• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Змарнаваны час

Сустрэча Новага года — гэта не толькі застолле з шампанскім і шчодрымі закускамі, спажыванне пустых тэлевізійных забаў, бяссонная ноч пад грукат петардаў і сполахі ракет. Свята дае і штуршок да роздуму. Радасная мітусня хутка мінае, а застарэлыя праблемы застаюцца, змушаюць думаць пра будучыню.

Нягледзячы на тое што чарговае навагодняе віншаванне кіраўніка краіны было зноў напоўнена банальным аптымізмам, бадзёрыя словы не змаглі выклікаць жаданага водгуку ў душах грамадзян. Як верыць сентыментальнай дэмагогіі, новым ружовым абяцанкам ва ўмовах значнага пагаршэння якасці жыцця, калі схуднелыя фінансы на ўвесь голас заспявалі рамансы?

Слухаючы прадстаўнікоў кіруючай вярхушкі, бачыш, як кардынальна не супадае ўспрыняцце тутэйшых рэалій і міжнародных падзей народнымі масамі і начальствам, які вялікі разрыў існуе паміж дабрабытам звычайнага чалавека і тых, хто сядзіць ва ўладзе або прыгрэўся каля яе. На афіцыйным узроўні людзям прапануецца не праўда пра рэчаіснасць, а супакойваючая дэзынфармацыя.

Самахвальнае, пыхлівае вылучэнне Беларусі «островком стабильности и спокойствия» ў Еўропе, падразумяваючы, безумоўна, што гарантам такога «дасягнення» з’яўляецца аўтар азначэння, які не злазіць з трона 22 гады, выклікае ўсмешку. А што, у Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі віруюць беспарадкі? Няўжо мы сціснуты пелькай нестабільных дзяржаў?

Нічога падобнага! У суседніх краінах шляхам адкрытых, сумленных выбараў пастаянна мяняюцца прэзідэнты, парламенты і ўрады, але ніякага хаосу, няўстойлівасці няма, сваім ладам ідзе паўнавартаснае палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё, няўхільна расце дабрабыт людзей. Вось гэта і ёсць сапраўдная дэмакратычная стабільнасць!

Той, хто палохае мясцовага абывацеля падзеямі ў сяброўскай Украіне, займаецца шулерствам. Працэсы, якія адбываюцца пасля распаду СССР, не ўкладваюцца ў звыклыя схемы. Дарэчы, у Беларусі палітычная культура, нацыянальная годнасць знаходзяцца на больш нізкім узроўні, чым у паўднёвых суседзяў. Невядома яшчэ, што адбудзецца на нашай зямлі.

Аб’яднаць насельніцтва, замбіраванае савецкімі міфамі, растурзанае паводле палітычных, сацыяльных, нацыянальных і рэлігійных матываў, не так проста. Адраджэнне Украіны, хоць марудна, з вялікімі памылкамі, з нахабным сабатажам прагных да грошай высокіх чыноў (як старога, так і новага «разліву»), ды ішло. Гэты важны і складаны працэс парушыла расійская ваенная агрэсія ў Крыме і Данбасе. Цяпер стала жыць і працаваць намнога цяжэй, але я веру, што ўкраінцы абавязкова адстаяць суверэнную дзяржаву і пабудуюць прававое грамадства, пра што сведчаць пазітыўныя зрухі. Для гэтага ім трэба мір і пэўны час. Міжнародная супольнасць павінна ўзяць Украіну пад апеку, нейтралізаваць усходніх агрэсараў, каб яны не перашкаджалі, не блыталіся пад нагамі. Гэта было б справядліва і высакародна.

Наша насельніцтва паказала сябе яшчэ больш непадрыхтаваным да незалежнага, самастойнага жыцця, чым украінскае. У чым жа выяўляюцца заяўленыя «беларуская стабільнасць», «асаблівы шлях»? У нязменным прэзідэнце, які ўзурпіраваў уладу? Ці, можа, у тым, што кадравая палітыка збілася на бясконцае тасаванне адных і тых жа фігур, а сутнаснай змены ў кіраванні няма? Які ж гэта «островок стабильности», калі кошты на паслугі, тавары, харч і лекі скачуць амаль штодня ў бок павелічэння, калі на свет белы са скандаламі вылазіць чыноўніцкая і міліцэйская ўсёдазволенасць, калі крымінальныя справы на карупцыянераў, махляроў і жулікаў пякуцца як блінцы?

