастаўленыя жулікі нават не хаваюць накрадзенага, а выстаўляюць яго напаказ, хваляцца ім. Дзейнічае кругавая парука, у якой зліты ў адзінае чыноўнікі, сілавікі, бізнесоўцы. З яе выпадаюць толькі тыя, хто не хоча дзяліцца або адважыўся на крытыку вярхоў, для іх кайданкі знаходзяцца вельмі хутка.

Я не хачу агулам ганіць працу праваахоўных органаў, упэўнены, што там ёсць добрыя спецыялісты, сумленныя людзі. Ды жыццё пастаянна прыносіць канкрэтныя прыклады не толькі яўнага непрафесіяналізму, але і мярзотных, садысцкіх учынкаў з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Яшчэ 22 жніўня 2016 года ў Віцебску хуліганы-адмарозкі прывязалі да дрэва шасцігадовага хлопчыка. Да гэтага часу злачынцы не знойдзены.

Чаго варта тое, што раз’юшаны амапавец у Мінску збівае падлетка, а пасля мочыцца на яго? Калі той ненаўмысна ці нават спецыяльна зачапіў цябе, то яго можна паставіць на месца без здзеку і садызму, у межах дазволеных сілавых дзеянняў.

Не проста абурэнне грамадзян, а нянавісць да людзей у пагонах выклікаюць рэгулярныя жорсткія разгоны мірных пратэстных маніфестацый, мітынгаў, а затым блытаныя паказанні і хлуслівыя сведчанні ў судах саміх аматараў памахаць дубінкай. Бясконцае мільгаценне міліцыянераў у сумніўных, белымі ніткамі сшытых «справах» даўно наводзіць насельніцтва на думку: ці не занадта многа ў нас развялося вартаўнікоў парадку?

Дзеля чаго ў краіне сфарміраваны вялізны ўнутраны сілавы кулак? Па кім ён наносіць удар? Рэаліі паказваюць, што мішэнь — гэта грамадзяне, настроеныя на дэмакратычныя перамены, на пабудову прававой дзяржавы.

Трэба праўдзіва канстатаваць, што пакуль за правы і свабоды змагаецца невялікая частка грамадства, бо не пераадолены рабскі менталітэт, страх. Але неабходна аддаць належнае смелым людзям, бо супраціўляцца адыёзнаму рэжыму ва ўмовах жорсткіх адміністратыўных і сілавых рэпрэсій могуць толькі сапраўдныя героі. Ніякай зброі, акрамя розуму, годнасці і сумлення, у іх няма.

А цяпер згадаем машыну гвалту, якая ваюе з грамадзянамі, не згоднымі з аўтарытарызмам. Гэта шматтысячнае падрыхтаванае войска, аснашчанае сучаснымі тэхнічнымі сродкамі і новай дасканалай зброяй. Параўнанне дзвюх няроўных сіл уражвае. Тым не менш, аўтарытарызм сам ніколі не сыдзе, а таму змаганне за дэмакратыю, справядлівасць і праўду не спыніцца. Грамадзянская супольнасць, здольная адказваць за лёс краіны і нашчадкаў, заўжды гартуецца і выспявае ў праваабарончых здзяйсненнях. Мы стаім толькі ў пачатку яднання ў сапраўдны народ, да патрэбнага стану нам яшчэ далёка.

Але сам факт жорсткага падаўлення актывістаў гаворыць пра тое, што ўлада адчувае ўнутраны пратэст насельніцтва, баіцца яго. Людзі ў нашых краях могуць трываць прыгнёт доўга, але затое ў адно імгненне выбухаюць. Гэты рэвалюцыйны момант прадбачыць немагчыма.

Рэжым, напалоханы падзеямі ва Украіне, кідае ўсе сілы на захаванне гэтак званай «беларускай стабільнасці», якая трымаецца на мізэрных зарплатах і пенсіях, на драконаўскіх штрафах, мілі­цэйскіх дубінках і даўно спаўзла ў стагнацыю. Але англійская прымаўка кажа: «Great order may beget great disorder» («Ад вялікіх парадкаў здараюцца вялікія непарадкі»).

Мне даводзілася заўважаць у Германіі, Францыі, Італіі, Швейцарыі, Даніі, ЗША, як ставяцца грамадзяне да паліцыі. Там няма страху і варожасці, а ёсць давер і павага да суайчыннікаў, якія нясуць нялёгкую, небяспечную службу. Людзі дысцыплінавана выконваюць іх патрабаванні і ўпэўнены, што ў патрэбную хвіліну паліцыя своечасова прыйдзе на дапамогу. Меў гаворкі з камісарамі паліцыі ў Рыме і Ліёне, каб пераканацца, з якой адказнасцю яны ставяцца да абавязкаў, якім шырокім палітычным і культурным кругаглядам валодаюць.

Увогуле, гаворка на Захадзе паліцэйскага з любым чалавекам, які звярнуўся да яго, вызначаецца выключнай ветлівасцю і добразычлівасцю. Нашы рэаліі — не такія. Згаданы мною рабскі менталітэт, культ сілы выяўляюцца ўсюды. Варта суайчынніку займець недзе месца вахцёра або вартаўніка, як ён адразу становіцца «вялікім начальнікам». Міліцыя — не выключэнне, малодшы сяржант глядзіць звысоку і размаўляе нехаця, праз губу. Але смак улады і пах грошай прыцягвае, на іх ляціць моладзь, у тым ліку і дзяўчаты…

Многія людзі не вераць, што ў Беларусі дзеянні, дазволеныя Канстытуцыяй, абкладаюцца фантастычнымі штрафамі, што міліцыянеры хлусяць у судах, што ў турэмных камерах спяць па чарзе. Але, як кажуць, ад торбы і ад турмы не заракайся. Не выключана, што прыйдзе час, і кожны «фама няверуючы» зможа на ўласным лёсе пераканацца ў праўдзівасці абураючых фактаў.

Толькі тры лічбы… Каб паказаць, што такое аўтарытарызм, не абавязкова расказваць пра фальсіфікацыі на выбарах і рэферэндумах, пра хлуслівыя СМІ, пра нягеглую эканоміку, пра вышэйшыя, чым у Маскве, кошты. Трох лічбаў, звязаных з праваахоўнай сістэмай, хапае для разумення таго, што адбываецца ў Беларусі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Забівакі

Чаму трывожна сэрцу?

Піяр за кошт народа

Дымок эпохі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.