TOP

Шантаж

Заняпад маралі, якім пазначана ХХІ стагоддзе, прыкметна дэфармуе ўсе сферы жыццядзейнасці чалавецтва. З асаблівай выразнасцю гэта бачна на прыкладзе краін з аўтарытарнымі рэжымамі. Тут у арсенале спосабаў, якімі дасягаюцца прагматычныя мэты, трывала прыпісаліся хлусня, фальсіфікацыі, падтасоўкі і шантаж.

У людскіх і міжнародных узаемаадносінах метад шантажу прысутнічае здаўна. Але яго прымяненне заўсёды заўважалася, выносілася на публічнае абмеркаванне і абавязкова асуджалася.

Ганебнай прыкметай новага часу стала тое, што цяпер нахабны шантаж не ацэньваецца як амаральнае дзеянне, а лічыцца прыймальным спосабам дасягнення выйгрышу ў стасунках з партнёрамі, перамогі над апанентамі або супернікамі.

З прыходам у Беларусь аўтарытарызму шантаж стаў ужывацца шырока: ад высокай палітыкі да бытавых варункаў. Згадаем дыпламатычныя скандалы, якімі суправаджаецца меркантыльнае «сяброўства» беларускага і расійскага рэжымаў, непрыстойныя паводзіны кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у дачыненні да супрацоўніцтва з іншаземцамі, да падначаленых, ганебныя ўчынкі міліцыянераў, прадстаўнікоў спецслужбаў, пракурораў, суддзяў у стасунках з людзьмі. Лідар краіны і дзяржаўныя інстытуты самі паказваюць грамадзянам прыклад актыўнага выкарыстання шантажу.

З 1994 года ў нас было дастаткова часу для таго, каб разгледзець спосабы выжывання рэжыму А. Лукашэнкі ў канкрэтных умовах. Уладны клан (чыноўніцтва, праваахоўныя органы, сілавікі, банкіры, алігархі) збіўся ў цынічную драпежную зграю. Унутры яе ёсць пэўнае супрацьстаянне, але галоўная мэта ў «кіруючых шчасліўчыкаў» адна — як мага больш часу заставацца ля руля, таму што ўлада — гэта вялікія грошы, якія лёгка можна не толькі здабыць, але затым і абараніць ад канфіскацыі.

Абставіны склаліся так, што ўладалюбныя мэты тутэйшага правіцеля і яго служак супалі з прагматыкай Расіі і Захаду. Усходняя суседка традыцыйна трымаецца палітыкі вялікадзяржаўніцтва, імперскасці, а ў такім выпадку для падняцця аўтарытэту патрэбны саюзнікі. Вось чаму яна рознымі варыянтамі подкупу, хоць некага, ды падграбае пад сябе. Што тычыцца еўрапейцаў, то там правіць капітал, бо правы і свабоды чалавека — святое, але культ прыбыткаў яшчэ вышэй, дзеля іх можна мець стасункі нават з д’яблам.

«Асаблівы шлях» Беларусі, што быў заяўлены правіцелем, звёўся да прымітыўнага стаяння з працягнутай рукой, якое падмацоўваецца слізкай палітыкай таемнага і адкрытага шантажу. Рэжым атрымлівае ад Расіі льготныя газ і нафту, прамую і крэдытную фінансавую падтрымку, выхад на рынкі, ад Заходняй Еўропы — тыя ж рынкі і пазыкі, а яшчэ новую тэхніку, тэхналогіі, інвестыцыі. А. Лукашэнка выйграе на супрацьстаянні расійскага аўтакрата і еўрапейскіх дэмакратаў, шантажуе і доіць усіх без разбору. Яму нічога не трэба, акрамя фінансавай і матэрыяльнай дапамогі, каб падпіраць неэфектыўную эканоміку. Мяняць палітычную сістэму, жыць паводле дэмакратычных правілаў і эканамічных законаў, паважаць правы і свабоды беларусаў, ствараць належныя ўмовы для прадпрымальнікаў ён не збіраецца.

Кожны шантажыст любіць гуляць у непрадказальнага палітыка. Хай свет гадае: якога коніка ён выкіне заўтра? Але душэўнымі таямніцамі тут і не пахне. У наяўнасці толькі шалёная прага ўлады, апантанае жаданне ўтрымаць трон пры нязначным інтэлектуальным і культурным узроўні.

