TOP

Расправа, што сталася славай

Пра Наталлю Ільініч можна напісаць не газетны матэрыял, а цэлую кнігу. Працавала настаўнікам гісторыі Талькаўскай школы. Педагог вышэйшай катэгорыі, кіраўнік школьнага музея, аўтар кнігі «Талька і наваколлі», краязнаўчага інтэрнэт-сайта talka.info. І раптам — звальненне па надуманых прычынах. Апынулася без працы, без аніякай дапамогі. Так з ёй расквіталіся... 

— Наталля, вас нельга назваць звычайнай школьнай настаўніцай. Вы прафесіянал найвышэйшай пробы, педагог-наватар… І ўсё ж такую неардынарную асобу звольнілі пасярод года… Як перажылі тую крыўду?

— Працу сваю люблю бясконца і да сённяшняга дня ўспрымаю звальненне як вялікае няшчасце. Патрабавалася пачынаць усё ад самага пачатку, а сіл не было, затое наваліліся хваробы.

Я не жадаю такіх выпрабаванняў нікому з добрых людзей, бо не адчуваю сябе пераможцай. Але з упэўненасцю магу паўтарыць: мне нясорамна перад вучнямі і сябрамі, а гэта дарагое пачуццё.

— Ці спадзяваліся тады на нейкую дапамогу?

— Не. Той інфармацыйны выбух вакол гісторыі звальнення стаўся нечаканым. Як і ваш, Зінаіда, учынак: раней невядомая мне слуцкая настаўніца прыехала са сваімі сябрамі на мой суд у Мар’іну Горку, першая даслала грашовы перавод на выжыванне — дзякуй вам… Дзясяткі самых розных людзей працягнулі руку: тэлефанавалі, пісалі лісты, паштоўкі, дасылалі грошы і бандэролі. Адных пераводаў я атрымала ажно 170 штук! Нават сёння працягваю разважаць над гэтым феноменам. Чаму гэтыя людзі так зрабілі? Я чытала, што калі быў арыштаваны электрык Лех Валенса, палякі літаральна завалілі яго шматдзетную сям’ю дапамогай. Але ж беларусы не палякі, а вясковая настаўніца зусім не падобная да лідара польскай «Салідарнасці». Таму маштаб дапамогі маіх суайчыннікаў уразіў…

Людзей абурыла несправядлівасць і беззаконне чыноўнікаў у адносінах да маленькага чалавека. Яны разумеюць, што з кожным можа адбыцца такая расправа і на месцы звольненай «у сувязі са сканчэннем кантракта» можа апынуцца любы з іх. Людзі падзяляюць мае каштоўнасці, маю справу па адстойванні сваіх прафесійных і чалавечых правоў ды годнасці.

Я ўбачыла, што я не адна. Гэтая хваля паказала: я маю рацыю ў сваёй грамадзянскасці, а беларусы вартыя лепшага жыцця — наагул у нашай краіне ёсць ці зараджаецца грамадзянская супольнасць, а гэта дае надзею на лепшае.

Розныя грамадскія арганізацыі таксама дапамагалі хто чым мог — юрыдычнай кансультацыяй, парадай, адвакатам, падтрымкай у судах.

— Вы не выкладалі беларускую мову, але вас заўсёды адрознівала ад многіх настаўнікаў беларускасць. Адкуль гэта?

— Я, падобна многім, адчула цягу да беларускасці з пачаткам гарбачоўскай перабудовы, калі з’явілася магчымасць пазнаёміцца з сапраўднай гісторыяй, са сваімі гістарычнымі дзеячамі і таямніцамі беларускай культуры. З тых часоў гавару толькі па-беларуску — як быццам вярнулася да самой сябе.

— Адкуль смеласць паўстаць супраць існуючых парадкаў практычна ў адзіночку, жывучы ў вёсцы?

— Я заўсёды хацела жыць у краіне, дзе ад такіх звычайных, як я, людзей нешта залежыць. Таму ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях: збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў, назірала за выбарамі. Менавіта ў час гэтых кампаній далучылася да партыі БНФ і стала яе сябрам.

Я зусім не рэвалюцыянер, маю памяркоўныя палітычныя погляды: нацыянальныя і дэмакратычныя. Паводле характару чалавек не ваяўнічы, не канфліктны, схільны хутчэй да кампрамісаў, чым да актыўнай барацьбы. Веданне гісторыі дапамагло мне зразумець, што добра жыць можна толькі ва ўласнай краіне, а за свабоду і дэмакратыю народы вольнага свету змагаліся.

