TOP

Вочы Максіма

У дні святкавання 125-годдзя класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адчуваў, як душа разрываецца ад адначасовых радасці і гаркоты. Хораша было ўсведамляць, што мы маем непаўторнага, геніяльнага паэта, а сумаваў, бо наш народ дагэтуль яшчэ не пачуў і не зразумеў яго творчасці.

Адразу ўзнікае пытанне: чаму ў Беларусі адбываецца так, што айчынных прарокаў, якія сталі абярэгамі нашай існасці, мы ўспамінаем і цытуем толькі на юбілеях, а ў практычнай будзённасці па іх запаветах не жывем?

Прыходзіць юбілейная дата, узнімаецца чыноўніцкая арганізацыйная мітусня. Свята прайшло, птушачка пастаўлена, задзейнічаныя службоўцы з палёгкай выдыхаюць — усё!

А што адбываецца паміж датамі? Тое, што па вялікім рахунку можна праўдзіва назваць дачасніцтвам і пустадомствам. У краіне няма ніводнага нацыянальнага ўніверсітэта, дзе б навучанне было на роднай мове, дашчэнту зрусіфікаваны справаводства, культурная прастора, СМІ, існуе толькі мізэр беларускамоўных школ і гімназій. Ці можна ў такіх умовах ды яшчэ пры актыўнай дзейнасці разнастайных беларусафобаў, якія акапаліся на нашай зямлі, казаць упэўнена пра захаванне суверэннасці і незалежнасці?

Безумоўна, добра, што ў Мінску адрамантаваны музей паэта і абноўлена экспазіцыя, што слаўная дата адзначана мерапрыемствамі (вельмі рознымі па якасці!) ва ўстановах культуры. На гэты раз Багдановіч «даслужыўся» нават да таго, што вайскоўцы суправаджалі капсулу з зямлёй з магілы ў Ялце ў храм і неслі да помніка кошык кветак ад прэзідэнта. Праўда, у дачыненні да ўрачыстых цырымоній засталося недаўменне: дастаўка зямлі — гэта ніякое не выкананне волі паэта, як тлумачаць чыноўнікі, а падмена, ды і кветкі кіраўнік мог бы ўскласці сам, не звалілася б карона, бо на конкурсы прыгажунь ён ходзіць рэгулярна. Нічога не магу зрабіць са сваёй душой — такое нарадзілася асабістае меркаванне.

Акрамя таго, як быць з тым, што таленавіта выкананы помнік Максіму Багдановічу, які стаіць каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, раптам з цэнтральнай алеі перацягнулі на другарадную? Няўжо класік, сапраўды ўнікальны паэт, чыя творчасць увасоблена і на опернай сцэне, не заслугоўвае люднага месца? А можа, аўтарытарная ўлада баіцца смелага выказніка народнага вальналюбства, жадання тутэйшага люду пабудаваць прыстойнае жыццё? На гэта намякае тое, што ў час афіцыйнага свята націск быў на лірыку, гучалі радкі: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю», «Мне доўгае расстанне з Вамі…». А куды ж дзеліся «Пагоня», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Беларусь, твой народ дачакаецца…»?

Чыноўнікі варожа ставяцца да паэтаў, якія высока цэняць свабоду. У 2005 годзе на Міжнародным Шаўчэнкаўскім свяце ў Данецку я стаў сведкам таго, як хор, выконваючы загад начальства, праспяваў «Заповіт» Кабзара кастрыраваным, без прадапошняй страфы (гэтак выяўляў сябе тады сепаратызм!):

Поховайте та вставайте,
Кайдани порвіте
І вражою злою кров’ю
Волю окропіте.

А цяпер прывяду прыклад выключнай надзённасці творчасці Максіма Багдановіча:

Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі, —
У ёй нават мовы няма.

У віншаванні ўдзельнікам святкавання кіраўнік краіны сцвярджае: «Сваёй дзейнасцю пясняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа. Яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі ХХ стагоддзя. Таму сёння мы — грамадзяне суверэннай дзяржавы — павінны шанаваць і берагчы тое, дзеля чаго працаваў наш знакаміты зямляк, — гістарычную памяць, роднае слова, моцную краіну».