Канкрэтныя факты аспрэчваюць заяву кіраўніка, што «для большинства год был радостным и счастливым». Усё — наадварот. Такім ён быў якраз для невялікага працэнта насельніцтва. Так, у нас ёсць людзі, для якіх няма невырашальных праблем, якім не трэба лічыць кожны рубель, бо ў іх сродкаў хапае не на месяц, а на некалькі жыццяў. Але большасць грамадзян кожны раз з сумам глядзіць на атрыманыя нешматлікія паперкі і манеты, якіх на ўсё неабходнае нават у мінімальных дозах — яўна малавата.

Кіраўнік захапляецца тым, што краіна набывае «все более современный европейский облик». Але знешні выгляд — гэта не галоўнае. Можна апрануць модную, выдатна сшытую вопратку, ды яна будзе сядзець, як на свінні сядло. Можна набудаваць шмат сучасных будынкаў, ды не даглядаць іх. Ганебны стан нашых пад’ездаў, ліфтаў, лесвіц і парэнчаў сведчыць пра нізкую агульную культуру. А самы строгі і непрадузяты крытык рэчаіснасці — беларускія туалеты. Варта толькі наведаць іх на аўтобусных прыпынках, чыгуначных вакзалах, у офісах, паліклініках, бальніцах, школах, бібліятэках, кінатэатрах — і далей нічога больш не трэба глядзець. Гэта не маё меркаванне, а многіх гасцей краіны.

У Беларусі ўсё застаецца так, як было ў грабежніцкіх 90-х гадах мінулага стагоддзя: той жа прэзідэнт-папуліст, тыя ж сквапныя чыноўнікі і алігархі, стратныя калгасы і заводы, «чырвоныя памешчыкі і дырэктары» з замашкамі феадалаў, брудныя прыбіральні. Хто не бачыць гэтага застарэлага абсурду нават у «моцных» акулярах, хай возьме ў рукі бінокль.

Цікава, што У. Пуцін, які загуляўся ў «вайнушку» ва Украіне і ў Сірыі, у навагоднім віншаванні не засяроджваў увагу на арміі. Затое «малодшы брат» па садружнасці дзяржаў выказаўся баявіта: «В то же время мы, люди в погонах, знаем: порох надо держать сухим. Оборона Отечества — наш священный долг!» Заява прымусіла беларусаў задумацца: хто залічаны да «людей в погонах» і ад каго будзем абараняцца?

На маю думку, калі і ёсць пагроза незалежнасці Беларусі, то яна сыходзіць з Расіі. Але ж у нас — саюзная дзяржава! Усходнім «вежливым людям» можна лёгка правесці акупацыю Беларусі, бо групоўка іх ужо тут ёсць. Акрамя таго, АДКБ, дзе кіруе расійскі генерал, мае права ўвесці дадатковы кантынгент. А ўспомніце безліч арганізацый з арыентацыяй на Маскву, якія акапаліся ў нас, згадайце «пятую калону», прарасійскія настроі ў арміі, КДБ, сярод значнай часткі насельніцтва! Так што ніякай абароны краіны не адбудзецца. Хіба што толькі ўслед за акупацыяй узнікне партызанская вайна.

Узаемаадносіны Беларусі з Расіяй сапраўды набываюць непрадказальны, хісткі характар: эканамічныя, гандлёвыя, тэхналагічныя стасункі звужаюцца, а прапагандысцкая і інфармацыйная бойка зашкальвае. А як вядома, калі не хапае слоў, то ў ход ідуць кулакі…

Мільгаюць дні, месяцы, гады, дзесяцігоддзі, а беларусы цярпліва «чакаюць з мора пагоды». Бясспрэчна, у нейкага канкрэтнага чалавека за гэты час былі асабістыя радасныя падзеі: кар’ерны рост, дасягненні ў працы або творчасці, сямейнае шчасце, бо жыццё ніколі не стаіць на месцы.

Але па вялікім рахунку амаль чвэрць стагоддзя, якая прайшла пад прэсам аўтарытарызму, нашым народам бяздарна змарнавана. Асабіста мне шкада дарагога часу, што сканаў у тупым, безвыніковым хаджэнні беларусаў пад камандай цынічных хлусаў па замкнутым коле, а мог быць выкарыстаным для пабудовы новага дэмакратычнага, цывілізаванага жыцця.

Год Вогненнага Пеўня раіць нам вуснамі астролагаў «адмовіцца ад таго, што аджыло і патрабуе замены». Ці пачуюць беларусы яго заклік?

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ахвяры падмены

Вочы Максіма

Пластылінавы народ

Кішэнная ўлада