— У апошніх парламенцкіх выбарах вас падтрымала нават нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Чаму?

— У кастрычніку 2011-га яна напісала ліст са словамі падтрымкі, даслала свае кнігі і грошы. Нагадаю, што да нобелеўскай прэміі было яшчэ 4 гады. З таго часу мы сябруем. Пры сустрэчах абмяркоўваем жыццё, Святлана цікавіцца, як жывуць людзі ў мястэчку. Калі падзялілася сваімі ідэямі пра ўдзел у выбарчай кампаніі, падтрымала мяне. За яе грошы былі надрукаваны перадвыбарныя ўлёткі і плакаты.

— Як жывецца зараз? Ці ёсць вакол аднадумцы?

— Яшчэ ў студзені 2012 года спыніла пошукі працы і зарэгістравалася рэпетытарам у падатковай. Хаджу па вучнях, якім патрэбна мая дапамога, праводжу ўрокі ў іх дома. Мне падабаецца. Тут вынік залежыць ад твайго прафесіяналізму, майстэрства, любові да дзяцей, а не ад умення лоўка складаць паперы, патрэбныя начальству.

Шкадую, што не занялася тым адразу пасля звальнення: тады яшчэ баялася ўзяць свой лёс у свае рукі, бо прывыкла ўсё жыццё хадзіць у «стройных шэрагах».

Дзякуючы Таварыству беларускай школы я засталася ў прафесіі на новым узроўні. Справа ў тым, што мне прапанавалі рэдагаваць настаўніцкі метадычны сайт aacenka.by (актыўная ацэнка), які папулярызуе ў Беларусі навучальную методыку. Калі ТБШ распачало праект па медыяадукацыі для настаўнікаў, то я таксама далучылася да яго. Працую ментарам на курсах дыстанцыйнага навучання, суаўтар кніг «Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі» і «Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў. Дапаможнік для настаўнікаў».

Працягваю займацца краязнаўствам: рыхтую да друку другое выданне сваёй кнігі «Талька і наваколлі». Займаюся аграэкатурызмам — у сваім доме стварыла аграсядзібу «Талькаўскія сцежкі», праводжу экскурсіі па краю.

— На працягу многіх гадоў вы — арганізатар Талькаўскіх фэстаў. Як яны праходзяць, хто і адкуль на іх прыязджае?

— Талькаўскі фэст — свята паэзіі, народнай і бардаўскай музыкі ў нашым мястэчку. Узнікла яно як краязнаўчае фальклорнае свята, што ад 2007 года, калі нам адмовілі ў памяшканні, адбываецца толькі на прыродзе — Коласавай паляне, у лесе за Таллю. Запрашаем бардаў, паэтаў, фальклорныя гурты — усіх жадаючых, з усёй краіны. Праходзіць усё ў першую суботу ці нядзелю кастрычніка кожны год.

— Калі б можна было змяніць эпоху і краіну, дзе і калі б хацелі жыць?

— О, то ў розных эпохах — напрыклад, у Полацку ў XI—XII ст. ст. у часы Усяслава Чарадзея і Ефрасінні, у XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім, калі Францыск Скарына друкаваў свае кнігі і віравала Рэфармацыя.

Цікава было б быць сучасніцай стваральнікаў «Нашай Нівы» і абвяшчэння БНР у пачатку XX ст. Быць знаёмай з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Купалам, Цёткай, Ластоўскім…

Але і наш час мне падабаецца. Мы з’яўляемся сучаснікамі цікавых падзей — распаду СССР і ўтварэння незалежнай Беларусі. Думаю, што яшчэ шмат чаго нас чакае наперадзе. Хацелася б спрыяць таму, каб Беларусь захавалася як суверэнная дэмакратычная дзяржава, каб наш народ зрабіў еўрапейскі выбар.

— Які з афарызмаў вам найбліжэй?

— Рабі, што можаш, і няхай будзе тое, што будзе.

Зінаіда Цімошак

Чытайце таксама:

«Наши чиновники по-прежнему в БССР»

История: одни истерят, другие молчат

Поэт за рулем автобуса

Ее проект — неотложный!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.