Словы правільныя, ягоныя пісарчукі папрацавалі няблага. Ацэнка паэту дадзена годная і праграма на будучае вызначана слушная. Але як з гэтымі сцвяржэннямі стасуецца выказванне прэзідэнта, што «людзі, якія гавораць на беларускай мове, не могуць нічога рабіць, акрамя як размаўляць на ёй, таму што па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага», што ён аддае выключную перавагу рускай і англійскай мовам?

Кепска, што пра паэтаў чыноўнікі ўспамінаюць толькі на святы і тады, калі прыпячэ, калі прыціснуць абставіны. Якраз з гэтай прычыны многія беларусы з недаверам ставяцца да ўлады. Але ці можна ў атмасферы падазронасці плённа працаваць, старанна будаваць незалежную дзяржаву, культурна жыць?

Максім Багдановіч як вялікі нацыянальны паэт і стратэг нашай будучыні, як інтэлектуальна багаты, інтэлігентны, культурны чалавек увайшоў у маё жыццё з юнацтва. Першае, што я зрабіў, калі прыехаў вучыцца ў БДУ, купіў у букіністаў яго томік, выдадзены пасля вайны. Ён каштаваў у 1965 годзе 10 капеек, і дагэтуль застаецца маім любімым, хоць маю шмат іншых выданняў класіка. Я не па вярхах знаёмы з яго творчасцю, бо пісаў дыпломную працу «Максім Багдановіч — крытык украінскай літаратуры», вёў прысвечаныя яму ўрокі ў школе, а значна пазней меў гонар рыхтаваць у маштабах рэспублікі 90-годдзе паэта.

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя сваім творчым подзвігам М. Багдановіч паказаў, што ў нас ёсць стваральны патэнцыял, што Беларусь магла б стаць навуковай, інтэлектуальнай, культурнай, матэрыяльна забяспечанай краінай. Для гэтага неабходны агульная захопленасць надзённай ідэяй, адданыя Айчыне, ініцыятыўныя, самастойныя ў дзеяннях кадры ўверсе і ўнізе. Пакуль што ўсе займаюцца толькі выкананнем даручэнняў…

Верш «Вочы Максіма» напісаны мною чвэрць стагоддзя назад:

Стагоддзе прайшло,
як у грэшны наш свет,
У край зрабаваны, гаротны, сірочы
Анёлам зляцеў незвычайны паэт,
Глядзелі трывожна глыбокія вочы.

«Адрынь, беларус, вечны плач, рабскі страх,
Нарэшце сумленне сваё ты паслухай!» —
Кіпела ў сухотных, пакутных грудзях,
Як грозны вулкан,  сіла слова і духу.

Стагоддзе прайшло, мы ж дасюль на крыжы,
А воля, а слава ўсё міма і міма…
Зноў болем, якому няма ўжо мяжы,
Цямнеюць журботныя вочы Максіма.

Стагоддзе прайшло, а па скутай зямлі
Лятуць і лятуць неўтаймоўныя коні…
Ды тыя, што зноў Беларусь прадалі,
Не бачаць, не чуюць Крывіцкай Пагоні.

На доле,  пад небам, што дадзены ў дар,
Пад назіркам продкаў,  што сочаць за намі,
Спадарыня мілая, рупны спадар,
Калі ж назаўжды станем гаспадарамі?

«Краю мой родны! Як выкляты Богам…»,
«Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сьляпы, быццам крот…» —
І сёння праўдзівяцца даўнія словы.
Няўжо так і сыдзем ганебна на звод
Без веры ў наступнасць, без роднае мовы?

Нудоце і страху сваім не гадзі,
Бо з імі нам звацца людзьмі немагчыма…
Глядзі, беларус,каб не згінуць, глядзі
У строгія, чыстыя вочы Максіма.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пластылінавы народ

Кішэнная ўлада

Язда без тармазоў

Тры лічбы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.