Да заходніх палітыкаў, якія з канца ХХ стагоддзя беспаспяхова займаюцца перавыхаваннем «апошняга дыктатара на кантыненце», ніяк не даходзіць прымітыўная сутнасць сітуацыі. Як можа беларускі рэжым ісці ў Еўропу, прымаць дэмакратычныя каштоўнасці, калі гэта азначае для яго палітычную смерць? Хіба такое немагчыма зразумець? Дзе вы бачылі чалавека, які дабраахвотна кладзе галаву пад лязо гільяціны?! Выснова напрошваецца адна — валтузня вакол Беларусі звязана не столькі з разумнай палітыкай, жаданнем дапамагчы нам вызваліцца ад узурпатара, як з адкрытай і падпольнай камерцыяй, атрыманнем эканамічных дывідэндаў.

Але абкатаная схема шантажу А. Лукашэнкам Расіі і Еўразвязу дала збой. Усходнія партнёры, якія не папракалі саюзніка нахлебніцтвам, цяпер робяць абвінаваўчыя залпы ў СМІ. Захісталіся нават адданыя прыхільнікі «палітычнай інтэграцыі». Загадчык аддзела Беларусі Інстытута краін СНД А. Фадзееў кажа: «Надо действовать, руководствуясь теми обстоятельствами и реалиями, которые существуют в России. А они тяжелые. Россия под санкциями, никакой льготной помощи Беларуси она оказать не может и не должна этого делать. У России есть свои пенсионеры, свои инвалиды, своя система образования и так далее. Естественно, мы готовы помогать Беларуси в силу сложившихся тяжелых обстоятельств, но эта помощь может быть ограниченной и обусловленной определенными взаимными шагами, компромиссами с белорусской стороны».

Пагаршэнне стасункаў Беларусі з Расіяй заўсёды выклікае ажыўленасць у еўрапейскіх колах. Заходнія «дэмакратызатары» ў каторы раз пачалі новы віток збліжэння з афіцыйным Мінскам, нягледзячы на «нелегітымнасць усіх галін беларускай улады». Яны часцей прыязджаюць, не скупяцца на фантастычныя планы лібералізацыі краіны, на кампліменты рэакцыйнаму рэжыму, нават называюць узурпатара «цёплым».

Глядзіш на дыпламатычную валтузню, затым пераводзіш позірк на бюракратычныя ўнутраныя рэаліі Беларусі, якія вызначаюцца татальным парушэннем Канстытуцыі і законаў, жорсткім уціскам грамадзян з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу, садысцкай міліцэйшчынай, і нараджаюцца думкі: «Марныя вашы высілкі, панове! Не ў каня корм!»

З-за павагі да Айчыны і яе лепшых людзей раблю важную заўвагу. Ніколі не згаджуся нават з аўтарытэтнымі палітыкамі і спецыялістамі, што дзеючы правіцель — ратавальнік Беларусі, што ў нас пасля развалу СССР не было іншага шляху як толькі жыць за кошт папрашайніцтва і шантажу. Гэтая выснова абсалютна непраўдзівая, мы маглі ўзяць іншы курс у будучыню.

Роздум заканчваю тым, з чаго пачынаў. Пакуль не адбудзецца вяртання да маральных нормаў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавецтва, у свеце будуць панаваць варожасць, нянавісць, бедлам.

Чаму арыенцірам не становяцца сумленныя, добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі і краінамі? Чаму ўнізе ўсё звялося да здабывання грошай, калі можна з лёгкасцю падмануць такога ж, як ты сам, а ўверсе — да ўладалюбства, самапіяру, дэмагогіі, спекуляцыі на патрыятызме, карупцыі, крадзяжоў, агрэсіўнасці? Чаму ваяўнічасць тых, хто дарваўся да пасады прэзідэнта і галоўнакамандуючага «вылазіць бокам» народам, уцягнутым у бойні?

Адказ на пытанні ёсць. Таму што самі людзі — ад звычайнага грамадзяніна і да дзяржаўных дзеячаў — змірыліся з амаральнай атмасферай унутры сваіх грамадстваў і ў свеце, спакойна ўспрымаюць выбарчыя фальсіфікацыі, прывыклі да злачынных дзеянняў кіраўнікоў, лічаць іх нармальнымі.

Палітыка — гэта брудная справа, але ж не да такой ступені. Нельга мірыцца з узурпатарамі ўлады, хлусамі і забойцамі. Тое, што прыстойныя палітыкі вядуцца на іхнія хітрыкі, звадкі, шантаж, вельмі небяспечна. Так свет няўхільна спаўзае да маштабных ваенных катаклізмаў, да самазнішчэння.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Змарнаваны час

Ахвяры падмены

Вочы Максіма

Пластылінавы народ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.